Беларусы ў Амэрыцы
Беларусы ў Амэрыцы Публіцыстыка Аўтар: Тамаш Грыб 1921 год Крыніца: Часопіс «Сялянская доля», № 4 ад лістапада 1921 г., б. 16-19 |
Да нас даходзяць весткі, што беларусы ў Амэрыцы ўсё больш і больш цікавяцца долей сваей Бацкаўшчыны-Беларусі, дзе засталіся іх браты, сёстры, ды бацькі. У канцы мая гэтага году ў Бронзвілі (бліз Нысёрка) адбыўся вялікі сход беларусаў, на якім быў прачытаны даклад у беларускай мове адным беларускім вучоным грам. Гайдуком на тэму „Беларусь і рыжскі мір“, а пасьля былі гутаркі аб сучасным палітычным становішчы Беларусі. У канцы быў выбраны беларускі нацыанальны камітэт у складзе гр. гр. Капца, Гайдука, Крывулька, Зварыка і Бубешка.
У пачатку чэрвеня камітэт арганізаваў беларускае прэс.бюро, якое ставіць сваей мэтай азнаямленьне грамадзянста ў Амэрыцы з тым, что дзеіцца у Беларусі, якая вось ужо каторы год змагаецца за сваю дзержаўную незалежнасьць, будзе старацца дапамагчы моральна і матэрыальна ў гэтым змаганьні, а так сама займацца пашырэньнем сярод выхадцаў з Беларусі газэт, кніг ды іншых выданьняў ў беларускай мове, арганізацыя лекцый, дакладаў і рэфэратаў ў справе адраджэньня Беларусі.
Беларускае прэс-бюро ў Амэрыцы стаіць на грунце незалежнасьці, непадзельнасьці Беларусі і за перадачу ўсей зямлі ды ўлады ў рукі беларускага народу
А ў Чыкаго 6-га жніўня адбыўся вялікі мітынг, на якім быў выбраны камітэт абароны Беларусі. Гэты камітэт выдаў вось гэтакую адозву да ўсіх беларускіх выхадцаў, што жывуць у Злучаных Штатах і Канадзе.
да ўсіх беларускіх выхадцаў, што жывуць у
Злучаных Штатах і Канадзе
„“Таварышы! Цяжкія, непраглядныя хмары навісьлі над нашай бацькаўшчынай. Многапакутны і шмат цярпялівы беларускі народ, перанёсшы ўвесь ціжар рускага самадзержаў’я, а за тым да шчэнту зруйнаваны і аграблены польскімі імпэрыалістамі, которыя ўсімі сіламі стараюцца зьніштожыць яго самабытныя нацыанальныя пазнакі і паняволіць на вечныя часы.
Шляхэцкая Польшча, якая ўчора сама толькі высвабадзілася з—пад самадзержаўнага гнёту, сягоньня, як той дзікі зьвер, кідаіцца на безабаронны беларускі народ, заўладае душой і целам яго, выціскае з яго ўсе жывыя сокі. Адтуль прыходзяць страшныя весткі.
Увесь беларускі край напоўняны польскімі жандарамі, дзікасьць каторых пераходзіць уселякія межы. Польская мова афіцыальна ўведзяна на ўсей Беларусі, магчыма, панска-шляхэцкая ўлада Польшчы хутка будзе забараняць наогул беларусу гутарыць на сваей роднай мове. Усе выбітнейшыя беларускія грамадзскія дзеячы разсаджаны па турмах, і строга прасьлядуецца ўселякая грамадзкая праца на, Беларусі. Усе беларускія культурныя прасьветныя таварышста зьніштажаюцца, беларускія газэты канфіскуюцца, школы або зачыняюцца, або заменяюцца польскімі. Паведамляюць, што аднэй толькі Горадзеншчыне, дзе было сто пяцьдзесят беларускіх школ, засталося толькі дзьве, рэшта былі пазачыняны, ці то заменяны польскімі, ня гледзячы на пратэсты мейсцовага жыхарства. Селяне, каторыя выносяць прыгавары аб адкрыцьці новых беларускіх школ, вучыцялі, которыя навучаюць у беларускай мове, бязьлітасна ізьбіваюцца, арыштоўваюцца польскімі жандарамі. Беларускія землі заселяюцца, а беларускія селяне амаль што сталецьцямі церпяць ад беззямельля.
