Перайсці да зместу

Беларусь (Грамыка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларусь
Верш
Аўтар: Міхайла Грамыка
1918
Крыніца: Міхайла Грамыка. Родная пушча

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Любы край мой, родны край,
Лес, пясок, суглінкі,
На палосках, так і знай,
Вецер гне былінкі.

Ўсё знаёмае датла,
Ельнік ды асіны,
На балоце, ля жытла,
Спеюць журавіны.

Мілы сэрцу ты майму,
Родны край убогі…
Сам не ведаю чаму
Я люблю дарогі.

Ўздоўж дарог пайшлі шляхі
Аж да павароту.
Скрозь лясы, лугі, імхі,
Дываны-балоты.

Вунь алея стромкіх ліп,
А далей — таполя.
Чуцен колаў нудны скрып,
Жыта звозяць з поля.

Пэўна, скончылі жніво,
Вунь ідуць дзяўчаты.
З песняй ціхай і жывой
Цягнуцца да хаты.