Перайсці да зместу

Беларускія месты ў гістарычнай літаратуры

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларускія месты ў гістарычнай літаратуры
Артыкул
Аўтар: Васіль Дружчыц
1927

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гісторыя мест Беларусі ня можа пахваліцца багацьцем сваёй літаратуры, як монографічнай, так і агульнай. У той час як іншыя бакі жыцьця Беларусі, як гаспадарка, соцыяльная структура грамадзянства, політычны лад, хаця-б у пэрыод самастойнага існаваньня Літоўскага княства да Люблінскай уніі больш-менш распрацаваны ў працах проф. Антановіча, М. В. Доўнар-Запольскага, М. К. Любаўскага, І. І. Лаппо, У. І. Пічэты і многіх іншых дасьледчыкаў,—беларускія месты ня маюць такіх грунтоўных твораў. Тым ня меней, вывучэньне гісторыі мест Беларусі ўжо распачата і яму ўдзелены некаторыя досьледы як агульнага, так і монографічнага характару ў расійскай, польскай, украінскай і, часткаю, у нямецкай гістарычнай літаратуры.

Ужо І. Ярашэвіч у ІІ томе сваёй працы „Obraz Litwy“[1] дае кароткі нарыс мест Літвы і Беларусі з майдэборскім правам, азначае існаваньне хэлмскага права ў некаторых местах, і коратка характарызуе організацыю кіраўніцтва мест з майдэборскім правам.

Азнаямленьне з палажэньнем мест на нямецкім праве прыводзіць яго да вываду, што пашырэньне муніцыпальных парадкаў па нямецкім узоры, дзякуючы чаму мяшчане атрымалі пэрсональныя вольнасьці і былі забясьпечаны ад шкоднага ўплыву ваявод, стараст і магнатаў-зямляўласьнікаў, было карысным ня толькі з погляду мест, але і ўсяго краю. Дзякуючы абароне вольнасьці ўзрастала насельніцтва старых мест праз пасяленьне ў іх краёвых і чужаземных насельнікаў. Пад штандарам свабоды ахвотна закладаліся новыя асады мест, галоўным чынам, у часы абодвых Жыгімонтаў, калі Літва, з невялікімі перарывамі, доўга карысталася спакойнымі ад вайны часамі. Па думцы І. Ярашэвіча, прамысловыя прышэльцы, забясьпечаныя асабістаю свабодаю і свабодаю вызнаньня, узбуджалі і ў тубыльцах большую, ніж гэта было да іх прыходу, ахвоту да гандлю, мастацтва і рамяства. Праз разьвіцьцё прамысловасьці і рамяства ўзрастала заможнасьць краіны, што мусіла мець спагадны ўплыў на агульнае разьвіцьцё індустрыі ў розных галінах краёвае экономікі, а тым самым і на прогрэс культуры. Пашырэньне нямецкага права і наданьне яго толькі местам не парадзіла ў Літве такіх скуткаў, якія выявіліся ў Польшчы, дзе шырокае наданьне нямецкага права нават вясковым асадам з звальненьнем іх ад дзяржаўных павіннасьцям і падаткаў, зрабіла ня мала шкоды для дзяржаўнае ўлады і даходаў скарбу.

Першаю працай у расійскай мове, якая ўвогуле ахапляе гісторыю ўсіх мест Беларусі, разам з гісторыяй мест Польшчы і Украіны, зьяўляецца праца гісторыка-юрыстага Ўладзімерскага-Буданава пад назвай: „Немецкое право в Польше и Литве. Сочинение Владимирского-Буданова. С.-Петербург, 1868.“

Проф. Уладзімерскі-Буданаў з свайго погляду высьвятляе сутнасьць нямецкага права і сфэру яго тэрытарыяльнага пашырэньня, закранае пахаджэньне нямецкага меснага права, дае нарыс мест да дараваньня майдэборскага права, вызначае правы мест на аснове майдэборскага права, апісвае мескія ўстановы і, нарэшце, дае гісторыю грамадзкай організацыі мест Украіны з канца XVII сталецьця.

