Беларусы (Багдановіч)
Беларусы (Багдановіч) Аўтар: Максім Багдановіч 1915 Арыгінальная назва: Белорусы Пераклад: VasyaRogov Крыніца: [1] |
Межы беларускага народа параўнальна дастаткова выразныя. Ён суцэльнай масай засяляе ўсю Магілёўскую губерню, усю Мінскую, за выключэннем Мазырскага у., Віцебскую, акрамя яе паўночна-заходняга кута, Віленскую, акрамя яе заходняй часткі і, нарэшце, паўночную палову Гродзенскай губерні. Акрамя гэтага, беларусы складаюць большасць у сумежных уездах Смаленскай губ., паўночнай часткі Чарнігаўскай губ., Аўгустоўскім у. Сувалкскай губ., Новааляксандраўскім у. Ковенскай губ. і інш. Агульная ж іх колькасць на ўсёй гэтай тэрыторыі вылічваецца лічбаю каля 8 мільёнаў чалавек.
Выразна вызначанай самастойнай народнасцю беларусы з’яўляюцца ўжо ў XII і XIII стагоддзі, г.зн. у непасрэдным пярэдадні ўзнікнення двух найбольш буйных і своеасаблівых рускіх дзяржаўных велічыняў: Вялікага Княства Маскоўскага і Вялікага Княства Літоўскага. Дзяржаўная мяжа пры гэтым супала з племянной. Вялікарускія землі згрупіраваліся вакол Масквы, беларускія адышлі да Літвы.
З гэтага часу кожная з названых рускіх народнасцяў ужо канчаткова адасабляецца, а калі яны сто з невялікім год таму зноў апынуліся ў агульных дзяржаўных межах, то за плячыма абедзьвух ляжалі цэлыя стагоддзі самастойна пражытага існавання. Беларусы не ўбіралі ў сябе цэлае мора фінскіх элементаў і не падпалі пад уздзеянне татаршчыны, як велікарусы. У супрацьлегласць ім, яны не разрывалі з пачаткамі, выпрацаванымі ў папярэдні перыяд рускага жыцця, а развіваліся на старым корані. Увайшоўшы ў склад Вялікага Княства Літоўскага, яны апынуліся на больш высокім культурным узроўні, чым літоўцы. Дзякуючы гэтаму ўсё дзяржаўнае жыццё В. Кн. Літоўскага праходзіла ў беларускіх нацыянальных формах. Па-беларуску гаварылі вялікі князь і ўся знаць, па-беларуску вяліся дыпламатычныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, па-беларуску пісаліся законы, граматы, акты, па-беларуску выконваўся суд.
Але быў ў гісторыі беларускай культуры і яшчэ адзін бок. Паводле сваіх геаграфічных і эканамічных (а часткова і палітычных) умоваў жыцця Беларусь была звязаная з Заходняй Еўропай, уваходзіла ў зварот заходне-еўрапейскага жыцця, з’яўлялася ледзь не крайняй кропкай апоры яе на ўсходзе. У гэтую эпоху Беларусь з’яўляецца горанам, у якім перапрацоўваліся і своеасабліва злучаліся рускія і чужаземныя пачаткі. У ёй расла культура, якая абапіралася не толькі на славянскую вёску, але і на беларускі горад еўрапейскага тыпу, горад, арганізаваны на аснове магдэбургскага права. Нядзіўна, што культурны ўздым, які пачаўся ў Заходняй Еўропе з эпохі Адраджэння, дакаціў свае хвалі і да Беларусі. Крыніцай тут забіла жыццё, ішла, мудрагеліста пераплятаючыся, гарачая рэлігійная, нацыянальная, палітычная, класавая барацьба, засноўваліся школы, друкарні, выходзіла маса беларускіх друкаваных кніг.
