Варнак (Шаўчэнка/Глебка)
Варнак Паэма Аўтар: Тарас Шаўчэнка 1848 год Арыгінальная назва: Варнак Пераклад: Пятро Глебка |
Блукаючы ў чужым краі,
Над Елекам, сустрэў я дзеда
Старога вельмі. Наш зямляк
І недамучаны варнак
Стары той быў. Нейк мы ў нядзелю
Адзін другога ў полі стрэлі
І сталі гутарыць. Стары
Згадаў сваю Валынь святую
І волю-долю маладую,
Сваю бывалынчыну. І мы
За валам у траве прыселі
І гаварылі, што хацелі,
Адзін другому. «Доўгі век! —
Стары сказаў: усё ад бога!
Ад бога ўсё! А сам нічога
Дурны не зробіць чалавек!
Я марна сам, як ты пачуеш,
Я сам свой пакалечыў век.
І ні на кога не сярдую,
І ні ў каго вось не прашу я,
Нічога не прашу. Вось так,
Мой сыне, дружа мой адзіны,
Так і загіну на чужыне
Ў няволі». І стары варнак
Заплакаў ціха. Сівы браце!
Пакуль жыве надзея ў хаце,—
Няхай жыве, не выганяй!
Няхай зрэдку хоць сагрэе
Пустку жар у печы
І пальюцца маладыя
Слёзы з воч старэчых;
І, умытае слязамі,
Сэрца адпачыне,
Паляціць яно з чужыны
У сваю краіну!
— Багата шмат чаго не стала,—
Сказаў стары.— Вады нямала
У мора з Іквы уцякло…
Над Ікваю было сяло.
У тым сяле на гараванне
Ды на пагібель вырас я.
Ліхая долечка мая!..
У нашае старое пані
Малыя панічы былі,
Якраз равеснікі са мною.
Яна й бярэ мяне ў пакоі
Сынкам на забаўку. Раслі,
Раслі паняты, вырасталі,
Нібы шчаняты. Пакусалі
Не аднаго мяне былі.
Вось і вучыць іх пачалі
Чытаць, пісаць. На безгалоўе,
Вучуся й я. Слязамі! Кроўю!
Пісьмо лілося тое… Нас,
За панскіх тых сабак таннейшых
Вучыць чытаць?!
Маліцца богу,
За сахою спатыкацца,
А болей нічога
Не павінен знаць нявольнік —
Гэта яго доля!
Вось і выўчыўся я, вырас,
Прашу сабе волі:
Не дае і ў маскалі,
Клятая, не голіць.
Што на свеце тут рабіці?
Зноў пайшоў да нівы…
А панічоў у гвардыю
Аддала шчаслівых…
Часіна цяжкая настала,
Насталі цяжкія гады!
Я за сахой працую дбала,
Я сірата быў малады,
Як у суседа падрастала
У наймах дзеўчына. І я…
О доля! Долечка мая!
О божа мой! О мой адзіны!
Тады малой была дзяўчына,
Амаль зусім дзіцём была…
Не нам цябе судзіць, магутны.
Дык вось яна мне на пакуты
Ды на пагібель падрасла.
Не давялося й наўглядацца…
А я ўжо думаў з ёй пабрацца,
У весялосці й згодзе жыць,
Людзей і госпада хваліць…
А давялося…
Накупілі
Крамніны, піва наварылі,
Не давялося толькі піць.
Бахур старое пані сівы
Украў крамніну, выліў піва,
Пусціў пакрыткаю… Дарма.
Мінула… непатрэбна!.. Годзе
Цяпер і ўспамінаць. Няма,
Няма, мінулася жахліва…
Пакінуў я саху і ніву,
Пакінуў хату і гарод,
Усё пакінуў. Чорт назводзіў
Стаць мне за пісара ў народзе.
То сяк то так мінае год.
Пішу сабе, з людзьмі бываю
Ды хлопцаў добрых падбіраю.
Мінуў другі… І па вясне
Паны дамоў папрыязджалі,
Ужо засватаныя. Шмат
Пілі яны ў двары, гулялі,
Свайго вяселлейка чакалі
Ды нашых маладых дзяўчат,
Як бугаі, перабіралі,—
Вядома, панічы. І вось
І мы чакаем іх вяселля…
І нейк на Сёмуху ў нядзелю
Іх і звянчалі разам двох,
У іх дваровым жа касцёле.
Яны, бач,— ляхі. І ніколі
Нічога лепшага сам бог
Не бачыў на зямлі вялікай,
Як маладыя іх былі…
Зайгралі весела музыкі,—
Іх ад касцёла павялі
Ў нанова ўбраныя пакоі…
А мы і стрэлі іх і ўсіх —
Княжат, панят і маладых,—
Усіх парэзалі. Крывёю
Вяселле ўмылася! Не ўнік
Нажа ніводзін каталік:
Усе зляглі, як парасяты,
Ў смуродным багнішчы. А мы,
Управіўшыся, новай хаты
Пайшлі шукаці і знайшлі
Сабе зялёны дах багаты
У цёмным лесе. У лугах,
У вольных стэпах, у ярах
Крутых, глыбокіх — скрозь нам хата!
Было дзе пагуляць заўзята
І адпачыці дзе было.
Мяне гаспадаром абралі,
Сям’я мая штодзень расла
І ўжо да сотні дарастала.
Як з парасятаў кроў цякла,
Я ўсё знішчаў, што панам звалі,
Без літасцівасці і зла,—
А нішчыў так. І сам не знаю,
Чаго хацеў у тыя дні?
Я тры гады хадзіў з нажамі,
Нібыта п’яны той разнік.
Да слёз, да смерці, да пажару —
Я да ўсяго тады прывык.
Было, як жабу на жыгале,
Дзіцёнка спражыш на агні
Ці возьмеш голую паненку,
Распяўшы, пусціш на кані
Ў шырокі стэп.
Усё, усё тады бывала —
І ўсё не цешыла ані…
Адурэў я, цяжка стала
Ў нетрах жыць, бадзяцца,
Думаў сам сябе зарэзаць,
З светам развязацца.
І зарэзаў бы… Ды дзіва,
Цуд нябачны стаўся
Нада мною, недалюдкам…
Досвітак займаўся,
Выйшаў я з нажом аднойчы
З Броварскага лесу,
Каб зарэзацца. Гляджу я,
Як хто з неба звесіў
Святы Кіеў наш вялікі!
Святым цудам ззяюць
Храмы божыя, нібыта
З богам размаўляюць.
Пазіраю, а сам млею.
Ціха зазванілі
У Кіеве, як на небе,
О божа мой мілы!
Які дзіўны ты!.. Я плакаў,
Да полудню плакаў…
І мне гэтак добра стала:
Нават ані знаку
Той нуды не засталося,—
Як перарадзіўся…
Паглядзеў на свет навокал
І перахрысціўся,
Ды пайшоў паволі ў Кіеў
Госпада маліці,
Ды суда, суда людскога
У людзей прасіці.
Орская крэпасць 1848