Асноўны выходны пункт погляду Уладзімерскага-Буданава—гэта палажэньне, што асноўнаю прычынаю заняпаду мест „юго-западного края“ была ўласна самая іх організацыя, гэта значыць, нямецкае майдэборскае права[2]. Нямецкае права Уладзімерскі-Буданаў лічыць асноўным злом для славянскіх зямель; яно, па яго думцы, адарвала места ад „земства", гэта значыць, вёску з яе насельніцтвам, і было асноўнай прычынай утварэньня станаў і разбурэньня адзінства грамадзянства, якое існавала да часу зьяўленьня нямецкага права. Па думцы Уладзімерскага-Буданава, станы насельніцтва, як баяры, мяшчане, гарадзкія дваране і чорныя людзі, хаця існуюць і да ўвядзеньня нямецкага права, але паміж іх існуе толькі фактычная розьніца, а ня юрыдычная. Імкненьне баярства выдзеліцца ад усёй масы насельніцтва зьяўляецца толькі ў той час, калі праз шляхецкія прывілеі ў Польшчы і Літве сталі пашырацца заходня-эўропейскія пагляды. Баяры-шляхта, напрыклад, імкнуцца вызваліцца ад агульна-мескіх падаткаў, але гэта ім не ўдаецца да таго часу, пакуль дараваньне майдэборскага права не выдзяляе іх ад іншых груп насельніцтва места. „Мескае нямецкае права ўнесла станавую адасобленасьць у грамадзянства, якой да гэтага часу ў Польшчы і Літве ня было". Дараваньне местам майдэборскага права „зрабіла вялізарнейшы ўплыў на пахаджэньне і разьвіцьцё шляхецтва“. У процілегласьць гэтаму, па думцы проф. Уладзімерскага-Буданава, старажытна-славянскае места яднала ўсе групы грамадзянства. Места галава зямлі, а зямля складалася з многіх грамад, якія ўваходзілі ў склад зямлі[3]. Такім чынам, Уладзімерскі-Буданаў адмоўна адносіцца да нямецкага права і лічыць яго прычынай усіх соцыяльных бед свайго часу. Гэты пагляд утварыўся, дзя­куючы формальна-юрыдычнаму падыходу да вывучэньня гіс­торыі мест з майдэборскім правам і слабому яшчэ вывучэнь­ню ў той час гісторыі станаў, як у Польшчы, так і ў княстве Літоўскім.

Трымаючыся такога пагляду, проф. Уладзімерскі-Буданаў высьвятляе сутнасьць і зьмест нямецкага права, якое пашырылася на тэрыторыю Польшчы, а затым і вялікага княства Літоўскага.

Сутнасьць нямецкага права выяўляецца ў тым, што каралі і князі перадавалі свае правы мескім або сельскім грамадам і паасобным установам і асобам. „У разуменьні княскага права (jus ducale) зьмяшчаюцца правы на падаткі, павіннасьці, рэгаліі, правы судовай і адміністрацыйнай улады. А вядома, што правам суду і зьбіраньнем падаткаў, вычэрпваліся ўсе правы вярхоўнае ўлады ў сярэднія вякі[4]. Прывілеі на нямецкае права, галоўным чынам, маюць у сабе перадачу вярхоўнаю ўладаю праў суду і звальненьне ад падаткаў і павіннасьцяй. Аднак, гэтая перамена не зьмяншае фінансавых сродкаў вярхоўнай улады, а, наадварот, павялічвае іх, бо прывілеі даюцца княскім маёнткам або іх местам. Дараваньне льгот і праў прыцягвае насельніцтва, а ўпарадкаваныя падаткі даюць магчымасьць для княскай улады атрымліваць больш высокія прыбыткі з сваіх маемасьцяй. Ня гледзячы на гэта, сіла і значнасьць вярхоўнай улады падае ў Польшчы. Адбываецца гэта з прычыны замены старога спосабу нясеньня вайсковай службы, які заключаўся ў тым, што пры асноўным ядры вайсковай сілы—княскай дружыне—існавала ўсенароднае ваеннае апалчэньне (рушэньне). З XIV сталецьця народнае апалчэньне зьнікае, а замест яго ваенная служба зьяўляецца абавязкам зямляўласьнікаў-шляхты, якія захапілі ўсю зямельную маёмасьць. „Ваенная годнасьць і права на ўладаньне зямельнай маёмасьцю сталі сынонімамі". „Мяшчанам у Польшчы было забаронена ўладаць зямлёю з тэй прычыны, што яны дрэнныя воіны".

