Перайсці да зместу

Валеры Маракоў. — Вяршыні жаданьняў (Галубок)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Валеры Маракоў. „Вяршыні жаданняў“
Крытыка
Аўтар: Эдуард Галубок
1931 год
Крыніца: Полымя. — 1931. — №1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КНІГАПІС

Поэзія. Выданьне БДВ. Менск, 1930 г., стар. 85.

Малады поэта Валеры Маракоў выпусьціў за параўнальна невялікі час сваёй літаратурнай дзейнасьці 3 зборнікі вершаваных твораў.

Літаратурная творчасьць Маракова ў першыя часы насіла на сабе сьлед нявыразнасьці, грамадзкае жыцьцё пісьменьнікам было адбіта слаба, але за тое асабістыя настроі займаюць у вершах надзвычайна вялікае месца.

Інтэлігенцкая настраëвасьць прыводзіла вельмі часта маладога пісьменьніка да самакапаньня ў душы, а адсюль нязьбежныя ў яго вершах ноткі пэсімізму, што дало нават повад некаторым нашым крытыкам залічаць Валерыя Маракова ў катэгорыю пісьменьнікаў, якія знаходзяцца пад непасрэдным уплывам Есеніна і інш. упадачных поэтаў.

Пісьменьнік, перш за ўсё, імкнуўся формальнымі прыёмамі аздобіць свае вершы і зусім мала цікавіўся ідэолёгічным іх зьместам. І адсюль, як вынік, мы вельмі часта сустракаліся ў Маракова з такімі вершамі, у якіх формальны бок пераважаў і займаў больш пачэснае месца чым тэматыка, якая ў той-жа час была абмежаванай і прыблізна далей вершаў на тэмы каханьня і г. д. ня ішла.

Больш таго, мы сустракаліся ў маладога пісьменьніка з такім зьявішчам, калі ў яго вершы ўкладвалася надзвычайна многа перажываньняў, амаль кожны верш аўтар імкнуўся пісаць, чарпаючы матэр‘ял з глыбіні душы, і адсюль, як вынік, некаторая хваравітасьць перажываньняў, інакш кажучы — надрыў, які не пасуе да маладога песьняра.

„Ты бачыш ў крыві мае рукі,
„Я сэрца з грудзей вырываў,
„Каб вольныя дзіўныя гукі,
„Краіне сваёй дараваць“.

Мы ня хочам гэтым сказаць, што ад гэтага падае каштоўнасьць і апрацаванасьць вершаў Маракова. Уся справа ў тым, што, імкнучыся да фармальнага аздабленьня сваіх вершаў, пісьменьнік мімаволі не зварачае ўвагі на іх зьмест.

Соцыяльная вартасьць першых зборнікаў Валерыя Маракова была невялікай і вельмі доўга (а нават можна сустрэць такія гутаркі і зараз) шлі размовы аб тым, што Маракоў добра піша, вершы яго мілагучныя, але на гэтым і ўсё.

Перад маладым пісьменьнікам жыцьцё паставіла пытаньне: ці здольны ты адбіць нашу сучаснасьць, даць у сваёй творчасьці адбітак нашага жыцьця і будаўніцтва і ці зможаш ты сам прымаць удзел у гэтым будаўніцтве?

Выпушчаны ў 1930 г. зборнік вершаў Валерыя Маракова „Вяршыні жаданьняў“ зьяўляецца адказам на гэта пытаньне.

Зборнік „Вяршыні жаданьнаў“ зьяўляецца яркім паказьнікам, як пад уплывам нашага соцыялістычнага будаўніцтва зьмяняецца сьветапогляд пісьменьніка і як ён сам хоча прыняць актыўны ўдзел у гэтым будаўніцтве.

У гэтым зборніку мы ужо маем новыя тэмы, новыя „Жаданьні“. Пісьменьнік сам рашуча адмяжоўваецца ад таго „балота“, якое ëн „славіць пачынаў“ і яму ўжо агідна глядзець на тых, якія:

„Па асьлінаму падняўшы горда вушы,
„Гавораць так,
„Што ім абрыдла жыць“.

