Бык і ваўкі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Бык і ваўкі
Беларускія народныя казкі
Аўтар: народ
Крыніца: http://kazki.unicef.by/kazki.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Насіў бык па горадзе косы, прадаваў, каму трэба. Тады на быка, якога звалі, дарэчы, Быска, гавораць:

— Нашто табе косы?

А бык адказвае:

— Буду касіць!

Пайшоў у двор, выкляпаў касу ды падаўся касіць. Косіць бык, ідзе да быка воўк і гаворыць:

— Ты Быска?

— Я Быска.

— Сена косіш?

— Кашу.

— Рагамі круціш?

— Кручу.

— Хвастом мелеш?

— Мялю.

— Ці баішся ты мяне?

— Я вас дзесяцярых не баюся.

Воўк пайшоў шукаць другога ваўка. Знайшоў і гаворыць:

— Там косіць бык, надта дужы. Аднаго мяне не баіцца.

Пайшлі ўдвух ваўкі да быка. Ідуць і гавораць:

— Ты Быска?

— Я Быска.

— Ты сена косіш?

— Кашу.

— Рагамі круціш?

— Кручу.

— Хвастом мелеш?

— Мялю.

— Ці баішся ты нас дваіх?

— Не баюся.

Пайшлі ваўкі шукаць трэцяга ваўка. Знайшлі і гавораць:

— Там косіць бык, надта ж дужы. Нас дваіх не баіцца.

Пайшлі ўтраіх ваўкі да быка. Ідуць і гавораць:

— Ты Быска?

— Я Быска.

— Ты сена косіш?

— Кашу.

— Рагамі круціш?

— Кручу.

— Хвастом мелеш?

— Мялю.

— Ці баішся ты нас траіх?

— Не баюся.

Пайшлі ваўкі шукаць чацвёртага ваўка. Знайшлі і гавораць:

— Там косіць бык, надта дужы, нас траіх не баіцца.

Пайшлі чацвёра ваўкоў да быка. Ідуць і гавораць:

— Ты Быска?

— Я Быска.

— Ты сена косіш?

— Кашу.

— Рагамі круціш?

— Кручу.

— Хвастом мелеш?

— Мялю.

— Ці баішся ты нас чацвярых?

— Не баюся.

Пайшлі ваўкі шукаць пятага ваўка. Знайшлі і гавораць:

— Там косіць бык, надта дужы, нас чацвярых ён не баіцца.

Пайшлі пяць быкоў да ваўка. Ідуць і гавораць:

— Ты Быска?

— Я Быска.

— Ты сена косіш?

— Кашу.

— Рагамі круціш?

— Кручу.

— Хвастом мелеш?

— Мялю.

— Ці баішся ты нас пяцярых?

— Не баюся.

Пайшлі ваўкі шукаць шостага. Тады бык ужо трохі спалоўхаўся і пайшоў назад у двор. Прыйшоў у свой двор, касу выкляпаў, а каня навучыў брыкаць, а казла навучыў таўчы, а барана навучыў бадаць, а пеўня навучыў дзерці. Тады ваўкі прыйшлі ўшасцёх на луг, а быка няма. Яны пайшлі да быка ў двор. Прыйшлі і гавораць:

— Ага, Быска, спалохаўся нас!

— Не, я не спалохаўся, а захацеў палуднаваць, дык і пайшоў у двор.

Тады яны — за быка, а бык іх касой, а конь пачаў брыкаць, а казёл стаў таўчы, а баран пачаў бадаць, а певень пачаў дзерці — ледзьве іх не забілі, ледзьве тыя ваўкі ўцяклі.