У XVII стагоддзі нацыянальнае жыццё Беларусі пачало хіліцца да заняпаду. В. Кн. Літоўскае было надта цесна аб’яднана з Польшчай; вышэйшыя слаі беларускага народа хутка паланізаваліся; цэлы шэраг галінаў беларускай культуры, які задавольваў патрэбы гэтых слаёў, пачаў адміраць. І калі ў канцы XVIII стагоддзя асноўнае ядро беларускага народа ўвайшло ў межы Расеі, гэты апошні складаўся выключна з цёмнай, прыгнечанай і неадукаванай сялянскай і мяшчанскай масы, якая захавала толькі элементарныя асновы сваёй, калісьці багатай, нацыянальнай культуры. Але гэтая культура – хай элементарная, абрэзаная, якая згубіла надта многае са сваіх здабыткаў – была культурай самастойнай, а не варыянтам культуры вялікарускай; гэтаксама ў асобе беларускага і вялікарускага народаў сустрэліся дзве самастойныя нацыянальны-культурныя велічыні, якія сфармаваліся і выраслі незалежна адзін ад аднаго.
* * *
За нівеляванне беларускага народа, за масавую фабрыкацыю з беларусаў вялікарусаў урадавая ўлада ўзялася далёка не адразу. Толькі ў 40-х гадах мінулага стагоддзя мы трапляем на гняздо мерапрыемстваў, якія імкнуліся дабіць беларускую культуру: канфіскавалі і палілі беларускія кнігі (зрэшты, палілі іх і раней, пачынаючы яшчэ ад указаў XVII ст. пра кнігі “литовския печати”), цалкам забаранілі друк новых, забаранілі казанні на беларускай мове, знішчылі суд па беларускім праве, ліквідавалі ўнію, якая з’яўлялася ў краі нацыянальнай беларускай рэлігіяй і, адпаведна, нацыянальным цэментам. Але гэта былі мерапрыемствы ўсе, так бы мовіць, перарывальнага характару. Што ж датычыцца абмаскальвання народа, то яно пачалося толькі ў 60-х гадох (пасля польскага паўстання 1863 г.) разам з ростам вялікарускіх школаў, газет і г.д. Пяцьдзясят год, якія прайшлі з тых часоў, строга кажучы, і ёсць ўвесь час шырокага ўкаранення вялікарускай культуры ў беларускую. Праўда, і за гэты перыяд яно апынулася адчувальным, прадукуючы ў гарадах вялікаруска-беларускі жаргон і г.д. Аднак за апошняе дзесяцігоддзе ў асобе беларускага нацыянальнага руху стварылася вядомая супрацьвага гэтым анты-культурным з’явам. Развіццё адзначанага руху дазваляе спадзявацца, што яшчэ адзін народ не знікне з аблічча зямлі, што не змарнуецца бясследна велізарная псіхічная праца шматлікіх пакаленняў, і беларуская культура – стварэнне гэтай працы – выстаіць супраць націску іншых сіл і плыняў.
* * *
Беларускае адраджэнне праяўляецца, зразумела, найперш у стварэнні літаратуры на беларускай мове. Дакладна кажучы, гэтая літаратура ніколі не памірала канчаткова ў краі. Лінія яе жыцця з’яўляецца бесперарыўнай. У XVII стагоддзі (у канцы яго) друкаванае беларускае слова амаль цалкам знікла, але рукапісная літаратура была вялізарная. Яна праіснавала аж да нашых дзён, толькі змяняючыся ў розныя эпохі па свайму складу. Першапачаткова задавальняючы розныя практычныя, рэлігійныя і навучальныя патрэбы, яна ў XIX стагоддзі пачала высоўваць на першы план белетрыстыку, часцяком – з гумарыстычнай стрункай. Не ведаўшы друкарскага станка, з’яўляючыся ў краі быццам прыдаткам да літаратуры польскай і вялікарускай, яна мела многа слабых бакоў. Але яна ўсё ж развівалася, пашырала кола сваіх прыёмаў і тым адлюстроўвала на сабе змену літаратурных плыняў і грамадскіх настрояў. Час ад часу ўзнікалі гурткі беларускіх дзеячоў, якія намагаліся надаць ёй больш шырокае значэнне, час ад часу ў ліку яе пісьменніцкіх сілаў з’яўляліся людзі бясспрэчнага таленту. Так, у 40-х гадах пісаў вершы ў народным стылі сябра Міцкевіча Я. Чачот, і прытым так удала, што многія этнографы перадрукоўвалі іх у якасці чыста народных. У шасцідзясятых гадах многа пісаў па-беларуску Сыракомля (Кандратовіч), таленавіты “краёвы” паэт, вядомы і расейскім чытачам. Адначасова з імі пісалі Дарэўскі-Вярыга, Каратынскі і многія іншыя. У 80-90-х гадах вылучыліся Я. Лучына і Бурачок (Ф. Багушэвіч), пісьменнікі народніцкага складу, а апошні – з выразнай нацыянальна-радыкальнай ідэалогіяй.