Усёй сваёй істотай пісьменьнік зразумеў, што яго шлях ня з імі і ён сваё прызначэньне знаходзіць зусім у іншай працы:

„І вось цяпер,
„Ў напружнай творчай працы,
„Знаходжу ўсё,
„І радасьць
„І любоў.
„Я знаю шчасьце,
„Верыць і змагацца,
„І йсьці, гарэць,
„Упівацца,
„Барацьбой“.

Ідэолёгія пісьменьніка накіроўваецца у бок пролетарыяту, і ранейшыя яго „лятуценьні“ зараз зьмяняюцца выразна выяўленымі настроямі рэволюцыйнасьці і барацьбы. У вершы „Жыцьцё, як мора акіян“, пісьменьік кажа наступнае:

„Шчасьлівы я, што тут жыву.
„Й за гэты край вясной вялікай
„Быць можа зьнімуць галаву,
„Праколяць цела вострай пікай.
„Дзе песьні
„Новых дзён гудуць,
„І сьцяг праменіцца Саветаў,
„Другія творцы павядуць,
„Наш край да Ленінскае мэты“.

Праз увесь зборнік праходзіць адна характэрная адзнака; гэта тое, што пісьменьнік рашуча парывае з сваімі ранейшымі настроямі, тугі і бездарожжа.

„І сёньня я другі…
„Я новы…
„Пачуў з палаючых раўнін,
„І вуліц гул, і шум дубровы,
„І песьні новыя турбін.
„І зразумеў я ў шуме ветраў,
„Прастор зямлі і ўсіх марэй,
„Дзе будзе горад сад сусьветны,
„Адна краіна СCCP“.

Добра зразумеў пісьменьнік і тое, што наша сучаснасьць патрабуе новых песен і мы бачым, як у яго мотывы жальбы і імпрэсіі зьмяняюцца мотывамі бадзёрымі і рэволюцыйнымі. Свой ранейшы прынцып „сьпяваць і ня ныць“, які яшчэ ў зборніку „На залатым пакосе“ не знайшоў сабе цалкам прымяненьня, у зборніку „Вяршыні жаданьняў“ зьяўляецца кіруючым прынцыпам, прынцыпам, організуючым усю яго творчасьць:

„Дзе ўзрастаюць людзі, сонца,
„Патрэбны песьні новых дзён,
„Каб па абуджанай старонцы,
„Прайшоў надзей і дум цыклён“.

Упэўнівае нас у тым, што пісьменьнік рашуча павярнуў у адносінах сваёй тэматыкі, нават беглы прагляд зьместу яго трох зборнічкаў.

Займеньні „Я“, „Яна“ скланяюцца аўтарам на розныя лады, гэтым самым пісьменьнік творчасьць сваю будаваў па прынцыпу індывідуалістычнаму, замыкаўся ў сваім „Я“ і адмяжоўваўся ад грамадзкасьці.

Прынамсі такія разважаньні ўзьнікалі ў нас пасьля выхаду у сьвет першага зборніка Валерыя Маракова „Пялёсткі“ (выданьне Маладняка — Менск 1926 г.). Другі яго зборнік на „Залатым пакосе“ (выданьне Маладняка Менск, 1927 г.) ужо гаворыць аб некаторым пераломе, які наступіў у пісьменьніка і вось, нарэшце, у трэцім зборніку „Вяршыні жаданьняў“ (выданьне БДВ, Менск, 1930 г.) поэта падыходзіць да абмалёўкі тэм сугучных нашаму жыцьцю.

