Беларускія сэкцыі РКП і стварэньне Беларускай Савецкай Рэспублікі
Беларускія сэкцыі РКП і стварэньне Беларускай Савецкай Рэспублікі Артыкул Аўтар: Цішка Гартны 1928 Крыніца: Полымя, 1928. - №10 |
Яшчэ ўлетку 1917 году, калі толькі праца Беларускай соцыялістычнай грамады ў Пецярбурзе пашырылася на заводы, у яе склад увайшло некалькі дзесяткаў членаў соцыял-дэмократаў бальшавікоў. Апошнія былі з розных фабрык і заводаў Пецярбургу, але галоўнае ядро іх складалася з пуцілаўскіх рабочых. Калі за Нараўскаю заставаю зорганізаваўся рабочы аддзел БСГ, даволі значны па ліку членаў і дужа эфэктоўны па соцыяльнаму складу іх, вялікая частка апошніх належала адначасна і да соцыял-дэмократычнае бальшавіцкае організацыі. Усе партыйныя абавязкі яны выконвалі аднакага старанна ў адносінах да абодвух партый. Мітынгі БСГ, якія раз-по-разу наладжваліся ў будынку сталовай Пуцілаўскага заводу, былі многалюднымі і актыўнымі. У сваіх выступленьнях таварышы пуцілаўцы, члены БСГ і члены с.-д. бальшавікоў выразна адрозьніваліся ад цэнтральнае організацыі БСГ. Асабліва ярка гэта выяўлялася кожны раз тады, калі выступленьні пуцілаўцаў адбываліся не пасрэдна за выступленьнямі дакладчыкаў ад БСГ. Рашучы і выразны пролетарска-клясавы пункт гледжаньня чырвонаю ніткаю вызначаўся ва ўсіх выступленьнях членаў „пуцілаўскае“ організацыі БСГ. Тым ня менш навочная адмежаванасьць у ідэёвых настроях ані не перашкаджала членам цэнтральнага камітэту БСГ ад нараўскае організацыі акуратна зьяўляцца на паседжаньні ЦК Грамады і прымаць чынны ўдзел у абгаворы пастаўленых пытаньняў. Ці то з тае прычыны, што пуцілаўскія таварышы былі захоплены вырашэньнем беларускіх нацыянальных пытаньняў, ці з прычыны таго, што яны ў той час слаба ўяўлялі тактыку бальшавіцкае партыі, але ў першыя часы свае працы ў БСГ яны мала ўжывалі бальшавіцкі мэтад крытыкі. Толькі выпадкова на адным са сходаў пры Пуцілаўскім заводзе рашуча было наведзена наступленьне на дакладчыка ад ЦК БСГ Я. Варонку. Яго падазроная соцыялістычнасьць вельмі выяўна кідалася ў вочы, чаму і сустрэла сабе вострую ацэнку з боку пуцілаўцаў. Калі-б сход абмежаваўся варонкаваю прамоваю, бязумоўна, БСГ згубіла-б значную долю свайго аўтарытэту сярод пуцілаўскіх рабочых. Але тут-жа, сьледам за ім пачаў гаварыць другі член камітэту грамады і становішча было выратавана. Усё-ж пасьля гэтага выпадку тэндэнцыя крытычных адносін да БСГ вырастала ўсё болей, а побач вастрэй выяўляўся і нахіл у бок організацыі беларускае сэкцыі соцыял-дэмократычнае партыі бальшавікоў. Гэтую думку хутка ўсьведамляў амаль ня кожны рабочы грамадавец і сустракаў яе прыхільна. Але не надышоў пакуль момант, каб нараўская організацыя БСГ адпаведным актам, як такая, зьліквідавалася. Пакуль той момант падасьпеў, пуцілаўцы яшчэ прымалі ўдзел у зьезьдзе БСГ з 4 па 10 чэрвеня, вылучыўшы таксама двух сваіх членаў у адзіную дэлегацыю на сэсію Рады беларускіх організацый і партый у Менску 5—6 жніўня.
К гэтаму часу, наогул, разьвіцьцё рэволюцыі паглыбіла клясавыя супярэчнасьці. Бальшавіцкай партыі спагадалі шырачэзныя колы рабочых і салдат. Апошнія адчувалі сваім клясавым інстынктам нямінучую хвіліну, калі асвойтаная і асьмеленая буржуазія дасьць здаровага штуршка сваім соцыял-згодніцкім паслугачым—меншавіком і эсэрам. Пад гучныя заклікі да наступу на фронтах, у сугучнасьць з патрыётычнымі лемантацыямі—у стаўцы шпарка організавалася контр-рэволюцыйная ваеншчына. Прадажніцкая ў адносінах да працоўных політыка Керанскага выяўляла сваё шытво белымі ніткамі. Трэба было рыхтавацца да адбою, да змаганьня за рзволюцыйныя заваёвы. Няўдача ліпеньскага выступленьня не супыняла рэволюцыйнага ўздыму рабочых і салдацкіх гушчаў.
Адначасна з ростам баявога настрою расьлі сярод іх недавер'е і варожасьць да кожнае, ня выявіўшае сябе клясава дасканала, партыі і організацыі.
Выклікала недавер'е ў членаў нараўскае організацыі БСГ і Рада беларускіх організацый і партый у Менску. Ня гледзячы на пераважную колькасьць грамадаўцаў у складзе Рады, усё-ж асноўную працу яе вялі дробнабуржуазныя і буржуазныя элемэнты. Няпэўныя з партыйнага боку члены Рады і члены зорганізаванай к таму часу П. Аляксюком Беларускай народнай соцыялістычнай партыі былі панамі становішча. Ім памагала ў гэтым тое, што члены Рады з БСГ у большасьці жылі і працавалі далёка ад Менску, галоўным чынам, у Маскве, Пецярбурзе і ў арміях.
Такім чынам, і Аляксюкі, і нават Скірмунты мелі значны ўплыў на чыннасьць Рады. Яе дробна-буржуазнасьць выглядала ў кожным выступленьні прамоўцаў на сэсіі, у кожнай іх пропозыцыі. Гэта і дало магчымасьць членам БСГ нараўскае організацыі прайсьціся востраю крытыкаю па чыннасьці Рады. Выступленьні іх былі рашучымі, нават бязьлітаснымі і зрабілі вельмі моцнае ўражаньне на сэсію. Панічны сполах перад бальшавізмам, ахапіўшы ў той час усю буйную і дробную партыйную і беспартыйную расійскую буржуазію, выявіўся і на сэсіі Рады ў вялікай большасьці яе ўдзельнікаў. Пра выступленьні пуцілаўцаў доўга ішла гутарка не ў адным месцы; здань іх не давала спакойна спаць памяркоўным радаўцам. Яны палахліва азіраліся ва ўсе бакі, не давяраючы БСГ. Хіба можна было згадзіцца з тым, што яна (БСГ) ахвяруе адзіным нацыянальным фронтам на аўтар соцыяльна-клясавых прынцыпаў у змаганьні! Хіба можна пры гэткіх умовах дасягнуць мэты—заснаваньня беларускае дзяржавы... пад протэктаратам Р. Скірмунта і Радзівіла? Не, тактыка БСГ набліжалася да бальшавікоў, прадстаўнік якіх у Менску, т. Фрунзэ, асабліва востра адносіўся да сымбіозу ў раднай працы між Скірмунтам і прадстаўнікамі левых партый. Але, калі наогул БСГ рабілася пудалам для дэмократаў, неаформленых меншавікоў, народнікаў і проста беларусаў, то яе пецярбурскі філіал асабліва ненавідзелі яны яшчэ за многа часу да першае сэсіі Рады організацый і партый. Менск не хацеў адрозьніваць пецярбурскага асяродку БСГ ад бальшавікоў. Выступленьне-ж аўтара гэтых радкоў на зьезьдзе організацыі і партыі 8 ліпня ў Менску і, асабліва, выступленьне пуцілаўскіх грамадаўцаў на першай сэсіі—перапоўнілі мерку жахлівасьці. Суцешнай парады і збавеньня ад гэтага, зразумела, чакаць было безнадзейна. Здарэньні няўхільна пхалі працоўныя масы ўлева. Няўдалы бунт выскачкі генэрала Карнілава канчаткова выявіў фальш і клясавую падаплёку дэмократычнасьці коаліцыйнага ўраду. Невыразныя паводзіны яго ў адносінах да бунтаўшчыка ясна сьведчылі пра організаваны наступ на заваёвы рэволюцыі. Трэба сказаць, што карнілаўская змова ў поўнай меры выявіла перад нацыянальным рухам нясталасьць меншавіцка-эсэраўска-кадэцкага ўраду ў поглядах на вырашэньне нацыянальнага пытаньня. Ваеншчына меркавала таптаць жалезным ботам законныя правы вызваленых нацыянальнасьцяў. Упартае адкладаньне рэформ у гэтай галіне да скліканьня Ўстаноўчага сойму хавала ў сабе сьвядомае і ўпартае нядбальства да важнейшых заданьняў рэволюцыі. Навочна расьлі спагадныя ўмовы для шырокага ўспрыманьня масамі ленінскіх ідэй і лёзунгаў. Зразумела, што гэты процэс ня мінаў і членаў організацый БСГ. Яе нараўская рабочая організацыя паступова аддалялася ад цэнтральнае гарадзкое, намацваючы глебу для новых аформленьняў.