Такім чынам, „нямецкае права паменшыла фінансавыя сродкі двума спосабамі: а) непасрэдна, праз звальненьне усё большага і большага ліку духоўных і сьвецкіх маемасьцяй ад падаткаў і павіннасьцяй і б) праз звальненьне мескіх грамад ад ваеннай павіннасьці, што прымушала князёў (і каралёў) павялічваць лік дружыньнікаў і даваць ім утрыманьне, перадаючы ім правы на прыбыткі з сваіх маёнткаў".

Асабліва шкодным было дараваньне нямецкага права прыватным зямляўласьнікам як духоўным, так і сьвецкім. Зямляўласьнікі дараваньнем прывілею на нямецкае права звальняліся ад пазямельных падаткаў, ад натуральных пабо­раў, ад стацый, ад падводнай павіннасьці, ад старажавой і замковай павіннасьці (апошнія складаюць частку ваеннай павіннасьці) і ад іншых многіх падаткаў і павіннасьцяй.

З дараваньнем нямецкага права да зямляўласьнікаў пераходзілі суд і адміністрацыя, у той час як у старажытнай Польшчы і ў рускіх землях адміністрацыя і судовая ўлада ня мелі прыватна-ўласьніцкага характару. Дзяржаўныя пасады, як кашталяны і ваяводы, ня мелі прыватна-ўласьніцкага характару, і прыватныя ўласьнікі ня мелі праў княскай улады. „У старажытнай Польшчы і Русі нават ніжэйшая юрысдыкцыя не належала зямляўласьнікам у іх маёнтках. З часоў увядзеньня нямецкага права ў Польшчы і Заходняй Русі, мешаніна прынцыпаў прыватна-ўласьніцкага і дзяржаўнага была прычынаю поўнага заняпаду княскіх праў на судовую і адміністрацыйную ўладу"[5].

Вынікам дараваньня нямецкага права зьявілася: 1) поўная судовая і адміністрацыйная ўлада зямляўласьнікаў над людзьмі, якія жылі ў іх маёнтках, 2) утварэньне судовай і адміністрацыйнай незалежнасьці мескіх грамад і 3) грамадзкія пасады набылі прыватна-ўласьніцкі характар; утварыўся старасьцінскі ўрад, адміністрацыйная і судовая ўлада якога набыла характар прыватнай уласнасьці. Па думцы Уладзімерскага-Буданава старасьцінскую ўладу можна вытлумачыць толькі з асноў нямецкага права, бо іншага тлумачэньня ў літаратуры няма[6].

Вынікі нямецкага права пашырыліся і на Літву прывілеямі 1413, 1447 г. і іншымі. У гэтых прывілеях і ў іншых пазьнейшых, падобных ім, у Літву паступова пранікае jus ducale (княскае права) зямляўласьнікаў, якое ў Польшчы склалася пад уплывам нямецкага права. Паступова і ў „Літоўска-рускай“ дзяржаве зямляўласьнікі набываюць вярхоўную уладу ў сваіх землях ня столькі пад уплывам атрыманых прывілеяў, сколькі пад уплывам бытавога збліжэньня з Польшчай. Урэшце і тут паны становяцца запраўднымі феўдальнымі баронамі ў XVI і XVII сталецьцях[7].

Такім чынам, Уладзімерскі-Буданаў прыходзіць да вываду, што нямецкае права як у Польшчы, так і ў Літве, было прычынаю ня толькі ўтварэньня станаў, але і перанясеньня праў дзяржавы да прыватных зямляўласьнікаў, якімі зьяўляліся паны. Утварэньне феўдальных узаемаадносін паміж станамі грамадзянства таксама было вынікам пашырэньня нямецкага права.

Пры разглядзе ўзаемаадносін паміж зямляўласьнікамі і насельніцтвам, якое жыло на іх землях, Уладзімерскі-Буданаў прыходзіць да вываду, што нямецкае права ўтварыла прыгон і ў Польшчы і ў Літве, бо яно прымацавала селяніна да зямлі; таксама яно забараніла свабодны дагавор паміж зямляўласьнікам і селянінам. Разам з тым нямецкае права павялічыла падаткі і павіннасьці насельніцтва на карысьць зямляўласьнікаў і дапамагло абезьзямеленьню сялянства.

