Беларускі правапіс (1925)/Часьць першая/8
← § 7. Правапіс галосных | § 8. Падвойныя літары Падручнік Аўтар: Язэп Лёсік 1925 год |
§ 9. Правапіс некатор. злучэн. зычных → |
§ 8. Падвойныя літары.
Правіла 16. У беларускай мове вельмі часта (на месцы даўнейшага стараславянскага злучэньня іе, ія, ію) у назоўніках зычны гук, стоячы перад галосным у канцы слова, вымаўляецца з націскам, падвойна: вясельле замест вяселіе, ральля—ралія, сольлю—солію; збожжа замест стараславянскага збожіе, зацішша—зацішіе і т. далей.
У такіх разох трэба пісаць па дзьве аднакія літары, а паміж імі ставіць мяккі знак (Ь), калі падвойныя зычныя мякка вымаўляюцца (зельле, насеньне, судзьдзя), а калі падвойнымі зычнымі бываюць зацьвярдзелыя гукі, то пішуць проста дзьве аднакія літары: збожжа, зацішша, у ваччу і т. далей.
Мяккія падвойныя зычныя бываюць такія:
1) льл— вясельле, купальле, гальлё, Ільля, ральля, сольлю, кольле, застольле і інш., а таксама — льле, льлецца. 2) ньн— здараньне, насеньне, пытаньне, сумленьне, зьяўленьне, панаваньне і інш. 3) сьс— калосьсе, валосьсе, касьсё і інш. 4) цьц— жыцьце, багацьце, сьмецьце, вецьце, куцьця і інш. 5) зыз— з гразьзю, мазьзю, рызьзё, а таксама — зьзяе, зазьзяць, зьзяньне. 6) дзьдз — судзьдзя, разводзьдзе, ладзьдзя (чайка), бязьлюдзьдзе і інш. Цьвёрдыя падвойныя бываюць такія:
1) жж— збожжа, раздарожжа, уражжа сіла. 2) шш — зацішша, з роскашшу, каля вушшу. 3) чч— сук — суччо, лыка — лыччо, запечча, у ваччу, за печчу і інш.
- Увага. Губныя б, л, м і р не падвойваюцца; пасьля губных і пасьля р у такіх разох ставіцца толькі апостроф: бязрыб’е, куп’ё, Хацім’я, надвор’е.
- Трэба заўважыць, як пішуцца словы: здароўе, безгалоўе, ую, уеш, уём вяроўку.
Практыкаваньне 17. Люблю я прывольле шырокіх палёў. Стаіць крушнямі каменьне. Крыльлямі махае, а ляцець ня можа (млін-вятрак). З’ельле заглушыла поле. Нікла жыцьце ў лесе цёмным. На венікі наламалі вецьця. У хаце было сьмецьце. Мост зроблен з тоўстых бярвеньняў. Вада патрэбна і расьлінам, і стварэньням. Бура паламала гальлё. Посьля буры настала зацішша. Блуканьне на цэлае раньне. Працавалі зраньня аж да зьмярканьня. Няхай плачам ў сіняй далі песьня разальлецца! Хата стаяла на раздарожжы. Збожжа адсыпалі на насеньне. Усе птушкі крыльле маюць, да ня ўсе лятаюць. На прадвесьне бывае разводзьдзе. Справядлівы судзьдзя. Спачатку было чытаньне, а потым — рысаваньне. Вучань разумна адказаў на пытаньне. Каяньне позна ходзіць. Луг зялёны жыцьцем дыша. Ліхадзеям на безгалоўе, а добрым людзям на здароўе. Надвор’е пахаладнела. Уецца павуціна. Зазьзялі на небе ясныя зоркі. Сьцены запырсканы гразьзю. Пацямнела ў ваччу. Зазьвінела ў вушшу. Загарэлася суччо. Курган стаяў на раздарожжы. На харошае запытаньне харошае адпавяданьне. Буйным жыцьцём усё чыста кіпела. Ціха калосьсе шэпча на ніве.
Правіла 17. 1) Падвойные зычныя нн бываюць у прыметніках, створаных ад назоўніка йменнага з асновай на н: камень—каменны, сьцяна—сьценны, вайна—ваенны, рэмень—раменны, корань—карэнны, палатно—палаценны і т. далей.
Але там, дзе ў аснове назоўніка няма н, пішацца адно н: шкло—шкляны, дрэва—драўляны, дзерава—дзеравяны, а таксама — зрабіць—зроблены, пабяліць—пабелены і т. д.
2) Падвойнае цц пішацца ў дзеясловах, зложаных з займеньнікамі ся пры канчатку ць: мыцца (мыць+ся), часацца (часаць+ся), мыецца (мыець+ся), чэшацца (чэшаць+ся) і т. далей.
Але калі перад ца стаіць зычны, то пішацца адно ц: здасца, ад’есца.
3) Падвойнае цц пішацца ў лічэбніках, зложаных з словам дзесяць у форме „дцаць“ (адзінаццаць, трынаццаць, дванаццаць; дваццаць, трыццаць і т. далей).