Апошнія пад канец верасьня канчаткова пасьпелі на тое, каб на іх падставе перайменаваць нараўскую рабочую організацыю Беларускай соцыялістычнай грамады ў Беларускую соцыял-дэмократычную партыю бальшавікоў, з програмай і статутам РС-ДРП(б).
Гэты значны ў гісторыі беларускага соцыялістычнага руху факт адбыўся пры непасрэдным кіраўніцтве т. А. Чарвякова. Такім чынам, з кастрычніка месяца пачалося організаванае жыцьцё беларускіх комуністычных атрадаў адзінае ў той час Расійскае соцыял-дэмократычнае рабочае партыі бальшавікоў. Гэта выклікала вялікія зьмены ў настроі БСГ і зусім перакартавала сілы ў беларускім нацыянальна-соцыялістычным руху.
Першым водгукам на заснаваньне БС-ДРП(б) у Пецярбурзе быў пакол соцыялістычнай грамады ў часе другое сэсіі Рады беларускіх орга нізацый і партый у Менску з 14 па 25 кастрычніка[1]. Прычынаю гэтага зьявіліся два пытаньні, узьнятыя на паседжаньнях сэсіі: першае—пасылка ў Кіеў у Раду народаў прадстаўніка ад беларускае Рады і распаўсюджаньне старшынёю маскоўскае організацыі БСГ А. Бурбісам протэсту проці намеру пецярбурскае яе організацыі блёкавацца на выбарах ва Устаноўчы сойм з інтэрнацыяналістымі. Шчырая пагоджанасьць у поглядах на гэта пытаньне большасьці членаў БСГ з прадстаўнікамі правых партый і непартыйных, прымусілі членаў сэсіі ад пецярбурскае і бабруйскае організацыі БСГ пакінуць сэсію Рады.
Гэты інцыдэнт адразу-ж быў перанесены на трэці зьезд БСГ, які ў гэты час адбываўся ў Менску, і атрымаў на ім далейшае разьвіцьцё. Вынікам яго было тое, што зьезд ня ўвёў у склад абранага ЦК прадстаўніка пецярбурскае організацыі, думаючы, што ён „можа выйсьці з партыі".
Адгэтуль пачалося існаваньне дзьвёх частак БСГ—левае і правае. Левая ці, як часта называлі яе, незалежная частка, працуючы, галоўным шнам, у Пецярбурзе, сустракала для сябе адпаведныя ўмовы. Было ясна, што погляды і тактыку большасьці БСГ толькі і можна было цярпець—гэта ў цесным сужыцьці з правымі ад Грамады суседзямі. Затое радыкалізацыя пецярбурскай організацыі яе была спаткана вельмі прыхільна БС-ДРП(б). Каб ня было менскага расколу, бязумоўна, значна паглыбілася-б адчужанасьць паміж БС-ДРП(б) і пецярбурскай організацыяй БСГ. Раскол падаваў надзею на тое, што магчыма паглынаньне організацыі Беларускай соцыялістычнай грамады БС-ДРП(б). Фактычна ўжо загадзя гутаркі пра гэта пашыраліся ў абедзьвюх партыях. Аднак яшчэ два-тры месяцы гэтае пытаньне заставалася нявырашаным. Якраз загарэлася справа з організацыяй усебеларускага зьезду. Апошнім надзвычайна захапіліся ня толькі менскія беларускія грамадзкія ўстановы, але і Беларускі абласны камітэт пры Усерасійскім савеце сялянскіх дэпутатаў. Беларускі абласны камітэт, будучы расійска-эсэраўскай організацыяй, меў на мэце праз усебеларускі зьезд організаваць процібальшавіцкую базу. Ідэя незалежнасьці Беларусі яму была, мякка кажучы, невымагальнай. Не асабліва спагадныя кастрычнікаўскім ідэалам таіліся думкі і ў большасьці членаў закладзенай на другой сэсіі Рады організацый і партый—Вялікае рады і Вайсковае рады. Цэлы шэраг выдатных членаў абедзьвюх гэтых організацый былі выяўнымі ворагамі савецкае ўлады. І хоць у нацыянальным пытаньні паміж радамі і абласным камітэтам і адчуваліся шурпатасьці—політычныя погляды іх ядналі. Да гэтых поглядаў спакойліва адносілася і правая частка БСГ.
Выкарыстаць зьезд з мэтаю яго набліжэньня да Кастрычніка—уваходзіла ў заданьне БС-ДРП(б) і левае часткі БСГ. У Пецярбурзе пача лася падрыхтоўка да гэтага: і БС-ДРП(б), і пецярбурская організацыя БСГ усебакова абгаворвалі магчымасьці, падлічалі сілы і апрацоўвалі тактыку паводзін і выступленьняў на зьезьдзе. Праз свае пастановы наконт гэтага БС-ДРП(б) паінформавала ЦК РС-ДРП(б) і абрала сваімі дэлегатамі дзесяць чалавек, у тым ліку: Я. Лагуна, А. Усьціновіча, В. Скарынку, Сосну і інш. Пецярбурская організацыя БСГ супольна з бабруйскай і віцебскай організацыяй БСГ зрабілі шмат, каб вылучыць на зьезьдзе ў асобны лягер яго левыя элемэнты. Дэлегацыя БС-ДРП(б) рашуча дамаглася вялікіх посьпехаў у справе організацыі гэтых элемэнтаў. Таксама дэлегацыя БС-ДРП(б) наладзіла сувязь з Менскім камітэтам РКП(б) і некалькі разоў інформавала яго пра хаду працы на зьезьдзе. Дзякуючы гэтаму з самага пачатку зьезду яго асабовы склад разьбіўся на дзьве палавіны—левую і правую. Левая частка зьезду, даволі значная і ўплывовая, рашуча разьбівала эсэраўска-нацыяналістычныя ўгрунтаваньні правае. Наперакор сваім надзеям і меркаваньням лідэры яе не маглі дасягнуць пастаўленае сабе мэты...
Як-бы накіравалася далейшая праца зьезду і ў вошта выліліся-б яго пастановы—нельга сказаць. Тое, што ён быў распушчаны ў процэсе працы—павярнула справу ў іншы бок. Усё перакруцілася і набыло зусім другую афарбоўку ў настроях.
Аднак, роспуск зьезду зрабіў адмоўнае ўражаньне і на прадстаўнікоў яго левае палавіны, у тым ліку—дэлегатаў-бальшавікоў. Гэтыя апошнія не маглі ўявіць сабе ўсяго значэньня акцыі менскае савецкае ўлады, цэлы-ж шэраг прычын перашкодзіў ім знайсьці ў сябе апраўданьне роспуску. І ў выніку, трэба адзначыць для гісторыі, было не адно агульнае нелегальнае пасяджэньне „пагоджаных" членаў рады зьезду з правае і левае яго частак. Таксама водгукам на роспуск зьезду было выступленьне прадстаўніка левай часткі БСГ на трэцім зьезьдзе саветаў у Пецярбурзе. Але толькі двума памянёнымі выпадкамі і абмежавалася рэагаваньне на роспуск усебеларускага зьезду з боку прадстаўнікоў левае яго часткі. З далейшага разьвіцьця рэволюцыйных падзей яна ўбачыла апраўданьне менскаму эпізоду. Ужо на тым-жа трэцім зьезьдзе саветаў беларуская дэлегацыя жвава абгаворвала прамігнуўшае ў чутках пытаньне пра пасылку прадстаўніка ад беларускіх організацый у Брэст. Махінацыі Беларускае рады наконт выкарыстаньня ўсебеларускага зьезду, наперакор савецкай уладзе—рашуча асуджаліся. І сьледам за гэтым, зусім неўзабаве распачалося ўпартае змаганьне БС-ДРП(б), а таксама і левае часткі БСГ з засеўшым у Менску нацыяналістычна-буржуазным асяродкам. Посьпехі гэтага змаганьня былі дужа ачулымі і значна памаглі справе адхіленьня беларускіх рабочых і бежанцаў ад шкоднае політыкі яго. Але ня гэтымі заданьнямі абмяжоўвалася чыннасьць БС-ДРП(б) у нацыянальным пытаньні. Пасьля окупацыі немцамі Беларусі перад БС-ДРП(б) паўстала задача організаваць беларус кіх працаўнікоў у РСФСР вакол РКП і савецкае ўлады і згрупаваць з іх моцны асяродак барацьбітоў за вызваленьне Беларусі і за яе будаўніцтва на падставах ідэй Кастрычніка. Гэты асяродак таксама мусіў быць організаванай беларускай савецкай грамадзкасьцю, якую заўсёды трэба было выстаўляць проці радаўскіх махінацый.
Рэальнае разьвязаньне паказаных задач пачалося з організацыі Беларускага нацыянальнага камісарыяту пры Народным камісарыяце нацыянальных спраў. Сёмага студзеня па ініцыятыве камітэту БС-ДРП(б) адбылася ў Пецярбурзе нарада з прадстаўнікоў БС-ДРП(б), пецярбурскае організацыі БСГ, чыгуначнай організацыі беларусаў і беларускай вайсковай організацыі, якая выказалася за пільную патрэбу ў організацыі Беларускага нацыянальнага камісарыяту; нарада таксама вызначыла кандыдатаў на пасаду камісара, намесьніка і сакратара.
