Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1925)/Часьць другая/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 34. Знакі прыпынку пры дзеяпрыметных і дзеяпрысл. выражэньнях § 35. Знакі прыпынку пры чужаслоўі
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
§ 36. Кругасказ

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 35. Знакі прыпынку пры чужаслоўі.

Правіла 19. Чужаслоўе можа стаяць перад словамі аўтара, пасьля слоў аўтара і абкружаць словы аўтара. Подлуг гэтага яно выдзяляецца знакамі прыпынку так:

1) Калі чужаслоўе стане перад словамі аўтара, то яно бярэцца ў двукосьсе, а посьле яго ставіцца коска, клічнік або пытальнік, у залежнасьці ад характару сказу, прычым, словы аўтара пачынаюцца заўсёды з малой літары, не зважаючы на папярэдні знак. („Будзь паслушна ты, дачушка!“ навучае маці. „Птушкі — нашыя прыяцелі“, сказаў настаўнік. „Хто там?“ спытаў гаспадар, зірнуўшы ў акно).

2) Калі чужаслоўе стаіць пасьля слоў аўтара, то перад ім ставіцца двукроп’е, само чужаслоўе пачынаецца з вялікай літары ды замыкаецца ў двукосьсе, а пасьля яго можа стаяць клічнік, пытальнік, пункт або трохкроп’е, калі мова няскончана. (Папалася лісіца ў пастку ды кажа: „Яшчэ ня позна, а давядзецца начаваць тут“. Гаспадар глянуў у вакно ды спытаў: „Хто там?“ Прышоў воўк да каваля ў кузьню ды кажа: „Перакуй, каваль, мой язык на ягнячы!“ Малая Гандзя супакойвала Васілька ды казала яму: „Ня плач!.. Я кашкі звару… Ну, ну, годзі!..“).

3) Калі словы аўтара стаяць пасярэдзіне аднаго таго самага чужаслоўя, то яны, як пабочныя словы, выдзяляюцца коскамі, а чужаслоўе замыкаецца ў двукосьсе з адпаведным знакам у канцы. („Гэта толькі ніткі“, падумала Анелька, „а дзе-ж кашулька?“).

а) Словы аўтара могуць выдзяляцца працяжнікамі, калі яны перадаюцца ў цяперашнім часе. („Я — кажа адна капелька — была потам, працавітага селяніна“. — „Я была сьлязою мацеры“ — кажа другая).

б) Калі словы аўтара разьдзяляюць цэлыя сказы або адлучаюць зваротак ад рэшты сказу, то ў канцы першай часьці чужаслоўя можа стаяць клічнік, пытальнік або коска, а перад другою часьцю ставіцца двукроп’е, часьці-ж чужаслоўя замыкаюцца ў двукосьсе як з аднаго, так і з другога боку. („Ведаеш, брат, што?" сказаў Ясь свайму сябру Алесю: Давай пашукаем грыбоў“. — „Ну, не, брат, дудкі!“ падумаў Міхась: „дурэць то я ня буду, а вот старацца, дык буду“. — „Тата!“ спытаў маленькі Міхась у бацькі: „а ці страшна ў лесе?“).

4) Калі два розных чужаслоўі на пісьме стыкаюцца паміж сабою, то паміж імі, апрача звычайных знакаў, ставіцца яшчэ працяжнік для большай выразнасьці. (Бач. прыклады 3, б).

5) Калі прыводзіцца размова некалькіх асоб і не паясьняецца, да каго належаць словы, то заместа двукосься ставяцца працяжнікі. (— Паіў ты, каня? — Паіў. — А чаму-ж морда сухая? — Бо вады не дастаў).

Увага. У друку чужаслоўе найчасьцей пачынаецца кожны раз з новага радку ды выдзяляецца працяжнікамі або такімі значкамі: « ».

Практыкаваньне 15. Сьпісаць і заўважыць знакі прыпынку пры чужаслоўі.

