Будучыня Беларусі
Будучыня Беларусі Аўтар: Язэп Драздовіч 27 / Х 1923 |
1923 г. — год супакойных выжыданьняў. Год беднасьці і часовага заняпаду. Год перацерпліваньняў крыўд ад несправядлівасьцяў завісьлівых і лапчывых[1] чужаземцаў.
1924 г. — год трывожлівасьці і няпэўнасьці. Год здрадніцкіх падходаў і лжывых запабегаў. Год прадбачаньняў і падгатовак. Год патужлівага настрою і нездаволеньняў.
1925 г. — год стыхійнага беларускага нацыянальнага руху. Год перапоўненага келіху цярплівасьці. Год змаганьня са злом культурна-нацыянальнага ўціску і кабалой крыўдзіцеляў.
1926 г. — год аканчальнай пабеды пакрыўджаных над крыўдзіцелямі і трыюмф (таржаство) нацыянальна-незалежніцкай ідэі. Год аб’яднаньня і салідарнасьці ўваскрэслых і ўваскрасаючых народаў.
1927 г. — год часовага эканамічнага застою. Год палітыканства і міжнародных непаразуменьняў.
Загадка 1925–1926–1927 гг. а) у гэтых гадах на зямлі беларускай адбудзецца адна буйная палітычная падзея, і вечнаю сьведкай гэтай падзеі будзе адна зь вялікіх рэк, цякучых на захад слонца; b) у гэтыя ж гады на некаторы нядоўгі час Беларусь акажацца хатай велікадушнага прыпынку для ўцекачоў — былых ейных ворагаў, пацярпеўшых ад сваіх, праз хатнюю калатніну.
1928 г. — год зямельнай перабудоўлі.
1929 г. — год пачатку разьвіцьця беларускага джэнтльмэнства.
Загадка 1929 г. У гэтым годзе памрэць адзін з найвялікшых беларускіх пісьменьніцкіх талентаў, а для будучыні ў гэтым годзе родзіцца вялікі беларускі нацыянальны дзеяч.
1930 г. — год шырокага разьвіцьця навукі і мастацтва.
Загадка 1930 г. У гэтым годзе паявяцца на сьвет шырокі тры вялізарныя кнігі беларускага хараства і мысьлі, каторыя здабудуць сярод чужаземцаў вялікую чэсьць і славу беларускаму народу.
Чэсьць і слава Беларусі!
Падаў Язэп Узрэбніца