Кіраўнічая пасады, як і мае быць, засталіся за прадстаўнікамі БС-ДРП(б). БСГ атрымала пасаду сакратара. На большае яна і не прэтэндавала, маючы на ўвазе і памяншэньне свайго ўплыву і, асабліва, скарачэньне свайго асабовага складу. Гэтае скарачэньне членаў пецярбурскай організацыі БСГ адбывалася двума шляхамі: праз выезд з Пецярбургу дэмобілізаваных салдат і праз пераход часткі членаў БСГ у іншыя партыі. Было ясна, што існаваньне ў Пецярбурзе (дый у іншых мясцох) БСГ пры савецкім ладзе ненатуральна. І рэштку часу яна выкарыстала толькі для таго, каб запляміць у сваёй рэзолюцыі ад 11 сакавіка 1918 году працу Беларускае рады і падкрэсьліць сваю блізкасьць рэволюцыйным рабочым. Гэтай-жа разолюцыяй была абвешчана вайна і правай частцы БСГ, якая прыняла ўдзел у Радзе і ў яе працы. Лёгічна стваралася становішча, якое тлумачыла памянёную рэзолюцыю, як этап пераходу левае БСГ у шэрагі БС-ДРП(б) і вайны пад яе сьцягам з менскім буржуазна-незалежніцкім асяродкам. Ня болей як праз месяц пасьля гэтага пецярбурская організацыя БСГ фактычна перастала існаваць. Правая яе частка, згрупаваўшыся вакол Рады, яшчэ існавала нейкі час, перайменаваўшыся далей, увесну 1918 году, у беларускую партыю соцыялістых-рэволюцыянэраў.
Такім чынам, заснаваны і ў канцы лютага 1918 г. распачаўшы працу Беларускі нацыянальны камісарыят апіраўся ў сваёй чыннасьці на Беларускую соцыял-дэмократычную рабочую партыю бальшавікоў. Уплыў яе сярод беларускіх рабочых і бежанскіх колаў паступова ўзрастаў, асабовы склад навочна павялічваўся. Адпаведна гэтаму пашыралася і ўскладнялася праца БС-ДРП(б). У лютым месяцы быў заснаваны „гурток беларускай соцыялістычнай моладзі", які разгарнуў політычную, агітацыйную і культурна-асьветную працу. Таксама было зорганізавана таварыства для змаганьня проці окупацыі Польшчаю і Літвою частак Беларусі. Яго праца знаходзілася пад наглядам і дырэктаваньнем БС-ДРП(б). Аднак, гэтай мірнай чыннасьці ў значнай меры перашкаджалі прычыны, зьвязаньня з абаронаю краін. Супаўшы з паказаным часам нямецкі наступ на Рэвель, Пскоў, Менск і Кіеў пагражаў заваёвам рэволюцыі. Трэба было накіраваць усю ўвагу на організацыю адпору ворагу. БС-ДРП(б) прыняла шырокі ўдзел у гэтай агульна-рабочай справе. Пры яе камітэце былі заложаны кулямётныя курсы, былі прыняты варты пры заводах, і шмат членаў БС-ДРП(б) былі накіраваны ў шэрагі чырвонае гвардыі з мэтаю пасылкі іх на пскоўскі фронт.
* * *
У канцы сакавіка 1918 г. Беларускі нацыянальны камісарыят разам з усім урадам пераехаў у Маскву. У Пецярбурзе было пакінута аддзяленьне камісарыяту, загадчыкам якога быў вылучаны БС-ДРП(б) Я. Лагун. Ня гледзячы на гэта, аддзяленьне камісарыяту ані ня звузіла свае працы. Наадварот, яна намнога пабольшылася, калі бежанскі камітэт зьліквідаваўся і бежанскія справы былі пераданы ў аддзяленьне камісарыяту. Дырэктаваньне апошнім не павінна было аслабнуць. Яго і вяла з ранейшай увагай БС-ДРП(б), перайменаваная да гэтага часу ўжо ў беларускую сэкцыю РКП.
Замірэньне з немцамі дало магчымасьць сэкцыі зьвярнуць увагу на організацыю беларускіх рабочых, салдацкіх і матроскіх сіл. Хутка пецярбурскай сэкцыі ўдалося ўзмоцніць культурную працу сярод беларускага жыхарства Пецярбургу, наладзіць шэраг мітынгаў сярод кронштадзкіх і сьвеабарскіх матросаў-беларусаў і зорганізаваць з апошніх моцны ўзброены атрад.
Апрача ўсяго пералічанага, пецярбурская беларуская сэкцыя РКП зьяўлялася адказнай за працу Беларускага камісарыяту ў Маскве. Яна бязупынна сачыла за гэтым, давала дырэктывы праз сваіх членаў і выклікала апошніх для дакладаў. Сходы сэкцыі і пасяджэньні яе бюро адбываліся рэгулярна штотыдзень, характарызуючы яе ўзорную організаванасьць і працаздольнасьць. Дзякуючы гэтаму, пецярбурскае аддзяленьне Беларускага камісарыяту здолела праводзіць карысную працу. Але, ня гледзячы на прынятыя пецярбурскай сэкцыяй парады для кіраваньня працаю Беларускага камісарыяту ў Маскве—яны былі невычарпальнымі. Гэта акалічнасьць вельмі балюча адбівалася ня толькі на рабоце, а і на існаваньні Беларускага камісарыяту. Разросшыся ў вялікую і адказную ўстанову, ён меў на чале толькі двох партыйцаў, якія, з прычыны зьбежнасьці рознастайных абавязкаў, не маглі ахапіць усяе яго чыннасьці. Зусім цяжка прышлося Беларускаму камісарыяту, калі яго пакінулі і гэтыя два таварышы-партыйцы. Тэрміновасьць апошняе пастановы не дазволіла пецярбурскай сэкцыі РКП абраць на пасаду камісара свайго члена, і лева-эсэраўскі бунт у Маскве застаў на пасадзе камісара Беларускага нацыянальнага камісарыяту левага эсэра. Больш цяжкага і горкага кур'ёзу нельга было і чакаць. І шкоднасьць яго далася ў знакі камісарыяту. Прышлося шмат далажыць стараньня новаму камі сару т. Усьціновічу, камандыраванаму пецярбурскай сэкцыяй, на тое, каб справу паправіць.
Усё-ж было ясна, што без належнай партыйнай організацыйнай падпоры Беларускаму камісарыяту не дасягнуць пастаўленай перад ім мэты.
Было ясна, што пецярбурскай беларускай сэкцыі РКП ня справіцца з наглядам за работаю Камісарыяту ў Маскве. Усе даныя сьведчылі за тое, што камісарыят трэба ўзмоцніць партыйцамі, якія-б склалі кіроўны асяродак установы. Але ўжо падзеі самі вырашылі гэта.
Паступова, час-ад-часу камісарыят пачаў папаўняцца беларусамі-партыйцамі: частка іх прыяжджала з окупаванай Беларусі, частка папаўнялася з супрацоўнікаў камісарыяту, уступаўшых у партыю. Такім чынам, пад канец кастрычніка ў Беларускім камісарыяце злажылася партыйнае ядро, якое заснавала фракцыю Белнакому. Сьледам за гэтым узьнікла думка пра організацыю сэкцыі.
3 лістапада па ініцыятыве фракцыі быў скліканы сход беларусаў-комуністых, на які зьявілася 14 чалавек: 1) А. Крыцкі (Дарагамілаўскі раён), 2) М. Салтанаў (Хамоўніцкі раён), З) А. Дзедзя (Бутырскі раён), 4) Б. Жукоўскі (Прэсьненскі раён), 5) А. Усьціновіч (Гарадзкі раён), 6) П. Клыш (Прэсьненскі раён), 7) Н. Хрэнаў (Прэсьненскі раён), 8) З . Жылуновіч (Прэсьненскі раён), 9) З . Чарнушэвіч (фракцыя супрацоўнікаў Белнакому), 10) Я. Бампі (фракцыя супрацоўнікаў Белнакому), 11) І. Няцэцкі (Палескія чыгункі), 12) Я. Рыбак (галоўны тэлеграф) і 13) І. Савуніч (школа агіт. ЦІК). Старшынстваваў—П. Клыш, сакратарстваваў—З. Чарнушэвіч. Старшыня паведаміў сход аб мэтах, якія памусілі склікаць беларусаў-партыйцаў, т. т. Хрэнаў і Жылуновіч зрабілі даклады пра становішча ў окупаванай Беларусі.
У выніку нядоўгіх спрэчак і абгавораў пастаўленага пытаньня сход пастанавіў: „прызнаць канечна патрэбным заснаваньне Беларускай (Маскоўскай) сэкцыі Расійскай комуністычнай партыі (бальшавікоў), якой і зарэгістравацца ў адпаведным партыйным органе ў Маскве. Дзеля выкананьня тэхнічнай працы—рэгістрацыі сэкцыі, укладаньня статуту і інш.—абраць бюро сэкцыі з 5 чалавек, даручыўшы яму як мага хутчэй выканаць памянёнае заданьне і на бліжэйшым агульным сходзе сэкцыі зрабіць падрабязны даклад пра сваю працу і яе вынікі. Абраць членаў бюро закрытым галасаваньнем, праз паданьне запісак".
