Перайсці да зместу

Лучынка (часопіс)/4/Вадаспады

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На ўсходзі сонца Вадаспады
Публіцыстыка
Аўтар: Альберт Паўловіч
1914 год
Да дзіцяці

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вадаспады.


Кожнаму з нас ведама, што ніякая рэчка, ніякая самая маленькая рачулачка — не маюць скрось роўнага, гладкога дна. Перш-на-перш дзеля таго, што вада іх цячэ па рознаму грунту: мейсцамі бывае ён балотлівы і топкі, паросшы ўселякімі вадзянымі расьлінамі; мейсцамі — пешчаны, а то і камяністы. Другая прычына — шмат залежа ешчэ ад таго, як вузкое, ці шырокае бывае русло ракі і якіе яе берагі, а наастатак бадай што найважнейшае залежа, які пакат мае вада.

Там, дзе вада не мае перад сабой ніякіх прашкодаў, німа крутых заваротаў-лукаткаў і грунт ракі цьвярды — яна заўсёды бывае глыбей і цячэ струной — роўна, плауна і ціха. Калі ж рака, ці хоць рачулка перш працекае па цьвярдому грунту і далей якбы ссовываецца з гары у лахчыну, тады ўжо яна памімаволі — ад націску зьверху — мае неспакойны, пасьпешны бег у ніз, а ў самым нізе заўсёды праток вады даходзе найбольшай сілы і шпаркасьці.

Сьцекаючы з меней, ці болей высокага пакату на мяхкі, рыхлы грунт, каторы лёхка размываецца, — вада ракі няўтрымна бье з разгону у дно і берагі, і гэтым робе што раз усё большую і глыбейшую выбоіну, ці яму, ў каторай, само сабой разумеецца, вада пачынае сярдзіта віраваць і бязупынна круціцца, якбы шукаючы выхаду с пропасьці. Вырваўшыся на волю, вада злосна імчыць падняты сабой пясок, нават каменьні і, быццам змогшыся, пакідае іх дзе водаль, робючы гэткім парадкам у рацэ так званые наносы.

Ад вечнай працы вады бераг спаду становіцца што раз болей крутым, а ўрэшце, і зусім адвесным, бо грунт паволі ад стоку і напору размываецца і абваліваецца, а вада ешчэ з большай сілай рынаецца у глыб, у пропасьць.

Счасам спад робіцца такім высокім, а выбоіна такой глыбокай, што магутная вада спадае з ганебнай сілай у пропасьць, а брызгі аттуль вялізарным брылянтовым слупам падлетаюць і высока — як дым уздымаюцца ў гару, дзе незначна развеіваюцца ветрам і рассыпаюцца навокал дробненькім дажджом.

Здаецца, што німа пякнейшага і дзіўнейшага з‘явішча у натуры, як вадаспад. І міла, і разам неяк страшна глядзець на яго адвечна трывалую, жыцьцёвую сілу. Шалёные хвалі быстрай ракі няўтрымна нясуцца с пакату і, быццам дужаючыся с каменьнямі, абдаюць іх тоўстым слоям вады, якбы стараючыся скрануць іх з мейсца, пенюцца, равуць і гудуць каля іх, каб зьніштожыць усе перашкоды на сваёй дарозе і вырвацца ўрэшце на свабоду. А тут зноў новые і новые магутные хвалі, наганяючы адна другую, сьпешаюць у сьлед — на падмогу; тут абрываюцца, там паднімаюцца і сходзюцца с сабой, а то, быццам аблізываючы маўчлівые, сур‘ёзные каменьні, праскаківаюць праз іх і лецяць пасьля ў ніз, а там зноў с страшэннай сілай бьюцца аб скалы і круцюцца у здрадным віры. Слуп вадзянога пылу непрыкметна падымаецца і паводаль рассыпаецца сьвежай халоднай імглой. Угневаная рэчка, вырваўшыся з віру, імчыцца далей і па трохі супакоіваецца і толькі адышоўшы вёрст 6—7 вадаспаду пачынае ўжо плысьці ціха і спакойна.