4) Апроч гэтага, падвойныя зычныя часам зьяўляюцца пры тым, як словы складаюцца: ссыпаць (с+сыпаць) аддаць (ад+даць), бяззубы (бяз+зубы), рассыпаць, расьсьпявацца. (Шпак на дубе расьсьпяваўся).
Практыкаваньне 18. У сяле пабудавалі каменны дом. Мы купілі насьценны каляндар. Скручаны, зьверчаны па хаце скача (венік). У нас дзеравяныя ложкі. У сенях шкляныя дзьверы. У поўкапе трыццаць адзінак. Капа мае шэсьцьдзесят адзінак. Каля гары былі вапенныя капальні. Няпісьменны, як сьляпы. Скошаны луг стаяў пусткаю. Выскачылі юры з-пад каменнай гары. Чырвоны колер, вінны смак, каменнае сэрца — што гэта так? (вішня). Брат ехаў конна. Пісьменнаму й кнігі ў рукі. Гэты звычай забабонны. Паддайце мех на плечы! На ўзгорку рос малады сасоньнік. Гарох рассыпаўся. Збожжа ссыпалі ў судзіну. Усплыў месяц над соннай зямлёю. З часам з торфу робіцца каменны вугаль. Год мае дванаццаць месяцаў. У лютым месяцы дваццаць восем або дваццаць дзевяць дзён. Дзе коратка, там і рвецца. Як гукнеш, так і адгукнецца. У голад і нісчымнае смачна есца. Пытаецца люты, ці добра абуты. Што ў лесе родзіцца — у дварэ згодзіцца. Калі станеш трэсца, то й хлеб лепей есца. У горы нагаруецца, а ў дабры накрасуецца. Пазычаньне на неадданьне. Зоркі рассыпаліся па небе. Даглядайце зубоў: бяззубаму блага. Грозен рак, да ззаду вочы. Ранены алень часта кідаецца на стральца. Наста раззула малога Цішку. Ссохлі травы. Сонны, як мёртвы. Напужаная варона й куста баіцца. Вецер расьсявае травяное насеньне па зямлі. Наабапал лагчыны стаялі дубы. Таннае мяса сабакі ядуць. Выратаваны з вады конь і лужыны баіцца. Саломеным валом не араць, а сенным канём не ваяваць. Голы разбою не баіцца.
Правіла 18. (паўторнае). У беларускай мове ў назовах прадметаў вельмі часта зычныя гукі ў канцы слова, стоячы перад галосным, вымаўляюцца падвойна: вясельле, сьмецьце, пытаньне, рызьзе, збожжа, суччо і г. д.
У такіх разох трэба пісаць па дзьве аднакія літары ды ставіць паміж імі мяккі знак (Ь), калі падвойныя зычныя мякка вымаўляюцца (зельле, насеньне, судзьдзя), а калі — цьвёрда, то пішуць дзьве аднакія літары: збожжа, зацішша, у ваччу і г. д.
Практыкаваньне 19. Сьпісаць і словы з падвойнымі літарамі падчыркнуць.
Бура паламала гальлё. Пасьля буры настала зацішша. Блуканьне на цэлае раньне. На вясельлі граюць музыкі. Уражжа сіла на грэх спакусіла. Во калі разарэньне: ні табакі, ні карэньня! Па хаце валялася сьмецьце. Цукровы гарох пакінулі на насеньне. Жыў на сьвеце справядлівы судзьдзя. На прадвесьне бывае разводзьдзе. Хата стаяла на раздарожжы. Усе птушкі крыльле маюць, да ня ўсе лятаюць. Сёньня дзень сьвяточны. Госьці расьселіся па застольлю. Хлопец меў нячыстае сумленьне. Збожжа адсыпалі на насеньне. Было тут дзіўнае здарэньне. Спачатку было чытаньне, а потым — рысаваньне. Вучань разумна адказаў на пытаньне. Ральлю трэба баранаваць. Ільля нарабіў гнільля. Луг зялёны жыцьцем дыша. Жыцьцё, як мёду піцьцё. Няхай плачам ў сіняй далі песьня разальлецца!
ЗАДАЧКА 19-ая. Сьпісаць і паставіць прапушчаныя літары.