У бюро сэкцыі былі абраны т. т. Я. Ласун, І. Хрэнаў, З . Жылуновіч і А. Усьціновіч. За два тыдні была зроблена ўся праца па аформленьню сэкцыі і 14 лістапада Прэсьненскі раённы камітэт РКП прыслаў ёй мандат наступнага зьместу: „Згодна пастановы прэзыдыуму Прэсьненскага камітэту РКП (бальшавікоў) 14 лістапада 1918 г. маскоўская беларуская сэкцыя РКП (бальшавікоў) зацьверджана і ёй дазваляецца набыць пячатку. Гэта подпісамі і прыкладам пячаткі пасьвядчаецца. Сябра прэзыдыуму. Сакратар".
Гэткім чынам у гісторыі беларускага соцыялістычнага руху адчынілася новая памятная яго старонка. Значнасьць гэтага моманту была вялізарнай. Адразу праца камісарыяту набыла іншы, больш продукцыйны і эфэктоўны выгляд, аўтарытэт яго намнога ўзрос. З другога боку, сэкцыя пацягнула да сябе шмат каго з беларусаў-комуністых, якія чакалі магчымасьці ехаць на працу ў Беларусь. Заснаваньне беларускай маскоўскай сэкцыі РКП таксама памусіла шмат якіх беларусаў—рабочых і быўшых членаў іншых партый—увайсьці ў шэрагі РКП.
Праца сэкцыі навочна шырылася, захапляла пад свой уплыў рознастайныя моманты беларускага жыцьця ў РСФСР. Са сьнежня месяца газэта Беларускага нацыянальнага камісарыяту „Дзяньніца" зрабілася і органам сэкцыі. Тымчасам адбіліся падзеі, зьвязаныя са сканчэньнем сусьветнае вайны ў канцы кастрычніка і з выбухам нямецкае рэволюцыі (9 лістапада). Беларусь пасьля гадовае окупацыі далучалася да новага савецкага жыцьця.
Маскоўская беларуская сэкцыя РКП(б) ясна ўяўляла сабе, якія вялікія заданьні выплываюць з гэтага факту і становяцца перад ёю. Зараз-жа былі наладжаны зносіны з Менскам, шэраг таварышоў накіраваўся ў розныя гарады РСФСР, дзе меліся беларускія комуністычныя сэкцыі, каб з імі таксама наладзіць зносіны. Гэткія сэкцыі былі ў Казані, у Саратаве, у Казлове, у Тамбове і інш. Шырокім фронтам распачалася організацыя беларускіх комуністычных сіл і падрыхтоўка іх для працы ў Беларусі. Пэрспэктывы гэтае працы надавалі натхненьне сваёю вялікасьцю і гістарычнай значнасьцю. Усё выразьней выпуклялася ідэя агалашэньня Беларускае Савецкае Соцыялістычнае Рэспублікі. Ідэя гэтага насілася ў паветры ўжо пры заснаваньні Беларускага нацыянальнага камісарыяту. Дэклярацыя праў народаў і самы факт існаваньня народнага камісарыяту па нацыянальных справах былі першымі падвалінамі далейшае нацыянальнае політыкі комуністычнае партыі і савецкае ўлады. А Беларускі нацыянальны камісарыят зьявіўся першаю ячэйкаю беларускай савецкай дзяржаўнасьці. Гэта разумеў кожны комуністы-беларус, гэта стаяла ў парадку ажыцьцяўленьня заваёў Кастрычніка. Таму, вядома, неаднакроць і ў рознастайных формах варочалася да гэтага пытаньня пецярбурская беларуская сэкцыя РКП(б). Сходы матросаў і бежанцаў у Пецярбурзе і зьезд бежанцаў у Маскве выносілі пастановы пра канечнасьць абвяшчэньня Беларускай Савецкай Рэспублікі.
Маскоўская сэкцыя застала моцна ўзрушанай гэту думку і мусіла паставіць яе вырашэньне ў програму свае чыннасьці. На першым паседжаньні камітэту 27 лістапада 1918 году маскоўскай беларускай сэкцыі ў складзе 9 таварышоў—З . Жылуновіча, П. Клыша, З. Чарнушэвіча, А. Чарвякова, А. Дзедзі, І. Нацэцкага, Я. Дылы, І. Мазура і У. Фальскага, пасьля першага пытаньня пра выбары прэзыдыума[2], па другому пункту дня была вынесена наступная пастанова аб зьезьдзе сэкцый, які-б абгаварыў пытаньне пра заснаваньне Беларускай Савецкай Рэспублікі: „Дэлегаваць у Беларусь двох прадстаўнікоў сэкцыі—т. т. П. Клыша і Б. Майзеля, якім даручыць наладзіць сувязь з краёвым камітэтам і іншымі комуністычнымі організацыямі ў Беларусі і паведаміць іх пра скліканьне Усебеларускага зьезду прадстаўнікоў комуністычных організацый у Маскве. Апрача гэтага, дэлегаваць у Петраград т. т. З. Жылуновіча і А. Чарвякова, а ў Саратаў, Тамбоў і інш. гарады Расіі—т. А. Дзедзю, якім даручаецца таксама наладзіць зносіны з беларускімі комуністычнымі організацыямі, якія ёсьць у гэтых гарадох, і запрасіць іх прыняць удзел на вышэйпамянёным зьезьдзе". У дадатак да гэтае пастановы было вырашана склікаць на 8 сьнежня беларускі мітынг-протэст проці падзелу Беларусі. Гэткім чынам, сэкцыя хутка апанавала станам і асноўныя пытаньні беларускага жыцьця ўзяла пад сваю ахову і пад сваё кіраўніцтва з мэтаю іх разьвязаньня. Як відаць з пастановы камітэту, насьпеласьць гэтых пытаньняў была поўнай, калі яна вымусіла закрануць магчымасьць беларускага комуністычнага зьезду. На першым пасяджэньні камітэт сэкцыі, апрача асноўнага пытаньня пра скліканьне зьезду сэкцый, разгледзеў пытаньне пра формаваньне беларускіх вайсковых часьцей, але ніякае пастановы ня прыняў. З прынятых ім пастаноў на гэтым паседжаньні трэба адзначыць пастанову наконт рэорганізацыі Беларускага нацыянальнага камісарыяту. У ёй гаворыцца: „Каб выканаць пастанову агульнага сходу сэкцыі 24 лістапада адносна ўскладзенага на камітэт кіраўніцтва Беларускім нацыянальным камісарыятам і контролю над ім, пастанаўляецца: даручыць т. т. Фальскаму, Няцэцкаму і Клышу зьвярнуцца да Народнага камісарыяту па нацыянальных справах за растлумачэньнем з прычыны рэорганізацыі Белнакому і скарачэньня ў ім штатаў зрабіць пропозыцыю аб тым, каб замест кіраўнічага справамі Беларусскага нацыянальнага камісарыяту—была вызначана пасада камісара, каб пашырыць компэтэнцыю і правамоцнасьць Белнакому; увясьці ў яго колегію двох прадстаўнікоў ад сэкцыі, а менавіта—т. А. Чарвякова і т. І. Няцэцкага". Пастанова камітэту сэкцыі была хутка ажыцьцёўлена. У Народным камісарыяце па справах нацыянальнасьцяй згадзіліся на паданы проект рэорганізацыі Беларускага нацыянальнага камісарыяту. Больш таго, інформацыя Народнага камісара па нацыянальных справах т. І. Сталіна праз дэлегацыю з т. т. Я. Дылы, І. Няцэцкага і З. Чарнушэвіча выклікала шэраг новых пытаньняў, якія былі тут-жа падрабязна абгавораны. Паведамленьне пра гэту гутарку, зробленае на агульным сходзе маскоўскай сэкцыі 15 сьнежня т. т. Дылам, Чарнушэвічам і Няцэцкім, зрабіла вялікае ўражаньне на ўсіх яго ўдзельнікаў. Можна было бачыць, што праца камітэту сэкцыі па скліканьню зьезду беларускіх сэкцый зусім ня ўхіляецца ад агульнай політыкі партыі па нацыянальным пытаньні.
На гэтым-жа сходзе, пасьля заслуханьня дакладу Жылуновіча пра падрыхтоўчую працу да зьезду і пра тэрмін зьезду, сход сэкцыі абраў сваімі прадстаўнікамі на зьезд чатырох таварышоў: А. Чарвякова, Я. Дылу, І. Няцэцкага і Я. Рыбака. Адначасна з падрыхтоўкай зьезду Беларускіх комуністычных сэкцый у РСФСР ішла падрыхтоўка да чарговай конфэрэнцыі комуністычнай партыі поўночна-заходняй комуны ў Смаленску. Весткі пра гэта атрымліваліся ў камітэце маскоўскай беларускай сэкцыі праз газэты і ад таварышоў—членаў сэкцыі, як я накіроўваліся для вывучэньня стану ў вызваленай Беларусі. Сацыяльнага паведамленьня маскоўская сэкцыя са Смаленску ня мела, хоць яго чакалі з цікавасьцю. Нельга было згадзіцца з тым, каб на абласной конфэрэнцыі ў Смаленску не кранулі працы беларускіх сэкцый і не абгаварылі таксама пытаньне пра заснаваньне Беларускай Савецкай Рэспублікі. Уражаньне ад нядаўнае перад гэтым паездкі т. Я. Лагуна у Смаленск з мэтаю абгаварыць пытаньне пра перайменаваньне Заходняй комуны ў Беларускую комуну і адхіленьне пытаньня смаленскімі таварышамі не пазбаўляла надзей на тое, што гэта будзе зроблена. Таксама, па думках камітэту маскоўскай сэкцыі, не маглі перашкодзіць абгавору конфэрэнцыяй пытаньня пра Беларускую рэспубліку і многалікія выступленьні супроць гэтага некаторых віцебскіх і магілёўскіх таварышоў.
