Перайсці да зместу

Б’ецца вецер над далінай…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Б’ецца вецер над далінай…
Верш
Аўтар: Валеры Маракоў
1925
Крыніца: Савец. Беларусь. – 1925. – 29 лістап. – С. 5.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




 * * *
Б’ецца вецер над далiнай,
Бор стары шумiць тугой,
Залатую шапку скiнуў
Гай асеннi на загон.

Рэчка буйнай хваляй звонiць,
Устае асеннi дзень...
Я пайду, пайду сягоння
На прасторы паглядзець.

Там, я знаю, па-над шляхам
Коньмi выбiтай зямлi,
Што мяне абнiме сцягам
Хмар асеннiх прагны лiст.

Але што мне восень... Хмары
І пажоўклы сонны гай —
Б’юць у сэрцы хваляй мары,
I бяжыць... бяжыць туга.

Да шырокiх вольных гоняў
Песня б’е руччом з грудзей.
Дык пайду, пайду сягоння
На прасторы паглядзець!