Беларускі правапіс (1925)/Часьць другая/37
← § 36. Кругасказ | § 36. Абагульненьне правіл на знакі прыпынку Падручнік Аўтар: Язэп Лёсік 1925 год |
§ 38. Кароткі паўторны пытальнік → |
§ 37. Абагульненьне правіл аб ужываньні знакаў прыпынку
1. Коска.
Коска ставіцца:
Для выдзяленьня прыдатка (§ 25), зваротка (§ 26), пабочных слоў і сказаў (§ 28 і § 34), пасьля выклічнікаў (§ 27), для выдзяленьня дапаўненьня з прыназоўнікамі „апроч“ (апрача), „заместа“ (Апроч ластавак, тут вадзіліся яшчэ шпакі. Заместа мяне, паслалі заграніцу майго брата), перад злучнікамі але, ды (=але), і, калі імі пачынаецца новы сказ (Жыта злажылі, ды не надоўга. Сонца прыгрэе, і сьнег растане), для выдзяленьня аднакіх члеваў у зьлітым сказе (§ 30), залежных, або даданых, сказаў (§ 32), злучаных сказаў (§ 31), пры паўтарэньні якога-небудзь слова (Гэта быў стары, стары лес. Ідзеш, ідзеш ды спынішся супачыць), для аддзяленьня якой-небудзь даданай часьціны сказу, выражанай некалькімі словамі (Рабенькая круглая кароўка, увелькі з вераб’інае вочка, паўзла па гладзенькай былінцы), пасьля дапаможнікаў але, так, не, пастаўленых перад сказамі (§ 27, увага), для аддзяленьня членаў кругасказу (§ 36, 2).
ЗАДАЧКА 10-ая. У наступных прыкладах аб’ясьніць, чаму пастаўлены коскі.
Прыдзі пад вечар ты на поле ды палюбуйся ім, саколе! Усход жыве, гарыць, палае, слупы-праменьні падымае. Я. Кол. Прывет табе, жыцьцё на волі! Там ня трэба ні шчасьця, ні ласкі; там няма ні нуды, ні клапот. Па-над белым пухам вішань, быццам сіні аганёк, б’ецца-ўецца шпаркі, лёгкі сінякрылы матылёк. Гэй, варушэцеся, коні панурыя! Ад родных ніў, ад роднай хаты, у панскі двор дзеля красы яны, бяздольныя, узяты ткаць залатыя паясы. І тчэ забыўшыся рука, заміж пэрсыдзкага узору, цьвяток радзімы васілька. І цягам доўгія часіны, дзявочыя забыўшы сны, свае шырокія тканіны на лад пэрсыдзкі ткуць яны. Мы сквапна цягнемся к старым поэтам, каб хоць душой у прошлым патануць. М. Багд. Хоць усім братом ня соладка жылося, але меншаму брату выпала самая горшая доля. Т. Гушч. На прыгуменьні, поруч з садам, павець з гумном стаяла радам. Я. Кол. Хоць віхры шалеюць, хоць песьні нямеюць, хоць страшна замучаны ты, — за добрую справу, за шчасьце і славу душу вырывай з цемнаты! Я. Куп. Лес гудзе, дрыжаць галіны, стогне бор хваёвы; глуха шэпчуць верхавіны, гнуць свае галовы. Я. Кол. Не, не здаволіш чалавека, і будзе вечны ён калека. Я. Кол.
2. Двукроп’е.
Двукроп’е ставіцца:
У зьлітым сказе перад пералічэньнем (§ 30, 7), перад прыдаткам-пералічэньнем (§ 25), перад чужаслоўем (§ 35), у злучаных сказах, калі адзін сказ паясьняе другі (§ 31), у злучэньні супраціўным і вінавальным, калі прапушчаны злучнікі (§ 31), калі прапушчан параўнальны злучнік і, наогул, двукроп’е блізка тое самае, што слова значыць. (Прышла пара касавіцы: трэба прымацца за касьбу).
3. Працяжнік і злучок.