Нявыразнасьць і некаторая няшчырасьць адносін паміж Смаленскам і маскоўскай сэкцыяй не дазваляла апошняй зьвярнуцца з запрашэньнем на конфэрэнцыю сэкцыі смаленскіх таварышоў. Было ясна, што абедзьве конфэрэнцыі, і маскоўская, і смаленская, адбудуцца паасобна і бяз жаднай сувязі. Усё-ж камітэт маскоўскай сэкцыі дэлегаваў у Смаленск двох сваіх членаў—т. т. П. Клыша і 3 . Чарнушэвіча, каб так ці іначай выканаць справу коордынацыі працы зьездаў. На паседжаньні камітэту сэкцыі 18 сьнежня быў заслуханы даклад пра зьезд сэкцый і прачытаны тэле грамы ад т. Клыша са Смаленску. Камітэт вынес пастанову: „прыняць гэта да ведама, а таксама прыняць меры да хутчэйшай адпраўкі ў Менск магчыма большага ліку актыўных працаўнікоў. Пытаньне пра канфэрэнцыю ў Смаленску адкласьці да 20 сьнежня, тады і абгаварыць яго на конфэрэнцыі беларускіх комуністычных сэкцый".
Калі вырашаліся пытаньні пра суадносіны са Смаленскам,—што вельмі клапаціла камітэт маскоўскай сэкцыі,—на паседжаньні 18 сьнежня, дык абгаворвалася яшчэ адно цікавае для таго часу пытаньне за некалькі дзён да паседжаньня камітэту, які мусіў аформіць і наладзіць рознастайную працу ў зьвязку з конфэрэнцыяй сэкцый, што мелася быць, у Маскву раптам зьявіўся супрацоўнік пецярбурскага аддзяленьня камісарыяту Е. К. Зьявіўшыся да Жылуновіча, ён паінформаваў яго пра мэту свайго прыезду. Мэта была такая: Е. К. меўся пайсьці да т. т. Сталіна і Леніна, каб узяць у іх дазвол на скліканьне ў Менску Усебеларускага зьезду. У гэтых намерах Е. К. хавалася шытая белымі ніткамі думка: праз Усе беларускі зьезд працягнуць ідэі, якія год таму назад Беларускі краёвы камітэт пры Усерасійскім савеце сялянскіх дэпутатаў праводзіў на Ўсебеларускім конгрэсе. Камітэт сэкцыі зацікавіўся, на чым грунтуе Е. К. свае намеры і ад каго ён меўся-б гутарыць пра Ўсебеларускі зьезд. Пецярбурская сэкцыя бадай адначасна ўзьняла пытаньне аб зьезьдзе сэкцыі, і, бязумоўна, кіраўнікі яе ня ведалі аб намерах Е. К. Тут таілася адна магчымасьць—гэта змова Е. К. з кіраўніком пецярбурскага аддзяленьня Беларускага нацыянальнага камісарыяту т. Каўшылам, чалавекам з выразнымі авантурыстычнымі нахіламі. Якраз прышлі і весткі, што т. Каўшыла выехаў чагосьці на Беларусь. Камітэт маскоўскае бел. сэкцыі гэтак выказаўся пра вымудры Е. К.: „Заслухаўшы інформацьпо т. Жылуновіча аб прыезьдзе ў Маскву т. К. з місіяй т. т. Сталіна і Леніна наконт скліку Ўсебеларускага зьезду, камітэт маскоўскай беларускай сэкцыі РКП знаходзіць, што выказьнікам волі беларускіх працоўных гушчаў зьявіцца будучы Ўсебеларускі Зьезд Саветаў Рабочых, Сялянскіх і Чырвонаармейскіх Дэпутатаў, чаму дамаганьні т. К. лічыць злачынным сэпаратным выступленьнем... Даручыць Белнакому выклікаць т. Каўшылу ў Маскву дзеля высьвятленьня вынікаў яго паездкі ў Беларусь".
Гэта гістарычнае паседжаньне камітэту сэкцыі, як апошняе перад зьездам беларускіх сэкцый, вынесла таксама пастанову наконт формаваньня беларускай Чырвонай арміі. Пастанова казала: „наладзіць зносіны з вышэйшаю вайсковаю ўладаю, каб вырашыць пытаньне пра адкамандыраваньне інструктароў Чырвонай арміі беларусаў на Беларусь з мэтаю формаваньня Беларускай Чырвонай арміі; скласьці камісію з т. т. Чарвякова і Чарнушэвіча, якой даручыць высьветліць пытаньне пра магчымасьць формаваньня беларускіх часьцей у Заходняй дывізіі". Гэта пастанова ня мела канчатковага характару без прагляду гэтага важнага пытаньня зьездам беларускіх комуністычных сэкцый. Але, калі справа з формаваньнем беларускіх часьцей Чырвонае арміі ў Маскве яшчэ вырашалася, ў Пецярбурзе ў гэты час яна была ўжо вырашана. За некалькі дзён да конфэрэнцыі сэкцый з Пецярбургу надышла тэлеграма, у якой прапанавалася Белнакому прысылаць „беларускіх таварышоў у беларускі атрад, які ў Пецярбурзе дазволена формаваць". Тэлеграма была за подпісам загадчыка Пецярбурскага аддзяленьня Беларускага нацыянальнага камісарыяту т. Каўшылы. Само па сабе зразумела, што гэта пытаньне было пільнае.
* * *
Перад самым пачаткам конфэрэнцыі беларускіх комуністычных сэкцый тэрміновымі тэлеграмамі з Пецярбургу і Тамбова было затрымана яе адчыненьне. З абодвух гарадоў прасілі конфэрэнцыю адкласьці да першых дзён студзеня. Пецярбурскія таварышы намякалі на нейкія „непрадбачныя абставіны" і раілі „вясьці працу ў мясцох Беларусі". Тав. Дзедзя, пасланы камітэтам маскоўскай сэкцыі для наладжаньня зносін з іншагароднімі белсэкцыямі, мотываваў адклад тэрміновасьцю распачатай ім працы па зьбіраньню беларускіх комуністычных сіл. Пры іншых абставінах, магчыма, трэба было-б зьвярнуць увагу на просьбы таварышоў пра адклад конфэрэнцыі, але тады ўжо гэтага зрабіць нельга было. Падзеі ўпарта вымагалі правасьці конфэрэнцыю, каб не апярэдзіць сабою чыннасьці беларускіх сэкцый. І ў Тамбоў, і ў Пецярбург далі адказы, што конфэрэнцыя абавязкова павінна быць адчынена 20 сьнежня. Спатрэбіўся, аднак, цэлы дзень, каб абгаварыць справу з тэлеграмамі, і конфэрэнцыя адчынілася 21 сьнежня 1918 г. на Гранатным завулку, 24, у памяшканьні Белнакому.
На першае паседжаньне зьявілася семнаццаць чалавек ад пяці бела рускіх комуністычных сэкцыі РКП: ад маскоўскае—З. Жылуновіч, І. Няцэцкі, А. Чарвякоў, Я. Дыла, З. Чарнушэвіч, Я. Блізьнюк і Я. Рыбак; ад пецярбурскае—А. Усьціновіч, Ю. Памецка, А. Макарэвіч і Ф . Балбека; ад саратаўскае—Б. Бяганскі, А. Баркоўскі і А. Пратакоўскі; ад тамбоўскае—М. Драка-Дракон і В. Ханін і ад менскае— Э. Русецкі[3]. Паседжаньне адчыніў старшыня камітэту маскоўскае сэкцыі З. Жылуновіч а шостай гадзіне ўвечары. Перш былі заслуханы прывітальныя тэлеграмы з Менску і з Пецярбургу. Пасьля конфэрэнцыя абрала прэзыдыум у складзе: старшыні—Жылуновіча, таварыша старшыні—Усьціновіча, сакратароў—Блізьнюка і Чарнушэвіча. Пасьля абраньня прэзыдыуму конфэрэнцыя пастанавіла паслаць наступнага зьместу прывітальныя тэлеграмы: тав. Леніну—„Першая конфэрэнцыя беларускіх сэкцый РКП (бальшавікоў) пасылае вам, дарагі таварыш Уладзімер Ільліч, сваё гарачае прывітаньне, як натхненнаму правадыру пролетарыяту ўсіх краін і ўсіх нацый да сьветлага ідэалу інтэрнацыянальнага соцыялізму"; тав. Сталіну—„Першая конфэрэнцыя беларускіх сэкцый РКП(б) вітае вас, як шчырага спаборніка канечнай патрэбы вырашыць нацыянальнае пытаньне з клясавага пункту гледжаньня і як адданага рэволюцыянэра і змаганьніка за інтарэсы пролетарыяту і бяднейшага сялянства ўсіх краін і ўсіх нацыянальнасьцям Конфэрэнцыя мае надзеі, што пры вашым аўтарытэтным падтрыманьні работніцка-сялянская Беларусь зойме належнае месца ў Савецкай Соцыялістычнай Фэдэрацыі"; Усерасійскаму Цэнтральнаму Выканаўчаму Камітэту—„Першая конфэрэнцыя РКП(б) вітае ВЦІК, як вышэйшы орган работніцка-сялянскай улады фэдэрацыйнай савецкай рэспублікі, які няўхільна і цьвёрда праводзіць у жыцьцё ідэю інтэрнацыянальнага соцыялізму. Конфэрэнцыя мае надзею, што ВЦІК, праводзячы ў жыцьцё прынцыпы фэдэрацыйнага соцыялістычнага будаў ніцтва, ажыцьцёвіць ідэю стварэньня Савецкае Беларусі"; Вышэйшаму ваенна-рэволюцыйнаму савету рэспублікі—„У асобе Вышэйшага ваенна-рэволюцыйнага савету рэспублікі першая конфэрэнцыя беларускіх сэкцый РКП(б) вітае героічных Чырвоную армію і Чырвоны флёт, якія мужна і самааддана змагаюцца за ідэалы вялікае сусьветнае соцыяльнае рэволюцыі супроць нападаючых на яе міжнароднай буржуазіі і капіталу. Конфэрэнцыя ўшаноўвае памяць таварышоў, загінуўшых у гэтым пачэсным змаганьні, і спадзяецца, што Чырвоная армія, у шэрагах якое не апошняе месца займаюць сыны працоўнае Беларусі, здолее абараніць яе ад драпежніцкага захопу міжнароднай контр-рэволюцыйнай буржуазіяй".