Вадаспадаў на сьвеце ёсьць шмат, але найвялікшы, с паміж іх па сваей сіле і багацьцю вады — Ніагарскі вадаспад у Паўночнай Амэрыцы. Пачынаецца ён у тым мейсцы, дзе рэчка Ніагара расходзіцца ў вілы, абымаючы з двох бакоў Козі востраў.

Вада з 25 сажнёвай вышыні спадае паўколам быццам двума істужкамі, с каторых адна — мае 80, а другая ажно 300 сажняў шырыні! Сіла напору вады так ганебна вялікая, што вада ня суздоліває, сьцекаць па адвеснай сьцяне, а з разгону падаецца ўперад на цэлы сажэнь і, быццам завіснуўшы ў паветры, спадае з грукам у ніз у страшэнную глыбіню. Бо як

Нечага і казаць, што вада спадаючы ў ніз з гэткай і непамернай сілай, робе такі страшэнны, праразьлівы шум, што чуваць ён увокал ня менш як за 7—10 вёрст, і зусім падобны да шуму вялікага, старога, густога лесу ў васенную бурную пагоду.

Як вялікая і магучая сіла Ніагарскага вадаспаду можэ сведчыць ешчэ нам і тое, што ўжо за неколькі вёрст да вадаспаду рэчка пачынае неспакоіцца і човен на ёй — без ніякай, здаецца, відзімай прычыны — уздрыгівае і калоціцца. Гэта значыць, што вада і нават сам грунт зямлі устрэсаецца ад сільнаго груку пры спадзе вады.

Вучоные падлічылі, што магутны Ніагарскі вадаспад, мае такую аграмадную сілу, што суздолівае варочаць ціжары якіе маглі-б зварушыць толькі шэсьць с паловай мільёнаў каней, а маючы на ўвазе, што сіла кожнага каня сярэдня лічыцца ў 60 раз большая за сілу чэлавека, можна лёхка зразумець з якім імпэтам вада ляціць у ніз.

Вось гэту страшэнную сілу вады чэлавек патрапіў розумам сваім выкарыстаць для сябе: цяпер Ніагарскі вадаспад дарма працуе для людзей варочаючы быццам у млыне колы, ўсе машынэрыі ў пабудаваных вялізарных фабрыках у тэй ваколіцы, дзе работа ідзе як дзень, так ноч.

Другім па сусьветнай велічы і сіле лічыцца вадаспад Вікторыя ў Афрыцы. Там вада ракі Замбэзі, лятучы шырынёй каля паўтары вярсты, абрываецца с 50 сажнёвай вышыні і с страшэннай сілай разбіваецца ў нізе аб каменную скалу і адскаківае назад — у верх дробным пылам.

Дзіўна глядзець на падымаючыся ў верх слуп вадзянога пылу: ён высока дыміцца і як туманом засьцілае сьвет, а у ясную пагоду — пекна і міла зіхаціць і пераліваецца разнокалернай вясёлкай, адбіваючы у сТабе, як у люстэрку, праменьні сонца.

Трэцьці — вельмі шумны і сільны вадаспад — Іозэмойт на рацэ Мэрсэд. Там вада зрываецца са сьцяны выжэйшай двухсот сажняў.

Самые блізкіе ад нас вадаспады — гэта ў Фінляндзіі: Іматра і Ківач.

Мне давялося бачыць шалёны бег вадаспаду Іматры. Трудна было адарваць вочы ад незраўнанай пекнаты і дзіўнога хараства натуры!

Сярод цэльных, нярухомых скалаў, паросшых дзе-ня-дзе нізкарослымі хвоямі, плыве шырокая рака Вуокса. Берагі яе найбольш голые і досьць высокіе з аднаго дзікога, чырвона-чорнага каменя, патрэскаўшагося ад веку і марозаў. Вада цячэ ў лахчыне камяністага грунту, каторы непрыкметна, паволі што раз углыбляючыся, якбы градкамі спускаецца ў ніз, але найбольшы пакат рака мае каля Іматры; тут — на працягу меней вярсты вада нізее ажно на 9 сажняў. Шумлівы і вясёлы бег вады поўнаводнай ракі, маючай сажняў 200 ў шырку, каля самай Іматры раптам стрымліваецца, бо тут русло ракі моцна звужываецца — мае яно ў шырку ўсяго толькі 23 сажні — і тое скрось завалена вялізнымі каменьнямі, каторые тырчаць та ўдоўж, то ўпоперак, адны — вытыркнуўшыся з вады, другіе — здрадна схаваўшыся дзесь у глыбі, падстаўляюць свае крэпкіе грудзі, якбы стараючыся стрымаць бег ракі…

