Бярозка (1912)/Баба
← Хлеб | Баба Апавяданьне Аўтар: Ядвігін Ш. 1912 год |
Заморскі зьвер → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Баба (Ядвігін). |
БАБА.
Даўно гэта было. Пад той час хадзіў ешчэ па сьвеці Пан Езус са сьвятым Пятром глядзець, які парадак на зямлі. Ідуць гэта Яны дарогай, гутараць, а Пан Езус і пытае: «а як бы ты, Пётра, хацеў: ці кабета, ці мужчына каб быў важнейшым у хаці?» Сьв. Пётра давай прасіць за кабету.
— «Добра, — кажэ Пан Езус, — зайдзем-жэ ў гэту хатку на нач.»
Зайшлі, ды просяцца ў гаспадара, каб пазволіў перэначаваць. «З ахвотай пусьціў бы я вас,—атказывае гаспадар, не спазнаўшы, да каго гаворыць, — але жонкі баюся: ліхая баба! Як вернецца с карчмы ў ночы, то і мне, і вам як паднясьці —надасьць», — «Нябойся, — кажэ сьв. Пётра, — ня будзе чэпаць».
Гаспадар згодзіўся, прынёс саломы, паслаў, як мае быць, і ўсе, паклаўшыся, паснулі. Ажно чуе гаспадар, як у дзьверы — грак! грак! Іон гэта пакуль расчухаўся, дый трапіў на закрутку, жонка ляскаючы зубамі на марозе, аж пену са злосьці пусьціла і, як толькі ўляцела ў хату, так зара за качаргу, дый да старога; той ходу, яна за ім, дый, зачапіўшыся за Пятровы ногі, грымсь, як доўгая, сярод хаты, — «А гэта ешчэ што?!»—усхапіўшыся накінулася баба на мужыка. — «Падарожные на-нач папрасіліся,» — аткавывае той, спусьціўшы вочы: — «Падарожные? — зараўла баба, — дык ты тут без мяне нейкіх валацугоў наводзіш? Пачэкай-жэ: спраўлю я табе лазьню, спраўлю і тваім падарожным!» Дый, скочыўшы да сьв. Петра, давай яго пражыць. Корчыўся, корчыўся сьв. Пётра, але замаўчаў. Сагнаўшы ахвоту, баба, засопшыся, кажэ: «з гэтаго годзе, трэба таго — з другога боку пачаставаць» — дый заходзіць ад сьцяны, гдзе лежаў Пан Езус. Спанатрыў сьв. Пётра, што справа кепская, дый кульгіць борздзенька праз Пана Езуса на другі бок і ляжыць ціханька; а баба, ня ўгледзіўшы гэтай штукі, давай ізноў ківацца пад сьв. Пятром: усё як гоп, дык гоп. — «Ну, гэтаму, — кажэ, — мо ўжо і перэдала; той першы гатоў загневацца, што яго скрыўдзіла — мала дасталося; трэ надкінуць!» — дый ізноў заходзіць на другі бок да Пана Езуса. Бачыць сьв. Пётра: з бабай жартоў німа; ізноў дрэнна выходзіць, Вось ён — шлык! дый смаргануў праз Пана Езуса на сваё старое мейсцэ, а баба ўжо тут, і давай яму прыклады зноў рабіць: як па ім так па ім, ажно пакуль не змарылася і не пайшла спаць. А Пан Езус праз увесь час ляжыць сабе спакойна, бытцым сьпіць.
Назаўтра ешчэ і сонцэ не ўзнялося, будзіць Пана сьв. Пётра, дый давай прасіць, каб скарэй ісьці ў дарогу («хаця-б думае, баба не прачхнулася»). Выйшлі. Пан Езус, як бы і нічога, пытае: «ну, як жэ табе, Пётра, спалося? Як бабіны парадкі спадабаліся?» — «Як спалося, то спалося, а што да парадкоў, хай бы ўжо, Пане Мой, лепш мо мужчына іх вёў»…