Асабовае яшчэ трымае пісьменьніка ў сваей уладзе, але тэмы, якія аўтар бярэ з асабовага жыцьця, напрыклад: „Таварыш Нюрын“ атрымоўваюць тут ужо іншае вырашэньне і мы ўжо ня сустрэнем тут такіх радкоў, якія ў зборніку „Пялёсткі“ вызначалі ўсю настраëвасьць поэты:

„Прайшло ў жыцьці ўсё залатое,
„Прайшло і зьнікла ў трысьцё.
............
............
„І так усë, усё праляцела
„Чым я тут жыў, і чым гарэў
............
............
„Ці забыцца на сінім кургане,
„Ці каменьне зубамі ламаць“.

Зборнік „Вяршыні жаданьняў“ зьяўляецца моцным доказам, што пісьменьнік больш ня вернецца да апяваньня нуды і ня будзе даваць больш месца разважаньням аб тым, што Маракоў пагрузіўся ў тэмы абывацельшчыны і мяшчанства, у перадачу іх настрояў і ідэй.

Што хочам давесьці мы сваёй невялікай рэцэнзіяй?

А менавіта наступнае: дзейнасьць БелАПП‘у па перабудове літаратуры на новыя рэйкі, па стварэньню літаратуры, сугучнай нашаму соцыялістычнаму будаўніцтву, ужо дала свае вынікі і мы маем зараз конкрэтныя факты гэтай працы.

Творчасьць Александровіча (асабліва апошнія яго творы), Галавача (Хочацца жыць), Звонака (Каршун), Лынькова (Андрэй лятун) і г.д. яскравы прыклад набліжэньня беларускай літаратуры да тэм сучаснасьці.

Ні чым іншым, як актывізацыяй пролетарскага літаратурнага руху на Беларусі можна тлумачыць перавыхаваньне Валерыя Маракова і зьяўленьне яго зборніка „Вяршыні жаданьняў“.

Нельга сказаць, што тое, што зьяўляецца зьместам „Вяршыні жаданьняў“ ёсьць ужо і сапраўды вяршыні жаданьняў.

У творчасьці Валерыя Маракова яшчэ многа агульнасьці, у яго вершах яшчэ мала конкрэтнасьці, пісьменьнік яшчэ слаба ўявіў і зразумеў наша соцыялістычнае будаўніцтва ва ўсёй яго паўнаце. Двойчы вялікай памылкай было-б сьцьвярджаньне, што, дасягнуўшы гэтых вяршынь, можна спыніцца.

Варта ўспомніць словы Луначарскага, які сказаў наступнае: „Писатель должен приспособить свое творчество к требованию массового читателя. Для этого писатель должен не присесть, а стать в полный рост своих художественных возможностей“.

З гэтых слоў відаць, што посьпехі пісьменьнік можа мець толькі тады, калі ён будзе пісаць для мас, на зразумелай масам мове, калі ён даб‘ецца ў сваіх творах прастаты канцэпцыі, высокай яркасьці ў перадачы зьместу і калі ён зможа даць тэму не абстрактную, а дзейную.

Валеры Маракоў сваім зборнікам „Вяршыні жаданьняў“ даў перад чытачом абавязак глыбей унікнуць у жыцьцё, якое нараджаецца на зямлі, пазбавіцца імкненьня апявяць „струны душы“, зьмяніць досыць застарэлую і ні ў якім разе не падыходзячую да новай тэматыкі, фармальную абалонку сваіх твораў, даць у выніку вялікай і напружанай працы над сабой твор сугучны нашай эпосе.

Разьвіцьцё ідэолёгіі поэты няўхільна рухаецца ў гэтым напрамку.

„Асушым твань старых балот
„І змрок узьвядзем,
„На гільотыну“…

Гэта радкі, якія дасканала вызначаюць імкненьні нашага паэты.

Першы крок, зроблены Валерыям Мараковым у зборніку „Вяршыні жаданьняў“, гаворыць нам аб няўхільным жаданьні перавыхаваць сябе.

І гэты крок, сваей рашучасьцю і сьмеласьцю ў адыходзе ад старога, упэўнівае нас, што малады поэта стаіць на правільным шляху.

Эд. Галубок.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.