Ухваліўшы і прыняўшы паданыя тэксты тэлеграм, конфэрэнцыя заслухала і прыняла наступную павестку дня, апрацаваную ініцыятыўным Бюро па яе скліканьню: 1) Інформацыя камітэту маскоўскай бела рускай сэкцыі РКП(б) і агляд політычнай працы комуністых на мясцох. 2) Нацыянальнае пытаньне. 3) Сучаснае політычнае становішча на Беларусі і ўзаемаадносіны паміж політычнымі партыямі. 4) Стварэньне работніцка-сялянскага ўраду на Беларусі. 5) Задачы, што стаяць перад беларусамі-комуністымі: а) стварэньне аб'яднанага бюро; б) рэорганізацыя Беларускага нацыянальнага камітэту; в) выданьне партыйнага органу; г) агітацыйна-політычная і організацыйная праца (беларуская Чырвоная армія, вясковыя комуны, культурна-асьветная праца, сродкі, выпраўка на месцы і інструкцыя ад'яджаючым, адозва да беларускага народу і беларускіх комуністых). 6) Мобілізацыя беларусаў-комуністых. 7) Бягучыя справы. Тут-жа, усьведамляючы ўсю важнасьць конфэрэнцыі, было пастаноўлена „запісваць у протокол паседжаньняў па магчымасьці ўсё і прамоўцаў не абмяжоўваць часам".
Першае пытаньне павесткі для конфэрэнцыі заняло амаль ня ўсё першае паседжаньне. Па ім выказвалася звыш дзесяці таварышоў, яны ў сваіх прамовах шырока высьветлілі зробленую сэкцыямі працу і стан гэтых сэкцый. Згодна гэтых прамоў праца беларускіх сэкцый нечакана выявілася перад конфэрэнцыяй у выглядзе шырока-разгорнутай, плённай па сваіх выніках чыннасьці. Так, маскоўская сэкцыя выканала працу па ўсталяваньні і паглыбленьні чыннасьці Белнакому, пераслала ў Менск для работы ў вызваленай Беларусі да пятнаццаці адказных таварышоў, наладзіла некалькі агульна-беларускіх мітынгаў у Маскве, распачала культурна-асьветную работу; з часу заснаваньня сэкцыі офіцыяльны орган Белнакому „Дзяньніца" зрабіўся і органам сэкцыі. Пецярбурская сэкцыя, як далажыў яе дэлегат т. Усьціновіч, заснавалася з левага крыла Беларускай соцыялістычнай грамады; спачатку яна была невялікай па асабоваму складу, але хутка вырасла і набыла сілу і аўтарытэт сярод беларускіх рабочых Пецярбургу. Сэкцыя выканала заданьне ў справе організацыі Беларускага нацыянальнага камісарыяту і пасьля яго—пецярбурскага аддзяленьня, організавала баявы атрад, перадавы пад загад Пецярбурскай надзвычайнай камісіі, адчыніла школы першае і другое ступені з лікам вучняў да 200 ч., паслала шэраг таварышоў для працы ў Беларусь, вяла старанную агітацыйна-організацыйную працу сярод беларусаў-матросаў і беларусаў бежанцаў. Саратаўская сэкцыя, паводле слоў яе дэлегатаў—т. т. Пратакоўскага і Бяганскага, зорганізаваная 23 верасьня, пад час конфэрэнцыі мела ў сваім складзе 30 партыйцаў-беларусаў і 32 спачуваючых. Сэкцыя адчыніла клюб, наладзіла б мітынгаў беларусаў-бежанцаў, зрабіла шмат выездаў у суседнія гарады. „Сэкцыя карыстаецца харошымі адносінамі да яе і ўвагай". У тамбоўскай сэкцыі зорганізавана да 60 комуністых-беларусаў і да 100 спачуваючых. У шмат якіх установах Тамбова беларусы-комуністыя займаюць адказныя пасады; а ў часе белагвардзейскага паўстаньня асноўнае заданьне ў справе яго зьніштажэньня выканалі беларусы-комуністыя.
Шырокім фронтам накіравана праца і ў менскай сэкцыі, якая шмат зрабіла ў справе організацыі савецкага апарату пасьля выхаду немцаў і ў справе наладжаньня беларускага культурнага жыцьця.
Падагуленыя перад конфэрэнцыяй вынікі працы сэкцый станавілі сабою значны ўклад у скарбніцу рэволюцыйнага змаганьня і соцыялістычнага будаўніцтва. Абапіраючыся на праробленую сэкцыямі працу, можна было спадзявацца на добрую будучыню. Конфэрэнцыя аднагалосна прыняла наступную рэзолюцыю па першым пытаньні павесткі дня: „Са здавальненьнем заслухаўшы даклады з месц пра выключную рэволюцыйна-комуністычную ролю, якую адыгралі і адыгрываюць беларусы-комуністыя ў Вялікай Расійскай Рэволюцыі ў шмат якіх мясцох Расіі, і прымаючы пад увагу адказны момант у жыцьці Беларусі, які абавязвае беларусаў-комуністых прыняць самы чынны ўдзел у стварэньні Савецкае Беларусі, конфэрэнцыя пастанаўляе: 1) вясьці далей організацыйную працу ў справе стварэньня беларускіх сэкцый, карысьць існаваньня якіх ужо выявілася; 2) беларускія сэкцыі павінны, не парушаючы адзінай рэволюцыйнай чыннасьці, вылучыць зараз-жа магчымы максымум комуністых-працаўнікоў для адпраўкі іх у Беларусь, і гэту сваю работу—забесьпячэньня Беларусі падрыхтаванымі працаўнікамі—вясьці і далей; 3) усе беларускія сэкцыі, у справе аб'яднаньня свае работы, павінны трымаць самую цесную сувязь з тым сваім цэнтрам, які абярэ конфэрэнцыя; 4) сродкі, патрэбныя на організацыйную работу і інш., сэкцыі могуць атрымаць часткаю ад мясцовых камітэтаў РКП(б), часткаю-ж ад свайго цэнтру".
* * *
Нацыянальнае пытаньне на конфэрэнцыі беларускіх сэкцый РКП(б) абгаворвалася, галоўным чынам, з тэорытычнага пункту гледжаньня. Вострасьць і складаньне яго часта блыталі асобных таварышоў-партыйцаў у іх поглядах на вырашэньне гэтага пытаньня. Глыбокія ўзрушэньні соцыяльна-клясавых суадносін і бліскучасьць пэрспэктыў сусьветнай рэволюцыі, зразумела, не гадзілася ў іх воку з буднямі вырашэньня нацыянальных проблем. Апошнія, у кожным разе, маглі пачакаць са сваім вырашэньнем. Сапраўды-ж, разьвіцьцё рэволюцыйных падзей пад канец 1918 году вельмі шчыльна стыкнулася з патрэбаю разьвязаньня нацыянальнага пытаньня. Буржуазія і соцыял-згоднікі паасобных нацый (Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі і Беларусі ў тым ліку) жонглявалі перад працоўнымі гушчамі на нацыянальным пачуцьці. Прадажніцкія ноты вільсонаўскай дэклярацыі пра самавызначэньне нацый таілі ў сабе імпэрыялістычна-буржуазныя намеры і ўзброенае падтрыманьне нацыянальна-буржуазным вызваленцам прыгнечаных нацый.
