Перайсці да зместу

Вадаспад

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вадаспад
Апавяданне
Аўтар: Якуб Колас

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I

На гэты вадаспад, што так гучна сакатаў на ўсю ваколіцу, было шмат нараканняў. Наракалі на яго алешыны, якія звешвалі над ім зялёны вяночак злучаных угары верхавін; наракаў лес. Нават сярод птушак трапляліся такія, што не мелі вока на гэты шумлівы, заўжды парывісты і не ў меру гаманкі вадаспад.

— Ці дасі веры, любачка, — казала чарнагрудая пліска кропельцы расы, што выступіла на чарнабыльніку, — такі жаль, такі жаль! І навошта дае Бог сілу крыўдзіцелям? Ці ж для таго толькі, каб прыгнятаць слабых?

— А што такое, мілая плісачка? — спытала роска.

— Ох! несла я пушынку, — такое прыўдалае перачка. Ну, думаю, добрая будзе пасцелька для маіх дзетак. Аж лячу над вадаспадам, выпусціла пушынку, трапіла яна якраз у вір і прапала… От і вазьмі ж ты — такая самая, здаецца, вада, такая ж самая, як і ўсюды; дый ты сама, любка роска, такая ж самая вадзіца, як і ў тым вадаспадзе, а вось жа ты спакойная і з табою люба пагаманіць.

Прамень сонейка, прабіўшы гушчар зялёнага лісця, дакрануўся да расы, і яна ўся заіскрылася, зачырванелася, бы гожая дзяўчына, якой сказалі, што яна прыгожая і мілая.

— Я — частачка таго самага вадаспада, на які ты так крыўдуеш, — сказала расінка і яшчэ больш загарэлася: ёй прыкра было слухаць скаргу пліскі-даўгахвосткі, бо і сама яна, роска, была крыху вінавата ў гэтым яе горы.

— Ты?! — здзівілася плісачка.

— Я, я… Прабачай, мілая!

Чарнабыльнік, пачуўшы гэта, ціха засмяяўся і загайдаўся ад смеху. Беднай росачцы зусім сорамна стала, і яна, адбіўшы ў сабе апошні раз прамень сонца, упала на дол і знікла. Здзіўленая плісачка паківала галоўкай, пакруціла хвосцікам і паляцела на раздабыткі.

II

У высокіх алешын, што стаялі непадалёку, таксама былі прычыны вялікай крыўды на вадаспад. Алешыны — кампанейскія дрэвы, яны любяць гурт, любяць жывую гутарку з ранішнімі вятрамі; і яшчэ — любяць алешыны сваіх дзетак. Старыя алешыны хацелі перакінуцца хоць словам, гаманілі адна з другой на вуха, але нічога не маглі расчуць за страшэнным шумам вады. Яны нахіляліся, злучаліся верхавінамі, — усё дарэмна: гінулі іх словы і думкі прападалі, не даходзілі да іх. Ці не здзек рабіў ім гэты неўтаймаваны вадаспад? Дзе іх дзеці? Хто пацешыць ім старыя вочы? Хто дасць палёгку ім у старасці? І толькі адна крайняя алешына зрэдку мела магчымасць загаварыць з дожджыкам. Старая кожны раз дзякавала дожджыку, што ён не пагарджаў ёю.

— На сэрцы робіцца лягчэй, калі хоць слоўкам перамовішся, — казала старая. — І чаму не ўсе роўныя на свеце: і ты, дожджык, — вада, і там вада… А вазьмі ж ты…

— І я — тая самая вада, што ў вадаспадзе; яшчэ тыдзень таму я грымеў там разам з мільёнамі іншых кропелек, — з гордасцю прамовіў ён тысячамі дажджынак.

У гэты момант хмары разарваліся, сонейка зірнула на зямлю бліскучымі стрэламі яркіх праменняў, і дрыготнымі зоркамі заварушыліся, заззялі дажджавыя кроплі на старой алешыне.

— Не, не можа быць, не можа быць! — здзівілася яна. — Ці ж можна раўняць іх?

Ах, як хацелася ёй пагаманіць аб гэтым з суседкамі!

III

Старасвецкі лес, асабліва тыя сыны яго, што стаялі непадалёку ад вадаспада, даўно ўжо сярдзіта шумелі, сварыліся і гразілі вадаспаду. Лес любіў спакой, у яго ёсць важныя думкі, мары. Лес хацеў паслухаць, як спяваюць прыгожыя птушкі, як шэпчацца зялёнае лісце з ціхімі кроплямі цёплага дожджыку; лес хацеў пранікнуць у цішыню і зразумець таемнасць свету. Лес любіў і буру, любіў паспрачацца з ветрамі-вар’ятамі, любіў рух-сілу, але вечнага няўпыннага шуму вадаспада ён не мог слухаць, — можа, таму, што вадаспад заўсёды балабоніў адно і тое. Праз гэты лес бегла быстрая, жвавая рачулка. Адвечныя хвоі з гладкаю карою стаялі на берагах і часамі любілі пагутарыць з рачулкай. І як было не любіць яе, калі яна так уважна, так прыветна вілася між карэннямі!

— Вось у каго трэба вучыцца вадаспаду, гэтаму балбатуну, млыну пустому, казала старая бярэзіна, выгнуўшыся над рачулкай.

— Праўда, — падхоплівалі хвоі, — дзеці як бы адных бацькоў: і там вада, і тут вада, а нораў не той.

— А можа, не ўся вада аднакая, — уставіў сваё слова высачэзны вяз, — і не заўсёды ў яе роўны нораў? Ці не ўрода тут мае галоўную сілу? Тады няма чаго раўняць вадаспад, ну, хоць бы з нашай рачулкай. Можа, каб наліў у яе вады з вадаспада, дык і яна зверам загула б.

Дрэвы змоўклі і задумаліся: а можа, і праўда? Крыху паразважаўшы, зноў зашумелі яны, шукаючы пачатку і канцоў, і не маглі іх знайсці.

— Скажы ты нам, рачулка, разваж нашу спрэчку, — звярнуліся дрэвы да рачулкі, — чаму ты такая ўважная, такая спакойная, што сэрца цешыцца, пазіраючы на цябе, а чаму вадаспад такі ганарысты, такі надзіманы? Ёсць у цябе што-небудзь супольнага з вадаспадам? Адна ў вас натура ці не?

Рачулка ледзь-ледзь здрыганулася.

— Ведаеце, мае мілыя: часта бывае так, што праўда часамі кладзе непраходную сцяну між найлепшымі сябрамі.

— Затое ж праўда і раскідае гэтыя сцены! — сказаў стары дуб.

— Так… Ну, калі вы ўжо так хочаце, дык скажу вам, толькі ж не крыўдуйце: я — частка таго самага вадаспада! Справа ж уся ў тым, што калі сіла высока забіраецца ўгору і яе там набіраецца дужа многа, дык яна можа прычыніць вялікую шкоду, калі даць ёй поўную волю і не паставіць у пэўныя межы. І ніхто няхай не забывае, што ён частка вялікай прыроды.