Перайсці да зместу

Беларусь (1922)/Беларуская казка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У гразь утоптана ляжыш… Беларуская казка
Абразок
Аўтар: Леапольд Родзевіч
1922 год
Роспач

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




III

Беларуская казка.

Я быў яшчэ падшпаркам, а ўжо тады мне гэту казку баеў такі, як я цяпер, бел-бялюсенькі, як перасьпеўшая ніва, дзядок.

О, гэта казка векапомная!

За даламі, за гарамі, аж за морам-акіянам, была сабе старонка-край.

А сказ свой старонка тая пачынае вось з якога часу. Калі ўзгнеўлены Бог прыказаў Арханелу сагнаць з неба анелаў-здраднікаў, хаўрусьнікаў злога, калі паслухмяны Арханел прозьбай-пагрозай пачаў ачышчаць абшары пакояў Бога і калі адзін з злыдняў зачапіў сваім савіным габдзюром нягрэшнае цела Арханела, то тады капнула нявінная кроў жыхара неба, капнула, папала на зямлю і лягла на зямлі крывавай пламяй.

І вось гэта пламя ёсьць тая беспатольная сторонка, і з гэтага часу яна пачынае сваё жыцьцё-стогн.

Паплылі тады па сторонцы рэкі сьлёз, пасеўнае поле, ураджайны грунт стаў багата фарбавацца крывёй, бязьвіннай, людзкой, братэрскай крывёй; сялібы, вёскі, гарады дымам узьняліся і засланілі сонейка.

А ненаедная, прагавітая крыўда векавечна гнала ворагаў жывадзёраў, а вораг…

— Ох!.. Але чаго я замаўчаў?! Гэта толькі казка. толькі казка.

І вось моладзь адважная, юнакі-асілкі, старцы-думаньнікі ўсталі як адзін, песьняй спаяліся ў загартаваную, адналітую, адважную моц, узьнялі свае белыя, чыстыя, як сумленьне малалетак, вопраткі з чырвонымі ад нявіннай крыві пасамі-шляхамі, узьнялі ўвыш на павеў ветру, на паказ сонцу, на пагібель ліхадзеям.

І так пад сьцягамі пашлі…

Схамянуліся, захацелі, змаглі!

Вораг кінуўся на ўцёк-бег. Дык барджэй на коні гарачых, быстрых, як птахі, і хутчэй у пагоню, паслаць пагоню!

Ускочылі на сёдлы і памчалі стралой. Пагоня дагоне, даканае і адаб’е ім ахвоту памыкацца, пакарае па заслугах і верніцца са славай і здабычай…

— О, супакойся, ня радуйся, сэрца, грымі прароча голас, бо гэта толькі казка, толькі казка…

І вось асталіся жыхары без сваіх абаронцаў-збаўцоў.

А бяда, ня ў лесе жыцьцё маё, а між людзьмі гадуецца, сябруе.

А ліхадзеі на зямлі рэдка сеюцца, але густа ўраджайна ўзрастаюць, і дзіўна, як іх зямелька носіць, бо нават гадзіна ядавітая, укусіўшы, гіне ад іх крыві.

Дык зноў зьнядужэлую старонку агарнулі, запалонілі, пазганялі ў цёмныя астрогі ўдоў, сірот, калек, замучаных, схварэлых і паставілі вартаваць бяду-бедачку, боль-балючую, гора-горкае.

І моляць, чакаюць людцы пагоні.

Страшнай помсты жадае іх сэрца, сьвету — іх душа, лекаў — іх раны, хлеба — іх цела.

А пагоні як няма, дык няма.

Дні, вякі панырнулі ў вечнасьці…

Ажно, ўрэшце, там, дзе сходзіцца зямля з небам…

Пагонь! Пагонь!

Здрыгануўся, уціхамірыўся, прытаіўся вораг.

А дрэвы, вітаючы радасна, зашумацелі, заківаліся; рэкі весела заіскрыліся, а неба яшчэ раз узбагацела ўсьмешкай сонца — бога.

А вораг-крыўдзіцель натапырыўся аружжам, прызапасіў моц-магучую, зашыпеў, як гад падкалодны.

І вось пагонь тут, тут…

Гура, пагонь! Бі! Ратуй! Вызваляй! Гура!

Але дзіва: пагонь ідзе вольным крокам і мае выгляд, быццам сейбіт вясной у полі, быццам сьвяты, згледзіўшы Божы цуд, быццам мудрэц, адкрыўшы праўду сьветлую, вялікую.

І замест грознага покліча, кажа да ворагоў гэткія словы-гімн:

О, людцы! Мы да вас ідзём
З міром і дабром.
Было-сплыло жыцьцё-быцьцё.
Крыўды болей быць ня будзе.
Мы ўсе людзі!
Мы ўсе брацьця!
Дык раскрыем-жа абняцьці
І палюбім усіх, усё
Так, як любіць Бог.
Сьвет, сьвет ідзе,
Волю вядзе
Па нашых сьлядох!

Але вораг-кравапійца не сказаў „аман!“ А размахнуўся важкім, сьмертаносным аружжам ды зноў пачаў ліць кроў, бязьвінную, людзкую, братэрскую кроў…

— Ах, выбачайце! Я забыўся, што гэта казка… Вось як у казцы:

„.. І палюбім усіх, як любіць Бог!“

І вораг-зьвер стаў сябрам, чалавекам; раскрыў братэрскія абняцьці, заплакаў сьлязьмі анела.

І была вялікая радасьць на зямлі і на небе…

І я там быў, кроў, пот свой ліў…

— Выбачайце…

.          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .          .

Дзед заплакаў, недакончыўшы.