Зарасьлі вы, межы, у полі дзікім зел+ем, палыном. Далі зел+я ад пахмел+я. Голь-галіта гол+ю наліта. Наша Хацім’я хоча капусты й бацьвін+я. На бязьлюдз+і й дзяк — чалавек (кажуць пры пахаван+і). Дзе добры край, там і пад ел+ю рай. Каян+е позна ходзіць. Калісь было, да был+ём зарасло. Калі ўпору зямлі не ўзарэш, збож+а нямнога ўвосень зьбярэш. Скінь гэтае рыз+ё! На вуліцу сьмец+я ня выносяць. Венікі вяжуць з бярозавага вец+я. На гал+і было гняздо. Ціха калос+е шэпча на ніве. Сьцены запырсканы граз+ю. Колы мажуць каламаз+ю. Л+ецца Нёман паміж гораў. Заз+ялі зоры ў ясным небе. Касец знайшоў добрае кас+ё. Зазьвінела ў вуш+у. Сёлета спраўлялі купал+ле. На Йл+ю поўну печ парапеч нал+ю. Пацямнела ў вач+у. Куры сядзяць пад печ+у. На харошае запытань+е — харошае адпавяданьне. Загарэлася суч+о. Перад Новым Годам спраўляюць багатую куц+ю. Капліца стаяла на раздарож+ы. Чалавек мае пяць знадворных пачуц+яў. Адны пачуц+і мацнейшыя, а другія слабейшыя. Буйным жыц+ём усё чыста кіпела. Вада патрэбна і расьлінам, і стварэн+ям. Люблю я прывол+е шырокіх палёў. Зел+е заглушыла поле. Мост зроблен з тоўстых бярвен+яў. Стаіць крушнямі камен+е. Крыл+ямі махае, а ляцець ня можа (вятрак).
ЗАДАЧКА 20-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба два ці адно н.
У сяле пабудавалі каме+ы дом. Мы купілі насьце+ы каляндар. Скручаны, зьверчаны па хаце скача (венік). У нас дзеравя+ыя ложкі. У сенях шкля+ыя дзьверы. Насталі вае+ыя часы. Сьцены пабеле+ы мелам. З палатна — палаце+ая й рэч. Рань+яя зорка. Побач з камяніцай стаіць драўля+ы дом. Узышла вячэр+яя зара. Каля гары былі вапе+ыя капальні. Халодны асень+і вечар. Скоша+ы луг. стаіць пусткаю. Спале+ая хата ўжо адбудована. На скоша+ым лузе пасьвілі коні. Выскачылі юры з-пад каме+ай гары. Напха+ая пухам ляжыць пад вухам (падушка). Чырвоны колер, він+ы смак, каме+ае сэрца — што гэта так? (вішня). Брат прыехаў кон+а. Пісьмен+аму й кнігі ў рукі. З часам з торфу робіцца каме+ы вугаль. Ні зьліча+а, ні сьпіса+а, колькі на ім абручоў (клубок). Цалава+ы, мілаваны пад лаву схава+ы (лапаць). Насталі кароткія тума+ыя асень+ія дні. Большая палавіна школы была застаўле+а лаўкамі. Гудуць мядзя+ыя званы. Дрыжыць званіцы мур сьцюдзё+ы. Усплыў месяц над сон+ай зямлёю. На ўзгорку рос малады сасонь+ік. Гудзе неўгамон+ых пчолак рой. Гэты звычай забабон+ы.
Правіла 19 (паўторнае). Падвойнае ЦЦ пішацца ў дзеяньнях (мыцца, чашацца; мыецца, чэшацца, просіцца) і ў лічэбчіках: адзінаццаць, дванаццаць, дваццаць, трыццаць і г. дал. Часам падвойныя зычныя зьяўляюцца пры тым, як прыназоўнік (прыстаўка) зьліваецца з словам: ссыпаць, аддаць, бяззубы, рассыпаць і г. далей.
Практыкаваньне 20. Сьпісаць і словы з падвойнымі літарамі падчыркнуць.
Паддайце мех на плечы! Быдла аддалі на пашу. Грозен рак, да ззаду вочы. Ішло хлопцаў дваццаць пяць, пасьля зімы сьляды знаць (барана). На „саракі“ мужык пытаецца, ці далёка да ракі. Льлецца крынічка, плюскоча вада. Гарох рассыпаўся па зямлі. Цягнецца нітка, а на клубок не зматаць (дарога). У поўкапе трыццаць адзінак. Даглядайце зубоў: бяззубаму блага. Наста раззула малога Цішку. Бяссонная ноч. Сьціскаецца сэрца ад болю. Страхі найчасьцей здараюцца ўначы. Увосень неба засьцілаецца хмарамі. Ціхае поле залаціцца сьпелым збожжам. Трасецца, калоціцца — аб людзях клапоціцца. Ссохлі травы. Саломеным валом не араць, а сенным канём не ваяваць. Сонны, як мёртвы. Таннае мяса сабакі ядуць. Страчанага ня вернеш. Гарох ссыпалі ў судзіну. Шпак на дубе расьсьпяваўся. Дубы наабапал лагчыны стаялі. У тузіне дванаццаць адзінак. Дзядзька хадзіў на досьвідкі да пляменьніка. Недалёка ад нашае вёскі пачынаецца вялікі лес. Голы разбою не баіцца. Напужаная варона й куста баіцца. Рассыпаецца драбней маку. Ніткі ссукалі ды сталі віць клубок. Вецер расьсявае травяное насеньне па зямлі. Мой брат ехаў конна. Ранены алень часта кідаецца на стральца. Разводзяцца зубры дужа няскора, бо цяляты ссуць надта доўга.