Сеў стары Рыдан на залаты пасад ды кажа сыну: „Прылажы, сынку, вуха да зямлі ды паслухай, ці бяжыць Дняпро“. Прылажыў Сож вуха да зямлі ды кажа: „Бегма бяжыць і не стаміўся яшчэ“. — „Бадай нам, дзеткі, сьлязьмі разьліцца!“ сказаў з жалю стары Рыдан. „Дзякуй, дзякуй!“ сказаў шэры ды пацягся без вячэры. „Ну, Алесь брат!“ за абедам кажа бацька сыну: „годзі бегаць дармаедам красьці садавіну“. — Дабрыдзень вам, ягамосьці! — Дабрыдзень. Сядайце! — „Ну, матулька, будзь здарова!“ сказала Наста ды вышла з хаты. „Нашто гэта, тата, рассыпаеш зерняткі?“ пыталася малая Анелька ў бацькі, каторы сеяў лён. „Прыгожая табе будзе кашулька!“ сказаў ёй бацька. „Гэй, мой конік, гэй, сівенькі!“ носіцца па полі. Праз два тыдні поле пакрылася зялёнай шаўковай травіцай, а малая Анелька падумала: „Каб гэта мне такую харошую зялёную кашульку!“ Паківаў дзед галавою ды кажа: „Сынку! робіш ты ня тое“. — „Кінь камень!“ сказаў настаўнік вучню. Вучань кінуў камень. „Ну, а цяпер ты скажы мне“, спытаў настаўнік: „за што ты хацеў забіць птушачку?“ — „Гарыць лес!“ з трывогай сказаў лясьнік, вышаўшы на двор і панюхаўшы паветра. „Скажы мне, дубе!“ сказала чароціна: „чаму ты ня гнешся ад буры?“ — „Я раскажу табе, сынку“, сказаў татулька, „які страх наганяе леў, як выходзіць уночы шукаць сабе пажывы“. — „Вазьмі мяне, Кася, за сынка!“ кажа раз малы Цішка сваёй замужняй сястры. Кася засьмяялася ды пытае: „А мамы табе шкода ня будзе?“ На казаньне бацкі адказаў Ігнатка: „Буду я вучыцца, як ты кажаш, татка“. — „Што-ж?“ падумаў я сам сабе: „вучыцца, дык вучыцца!“ — „Глядзі-ж, сынку!“ сказаў татулька: „Слухай настаўніка, бо нявучоны ўсё роўна, як сьляпы“. — „Дзяўчынка, чыя ты?“ бедны тут пытае. „Дзядзіна я доля“, тая адмаўляе. Пытаецца воўк у сабакі: „Скажы, сабака: адкуль вы сабе яду бераце?“ — „Людзі нам даюць“, адказаў сабака. „Мусіць, вы цяжкую службу людзям служыце?“ зноў пытае воўк. „Не, наша служба ня цяжкая: наша дзела ў ночы двор вартаваць“. — Сёстры плачуць горка, буйнымі сьлязамі: „Ой, Грыгор, Грыгорка! што зрабіў ты з намі?!“ Пастух-аўчар скруціў дудачку з каліны ды грае: „Ой памалу, памалу, пастушок, іграй, майго сэрцайка не ўражай!“ — „Што ты робіш?“ спытаў бацька ў сына. „Скрыпачку“, адказаў сын. — „Эх, брат!“ кажа адзін зайчык другому: „ёсьць-жа на сьвеце стварэньні, што й нас баяцца“. — „Памажы мне, кумка, ячмень зьвязаць!“ — „Калі-ж, кумка, жыбулькі надта колюцца“. — „Дай мне, кумка, мукі на аладкі!“ — „Пашла я, кумка, па муку, а жыбулька за руку“. — Угледзіў казёл лісіцу ў калодзежы ды пытае: „А што ты там, кумка, робіш?“ — „Сапачываю, кумок“, салодка адказала лісіца. — Што просіце, дзядзька, за гэтую карову? — Я яе і за тысячу не аддам. — Чаму? — Бо яна не мая, а вунь таго гаспадара, што каля крамы стаіць.

