Перайсці да зместу

Блэк энд уайт (Маякоўскі/Суніца)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Блэк энд уайт
Верш
Аўтар: Уладзімір Маякоўскі
5.VII.1925
Арыгінальная назва: Блек энд уайт
Пераклад: Рыгор Суніца
Крыніца: Маякоўскі, У. У. Выбраныя творы / В. В. Маякоўскі. - Мн. : Дзяржвыд Беларусі. Дзіцячая літ., 1938. - 128 с.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Блэк энд уайт[1]


Калі
Гавану[2]
акінуць мігам —
рай-краіна,
краіна-прынада.
Пад пальмай
цыбата
стаяць фламінго.[3]
Квітнеюць
калярыо[4]
па ўсёй Ведадо.[5]
У Гаванне
ўсё
падзелена чотка:
белым долары,
чорным — пот.
З-за гэтага
Віллі
стаіць са шчоткай
ля "Клэй энд Бэк, лімітэд"[6] штогод.
Шмат
за жыццё
павымётваў Віллі—
адных пылінак
цэльны лес, —
таму
і волас у Віллі
вылез,
таму
і жывот у Віллі
ўлез.
Малы яго радасцей цьмяны спектр:
шэсць гадзін сну, каб суняць тугу,
ды хіба што
злодзей —
партовы інспектар,
кіне
негру
цэнт набягу.
Ад гэтага бруду дзенешся дзе ты?
Хіба што
сталі-б
хадзіць на галаве.
Дык жа
не зменшыш
смецця і гэтым:
валоссяў тышчы,
а ног — дзве.
Побач
ішла
распрыбраная Прадо.[7]
То дзінькне,
то ўспыхне
трохвёрставы джаз.
Дурню здасца,
што і напраўду
колішні рай
у Гаванне якраз,
Мала у Віллі
ў мазгах завілін,
мала ўсходаў,
мала пасеваў.
Адно
адзінае
вызубрыў Віллі
цвярдзей,
чым камень
помніка Масео:
"Белы
смакуе
ананас спелы,
чорны —
ў гнілі мачоны.
Белую работу
робіць белы,
чорную работу —
чорны".
Мала пытанняў Віллі тлумілі.
Адно ж было
верхам усіх закарук.
Калі яно
раптам
залазіла ў Віллі,
шчотка
валілася
з Вілліных рук.
І сталася-ж так,
што якраз тады
да Энры Клэй —
караля сігар —
прышоў,
бялейшы за хмарак гурты,
магутны цукровы кароль — уладар.
Негр
падыходзіць
да тушы смела
“Ай бэг эр пардон[8], містэр Брэг!
Чаму так і цукар,
белы-белы,
павінен рабіць
чорны негр?
Чорная сігара
не да вуса вам, —
яна для негра
з чорнымі вусамі.
Калі-ж вы
ўважаеце
з цукрам каву,
дык цукар,
будзь ласка,
рабіце самі”.
Такое пытанне
не пройдзе задарам.
Кароль
стаў з белага
жоўты, як жоўць.
Крутнуўся
кароль
адпаведна з ударам,
кінуў пальчаткі ў бок —
і пайшоў.
Квітнелі
наўкола
дзівы батанікі.
Спляталі
бананы
лісцё шатром,
Негр
абцёр
аб белыя падштанікі
пальцы,
з носу падцёршыя кроў.
Негр носам разбітым
пасоп на астанне,
шчотку падняў,
памацаў каўнер.
Адкуль яму ведаць,
што з гэткім пытаннем
трэба звяртацца
у Маскву,
у Комінтэрн?


5/VII — Гавана.
1925

Зноскі

  1. Блэк энд уайт — па-англійску: чорнае і белае
  2. Гаванна - галоўны горад вострава Кубы (калонія ЗША), буйнейшы цэнтр сусветнага гандлю цукрам-сырцом і рафінадам і табачнымі вырабамі.
  3. Фламінга — вялікія забытыя птушкі трапічных краін.
  4. Калярыо — кветкі, від кактуса.
  5. Ведадо — загарадны квартал гаванскіх багачоў
  6. "Клэй энд Бэк, лімітэд" — філіял буйнейшай табачнай фірмы "Энры Клэй і Бок".
  7. Прадо — галоўная вуліца Гаванны.
  8. Ай бэг эр пардон — па англійску: прашу прабачэння