Працяжнік ставіцца:
Пасьля пералічэньня, дзе прапушчана некае слова (Вясна, лета, восень і зіма — поры году), калі хочуць затрымаць увагу (Гляньце — нехта едзе. Падсадзі — сарву я грушку), замест слова „ёсьць“ у сустаўным выказьніку (Чужая сіла — асіна. Лішняя нітка — палатну завада), у
сказе, які служыць адказам на пытаньне (А хіба-ж там ён? — Там); пасьля пералічэньня аднакіх членаў у зьлітым сказе (§ 30), пры выдзяленьні некаторых прыдаткаў (§ 25), для выдзяленьня пабочнага сказу (§ 34), пры хуткім пераходзе ад аднаго дзеяньня да другога (§ 31, 5), калі прапушчаны прычынны, супраціўны або умоўны злучнік (§ 32, 4), пры аддзяленьні мовы аднае асобы ад другой (§ 35, 5), у кругасказе (§ 36) і, наогул, калі прапускаецца якое-небудзь слова (Поле — жоўты пясок).
Злучок ставіцца:
Калі слова паўтараецца для памацненьня (Чуць-чуць ліпіць), пры складаных прыметах (сьнежна-белы, цёмна-сіні), у складаных прыназоўніках (па-над, з-за, з-пад), для злучэньня частак бы(б), жа(ж) з папярэднім словам (Рад-бы даць, каму-б гэта даць. А мой-жа ты саколік! Да куды-ж ты, дуб зялёны, пахінаешся?), у падвойных фаміліях (Дунін-Марцінкевіч, Лапко-Лабаноўскі).
4. Двукосьсе.
Двукосьсем аддзяляецца:
Чужаслоўе (§ 35), прыдатак (§ 25), слова, на якое зварачаецца асаблівая увага або якое ўжываецца ў пераносным, няўласным значэньні (Прызнаюся, я не спадзяваўся такой „далікатнасьці“ ад мужыка. З мёду даўней варылі моцнае пітво — „мёд“. Па ваду йзде — „дзень добры“ дае).
5. Дужкі.
Дужкі ставяцца:
Для выдзяленьня пабочных сказаў (§ 34), навуковых тэрмінаў, некаторых паясьняльных слоў, паветалізмаў. (Кажуць, што дрыгвічы называліся так дзеля таго, што жылі па нізкіх, балотных мясцох (дрыгвах). Пакланяліся нашыя продкі грому (Пяруну), сонцу (Дажбогу) і іншым зьявам прыроды. Ён цеміў (разумеў), што гэта ня так).
ЗАДАЧКА 11-ая. Аб’ясьніць знакі прыпынку.
Даўней былі „путныя баяры“, каторыя павінны былі правіць дарогі. На высокай гарэ, дзе ніхто не арэ, толькі птушка-арол дзе садзіцца, — там ўзбудую- ўзьвяду нізі ўсёй на віду, мураваную вежу-званіцу. Я. Куп. Ясна-сьвяточна ў красы ўбярыся, птушкаю вольнай сягні ў вышыню, з сонцам злучыся, зоркай іскрыся, славай акрыйся — выйдзі спаткаці вясну! Я. Куп. Неба, сонца, месяц, зоры, людзі, пушча, ўся зямля — усё да сэрца штось гаворыць, ўсюды бачу моц жыцьця. Я. Куп. На прыгуменьні, поруч з садам, павець з гумном стаяла радам, а пад паветкай ўсе прылады: вазок, калёсы, панарады, старыя сані, восі, колы і вульляў некалькі на пчолы, яшчэ няскончаных; судзінка, стары цабэрак, паўасьмінка, і розны хлам і лом валяўся, ад сонца, дожджыку хаваўся. Я. Кол. Усё прачнулась прад вачыма беднае кабеты: маладыя дні дзяціны, дзявочыя леты, радасьць жыцьця і нягоды, сваркі, трасяніна — усё, чым жыцьце спатыкае кепскую часіну, усё прыпомнілась старэнькай. Я. Кол. Галоднаму і пушнінка — малінка. Шчырая праца — мазалёвая. „Што-то будзе, што-то будзе?