Часамі нешта з гэтай літаратуры абыходзіла цэнзурную забарону і трапляла ў друк, часам – падпольным шляхам. Развілася і рэвалюцыйная літаратура; у 60-х гг. яе друкавалі польскія, у 80-90-х пэўныя мясцовыя сацыялістычныя гурткі; нарэшце, у эпоху нядаўніх рэвалюцыйных падзеяў масу брашур і адозваў выпусціла “Беларуская Грамада”. Я не стаў бы ў гэтых радках спыняцца на яе дзейнасці, калі б не тая абставіна, што яна звярталася ўжо не да аматараў беларускай славеснасці, а да шматмільённага народа і прабіла дарогу беларускаму друкаванаму слову ў шырокія народныя масы. Попыт на ўсё, што дапамагло разабрацца ў тагачасных падзеях, быў у беларускім сялянскм асяроддзі незвычайна вялікі і напружаны. Ліхаманкава працавалі падпольныя станкі. Нарэшце, у 1906 г. выйшла першая легальная беларуская газета “Наша Доля”, выразна радыкальнай афарбоўкі. Хутка яе прыпынілі; але яшчэ раней з’явілася іншая, больш стрыманая, газета “Наша Ніва”, якая адыграла ў беларускім руху надзвычайна буйную ролю.
Вось ужо 10-ы год выходзіць “Наша Ніва”. За гэты тэрмін яна ўмацавалася, знайшла свайго пісьменніка і чытача. Гэты чытач і пісьменнік з народа. Як і па ўсёй Расеі, у Беларусі пачаўся шматабяцальны шырокі працэс фарміравання народнай інтэлігенцыі. “Наша Ніва” стала яе духоўнай выказніцай. Селянін, рабочы, радзей народны настаўнік – вось хто яе чытачы. Але тыя ж слаі насельніцтва далі ёй і пісьменнікаў. Гэтая газета ідзе з народа і да народа. Людзі, якія лепей умеюць абыходзіцца з сахой, чым з пяром, вырываючы час ад сну, ад працы, пішуць у “Нашу Ніву” карэспандэнцыі, артыкулы, апавяданні, вершы. Каб даць уяўленне, які масавы характар набыла гэтая дзейнасць, пакажу, што яшчэ ў 1910 г. у “Нашай Ніве” удзельнічала ў якасці супрацоўнікаў каля 400 чалавек.
