Перайсці да зместу

Беларусь лапцюжная (1927)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларусь лапцюжная
Паэма
Аўтар: Міхась Чарот
1927 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Беларусь лапцюжная.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




М. ЧАРОТ



БЕЛАРУСЬ
ЛАПЦЮЖНАЯ


ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСІ


М. ЧАРОТ


БЕЛАРУСЬ
ЛАПЦЮЖНАЯ

ПОЭМА



БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА

МЕНСК —— 1927

БДВ № 201.

Галоўлітбел № 21458.


1-ая дзярж. друкарня. Заказ № 136. У ліку 3.000.

1

Гэй, лапцюжнікі, слухай!..
Наша вёска ня будзе больш плакаць…
Па бруку гораду,
Бач, рухае,
Рухае горда
Лазою падплецены лапаць!..

З балота,
З ракітавай далі,
Акіянам аўсяных ніў,
Мы — Беларусі бяднота —
Сюды прынесены хваляй,
Хваляй сярдзітай, бурлівай…
Камяніцы былі ў сумоце,
Твар свой наморшчылі шыльды…

Толькі плякат на плоце
Зубы ад радасьці выскаліў:
„Ці запісаўся ты дабравольцам?!“
Плякату разьзяўлены рот…
— Гэй, лапцюжнікі-хлопцы,

На фро-о-онт!!!

2

Апавіта журбою вёска,
Што сыны ў далёкай краіне…
А на фронце мільёны войска
Ад гарматаў і куляў гіне.

— Ой, ня кукуй, зязюля, у лесе,
Не сьпявай ты, вецер, ракітай…
Не кажэце дзяўчыне Алесі,
Што жаніх яе ў войску забіты.

— Не кажэце старой матулі,
Што сына больш не пабачыць,
Што сынка да грудзей ня прутыліць…
Хай матуля ад жалю ня плача.

Хай і вёска аб ім ня сумуе, —
Ён аб ёй не забыў да сьмерці…
Ой, чаго-ж так гудзе-шальмуе
У чыстым полі паганец-вецер!!

3

… Адважна біліся…
За праўду памерці — ня страх,
Каб над вёскай і горадам віўся
Чырвоны сьцяг.

— Эх, даволі, груган драпежны,
Над краінай лапцюжнай кружыць!..
Дзікай роспачы зьнішчаны межы:
„Ці памерці — ці вольна жыць!?“

Маладая паўстаўшая сіла
Адным махам пазбудзецца слот…
Сонца з хмар пазірае так міла
На краіну лясоў і балот.

Загуло… Вогнястальлю заляскала…
Песьня вольная стогне віхурай…
Захапіць ў зачарованым бляску
Край спрадвеку заплаканы, хмуры…

Мы цяпер прыдабудзем багацьце
Тым, што вечна хадзілі ў лапцёх…
Іх мільёны, — змагу распазнаць я,
Чые рукі былі ў мазалёх.

Мы цяпер аб краіне шэрай
Сьпеў жыцьця каласіць будзем вершам…
Горад дымны і вёску ў шэрані
Злучыць у адно — вышлі першымі.

Сьпевам-морам
Поле залілося…
Грукат фабрыкаў, рогат іх труб…
Сінь прастору
Шэпчацца калосьсем, —
Вёска з горадам едуць браць шлюб!

— Гэй, лапцюжнікі, слухай!..
Наша вёска ня будзе больш плакаць…
Па бруку гораду,
Бач, рухае,
Рухае горда
Побач з ботам лазовы лапаць!..

4

Вечар… На печы кот мурлыкае,
Лапкаю гладзіць па лапцы.
Бацька стары сядзіць на прымурку
У лахматай авечай шапцы.

Дыміцца люлька карчагай,
Дрыжыць ад гутаркі рот.
Не, — кажа бацька, — ня лягу:
Думкі навеяў мне сход.

У задуменьні…
І вокам ня кіне
На асьвечаны комінкам кут…
Думкі бягуць, як праменьні…
Успамінае, як тут
Жыў без каня,
Без кароўкі,
Як хлеб з аўсянай мякіны,
За працай штодня,

Рэзаў пянчанай вяроўкай
І долю кляў матчыну.