У будаўніцтве вызваленай Беларусі, як і на Украіне, у Літве і інш., павінны былі вынікнуць сур'ёзныя перашкоды ў галіне нацыянальных пытаньняў. Ад правільнага вырашэньня гэтых пытаньняў залежалі посьпехі савецкае ўлады. Гэта ясна ўяўляла’сабе конфэрэнцыя, калі паставіла на абгавор асобным пунктам павесткі дня нацыянальнае пытаньне. У доўгіх і жвавых спрэчках, часта набываўшых выгляд заядлых сварак, адбыўся канчатак першага паседжаньня конфэрэнцыі і пачатак другога. Нарэшце, калі ўсе жадаўшыя таварышы выказаліся, пастанавілі вынікі спрэчак па нацыянальным пытаньні, па пытаньні аб сучасным політычным становішчы на Беларусі і па пытаньні стварэньня рабоча-сялянскага ўраду на Беларусі, абагульніць у аднэй рэзолюцыі. І гэта пастанова конфэрэнцыі, бязумоўна, была правільнай, бо фактычна пункт „нацыянальнае пытаньне", узятае ў разрэзе яго навуковага разуменьня, кожны прамоўца пераносіў з узвышша тэорытычнага ўгрунтаваньня да непасрэднага практычнага прыстасаваньня яго ва ўмовах Беларусі. Ад гэткага ці іншага разьвязаньня конфэрэнцыяй гэтага пытаньня залежала пастаноўка, абгавор і вырашэньне пункту павесткі дня пра стварэньне рабоча-сялянскага ўраду на Беларусі. Пытаньне-ж—„політычнае становішча на Беларусі і ўзаемаадносіны паміж політычнымі партыямі" мала ўплывала на абодва папярэднія пытаньні паасобку і ў іх лёгічна-натуральнай сувязі. З аднаго боку, прычына гэтаму ў тым, што ўдзельнікі конфэрэнцыі, ня гледзячы на інформацыю прыехаўшых з Менску таварышоў, слаба ведалі сапраўднае становішча па Беларусі; з другога боку, з інформацый нішто ня сьведчыла аб тым, што пытаньне пра ўрад павінна ставіцца рубам. Трэба адзначыць, што пытаньне пра стварэньне ўраду на Беларусі стаяла ў асяродку ўвагі конфэрэнцыі, і першыя пытаньні былі пролёгам да яго. Ясна, што абгавор гэтага пытаньня даў аснову рэзолюцыі, хоць сам па сабе ён цягнуўся вельмі нядоўга і запіс абгавору ў протоколе займае менш месца, чым рэзолюцыя.
З прычыны асаблівай значнасьці пытаньня і формы яго разгляду мы падаем тут яго поўны запісаны тады зьмест. Пасяджэньне аднавілася ў 6 гадзін увечары 22 сьнежня пры тых самых удзельніках конфэрэнцыі. Стаіць пытаньне пра стварэньне рабоча-сялянскага ўраду на Беларусі. Тав. Усьціновіч тлумачыць, што пытаньне пра стварэньне рабоча-сялянскага ўраду на Беларусі пастаўлена на павестку дня конфэрэнцыі ў выніку перамаўленьняў тав. Каўшылы з прадстаўнікамі Абліскамзапу[4]. Тав. Дыла выказвае думку, што наша конфэрэнцыя не правамоцна канчаткова вырашыць гэта пытаньне. Але, лічачыся з сучасным політычным становішчам Беларусі, нам, канечна, трэба перакінуць на Беларусь свае сілы і там падрыхтаваць думку працоўных гушчаў згодна з пажаданьнямі сэкцый. Тав. Балбека лічыць патрэбным выказаць папярэднюю прынцыповую думку пра гэта пытаньне на цяперашняй конфэрэнцыі, бо на месцы зараз пытаньне гэта стаіць вельмі востра. Тав. Бяганскі выказваецца за тое, каб конфэрэнцыя выказала сваю прынцыповую думку аб гэтым пытаньні: ці патрэбна стварэньне ўлады на Беларусі і якой менавіта, і потым вызначыць шляхі да організацыі работніцка-сялянскага ўраду на Беларусі. Тав. Жылуновіч кажа, што няма патрэбы даводзіць канечнасьці стварэньня рабоча-сялянскага ўраду на Беларусі. Мы павінны паслаць туды свае сілы і стварыць там належную атмосфэру да скліканьня зьезду. Тав. Няцэцкі, як на вельмі важны факт, паказвае на адносіны міжнароднага саюзнага імпэрыялізму да гэтага пытаньня. І з гэтага боку стварэньне рабоча-сялянскага ўраду на Беларусі зьяўляецца вельмі важным козырам у руках савецкае ўлады. У даны момант мы ня можам гаварыць аб гэтым у рашучых тонах, знаходзячыся тут. Нам трэба вызначыць програму нашай чыннасьці. Нам трэба на месцы зорганізаваць масы пад нашым комуністычным сьцягам і стварыць магчымасьць скліканьня Усебеларускага зьезду, які і зьявіцца выказьнікам волі народнай у адносінах да стварэньня ўраду, і таму нам трэба кінуць туды ўсе свае сілы. Падана і прынята пропозыцыя аб тым, каб спыніць спрэчкі па гэтым пытаньні. Аднагалосна прынята наступная рэзолюцыя[5]: „Сучаснае становішча Беларусі—выключна складанае і адказнае. Створаныя нямецкім броняваным кулаком і імпэрыялістычнай Антантай дзяржавы Польшчы, Літвы і Украіны, на чале з прадстаўнікамі буйнае буржуазіі і нацыянал-шовіністых, з першых-жа дзён свайго існаваньня выяўляюць імкненьне да імпэрыялістычнага захопу і прыгнечаньня суседніх з імі народаў, у тым ліку і Беларусі. Нямецкая окупацыя зусім разбурыла Беларусь у экономічных адносінах і, імкнучыся дарэшты зьнішчыць рэволюцыйны настрой рабочых і сялянскіх гушчаў, нячувана жорсткімі рэпрэсіямі душыла кожную праяву самачыннасьці і спробы беларускага народу да вызваленьня з-пад ярма прыгоньнікаў; карыстаючыся на сваім крывавым шляху дружным падтрыманьнем духавенства, памешчыкаў, капіталістых і ўсіх выглядаў іхных паслугачых—да соцыял-згоднікаў уключна,—уся гэта зграя намагалася затуманіць рабочых і сялян рознымі хлусьлівымі, абмоўнымі нападамі на Расійскую соцыялістычную рэволюцыю, старалася заглушыць іх клясавую сьвядомасьць і пераняць ненавісьць да іх адвечных ворагаў-капіталістых,—каб гэткім чынам калі і ня зусім абмінуць, дык адцягнуць на магчыма доўгі час канец іх неабмежаванага панаваньня і глуму над рабочымі гушчамі. Але, ня гледзячы на самае жорсткае зьнішчэньне ўсякага рэволюцыйнага руху сярод беларускага пролетарыяту і сялянства, рэволюцыйны дух у іх не забіты, а, наадварот, яшчэ болей рэволюцыянізаваў іх. З прычыны дзевяцімесячнай вакханаліі на Беларусі нямецкага броняванага кулака, які часткаю зьнішчыў і адправіў у нямецкія вастрогі, часткаю прымусіў эміграваць у Расійскую соцыялістычную рэспубліку лепшых правадыроў беларускага пролетарыяту і вясковай беднаты, цяпер зусім мала засталося на мясцох сьвядомых і дасканала падрыхтаваных да соцыялістычнага будаўніцтва працаўнікоў. Тыя, што засталіся там, — легальныя прадстаўнікі соцыял-згодніцкіх нацыянал-шовіністычных партый,—стараюцца як мага выкарыстаць спагаднае для іх пакуль становішча. Але вядома, што паны-згоднікі, якія ўжываюцца з нямецкім імпэрыялізмам, калі сусьветная гісторыя зробіць паварот, вельмі лёгка могуць зьмяніць нямецкую орыентацыю на орыентацыю амэрыка-ангельска-францускую з тым, каб зноў прадаць справу соцыяльнае рэволюцыі на Беларусі ў рукі літоўскіх і польскіх паноў, капіталістых і клерыкальнага духавен ства. Усе гэтыя паказальныя факты ўладна вымагаюць стварэньня, у шчыльнейшым контакце з вялікаю Расійскаю соцыялістычнаю фэдэрацыйнаю рэспублікаю, моцнага Беларускага рабоча-сялянскага ўраду, выяўніка волі беларускае беднаты. Трэба, каб гэты ўрад мог з прыязнай дапамогай Расійскай соцыялістычнай рэволюцыі абараніць беларускую беднату ад сусьветнай контр-рэволюцыі, якая пасуваецца ў выглядзе вызваліцелькі нацыянальнасьцям ад „запрыгоненьня іх расійскім бальшавізмам" і іх самавызначэньня, каб гэты ўрад даў магчымасьць і беларускаму пролетарыяту зрабіць свой уклад на карысьць насьпяваючай сусьветнай соцыяльнай рэволюцыі".
* * *
Пры разглядзе пятага пункту павесткі дня конфэрэнцыя найбольшую ўвагу зьвярнула на тры пытаньні, гэта: 1) рэорганізацыя Беларускага нацыянальнага камісарыяту; 2) стварэньне беларускай Чырвонай арміі і 3) пытаньне пра сельскія комуны. Кожнае з памянёных пытаньняў вымагала падрабязнага абгавору і ўсебаковага вывучэньня; па кожным з іх выказваўся шэраг таварышоў-удзельнікаў конфэрэнцыі. У выніку абга вору, забраўшага шмат часу ад конфэрэнцыі, былі вынесены наступныя пастановы: 1) па рэорганізацыі Беларускага нацыянальнага камісарыяту: „Прызнаць існаваньне Беларускага нацыянальнага камісарыяту канечна патрэбным і зрабіць яго рэорганізацыю ў сэнсе замены некаторых яго кіраўнікоў новымі, больш чыннымі супрацоўнікамі"[6]; 2) па пытаньні стварэньня беларускай Чырвонай арміі: „Прымаючы пад увагу выключна адказнае міжнароднае становішча, у якім знаходзіцца цяпер вызваленая Беларусь, конфэрэнцыя лічыць канечна патрэбным стварыць беларускія палкі Чырвонае арміі, ганаровай і адказнай задачаю якіх будзе абарона Беларусі, як аднаго з форпостаў Вялікае Расійскае Соцыялістычнае Рэволюцыі ў змаганьні апошняй з сусьветным імпэрыялізмам.