Вось дзеля таго, што каля Іматры рака моцна сьціснута з бакоў берэгамі і мае вялізные прашкоды на сваей дарозе, вада тут значна паднята ў гару, а страшэнны імпэт, каторы с кожнай пядзьдзю бегу ракі с пакату прыбывае і павялічываецца, са грамаднай сілай імчыць усю ваду ў ніз; верхні слой яе спрытна і лёхка то саслізгіваецца, то перэскаківае праз галовы вялізных каменьняў, а ісподні слой вады, спатыкаючыся са скаламі, з вялікага разгону — то шырокай істужкай, то вялізным — сажнеў пяць вышыні — слупам — узлетае ў гару.

Гэтая адвечная барацьба магутных хваль ракі са скаламі, гэтае адвечнае змаганьне с перашкодамі — спраўляюць дзіўнае ўражэньне на чалавека. Ня чуеш, як усяго цябе гэта захоплівае; здаецца і самога ў душы нешта падмывае, неяк непакоішся, а ў галаве роюцца розные думкі. З‘яўляецца вялікае жаданьне рынуцца на помач слабейшаму, але глянуўшы на барацьбу гэтых аграмадных сіл, прападае ўся адвага, ў жылах застыгае кроў, нешта сьціскае у грудзёх, а рукі млеюць, абвісаюць і з нейкім жалем, болем вялікім у сэрцы спазнаеш, які мяленькі, які бязсільны чэлавек проці адвечных сіл натуры…

Заняты неадчэпнымі думкамі, доўгі час стаяў я на беразе і угледаўся на гэту красу і проста такі ніяк ня мог адарвацца ад ракі: дзіўнае хараство вадаспаду у ясны, пагодны дзень не мае ні ў чым сабе параўнаньня. Чым больш угледаешся, тым больш бег вады зацікаўлівае і падваблівае цябе. На слабую душу яно робе да таго вялікае ўражэньне, што бязвольна абхоплівая нейкая дзіўная жуда…

Мейсцовые жыхары сьведчуць, што Іматра кожны год прымае у свае нетры немала кволых афяр, не здалеўшых утрымацца ад прываб магутных хваляў…

Іматра вельмі мнагаводная. Кожную сакунду, як падлічыў адзін вучоны, пралетае па ёй ня меней 10 мільёнаў вёдраў вады. Гэта памагае нам ясна зразумець якую грозную сілу мае вадаспад. Прабавалі спускаць у Іматру тоўстые бярвеньні, але яны ў мамэнт разбіваліся у дробненькіе шчэпкі, прападалі на нейкі час у глыбіне, а пасьля ўжо вада выкідала іх на бераг ажно за 2—3 вярсты ад вадаспаду. Камні пры берагох гэтак гладка адшліфаваны бегам вады, што ўсе яны выгледаюць якбы лысые і яскрава блішчаць на сонцы.

Пазіраючы на вадаспад з берагу, ня хочэцца нават і верыць, што гэта ляціць, злуе і тузгаецца вада; здаецца, што гэта імчыцца ком пуху, ці сьнегу — да таго яна сьпеніўшаяся, бялютанькая і іскратая. Узрываючыся з нязмернай глыбіні, пена высока уздымаецца над ракой, нібы гарачая пара і рознакалёрнымі праменьнямі іскрыцца на сонцы, цешучы вока чэлавека, зьдзіўлёнага чарамі натуры. Угледаючыся на гэтые дзівы, неяк неахвотна верыцца, што гэта так вечна шуміць, бяжыць і віруе, а думаецца, што толькі сягоньня, быццам для цябе, вялікая незнаная моц, як бы для паказу — на адну хвіліну, пусьціла ў ход сваю чараўную машыну і што, як ты адойдзешся, то зноў усё супакоіцца і сьціхне…

Алрт Пч.