Перайсці да зместу

Беларусізацыя Праваслаўнае Царквы і духоўныя ворагі беларускага народу

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларусізацыя Праваслаўнае Царквы і духоўныя ворагі беларускага народу
Артыкул
Аўтар: Усевалад Більдзюкевіч
1930 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„Да воскреснет Бог и расточатся врази Его!“

Як мы ўжо зазначылі у першым нумары „Сьветача Беларусі“, царская расейская ўлада накінула нам, як спадчыну, расейскае і зрусыфікаванае духавенства, аб’яднанае ў адзіную духоўную касту. Гэтая каста не забылася свайго ўпрывілеяванага становішча, якім яна карысталася пры цараце, і да гэтай пары моліць Бога аб павароце назад „адзінай і недзялімай“.

Вось гэта і будзе падставай таго, што жаданьне праваслаўных беларусаў, каб духоўнік, які жыве на іх зямлі, карыстаецца даходамі з іх народу, вядзе духоўную працу сярод беларускага народу, стаў бы яму блізкім, а не чужаком і ворагам, як цяпер — праваслаўнае духавенства разглядае, як спробу разваліць Праваслаўе на Беларусі.

За ўсялякую цану расейскае і зрусыфікаванае духавенства стараецца захаваць абасобленнасьць і недапушчэньне ў сваю касту беларускага элемэнту.

Усе праваслаўныя бяз розьніцы нацыянальнасьці дамагаюцца скліканьня Усяпольскага Праваслаўнага Сабору.

Апрача агульных мэтаў: устабілізаваньня стасунку Праваслаўнае Царквы да Дзяржавы, зацьверджаньня ўнутранага ўкладу Праваслаўнае Царквы ў Польшчы і абкідваньня для адпору захадам Рымска-Каталіцкага Касьцёлу, які намерваецца захапіць 750 праваслаўных Беларускіх і Украінскіх царкоўных аб’ектаў, Беларусы і Украінцы маюць яшчэ свае асабістыя, чыста нацыанальна-царкоўнага характару пытаньні.

І гэтыя пытаньні павінен вырашыць Усяпольскі Праваслаўны Сабор, — бо ўсялякая барацьба, спрэчкі, непаразуменьні на нацыянальным грунце, якія пануюць цяпер у Праваслаўнай Царкве, толькі аслабляюць Яе і вядуць да ўпадку.

Як-жа падыйшла да гэтага нашая Духоўная Улада?

Вызначаныя на гэты Сабор выбары, дзякуючы сваёй выбарчай ардынацыі, далі ў нас на Беларусі прадстаўнікоў — расейцаў з Р. Н.О.

Незастасаваньне да некаторых фармальнасьцяў дала магчымасьць умяшацца сьвецкай уладзе, і такім чынам выбары сяброў Сабору на эпархіяльных сабраньнях не адбыліся.

Цэнтральны Беларускі Праваслаўны Камітэт у сваіх рэзолюцыях і мэморыялах дамагаўся скліканьня асобных прадсаборчых эпархіяльных сабраньняў, якія б падрыхтавалі матэр’ял на Сабор. Але дамагаўся, каб на гэтыя сабраньні былі запрошаны прадстаўнікі ад праваслаўных беларусаў.

Сьвяшч. Сынод гэтую прапазыку выкарыстаў і вызначыў на 5 траўня г.г. паседжаньне Прадвыбарчага Сабраньня ў Варшаве з прадстаўнікоў ад усіх эпархіяў. На гэтае Прадвыбарчае Сабраньне ад беларускіх эпархіяў былі запрошаны выключна расейцы з Расейскага Нацыянальнага Абяднаньня (Р. Н.О.). Проціў такога складу сяброў Прадвыбарчага Сабраным Ц. Б.П. К. злажыў свой пратэст.

Па загаду сьвецкай ўлады паседжаньне Сабраным было адложана і новы тэрмін скліканьня яго яшчэ ня вызначаны.

У нас на Беларусі цэнтрам барацьбы з русыфікатарствам у Праваслаўнай Царкве зьяўляецца Вільня, і гэтую барацьбу вядзе Цэнтральны Беларускі Праваслаўны Камітэт па беларусізацыі Праваслаўнай Царквы.