“ у межах шэпча жыта. Спаленай нівы жаданьне ня збыта — міма хмурынка прашла. На дварэ — паленьне, трэскі, куча сьметніку ляжыць. Бедна тут жыве народ, а працуе — льлецца пот. Беларускія баяры (з часам яны сталі называцца шляхтаю) стыкаліся з польскімі магнатамі: ім падабаліся прывілеі й правы польскае шляхты. Чорная Русь (цяперашняя Горадзеншчына) у свой час была асобным князёўствам. Гэта толькі гутарка адна — „прыехаў“: проста забралі сюды — і ўсё, бо дома ня было дзе дзецца. Бывала, заміж, „благодарю“, скажа Міхась, „дзякуй“ ды аж пачырванее ад сораму. Еўка ніколі не хадзіла на сяло, бо дзеці дражнілі яе „рыжая“. Цяпер зямлю й фабрыкі адабралі ад багатыроў ды аддалі іх тым, хто на іх працуе — рабочым і сялянам. Час прыдзе — увесь сьвет засьвяткуе вялікі дзень Першага Мая. М. Кудз. У дзяцінстве я ня мог вымавіць „р“, а казаў „рл“. Яшчэ некалькі часу — і вёска зусім засыпае. Болей навукі — меней страху. Але не-не, ды смутна стане. Сяк-так прымайстраваўся наш падарожны каля печы. Я. Кол. „Я табе лялек нараблю і „катка“ запяю“, казала Марылька брату. А жнейкі жнуць, іх твар палае, іх пражыць, сушыць смага тая, якую трудна ім здаволіць, якая толькі „піць! піць!“ моліць. Я. Кол.
6. Клічнік і пытальнік.
Пытальнік ставіцца:
Пасьля простага пытаньня ў пытальням сказе (§ 23), пасьля ўскоснага пытаньня ў тым выпадку, калі перад ускосным пытаньнем стаіць двукроп’е (Скажы мне, дубе: чаму ты ня гнешся перад бураю? Скажы мне, дубе: адкуль твая сіла? Скажы мяе, браце: чаму я такая слабая?).
- Увага. Некаторыя дапаўняльныя сказы прымаюць форму пытальных; гэтая форма называецца ўскосным пытаньнем, прычым, пытальнік ставіцца толькі ў тым выпадку, калі перад ускосным пытаньнем стаіць двукроп’е; калі-ж будзе стаяць коска, то пытальнік вя ставіцца (Я ня мог зразумець, чаму сухое лісьце не загарэлася).
Клічнік ставіцца:
Пасьля клічнага сказу (§ 23), пасьля зваротка (§ 26), пасьля выклічніка (§ 26).
Клічнік і пытальнік пры пэўнай пабудове сказу могуць мець значэньне пункта, пункта з коскай і коскі.
7. Трохкроп’е.
Трохкроп’е, або шматкроп’е, ставіцца:
Пры недаказе або перарыве мовы (§ 32, § 36), пры выражэньні моцнага пачуцьця (Тхор!.. тхор!.. дзяржы яго!.. дзяржы псяюху!.. Эх, ды й тхор-жа!.. Восьць, аж зьзяе!.. Я. Кол.).
8. Кропка з коскай.
Кропка з коскай, або пункт з коскай, ставіцца:
Паміж сузалежнымі сказамі (§ 32), паміж аднароднымі членамі ў зьлітым сказе для больш выразнага чытаньня, асабліва тады, калі яго члены значна пашыраны (Пададожны расказаў людзям аб працы і вялікіх турботах, ім перанесеных; аб вышыні тых гор, якія ён бачыў; аб глебе ў тых краёх, надзвычайна ўрадлівай; пра зьвяроў і птушак, невядомых у нашым краі; пра людзей з непадобнай, інакшаю гаворкай), паміж злучанымі сказамі (§ 32), у кругасказах (§ 36).
9. Пункт.
