Васільковы россып (1929)/I/Ты прайшла

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Што сказаць Ты прайшла
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1929 год
Мокне ціха асьнежанае поле

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТЫ ПРАЙШЛА

Ты прайшла, быццам чорная цень,
Дым валос пераліўся у змрок.
Толькі мне больш душой ня пусьцець,
Не глядзець на цябе здалёк.

Я ня знаў, як магчыма іначай
Па нязнаным разьвеяць свой сум.
А бярэзьнік, бярэзьнік так плача,
Жоўты месяц заплёўшы ў касу.
..............
У сьвятліцы тваёй дзьверы ўшчынены,
Вечар сіні прысеў на парог.
Смутак твой непатрэбны, дзяўчынка,
Хай разьвеецца, згасьне ў вятрох.

Бо ўжо ноч распляла па траве
Свае чорныя косы навокала,
Я-ж застануся гэткім навек,
Дарагая мая ці далёкая…

Я дзяліць не магу на кавалкі,
Гандляваць пачуцьцём не магу:
Ў старане нашай вучацца змалку
Ці любіць, ці убрацца ў тугу.

Ты-ж прышла, быццам чорная цень,
Дым валос пераліўся у змрок.
Толькі мне больш душой ня пусьцець,
Не глядзець на цябе здалёк.