Перайсці да зместу

Благаславеньне на бойку

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Благаславеньне на бойку
Верш
Аўтар: Кастусь Езавітаў
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/2532

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Народзе мой, Народ мой Беларускі,
Зноў над табой падняў нагайку польскі пан,
Зкоў у турму з палосак бедных, вузкіх
Пагнаў Цябе Пілсудзкі, палітычны хам!

Нясуцца крыкі, стогнуць ў хатах маткі,
Маўчыць турма... Лукішкі – беларускі гроб!
Дрыжаць, схіліліся, зусім счарнелі хаткі.
Кіпцём крывавым зноў Белы Арол паскроб...

Дняпро, Дзьвіна, бацькі плямён крывіцкіх,
На бераг ваш імкнецца польскі бот!
«Ратуючы Эўропу з хмараў бальшавіцкіх»,
Крывёй крывіцкай хочуць ўскрывяніць чарот!

Крыві? Крыві зноў хоча Ожэл Бялы?
Зноў паншчыну Пілсудзкі хоча завясьці?
Дык хай жа зноў скрыжуюцца штыхоў удары, –
Рахубы старыя прыйшоў ўжо час зьвясьці!

«Турма народаў», ты ўваскросла ў Польшчы!
«Як вольны з вольнымі» – ўжо сталася маной!
Лёс беларуса ўжо ня будзе горшы,
Калі палеткі ўспыхнуць новаю вайной!

Было калісь – мы ў бойку йшлі з касамі,
Мы галаруч змагаліся з панамі і царом,
Але цяпер і мы разумней сталі
І галаруч у бойку не пайдзём!

Ужо грымяць і ў нас свае гарматы,
Ужо са стрэльбаў мы наўчыліся страляць,
I ў чыстым полі, здалёк роднай хаты,
Не нам адным галовы прыйдзецца складаць!..

Народзе мой! Ці чуеш сваю сілу?
Ці бачыш сам, як ўзрос і узмацнеў?
Ўздымі руку і... ўдар! Няхай ў магілу
Загоне паншчыну твой справядлівы гнеў!

(20 лютага 1927 г., Рыга)