Тады, як рабіў яшчэ паншчыну,
Як ня меў саматканай сярмягі,
Ня меў і на лапці лазы,
Як сьлязьмі праганяў ён смагу, —
На пана і сеяў, і жаў, і вазіў…

— Прэч, думкі!.. Нашто аб мінулым?!.
Аб сягоньнешнім думае сходзе…
Той кут, што сьвятло захліпнуў ім,
Вачыма з усьмешкай абводзіць…

— Ня буду, ня буду больш верыць,
Што жыве ўсемагутны бог.
Я маліўся, а ён і да сьмерці
Палепшыць жыцьця ня мог!

З твару спаўзьлі маршчыны…
Вытрас люльку, аб ногаць пастукаў…
Успомніў аб комсамольцу сыну,
Што ў лапцёх у горад паблукаў…

5

А па гораду
Сын яго рухае,
Рухае горда…
Па бруку ботамі: чок-чок!
Ад працы ў мазалёх рука…
А на грудзях яго — значок
Прыгожа зьзяе:
Ц. В. К.

І роднай далі подых нейкі, —
Аб вёсцы думак карагод…
Заместа ў хату йсьці з ячэйкі —
Ідзе з ячэйкі на завод.

Мінуў завод. За марай мара
Лунае аб лясох, палёх…
І сэрцу ня зьлічыць удараў
І ня стрымаць разьбегу ног.

Ідзе у даль, дзе сьпевам гучным
У вёсцы спатыкаў спачын…
Замест электрыкі бліскучай
Панюхаць хоча дым лучын.

І толькі змрок і ціша ночы
Укралі шлях да роднай хаты…
Напомнілі, што ён — рабочы,
Што заўтра жджэ яго варштат.

6

Мне калісьці казала маці,
Што радзіўся я ў хляве,
Як карову пайшла даглядаці…
Ой, ды ліха-ж маёй галаве.

Як радзіўся, дык мне напісалі:
Жыць на вёсцы і быць пастухом,
Вандраваці са статкам лясамі,
Баяць байкі балотам ды мхом.

І было мне ня болей — восем,
Пастухом быў, авечкі я пасьвіў…
Помню, помню сьлязьлівую восень,
Як у лапцях дрыжаў ня раз.

Калі-ж толькі мінула дванаццаць,
Гаспадар я — ну, проста аж сьмех!..
Дзень цалюткі у полі за працай,
Вечар прыдзе — гайда на начлег!..

Пад дажджом, у дзіравай бравэрцы,
Каля вогнішча седзячы, сьпіш,
Або ноч на чарговай варце
Сьвістам будзіш ваколіцы ціш.

Шмат разоў я калісь на начлезе,
Прызнавацца сягоньня нялоўка,
Нібы бачу: лясун з дрэва лезе,
Жараб‘ё мне казалася воўкам.

Тады бег я спалоханым зайцам,
Бег, валяўся на роснай траве…
Так прышлося вось мне гадавацца,
Мо‘ затым, што радзіўся ў хляве.

Мо‘ затым і цярпеў я сьцюжы,
Быў галодны і ночы ня спаў,
Што я сын Беларусі лапцюжнай,
Аб якой пройдзе громкая слава.
.............
Аб якой не сягоньня, дык заўтра
Згіне ворагаў злосных грызьня…
Эх, ды лепей ня варта
Пра мінулыя дні ўспамінаць…

7

Гэй-жа-гэй!.. Зашумі, сасоньнік,
Засьвішчэце, віхуры, у полі,
Каб пачуў я у горадзе сёньня
Песьню вёскі аб знойдзенай долі.

Каб пачуў, як жыве і можа
Стары бацька — сівенькі лунь,
Ці пабольшала сена і збожжа
У струхнелай, пакрыўленай пуні…

Ня чуваць сіняй далі адказу,
Мо‘ дзе блукае песьня ў палёх…
Каб, здаецца, узьняцца адразу —
Праляцець над палямі я мог:

Паглядзець на лясы, сенажаці,
Падзівіцца на родны той кут,
Дзе ў калысцы нябожчыца маці
Напявала мне песьні пакуты…

Гэй-жа, гэй! Зашумі, сасоньнік,
Засьвішчэце, віхуры, у полі,
Каб пачуў я у горадзе сёньня
Песьню вёскі аб знойдзенай долі.

8

Вуліцы, завулкі,
Твар белы камяніцы…
Фабрык сьпевам гулкім
Горад весяліцца.

