Перайсці да зместу

Богамаленне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Богамаленне
Паданне
Аўтар: народ
Крыніца:http://bellib.org/legenda/item/legenda/legenda-027.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жыў адзін чалавек, што не ўмеў Богу маліцца і ў царкву ніколі не хадзіў, а добрай душы быў чалавек. Жыў ён у адзіноце, нікому злога не рабіў, не з'ядаў чужога дабра, не піў сіроцкіх слёз, не смактаў людскога поту. З усходам сонца ўставаў, браўся за работу, працаваў шчыра, да поту; з заходам спаць лажыўся.

Устаўшы ранкам і кладучыся спаць, пойдзе, бывала, к калодзе і скача цераз яе, скача і прыгаворвае:

— Табе, божа! Мне, божа! Табе, божа! Мне, божа!

Раз трыццаць пераскочыць калоду — і ўсё яго богамаленне. Доўгага веку дажыўся ён, і людзі яго шанавалі за справядлівасць. Але, вядома, дурняў ёсць нямала: думалі, што кепска яму будзе на тым свеце за тое, што ён не ўмее Богу маліцца і ў царкву не ходзіць. І сталі гэта яго ўгаворваць.

— Схадзі ды схадзі ў царкву хоць раз у сваім жыцці, без гэтага,— кажуць,— і ў рай не пападзеш.

Паслухаў ён людзей і пайшоў з імі на Вялікдзень у царкву. Каб хутчэй дайсці, пайшлі яны пуцінкамі. Прыходзяць к рацэ, цераз раку моста не было, а так, ляжала кладачка. І сталі людзі пераходзіць на другі бераг па кладачцы, а гэты чалавек пайшоў проста па вадзе, як па сухому. Перайшоў і нават ног не замачыў. Людзі аж здзівіліся.

Прыйшлі ў царкву. Народу сабралася многа-многа — вядома, Вялікдзень. Усе гэта ціснуцца ўперад, штурхаюць адзін аднаго, самі не моляцца і другім не даюць. Бабы сабраліся ў кутку і, як тыя сарокі, сакочуць, адна адну абгаворваюць, толькі сваркі заводзяць, а іншыя дрэмлюць стоячы. Хлопцы з дзяўчатамі смяюцца. Папы бяруць на малебны, гандлююць, свянцонае свенцяць, мяркуюць, каб сабе болей адрэзаць: вядома, паповы вочы ніколі не поўны.

Вось табе і богамаленне, і ратунак душы. Адзін сорам...

Скончылася богамаленне, пайшлі людзі дамоў разгаўляцца. Ідучы назад, паспрабаваў гэты чалавек перайсці цераз раку — і да каленяў апынуўся ў вадзе. Аж заплакаў, небарака, азірнуўся ён да людзей і кажа:

— Добрыя людзі, ішоў я ў царкву, грахоў не меў, з царквы вяртаюся і грахі нясу: гэта яны мяне ў ваду пацягнулі. Мабыць, што ў царкве і я саграшыў.