Будучыня

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Будучыня
Верш
Аўтар: Уладзіслаў Галубок
Крыніца: http://knihi.com/Uladzislau_Halubok/Buducynia.html


Кіпіць работа, плыве пот,
І крык і гул, як гром;
Туды, сюды снуе народ.
Будуюць новы дом.

Лапаты рэжуць глыб зямлі,
Звініць сталёвы лом;
На месцы даўняй старыны
Будуюць новы дом.

Штодзень угору сцены йдуць,
Ушыр і ўдоўж кругом;
Баліць мазоль, і рвецца грудзь,
А ўсё ж будуюць дом!

Настане дзень, надойдзе час,
Мы крэпку столь звядзём,
І лепшай прышласцю для нас
Быць мусіць новы дом!

Працуйма, брацця! Хай хутчэй
Наш льецца пот цурком:
Прыжджэм і мы святлейшых дней,
Як скончым строіць дом!..

(1912 г.)