Па бруку ботамі
Чок-чок!
Ідуць настрэчу… Што там ім
Да тых лапцюжных, што далёка?!
Абутыя яны, ці не!?
А мне —

Аб вёсцы кажа кожны зьвяк
Прылад сталёвых, што касы…
Машын раменьні-паясы,
Рабочы — гэта мой зямляк.

І дым трубы — туман над гаем,
Калі прачнецца вёскі рань…
А як кавалды барабаняць —
Сноп іскраў зоркамі мільгае.

Іду з заводу… Рогат, шум
Знаёмых вуліц…
Усплыў свавольна шэраг дум:
Каго прасторы гмахаў туляць?!

Прыгожа ўбраныя вітрыны, —
Сярдзіта іх акінеш вокам…
Ці помніць горад аб сястры,
Аб вёсцы, што жыве далёка?..

І чую песьню зноў заводу —
Ён будзіць поле, лес, пакосы…
Імгліць, іскрыцца над балотам
Пажоўкла-злотным лісьцем восень.

Ахапкі промняў ткуць у высі
Узор зямлі: СССР…
Аб сонца ночы змрок разьбіўся, —
Дзень новы прыдзе — маю веру.

9

Ціха ў гаю, ціха…
У пушчы ня выюць зьвяры…
Куды-ж гэта дзелася ліха,
Што сьпевам ня плачуць бары?!.

На каліне зязюля кукуе,
Пад калінай сьпіць сын ля мяжы…
— Пагадаю аб шчасьці сынка я,
Як ён будзе, мілы мой, жыць.

І слухае сказ варажбіткі,
Серп сьціснула моцна ў руку…
А думкі — жыцьцё ткуць, як ніткі,
Пры кожным гучлівым „ку-ку“…

Ня верыць матуля у дзіва:
Яна — дачакалася сьвята…
І казка аб волі — праўдзіва:
Над ёй не стаіць прыганяты.

А змрок чуць прыляжа ў даліне
Ды бор пачарнее кудлаты,
За плечмі з калыскай і сынам
Са сьпевам дыбае да хаты.

— Ой, ў бары, бары
Тры дарожанькі,
Цяпер не баляць
Мае ножанькі.

— Ой, ў бары, бары
Горы-кручанькі,
Цяпер не баляць
Мае ручанькі.

Дыбае іржэўнікам росным;
Сын сьпіць у калысцы на сене…
На небе шлях млечны, як кросны
У срэбныя кветкі-дасэні…

А вецер снапы ня кудлачыць,
Цалуе іх лёгкім павевам;
Сынок за плячыма ня плача —
Матуліны слухае сьпевы…

— Ой, ў бары, бары
Грае скрыпанька,
Цяпер пройдзе ўсё
Гора-ліханька.

— Ой, ў бары, бары
Б‘юць цымбалікі,
А жыцьцё цяпер
Нібы баль які…

Куды-ж гэта дзелася ліха,
Што сьпевам ня плачуць бары…
У пушчы ня выюць зьвяры…
Ціха ў гаю… ціха…

10

Дзіўным сьпевам сваім зачаруе
Ускросшая сягоньня Беларусь…
За лапцюжных паўстанцаў чаму я
Ужо не баюся!..

„Вайна — вайне“ —
Яны пачулі лёзунг…
Ня прыдзе час, што сьпіны ім сагне,
Як вецер на балоце лозы…
„Вайна — вайне!
Вайна — вайне!“

І гэта бой астатні і напружны,
Рашучы бой: памерці або жыць…
.............
Слова тваё, Беларусь лапцюжная,
Выйдзі і сьмела скажы!

Скажы ня вуснамі здрайцаў,
Што век з цябе строілі кпіны,
Мільёны занятых працай
Сваё слова сказаць павінны!..
.............
Раць магутная ўзьнята, —
Чуцен высі голас-гоман…
Гэта моладзь-арляняты
Песьню пяюць перамогі.

11

Праходзяць дні. Чакаем перавагі, —
Загінуць можна тут што хвілі…
Ня жыць таму, ня мае хто адвагі,
Ня верыць хто ў пабеду сваёй сілы,

І многа вас, наўкола што цікуе,
У грозны час, каб закрываць свой твар…
Лапцюжнай вёскі сын і, вось, не уцяку я, —
Адважна стрэчу я ўсіх ворагаў удар.