Пунктам аддзяляюцца адзін ад другога такія простыя й сустаўныя (складаныя) сказы, што замыкаюць у сабе думку пэўную, зусім закончаную (Гарачы дзень. На полі душна. Прыціх той ветрык непаслушны, як-бы сваім аддаўся марам. Зацішак поля дыша варам і гоніць з твару поту рагі, і сохнуць губы ад тэй смагі. А жнейкі жнуць. У моры збожжа мільгае постаць іх прыгожа. Я. Кол.)
ЗАДАЧКА 12-ая. Аб’ясьніць знакі прыпынку.
Устань ты, старонка — родная маці! Годзі зімовага рабскага сну! Выйдзі на поле, на сенажаці, выйдзі спаткаці вясну! Я. Куп. За праўду, за шчасьце, за лепшую долю вазьміся, мой дружа, пастой; у крыўду ня дайся, свайго дабівайся, адвага хай будзе з табой! Хай горкія сьлёзы, што ў сьпеку, ў марозы ліюцца па беднай зямлі, дадуць табе, браце, сіл гора змагаці і ў сэрцы распаляць агні! Я. Куп. Ранюткі час. Нідзе нікога. Між дрэў зьвіваецца дарога, а па дарозе ты з кашом у лес шыбуеш ціхачом. Я. Кол. Весела пазірае ўвесну сонца на зямлю, як маці на сваё дзіця: загляне яно ўсюды — і ў бедную сялянскую хату, дзе так бедна й нявесела, і на пяшчаную горку, і ў лагчынку, дзе думаў сьнег знайсьці сабе прыпынак; і ў лес, і на луг — усюды льлецца яго сьвет і цяпло. Што мне багацьце? Бяз грошай, бяз золата быў-бы магнат я, кароль, багатыр там, дзе пад націскам роднага молата жыцьце куецца. А. Гар. Будзіцца со сну наша зямліца; расьце на кусьце лісточак, і зелянее тады травіца; ажыў жучок і матылёчак; шэра зязюля зранку і ўвечар яра кукуе ў садзе; павее ціхі і цёплы вецер; пойдзе скацінка у стадзе. Ст. Ул. Што шуміш так неспакойна, жыцейка, у полі? Ці ня чуеш, што пад градам зьляжаш ў роўным доле? Я. Кол. Лес! аб чым шумяць твае вяршыны? Лес! што шэпчаш, векавы? Браты! вялікая дарога чакае нас і родны край. Я. Кол. Эх ты!.. Толькі хвалішся… Глянуў — і то самлеў! — Дзяціны час!.. Я памятаю зімы прыход у нашым краі: стаіць над лесам шум маркотны, па небе хмары, як палотны, паўночны вецер расьцілае, і бель над далямі зьвісае. Я. Кол. Дзяўчынка абярнулася да бацькі, што нязграбна, памужчынску, кошкаўся каля печы, ды сказала: „Тата, кіньце!.. Я зраблю… я ведаю“… Канец!.. Як проста гэта слова і многазначна, заўжды нова! Канец!.. Як многа разважаньня і засмучонага пытаньня у гэтым простым, страшным слове! Я. Кол. — Пастой! А там што? — Там? Гармата. — Чаму-ж няма пры ёй салдата? — Я. Кол. Жнейкі на ніве рэжуць сквапліва, уюць перавяслы няслабкі; вяжуць снапамі, валяць радамі, ставяць у мэндлі і бабкі. Ст. Ул. Праца ўвесь сьвет ускарміла, праца нам шчасьце дае; працаю сілы прыроды к людзям у слугі ідуць, з ёю-жа ў сьвеце народы лепшае долі прыждуць. Ц. Гарт. Станьце, хмурынкі, над рубяжамі родных палеткаў, палёў! Каршун, падняўшыся высока над лугам, круціцца ў небе, выглядаючы сабе пажытак, і нудны крык яго голасна расплываецца над супакоеным лугам. Піліп стары у грамадзе старшынёю быў з паўвеку; ці у працы, ці у радзе — няма, як ён, чалавека; шчыры, добры і разумны, гаспадар прытым на дзіва; вёў найлепей сход наш шумны, судзіў, радзіў справядліва. Я. Луч.