Бяздоннае багацце
Бяздоннае багацце Паданне Аўтар: народ Крыніца: http://bellib.org/legenda/item/legenda/legenda-121.html |
У Тураве жыў калісьці князь Яраслаў. Быў ён багаты і мудры і людзей каля сябе збіраў усё разумных ды моцных.
Неяк князь з гасцямі сваімі паехаў на ўловы біць цяцераў і дзікіх вепраў. Многа было ўжо набіта ўсялякай дзічыны, але Яраслаў, якраз калі хацеў даць загад трубіць на збор, убачыў вялізнага старога тура і пагнаўся за ім. Некалькі гартоўных княжых стрэл упілося ўжо ў цела тура, але звер з падвоенай сілай уцякаў ад лаўца. Тады князь пачаў паганяць свайго каня, каб дагнаць тура.
Раптам тур спыніўся і павярнуўся ў бок князя. Конь з разгону наскочыў на тура і зваліўся, прабіты рагамі, прыціскаючы сабою седака. Яшчэ момант, і князь паплаціўся б жыццём. Але на гэтую хвіліну падаспеў загоншчык Ранцэвіч. Ён зняў з сябе світку і накінуў яе туру на вочы ды хутка нажом ударыў звера ў самае сэрца. Тур нежывы рынуў на землю. Князь выбавіўся з-пад каня і, дзякуючы загоншчыку, сказаў, каб той прыйшоў у абоз па ўзнагароду.
Калі загоншчык прыйшоў у княжы абоз, Яраслаў паставіў перад ім скрынку з золатам і сказаў:
— Бачыш, многа тут золата, але жыццё даражэй золата, бяры, колькі хочаш.
Загоншчык быў чалавек мудры. Ён узяў кіёк, разгарнуў чырвонцы, каб кіёк упёрся ў дно скрынкі, і сказаў:
— Праўда, князю, тут многа золата, але ўсё ж такі дно можна дастаць, дык, мабыць, гэта тваё залатое багацце не вечнае, калі-небудзь прыйдзе канец яму. Дый золата больш патрэбна князю, як простаму чалавеку. Дай ты мне, княжа, гэткі дар, каб я ў ім дна знайсці не мог.
Князь задумаўся і кажа:
— Каб я сабраў усё сваё багацце, то і тады дно яму знойдзеш.
Засмяяўся загоншчык:
— Пойдзем, князь, я табе пакажу бяздоннае багацце.— І выйшаў на двор, узяў лавецкі меч і ўвесь усунуў у зямлю.— Вось тваё, княжа, багацце, у якім дна няма: яно ратару больш вартае, чым тыя чырвонцы. Грошы могуць украсці, а гэтае ніхто не ўкрадзе.
Засмяяўся князь, спадабалася яму загоншчыкава мудрасць, і ён кажа:
— Праўду гаворыш, дам табе зямлі на дзесятае пакаленне.
І, зайшоўшы ў шацёр, напісаў князь Яраслаў дарчую грамату мудраму загоншчыку Ранцэвічу на ўсю ваколіцу Вялемічы.
І дагэтуль у Мазырскім павеце, у вёсцы Вялемічы, жывуць Ранцэвічы ў вялікай пашане. У цынкавай трубцы перадаюць яны з роду ў род дарчую грамату князя Яраслава, а паказваючы яе, апавядаюць паданне пра свайго мудрага прашчура.