Перайсці да зместу

Братам-Беларусам (1920)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Братам-Беларусам
Верш
Аўтар: Людас Гіра
31 сьнежня 1916 году (публікацыя 31 сьнежня 1920)
Крыніца: Часопіс «Пагоня», № 18, 31 сьнежня 1920 г., б. 2
Іншыя публікацыі гэтага твора:Братам-Беларусам (Гіра).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Братам-Беларусам.


(Верш вядомага Літоўскага паэты Людаслава Гіры, напісаны ім
на беларускай мове ў 1916 годзе — друкуецца першы раз)

Прайшоў, праплыў ўжо год крывавы
Вялікай барацьбы тытанаў,
Год сьмерці, ненавісьці, славы,
Пракляцьця год і год пашаны…
У грымотах бур, ў пажараў зорах,
Ад франкаў Соммы да Дзьвіны, —
Быццам ўсяго жывога вораг
Прайшоў той грозны год вайны…
Ад Нёмана, Вільі, ад Шчары
Да сьцен Траянаваго вала —
Што дзень, што ноч стагналі хмары,
Грымот грымеў, зямля дрыжала.
Той год мы цяжкай працавітай
Жыцьця ахвяраю здалелі,
Бо ў сільных нашых душ касьцелі
Мы праўдзе молімся адкрыта.
Бо ў крыўдзе мы ўзрасьлі, і вочы
Даўно павылілі крывава
Ўсе сьлёзы ў час тэй доўгай ночы,
Ўздыхаючы за старай славай…
За старай славай, вольнай волей,
Што ў курганах ляжыць з бацькамі,
Чакаючы, калі-ж у поле
На шлях забыты выйдзе з намі.
Калі-ж мы выйдзем, як прыстала
Адважных рыцараў сынам,
Ня гледзячы, што нас, мо’, мала,
Што ворагі і тут і там…
Адна бо ў сьвеце сьмеласьць ёсьць —
Яна ня лічыць сіл сваіх,
І не чакае, каб уціх
Крык ворагаў і змоўкла злосьць…
Наш люд сярмяжны, брат вяковы,
Сваей адвечнаю жальбою
Загартаваў ўжо нас да бою —
Дык ён, хоць новы нам, — ня новы!
У народу песьні, ў казцы сумнай
Таго ёсьць сіла неспажыта!
Не задушыць яе і шумнай,
Бо і з магіл ўзрастае жыта!
І хоць ня шчэзла та імгла,
Што вольны сьмех ад нас закрыла, —
Не зрадзілась такая сіла,
Каб нас змагчы, здалець магла.
Дык хай на захадзе, на ўсходзе
Гараць крывавых зораў далі —
Тужыць, браты, сягоньня годзе:
Год цэлы сумна ўжо ўздыхалі.
І хай раве шатанскі сьмех,
Чырвоны сьмех сярод магіл —
Ніхто ня мае столькі сіл,
Каб ў нашых страх ўзрасьціць грудзях.
Пужацца нам, браты, ня годзі!
Сустрэцімо-ж год гэты новы,
Што нам ў крывавых зорах ўсходзі
Адвагі рыцарскімі словы!
Няма бо ў пекле нават моцы,
Каб нашае зглуміць каханьне,
Айчызны нашай сон дзявочы
І веру, што яна паўстане.
Сустрэцімо-ж, браты, сягоньня
Мы сьветлым вокам год той новы —
Хай песьня вольная разгоне
Жальбу надзеі сьветлай славы!
І хай паверыць з нас усяк,
Што не вяртацца ўжо няволі,
І што ня будзе ўжо ніколі
Пужаць паўночны воўкалак.
І хай паверыць, што ня дарам
Сталетнія з нас спалі путы,
І што народ з акоў пакуты
Сам вольным будзе гаспадарам!


Людаслаў Гіра.
31.XII.1916 г. Вільня.