Будаваньне Беларусі
Будаваньне Беларусі Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1924 Крыніца: [1] |
А ўсё ж такі Яна будуецца!
Парэзаная жыўцом на кускі, падзеленая паміж прагавітымі суседзямі, выкасаваная з карты Эўропы і як быццам засуджаная на сьмерць і нябыт, — Беларусь не памерла, і ў сэрцах і душах сыноў сваіх перажыла, ператрывала часы ліхалецьця, каб ізноў паўстаць да жыцьця.
Мы бачылі, як на маленечкім кусочку Беларускай Зямлі, у Меншчыне, засьвяцілася перш толькі слабенькая іскрачка — пачалося будаваньне Радавае Беларусі ў межах шасьцёх паветаў.
Будавалі яе: беларускі селянін і работнік. А кожын крок упярод трэба было рабіць з боем, перамагаючы цэнтралістычныя і нацыяналістычныя імкненьні «пануючага народу», што ад царскіх часоў захаваў усе навыкі «дзяржаўнае нацыі».
З боем здабывалі беларусы права на родную мову ў сваей Рэспубліцы. З боем ішло беларушчаньне школы, прызначанае дзеля абмаскоўленьня беларускага народу. З боем ачышчалася мініятурная Беларуская Рэспубліка ад чужацкіх элемэнтаў, што панаехалі сюды «валадзець і правіць» намі. Але стойкасьць і цьвёрдасьць мужыцкіх сыноў і работнікаў, на долю якіх выпала вялікая і радасная праца — будаваньне Бацькаўшчыны, — перамаглі ўсе перашкоды.
І мы бачылі, як тая сіла, што ўверх дном перавярнула жыцьцё старое Расейскае дзяржавы, прызнала нашае права на самастойнае нацыянальнае жыцьцё і на зьдзейсьненьне ў шырокіх межах нашага дзяржаўнага ідэалу.
Мы бачылі, як справа беларускага нацыянальнага адраджэньня і будаваньня беларускай нацыянальнай культуры была прызнанана ня менш важнай, чым справа сацыяльнага вызваленьня беларускіх працоўных масаў. І да гэтай вялікай працы былі пакліканы ўсе тыя беларускія дзеячы, каторых учора йшчэ лічылі «контрарэвалюцыянэрамі» за іх умілаваньне ідэалу нацыянальнага адраджэньня свайго народу.
У працягу некалькіх гадоў на абшары шасьцёх паветаў Радавае Беларусі адбывалася гуртаваньне беларускіх сіл, якія прымушаны былі кідаць родныя месцы ў «дэмакратычнай» Заходняй Беларусі: адбывалася ўзгадовываньне цэлае арміі новых маладых працаўнікоў на роднай ніве: тварылася кузьня палітычнае і культурнае працы, дзе выковываліся новыя цэннасьці беларускае мысьлі, навукі, літаратуры, мастацтва. А тое сьвятло, у якое разгарэлася гэная маленечкая іскрачка беларускага жыцьця ў Менску, асьвятляла ня толькі Меншчыну, але пранікала і ў Магілёўшчыну, і ў Віцебшчыну, і ў Смаленшчыну, і ў Чарнігаўшчыну. І на тых землях, што былі «прырэзаны» да Маскоўшчыны, пачало будзіцца і кіпець і бурліць раней замершае тамака беларускае жыцьцё. Тварыліся беларускія школы і культурныя ўстановы; беларускі дух пранікаў і падчыняў сабе тамтэйшыя «рады».
З абодвух бакоў граніцы Радавае Беларусі з Маскоўшчынай усё больш і больш востра адчувалася патрэба аб’яднаньня. І вось сьледам за ператварэньнем Радавае Расеі ў Саюз Сацыялістычных Радавых Рэспублік настаў мамэнт справядлівага разьмежаваньня нацыянальных дзяржаўных адзінак, што ўваходзяць у склад Саюзу. А перад усім настаў мамэнт аб’яднаньня ўсіх беларускіх зямель, што ляжаць на ўсход ад лініі Рыскага міру, у адну вялікую Сацыялістычную Радавую Рэспубліку Беларусь.
Польскія газэты паведамляюць, што такое аб ’ яднаньне аканчальна пастаноўлена. У найбліжэйшым часе ў Менску мае адбыцца надзвычайны Ўсебеларускі Зьезд Радаў, у якім прымуць учасьце дэлегаты ад усіх новапрылучаных беларускіх зямель, каб супольна разьвязаць усе пытаньні, зьвязаныя з адміністрацыяй і арганізацыяй новае Радавае Беларусі.
Мы горача вітаем гэты незвычайна важны ў беларускім жыцьці факт. Як ні цяжка жывецца беларусам у Заходняй Беларусі, як ні далёкі мы тут ад зьдзейсьненьня ўсенароднага імкненьня быць гаспадарамі на сваей зямлі, — мы цешымся, што хоць за гранічнай мяжой гэтае імкненьне, гэты ідэал ужо зьдзейсьнены. Там — за мяжой — ідзе запраўднае будаваньне і зьбіраньне Беларусі. Там разгараецца вялізарнае беларускае нацыянальнае вогнішча, якое праз гранічныя слупы будзе асьвятляць і саграваць і нас, распаляючы ў душах і сэрцах нашых нязломную веру, што раней ці пазьней адбудуецца Беларусь наша так, як у нашых снах — летуценьнях мы яе сабе выабражаем.