Бура (Вітан-Дубейкаўскі)
Выгляд
Бура Верш Аўтар: Лявон Вітан-Дубейкаўскі Крыніца: Звон – 1919 - №5 - с. 3 |
Стогне віхар, гудзе ў полі,
Гне сталетніе дубы.
Плачуць людзі з горкай долі –
Недзе дзецца ад журбы.
Вые віхар бязупынна,
Дрэвы верне з каранем.
А дзе ж гэтаму прычына?
І навошта мы жывем?
Калі ж хмары перастануць
Зацямняці нашы дне?
Калі ж праўда зноў паўстане
І прамень святла блісне?
Калі ж мы, у думцы згоднай,
Ўстанем край свій бараніць,
Ў Беларусі – Маці роднай,
Як браты, пачнема жыць?
Ой, ня плач, гаротны людзе,
Бо шкада ж нашых вачэй!
Пасле буры ясна будзе,
Заіграе дзень ярчэй.
Калі б хмары ня шумелі
Навакол нашых сяліб,
Калі б гора мы ня мелі –
Без свабоды памярлі б.
Скора прыдзе да нас воля!
Ў родным краю – паміж нас –
Заяснее шчасце, доля,
Будзе свята – вялік час!
1893 г.