Беларускі правапіс (1943)/III/В

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Б. Ужываньне злучка В. Ужываньне вялікае літары
Падручнік
Аўтар: Антон Лёсік
1943 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




В. УЖЫВАНЬНЕ ВЯЛІКАЕ ЛІТАРЫ.

Вялікая літара пішацца:

1) з пачатку сказу і пасьля пункту, напр.:

Рушыўся сьнег. Зашумела вада. Раскаваліся рэкі ад лёду.

2) пасьля клічніка і пытальніка, напр.:

Ой, вы, гусі! Панясьлі вы за сабою лета.

Працуйма, брацьця! Хай хутчэй наш льецца пот цурком!

Што за песьні сьпяваеш ты, вецер? Многа нуды і жалю у тваіх нямых песьнях!.. Аб чым-жа ты плачаш, свабодны ветру? Цесна табе тут? Мала прастору тваім шырокім крыльлям?!

УВАГА. Але у простай мове словы аўтара пішуцца з малое літары і пасьля клічніка або пытальніка, напр.:
«Гэй, мой конік, гэй, сівенькі!» носіцца па полі. «Што ты робіш?» спытаў бацька у сына.

З вялікай літары пішуцца собскія (уласныя) імёны:

3) імёны і прозьвішчы людзей:

Максім Багдановіч, Алесь Гарун, Язэп Лёсік;

4) назовы мораў, азёр, гарадоў, гор, вуліц, сузор’яў і г. д.:

Бальтыцкае мора, возера Нарач, Менск, Полацак, Смаленск, Каўкаскія горы, Эльбрус, Садовая вуліца, вуліца Рагнеды, Мядзьведзіца (Воз);

5) назовы кніг, газэт і часопісаў, фабрык, заводаў і г. д.:

«Скрыпка Беларуская», «Новая Зямля», «Беларуская Газэта», «Новы Шлях», «Беларуская Школа»;

6) мянюшкі жывёлаў:

Рагуля, Мушка, Лысы.

7) Пішуцца з вялікае літары усе словы, якія уваходзяць у склад назваў розных установаў:

Генэральны Камісарыят Беларусі, Інспэктарыят Беларускіх Школаў, Нясьвіская Настаўніцкая Сэмінарыя, Менскі Пэдагагічны інстытут і г. д.

8) З вялікае літары пачынаецца першае слова кожнага радку у вершах, прыкл.:

Дружна з ахвотай,
Гэй, за работу,
Брацьця, скарэй!