Мо‘ ў бойцы згіну я, абліжа вецер косьці
На тэй зямлі, дзе Беларусь ускрэсьне,
Але ня дам тут баляваць тым госьцям,
Што не мае пяюць працоўным песьні.

Мой вольны сьпеў — паўстаўшых будзе гімнам,
Ім затаплю прастор краіны я…
Сьмялей-жа ў бой!.. Я веру — не загіне:
Ўсё зможа ў раз працоўная сям‘я.
Праходзяць дні… Чакаем перавагі, —
Загінуць можна тут што хвілі…
Ня жыць таму, ня мае хто адвагі,
Ня верыць хто ў пабеду сваёй сілы.

12

Толькі там, дзе семнаццаты ўвосень
Апрануў зямлю чырвоным лістам,
Над лапцюжнікамі сонца ўзьнялося,
Толькі там, дзе ўлада комуністых.

Новы край… Замоўклі сьпевы жалю,
Лявай грознаю прайшла чырвоных раць…
ў мяне, бач, рукі ня дрыжалі
Загад пісаць: „Ня наш хто — расстраляць!“

Апошні вораг расстрэлены,
Што няволіў лапцюжных мільёны…
— Гэй-жа ўдаль! Верым, што стрэнем мы
Нашых братоў няўзбройных!..

І Беларусь, як вольная між вольных,
Мінулых дзён забудзе цяжкі шлях,
Пакажа ўсім, што здольна
З пагардай утрымаць здабытай волі сьцяг.

Паверыць сьвет, што люд наш працаздольны,
Што сіла творчая ніколі не застыне…
— Дык расквітай, лапцюжнікаў краіна,
О, Беларусь, ты вольная між вольных.

Мой вольны сьпеў не апавіты сумам,
Ім заглушу усіх сьпеваў адгалосьсе…
Ня верыць хто у семнаццатую восень —
Напевам радасным ім веру прынясу я.

Сьпявай, шумлівы гай… Шапчэце завірухай
Нам казку новых дзён, стагоднія лясы…
Бач, уперад сьмела як рухае
Беларусі лапцюжнай сын.

З балота,
З ракітавай далі,
Акіянам аўсяных ніў,
Беларусі бяднота
Нясецца
Далей,
Далей
І далей…
Нясецца
Хваляй,
Хваляй сярдзітай, бурлівай.

Паўстаўшай магутнаю сілай
Старое зьнішчана дазваньня…
У грудзёх адвага і паўстаньне…
Збылося песьні прадгаданьне:
„Хто быў нічым, —
Той стане ўсім“.

13

Трынаццатай песьняй прарочу
Беларусі лапцюжнай славу…
Беларусь болей слухаць ня хоча
Аб Рагнедзе і Ізяславе.

Не кажу аб дзікунскай навале,
Ні аб царскім і аб панскім прыгоне…
Беларусь на крутым перавале, —
Нараджаецца вольнай сягоньня.

З Усходу — едзе працы рыцар,
Ён на кані чырвонай масьці…
З Заходу — белы конь імчыцца…
На Беларусі бой —
Каму з іх запрапасьці?!

І беламу каню надломаны капыты,
Упаў ён на зямлю… Хістаецца яздок…
Лясы і шыр палёў ваякамі пакрыты,
Што шлях кладуць ад Воршы ў Беласток.

Надходзіць час… Заход струхнелы ляжа
Пад капытом чырвонага каня…
Па ўсёй зямлі узор з бліскучай пражы
Ткаць будзе раніца надходзячага дня.

Пакуль жа бой ідзе: тут праца, там багацьце,
Ты, Беларусь, плывеш праз Рубікон…
Дык мусіш ты, лапцюжная, змагацца,
Законы каб пісаць уласнаю рукой.

Ты мусіш праганяць мінулы цень няволі
З зямлі сваёй, дзе пазбыліся пут…
Ня будзе целам той павызвален ніколі,
Хто марыць дух мінулых дзён атрутай.

Змаганьне — барацьба, адвага і рашучасьць
І духам вольная, нібы поэты верш…
Ты, Беларусь, нізіны пройдзеш, кручы
І вір жыцьця свайго — пераплывеш.

Лапцюжная! Рады злучыўшы цесна,
Плыві ты ў даль бурліва-грознай лявай…
Сваёй мужыцкай сьмелай песьняй
Табе прарочу славу!

Ліпень—жнівень, 1924 год.
Жалезнаводзк.

Цана 20 к.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.