Гэтая сувязь з інтэлігенцыяй, што нараджалася ў саміх нетрах народа, паставіла беларускі рух на трывалы грунт, адкрыла шырокія перспектывы. Колькасць беларускіх органаў друку стала хутка расці. Да часу ўзнікнення вайны іх было ўжо шэсць (акрамя “Нашай Нівы” выходзілі сельска-гаспадарчы орган “Саха”, літаратурна-публіцыстычны часопіс “Маладая Беларусь”, каталіцкі штотыднёвік “Biełarus”, часопіс для дзяцей “Лучынка” і для студэнцтва “Раніца”). Меліся інфармацыйныя органы (мясцовыя) на вялікарускай і габрэйскай мовах. Разрасталася друкаванне беларускіх кніг і брашур, адкрылася некалькі беларускіх кніжных крамаў, быў заснаваны беларускі музей, узніклі гурткі для вывучэння Беларусі, развіцця беларускай сцэны і музыкі. Далёка наперад пайшла беларуская мастацкая літаратура, якая адлілася ў вельмі своеасаблівую велічыню і вылучыла некалькі бясспрэчна таленавітых пісьменнікаў (амаль усе – сяляне, рабочыя). У грамадскі абарот края пачала трапляць беларуская мова. Разам з гэтым у “краёвых” міжпляменных арганізацыях, заснаваных на прынцыпе нацыянальнага прадстаўніцтва, за апошні час адводзяць месца і прадстаўнікам беларускага руху.
Народная інтэлігенцыя, як мы ўжо адзначалі, з’явілася асновай гэтага руху. Але ж яна канчаткова замацавала і дэмакратычнае аблічча ягонай ідэалогіі. Беларускі народ (як і ягоная інтэлігенцыя) цалкам належыць да працоўных класаў насельніцтва. Таму абарона і падкрэсліванне нацыянальных правоў беларускага народа ёсць абарона і падкрэсліванне правоў працоўнага слоя краю. Паняцца “нацыя” і “дэмакратыя” у дадзеным выпадку дакладна супадаюць. Гэта пазбавіла беларускі рух ад паталагічных бакоў, такіх нярэдкіх у нацыяналізме шматкласавых народаў. Абараняючы інтарэсы свайго народа і закладаючы ў аснову гэтай дзейнасці наяўнасць самастойнай беларускай нацыянальнасці і беларускай культуры, беларуская інтэлігенцыя ніколі не ўпадала ў шавінізм, не імкнулася да прыніжэння правоў суседніх нацыянальнасцяў на ўсю паўнату самастойнага культурнага развіцця. У прыватнасці, яна вітае рост як вялікарускай, так і польскай культуры ў краі, дамагаючыся толькі таго, каб гэты рост не меў сваёй асновай дэнацыяналізацыі беларускага народа.
Што тычыцца нацыянальна-культурных патрабаванняў, высунутых беларускім рухам, то аснову іх складаюць дамаганні характару элементарнага і, праз сваю элементарнасць, бясспрэчнага. Гэта, менавіта, выкладанне ў народных школах на беларускай мове і ўвядзенне беларускай мовы ў царкву і касцёл.
Менш увагі беларуская грамадская думка ўдзяляла беларускай мове ў сярэдняй школе, універсітэце (дамагаюцца яго адкрыцця ў Вільні) і некаторых іншых дзяржаўных установах. Аднак і ў гэтай сферы яна высоўвае некаторыя дамаганні. Нарэшце, ёсць яшчэ дамаганне выдзялення Беларусі і Літвы, знітаваных эканамічна, геаграфічна і гістарычна, у абласную самакіраваную адзінку. Думаецца, што расейская інтэлігенцыя можа сустрэць гэтыя спадзяванні і дамаганні з поўным спачуваннем.
Думаецца, што яна можа працягнуць сваю руку беларускай інтэлігенцыі. Яны не чужыя адзін аднаму. Бо апошняя робіць менавіта тое, што з’яўляецца сэнсам існавання ўсякай інтэлігенцыі: яна развівае народную культуру. Гэтая культура ў краі была нацыянальнай беларускай культурай. Адсюль узнік беларускі нацыянальны рух.
Гэты твор пашыраецца на умовах ліцэнзіі Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 Unported, якая дазваляе вольнае карыстаньне, пашырэньне й стварэньне вытворных з гэтага твораў згодна з умовамі прытрымліваньня і пазнакі ліцэнзіі ды аўтара арыгінальнага твора. Усе вытворныя творы будуць абараняцца той жа самай ліцэнзіяй, што й гэты.