Каб дыскрэдытаваць самую ідэю беларусізацыі Царквы, а разам справакаваць Камітэт, чорнасоценная газэта ,,Наша Жизнь" павяла кампанію, як проціў Камітэту, так і проціў паасобных яго сяброў. Сама па сабе газеціна на такую акцыю не пайшла бы, дзякуючы інтэрнацыянальнаму і мяшанаму вызнанёваму яе складу. Бязумоўна, інспірацыі і грошы ішлі з боку заінтэрасаваных асобаў з Віленскай Кансысторыі, і цесна зьвязаных з імі некаторых адзінак з Р. Н.О., каторыя ў захаваньні цяперашняга status quo пао у Праваслаўнай Царкве, угледжываюць апошнюю сувязь паміж Расеяй і „Северо-Западным Краем“. Звычайная бруковая газэтка, якая ледзьве дыхала адразу стала яркай барацьбіткай за Праваслаўе ў нас на Беларусі. У 6 нумарох стараліся давясьці, што Ц. П.Б. К. гэта ёсьць самазваная арганізацыя, што 11 чалавек выбралі 12, і што Камітэт „ничего не стоит.“

Каб Ц. Б. П. К. сапраўды быў такой непаважнай арганізацыяй, ці-ж трэба было гэта даводзіць у працягу цэлага тыдня, пішучы трохаршынныя артыкулы? Напэўна-ж, не! Для гэтага хапіла бы невялічкай газэтнай зацемкі. Ці ня крыецца тут другое??

Можа тое, што Ц. Б. П. К., законна выбраны прадстаўнікамі праваслаўных беларусаў, мае свой орган і залегалізаваны Статут, і такім чынам, зьяўляючыся законнай юрыдычнай асобай, павядзе рашучую барацьбу за вызваленьне Праваслаўнае Царквы ад шкоднага ўплыву чорнасоценных элемэнтаў для агульнага дабра Царквы, народу і праваслаўнага духавенства.

Можа тое, што Ц. Б. П. К. будзе дамагацца і даб’ецца скліканьня Усяпольскага Праваслаўнага Сабору з удзелам прадстаўнікоў ад Беларускага народу?

Можа тое, што Ц. Б. П. К. дамагаецца карэнных рэформаў у Духоўнай Сэмінарыі і духоўных кансысторыях, што пазбавіць заведамых расейскіх чорнасоценцаў магчымасьці жыраваць на Праваслаўнай Царкве на Беларусі? Ц. Б. П. К., распачаўшы сваю акцыю аздараўленьня Праваслаўнай Царквы на Беларусі, добра ведаў, што яму прыдзецца стачыць барацьбу з арганізаванай і згуртованай духоўнай кастай, якую падтрымліваюць некаторыя групы аб’яднанага і зарганізаванага расейскага грамадзянства, лічучы наш край „искони русским“.

Але-ж трудна было спадзявацца, што барацьба пойдзе такім неэтычным шляхам, як павялі яе нашыя ворагі у чорнасоценнай газэце „Наша Жизнь“.

Гэтым коаліцыя духавенства і чорнасоценных расейскіх элемэнтаў паказала нам, што барацьба будзе вясьціся не на жарт, а на жыцьцё і сьмерць.

За намі — слаўнае гістарычнае прошлае Праваслаўя на Беларусі, калі беларускі народ цаною вялікіх ахвяраў захаваў сваю веру і нацыянальнасьць, за імі — толькі верная служба царскаму ўраду і зьдзек над беларускім народам.

Ц. Б. П. К. ня здрадзіць даверра, якім надзяліў яго сход 14/ІІІ—1930 г., не спалохаецца тых інсынуацыяў і таго бруду, які выкінулі на Камітэт чорнасоценцы у сваёй газэтцы і не аддасьць сваіх духоўнікаў на крыўду і зьдзек.

ЦБПК сваёй працы ня спыніць! і за ўсялякую цану будзе дабівацца ачышчэньня Праваслаўнай Царквы на Беларусі ад прышлага, варожага беларускаму народу элемэнту, і дабіцца той шчасьлівай часіны, калі духаўнік і народ будуць блізкі адзін да другога і па крыві і па мове, і разам будуць бараніць на сваёй беларускай зямельцы сьв. Праваслаўе і дабівацца зьдзейсьненьня сваіх Нацыянальных Ідэалаў.

З намі Бог!