Перайсці да зместу

Васільковы россып (1929)/II/Лістапад і восень

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зазванеце лістамі, бярозы Лістапад і восень
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1929 год
Адзінота

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛІСТАПАД І ВОСЕНЬ

1

Лістапад і восень, туманы над гацьцю…
Не сьпявай так нудна, дарагая маці.

Не сьпявай — у сэрцы і з таго дасада,
Палыны у полі, палыны за садам.

Ноч такая чорная, ноч такая дзікая,
Быццам для кагосьці на бяду наклікана.

Толькі вербы шастаюць ды глядзяцца ў шыбы.
З імі яшчэ ўчора я такі чужы быў.

Разгадаць ня мог я, што згубіць іх можа
Так-жа вецер золкі, як другіх варожасьць.

Ах, матуля родная, не глядзі з парога
На туман у полі, на шляхі-дарогі.

Па узгорках сініх толькі вецер скача,
Дзе-ж вы зьніклі тыя, што цьвілі іначай.

Мне ў адказ сасонкі сіплым шалясьценьнем:
Тыя запрапалі, тыя апусьцелі.

2

На дварэ сабака наш вые і скаголіць,
Што няма чагосьці восеньню у полі.

Што юнацтва клёны загубілі ў долах,
Загубілі з ветрам па узгорках голых.

Толькі ветрам, што ім воклікі сабачыя,
Веюць, горнуць травы, як вуглі гарачыя.

Ціснуцца ў нізінах мокрыя асіны.
Адляцела лісьце, адцьвіло на зіму.

Толькі я ўсё мару, ўсё гляджу кудысьці,
Як вятры пяскамі засыпаюць лісьце,

Як туманы скачуць белыя з-за гаю.
Многа было радасьці, а цяпер ня знаю, —

Ці туга, ці радасьць у высокіх плечах,
Што любіў я раніцай — разьлюбіў увечары.

Палінялі косы, выцьвілі усьмешкі,
Дзе ты, мая любая, загубіла сьцежкі?

Толькі плача вецер —ноч такая дзікая,
Дзе мне сэрца выпяяць і каго паклікаць?!

Лістападам сьцелюцца, лістападам падаюць
Жоўтыя галовы лісьця па-за садам.

Як-жа мне замоўкнуць, дождж і ноч асеньняя,
Чорная, чорная за ваконьнем цень мая.