Перайсці да зместу

Бярозка (1912)/Чэлавек

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Бярозка Чэлавек
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1912 год
Хлеб
Іншыя публікацыі гэтага твора: Чалавек (Ядвігін).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧЭЛАВЕК.

І прыйшоў чэлавек да Бога свайго і кажэ:

— Божэ! забяры ад мяне Бяду, Сьлязу і Хваробу, а дай мне Волю, Шчасьце і Здароўе.

Бог і кажэ:

— Добра, чэлавечэ, будзе так, як ты жадаеш.

І стаў жыць чэлавек без Бяды, без Сьлязы, без Хваробы, а—вольны шчасьлівы і здаровы. Ажно прыйходзе сьмерць і кажэ:

— Чэлавечэ, паміраць пара.

Чэлавек, калі жыў з Бядой, Сьлязой і Хваробай, не раз сам жадаў і рад быў са Сьмерці, але цяпер жаль яму стала жыцьця.

І пайшоў чэлавек да Бога свайго і кажэ:

— Нашто Ты, кажэ, хочэш адбіраць у мяне тое, што сам дараваў? Забяры ад мяне Сьмерць.

Бог і кажэ:

— Добра, чэлавечэ, будзе так, як ты жадаеш.

Ішлі вякі, ляцеў час.

І прыйходзе чэлавек да Бога свайго і кажэ;

— Божэ, усё я зведаў, усяго зазнаў, адна толькі рэч незнаная мне асталася.

Бог і кажэ:

— Чаго-ж ты, чэлавечэ, хочэш?

— Сьмерці, атказывае чэлавек.

Бог даў чэлавеку Сьмерць.