Блізка мэта
Выгляд
Блізка мэта Верш Аўтар: Міхась Васілёк 1926 Крыніца: Вершы. - 1973. — с. 31 |
Далеч сіняя бясконца,
А ў той далі — мэта, сонца!
Срэбрам ззяюць
Ніўкі збожжа,
Нас вітаюць —
Як прыгожа!
Хоць далёкі шлях-дарога,
Камяністы — млеюць ногі, —
Будзь вясёлым!
Выйдзем з долу,
Торбы скінем,
Адпачынем.
Бачыш, браце, — перад намі
Свеціць сонца над шляхамі!
У праменнях
Наш палетак,
Стомы меней —
Блізка мэта!
1926