Карацей кажучы, польскімі імпэрыалістамі прыймаюцца уселякія варварскія мэтады для апалячываньня, акаталічываньня, каб зусім у рабства абярнуць беларускае селянства.
Лісты, якія атрымліваюцца з Беларусі, перапоўняны жальбой і чуць толькі скрытай невавісьцю да польскіх вампіраў, захапіўшых і цяпер прыгнетаючых край, і бязумоўна, што беларусы не супакояцца да таго часу, пакуль ня высвабадзяцца з пад гнёту сваіх парабаціцеляў.
Селяне пачалі арганізоўвацца; яны выносяць пратэсты проці польскіх зьверстваў і паўстаюць проці нічым неапраўдываемых захватаў беларускіх зямель.
І тут перад намі ўстае пытаньне: ці можам мы, ці павінны мы, сыны гэтага прыгнецянага і замучанага народу, аставацца раўнадушнымі наблюдацелямі ўсіх гэтых насільстваў, нічога з свайго боку не пачынаць рабіць, у той час, калі нашы кроўныя браты ізнемагаюць там пад цяжкім ярмом няволі польскіх імпэрыалістаў і лапчывых паноў. Наш абавязак, наша сьватая павіннасьць—прылажыць усе нашы сілы і стараньні к таму, каб высвабадзіць наш народ з пад цяжкага гнёту і няволі,
На масавым мітынгу, які адбыўся 6га жніўня 1921 года па беларускаму пытаньню, пасьля ўсестароньняга разгляду гэтага пытаньня, быў выбраны камітэт абароны Беларусі, катораму і даручана ўся далейшая праца.
Цяпер камітэтам рашано арганізаваць у недалёкай будучыне у горадзе Чыкаго масавы мітынг-пратэст проці зьверстваў польскіх імпэрыалістаў над беларускім народам.
У гэтай адозве камітэт зьвертаецца да ўсіх беларусаў, выхадцаў у Злучаных Штатах і Канадзе, з поклічам арганізоўваць гэткія жа камітэты і ў другіх гарадах, так сама склікаць масавыя мітынгі, вынасіць пратэсты, ўсестароньня высьветляць беларускае пытаньне ў мейсцовай работніцкай прэсе і гэтакім шляхам падгатаўляць масы, каб, вярнуўшыся на бацькаўшчыну, яны маглі-бы стаць перадавымі барцамі за вызваленьне беларускага народу з чэпкіх лапаў польскіх імперыалістаў.
Камітэт заклікае так сама ўсіх выхадцаў з Украіны, Прыкарпацкай Русі, Літвы, Бесарабіі, а разам і жыдоўскіх выхадцаў з гэтых мейсцаў і нашых польскіх таварышоў, якія не спачуваюць, імпэрыалістычнай палітыцы Польшчы—ўсіх тых, чыя бацькаўшчына паняволена, як наша, польскімі і другімі імпэрыалістамі,—далучыцеся к нам для супольнай барацьбы з нашым агульным ворагам за высвабаджэньне працоўнага народу з капцюроў прыгнетацеляў і катаў яго“.
Чыкагскі Камітэт абароны Беларусі.
Як бачымо, справа беларуская шпарка пашыраецца, павялічываюцца рады змаганьнікаў за волю народную, за незалежнасьць роднага краю.
У гару дух і сэрца! Цьясней гуртўйце свае рады, бо недалёка ўжо той дзень, калі скрозь хмары цёмныя загляне к нам яснае сонца праўды і волі!
Т—ш.