— Тата, я злавіў мядзьведзя!

— Дык вядзі яго сюды.

— Калі-ж ня йдзе!

— Дык дзяржы яго.

— Калі-ж ня дзержыцца!

— Дык пусьці яго.

— Калі-ж ня пускаецца!

Правіла 20 (паўторнае). Двукосьсе або чужаслоўе („“) ставіцца тады, калі трэба выдзеліць чужыя словы (не тае асобы, што гаворыць) або калі словы нечым асаблівыя. Напрыклад: 1) Угледзіў казёл лісіцу ў калодзежы ды пытае: „А што ты там, кумка, робіш?“ — „Адпачываю, кумок“, салодка адказала лісіца. 2) Гэты курган называецца „Кірылава Магіла“. Па Нёмну ходзіць параход „Рагнеда“.

Увага 1. Калі чужыя словы стаяць пасьля слоў аўтара, то перад імі ставіцца двукроп’е, а самі яны пачынаюцца з вялікай літары ды замыкаюцца ў двукосьсе. (Гаспадар зірнуў у вакно ды спытаў: „Хто там?“). Калі-ж чужыя словы стаяць перад словамі аўтара, то яны бяруцца ў двукосьсе, у канцы ставіцца патрэбны знак прыпынку (пытальнік, клічнік або коска, але кропка ніколі ня ставіцца), а словы аўтара пачынаюцца з малое літары. („Аставайцеся здаровы!“ сказаў лясьнік ды вышаў з хаты).
Увага 2. У друку чужыя словы найчасьцей пачынаюцца кожны раз з новага радку і аддзяляюцца працяжнікамі. Таксама чужыя словы аддзяляюцца працяжнікамі, калі не паясьняецца, да каго словы належаць. (— Тадорка! ці ты прадзеш? — Праду. — А дзе-ж тваё верацяно? — Віры яго знаюць).

ЗАДАЧКА 8-ая. Спісаць і паставіць знакі прыпынку.

Вязала жанчына на полі ячмень. Надышла хмара, стала грымець. Бачыць яна, што да дажджу адна ня ўправіцца. Паклічу куму падумала яна. А кума ўжо ўправілася з сваёю работай ды йшла дадому. Памажы мне, галубка, зьвязаць ячмень папрасіла яна. Калі-ж, кумка, жыбулькі надта колюцца адказала кума. А ўзімку прыходзіць яна да кумы ды кажа Дай мне, кумка, мукі на аладкі! Прышла, кумка, па муку, а жыбулька — за руку адказала тая.

Угледзіла Анелька, як бацька сеяў лён ды спыталася Нашто гэта, тата, рассыпаеш зерняткі Сею лён, каб вырасла табе кашулька адказаў бацька. Задумалася Анелька бо ніколі ня бачыла каб кашулі ў полі расьлі. Праз два тыдні поле пакрылася зялёнай шаўковай травіцай а Анелька падумала Каб гэта мне такую харошую зялёную кашульку! Потым дзяўчаты прыходзілі два разы палоць лён і кожны раз казалі Анельцы Прыгожая будзе табе кашулька! Ніва лёну пакрылася харошанькімі сіненькімі красачкамі. Анелька падумала У нашага Грышкі такія сіненькія вочкі але гэтакіх кашулек я ня бачыла.

Паіў ты каня Паіў А чаму-ж морда сухая Бо вады не дастаў. Што просіце, дзядзька, за гэтую карову Я яе і за тысячу не аддам Чаму Бо яна не мая а вунь таго гаспадара што каля крамы стаіць. Дабрыдзень вам, ягамосьці Дабрыдзень Сядайце.