Каб практычна вырашыць гэтае пытаньне, конфэрзнцыя пастанаўляе: даручыць абранаму цэнтральнаму Бюро беларускіх комўністычных сэкцый усё кіраўніцтва і дбаньне пра формаваньне беларускіх чырвоных палкоў; з гэтаю мэтаю сэкцыям на мясцох увайсьці ў патрэбны контакт з вайсковаю савецкаю ўладаю і пачаць неадкладна вярбоўку чырвонаармейцаў ды далейшую патрэбную організацыйную працу.
Політычным камісарам беларускага палка пры Заходняй стралковай дывізіі, які пачаў ужо формавацца ў Маскве, назначыць т. М. Драка-Дракона, назваўшы полк „Полацкім". Папаўненьне людзьмі гэтага палка перадаць беларускім комуністычным сэкцыям тых гарадоў Савецкай Расіі, дзе ёсьць многа беларусаў-бежанцаў.
Сформаваны ў Пецярбургу самаахвотніцкі атрад беларусаў-комуністых выправіць у Менск, дзе ён будзе добрым комуністычным асяродкам для беларускіх палкоў, формаваньне якіх там пачнецца.
Конфэрэнцыя ўпэўнена ў тым, што ў бліжэйшыя месяцы маладая беларуская Чырвоная армія, побач са старымі славутымі латыскімі і іншымі чырвонаармейскімі палкамі, зьявіцца перадавым змаганьнікам і абаронцам соцыяльнае рэволюцыі"; 3) па пытаньні будаўніцтва сельскіх комун: „Бачачы ў сельска-гаспадарчых вытворчых комунах, апроч усіх іншых бакоў іх вартасьці, яшчэ і новую форму комуністычнага будаўніцтва жыцьця, а таксама лічачы грамадзкае карыстаньне зямлёю, пераходам да комун, конфэрзнцыя прызнае асаблівую каштоўнасьць будаўніцтва комун і працу ў кірунку аформленьня грамадзкага зямлякарыстаньня ў беларускай вёсцы і заклікае ўсіх партыйных працаўнікоў, апроч агульна-політычнай і культурна-асьветнай работы, побач распачаць у вёсцы і працу для будаўніцтва комун. На беларускія бежанскія гушчы, якія цяпер пазбаўлены магчымасьці аднаўляць сваю падворную гаспадарку, павінна быць зьвернута асаблівая організацыйная ўвага з боку Беларускай савецкай улады ў сэнсе пераводу іх да комунальнае абагульненае гаспадаркі. Наяўнасьць у краіне маёнткаў з шырокім ужываньнем парабкоўскае працы надае ўпэўненасьці ў тым, што комуны будуць найлепшаю формаю зямлякарыстаньня і для сельскага безьзямельнага пролетарыяту.
Разам з тым конфэрэнцыя выказваецца за выкарыстаньне вялікіх панскіх маёнткаў пад буйныя савецкія гаспадаркі, як гаспадаркі ўзорныя, што вытвараюць максымум сельскагаспадарчых продуктаў. Гэта дазволіць савецкай уладзе з большым посьпехам вырашыць харчовае пытаньне, разбураючага ўплыву якога так упэўнена чакаюць ворагі рабоча-сялянскай улады".
* * *
Апроч паданых у нашым нарысе важнейшых пастаноў і рэзолюцый, конфэрэнцыя прыняла яшчэ шэраг рэзолюцый па іншых пытаньнях, якія яна абгаворвала. Так, трэба адзначыць пастановы аб культурна-асьвет най рабоце, аб агітацыйна-політычнай і організацыйнай рабоце і сродках для яе, аб мобілізацыі комуністых-беларусаў, аб органе бюро сэкцыі і інш. Таксама конфэрэнцыя прыняла адозву да „Беларускага народу"[7].
Бягучымі справамі конфэрэнцыя заняла сваё апошняе пасяджэньне 23 сьнежня. Бягучыя справы ахапілі сабою інформацыю т. Лагуна пра становішча каля Баранавіцкага раёну, куды ён накіроўваўся Белнакомам, інформацыю т. Клыша пра работу і яе ўмовы ў Менску і выбары цэнтральнага бюро сэкцый. Абраньне бюро стаяла апошнім. Праз галасаваньне запіскамі абраны былі ў цэнтральнае бюро беларускіх сэкцый РКП(б) наступныя таварышы: З. Жылуновіч, Ф. Балбека, А. Чарвякоў, І. Няцэцкі, М. Дракон і Я. Дыла. Цэнтральнаму бюро было даручана склікаць Усебеларускі зьезд комуністычных сэкцый пасьля партыйнай конфэрэнцыі ў Смаленску, назначанай на 27 сьнежня. Якраз у часе выбараў бюро маскоўская сэкцыя атрымала тэлеграму са Смаленску за подпісам сакратара Абласнога камітэту РКП(б) т. Кнорына з запрашэньнем прыслаць прадстаўнікоў на памянёную конфэрэнцыю ў Смаленску. Пасьля абгавору конфэрэнцыя вылучыла з свайго складу дэлегатамі ў Смаленск трох таварышоў: П. Клыша, В. Ханіна і Я. Лагуна. Заключнай прамовай старшыні конфэрэнцыя была зачынена а палове першай гадзіны ўночы. Удзельнікі конфэрэнцыі з уздымам і натхненьнем прасьпявалі перш Інтэрнацыянал, а пасьля беларускую марсэльезу.
* * *
Хутка пасьля конфэрэнцыі беларускіх сэкцый РКП(б) абранае ёю цэнтральнае бюро накіравала да тав. Сталіна некалькіх членаў бюро для інформацыі пра пастановы і працу конфэрэнцыі. Таксама протокол работ і пастаноў быў разасланы вышэйшым партыйным установам.
Такім чынам, конфэрэнцыя, прарабіўшы вялікую і складаную працу ў сэнсе організацыйнага аформленьня сэкцыйнай чыннасьці і ў справе вызначэньня гэтай чаннасьці ў будучы час, станавіла перад беларускімі сэкцыямі адпаведныя задачы. Настрой удзельнікаў конфэрэнцыі і захапленьне ў вырашэньні абгавораных пытаньняў—сьведчылі аб разьвіцьці работы і аб яе посьпеху. З вераю ў гэта разьяжджаліся таварышы на месцы. Але частка іх не пасьпела яшчэ пакінуць Масквы, як важнейшае пытаньне конфэрэнцыі—стварэньне беларускага рабоча-сялянскага ўраду—было вырашана. Дзякуючы гэтаму частка членаў цэнтральнага бюро сэкцый з прычыны таго, што яны ўваходзілі ў склад ураду, мусіла выехаць у Беларусь. З прычыны гэтага характар і размах работы абранага Бюро сэкцый і сэкцый на далей набыў крыху іншы кірунак.
Зноскі
[правіць]- ↑ Гл. артыкул Ж. З. Х. „Ад кастрычніка 1917 г. да лютага 1918 г." „Полымя" № 1 (9) за 1924 г.
- ↑ У прэзыдыум сэкцыі былі абраны: старшынёй—З. Жылуновіч, тав. старшыні—П. Клыш, Сакратаром—З. Чарнушэвіч, другім сакратаром—А. Дзедзя і скарбнікам—Я. Дыла.
- ↑ Да гэтых таварышоў пазьней далучыліся яшчэ два прадстаўнікі ад невельскага павятовага камітэту РКП—т. т. Бейлін і Волкаў і адзін прадстаўнік ад менскай белсэкцыі—Клыш. Такім чынам, усяго на конфэрэнцыі было са станоўчым голасам 20 ч. ад шасьці організацый.
- ↑ Абласны камітэт Заходняй вобласьці, у якую ўваходзіла Беларусь са Смаленскай губэрняй.
- ↑ У протоколе запісана „Рэзолюцыя, прынятая першай конфэрэнцыяй беларускіх комуністычных сэкцый па нацыянальным пытаньні, аб політычным становішчы Беларусі і ўзаемаадносінах паміж політычнымі партыямі, а таксама пра пытаньне аб стварэньні на Беларусі рабоча-сялянскага ўраду".
- ↑ У выніку пастановы была замена камісара Белнакому Т. Лагуна з прычыны яго доўгай адсутнасьці ў камандыроўцы—т. Жылуновічам і сакратара Белнакому т. Чарнушэвіча згодна яго просьбы—т. Мазурам і шэраг іншых зьмен.
- ↑ Адозва гэта надрукавана ў № 1 (45) „Дзяньніцы", у органе Народнага камісарыяту па нацыянальных справах „Жизнь национальностей" і ў шэрагу іншых газэт.