Такое рашучае значэньне ў складаньні ўсяго соцыяльнага жыцьця грамадзянства Польшчы і Літвы надае ўладзімерскі-Буданаў пашырэньню нямецкага права. Аднак, у яго працы выяўляецца і супярэчнасьць асноўным вывадам. Так пры разглядзе палажэньня сялянства ў Польшчы па польскім праве Уладзімерскі-Буданаў не адмаўляе, што сяляне па польскім праве ня былі вольнымі[8].

Разгледзеўшы значэньне нямецкага земскага права і яго ўплыву на Польшчу і Літву, Уладзімерскі-Буданаў дае нарыс нямецкага мескага права (Weichbild) і яго пашырэньня ў Польшчы і Літве. Даўшы кароткі агляд нямецкага мескага права, Уладзімерскі-Буданаў вызначае паняцьце Weichbild— мескай акругі. Пры гэтым ён зазначае, што нямецкі Weichbild не аднальковы з польскім і літоўскім. Нямецкая акруга ахапляла ў адміністрацыйных і судовых адносінах ня толькі места, але і прылеглую да яго сельскую мясцовасьць. У Польшчы і ў Літве, з увядзеньнем нямецкага мескага права і з утварэньнем самакіраваньня места, яно адарвалася ад зямлі, цэнтрам якой яно было. Калі пад местам стала разумецца насяленьне, дзе жывуць рамесьнікі, шынкары і гандляры,—зямляўласьнікі канчаткова звальняюцца ад суду і адміністрацыі мескае ўлады. З разьвіцьцём мескага права наступае поўнае разбурэньне Weichbild‘у, гэта значыць, мескай акругі, як яна разумелася ў Саксоніі. Weichbild абмяжоўваецца сьценамі места і вёскамі, якія належаць месту, як іх уласьніку. Зямяне—шляхта—звальняюцца ад падсуднасьці мескаму суду і для іх утвараецца свой суд—земскі. У польскіх краінах ня места аддзяляецца ад зямлі для захаваньня сваёй незалежнасьці, але зямля ад места, з прычыны замахаў места на самакіраваньне зямлі.[9]

Асабліва шкодным уплыў нямецкага мескага права, па думцы Ўладзімерскага-Буданава, быў у Літоўска-"рускай“ дзяржаве, дзе нямецкае муніцыпальнае права застала старажытныя славянскія парадкі, і дзе места і воласьць разам плацілі па­даткі, мелі свае ўрады і судовыя ўстановы і жылі супольным грамадзкім жыцьцём. Як на ўзор такіх мест Уладзімерскі-Буданаў пасылаецца на Полацак, Смаленск і Віцебск і іх організацыю ў ХV-ХVI ст. на аснове, галоўным чынам, устаўных земскіх грамат гэтых зямель[10]. Сувязь зямлі і места, якая была ў ХІV-ХV ст. ў Літоўскім княстве, існавала да самага моманту дараваньня майдэборскага права.

„Чым і калі парушаны гэтыя парадкі? Якім чынам жыхарства места, з аднаго боку, выдзелілася ад князёў-баяр і наогул ад тых, што склалі потым вышэйшы стан, а з другога—аддзялілася і ад валасных людзей? Якім чынам агулам земскія правы абярнуліся ў станавыя і з вялікага дабра сталі злом? Гэтыя пытаньні ўсяго ясьней вырашаюцца гісторыяй нямецкага права ў „Літоўска-рускай дзяржаве", бо яно пранікла сюды ўжо ў канчатковай форме мескага права і станавілася ў непасрэдную супярэчнасьць з спрадвечнымі славянскімі паглядамі, без усялякіх пераходных, зьмяраючых адценьняў, хаця, урэшце, грунт для яго посьпехаў часткаю быў падрыхтаваны непасрэдным уплывам польскіх шляхецкіх паняцьцяў і прыгоннага права"[11].

Супярэчнасьць вывадаў Уладзімерскага-Буданава выразна выяўлецца з самага яго сказу, бо якім чынам магчыма існаваньне адзінства насельніцтва, калі існуе прыгоннае права, што паказвае на існаваньне станаў і да ўвядзеньня ў местах майдэборскага права?

Пры разглядзе пытаньня аб тым, хто падлягаў майдэборскаму праву ў літоўска-беларускіх местах—Уладзімерскі-Буданаў узяў у васнову тэрытарыяльны прынцып.

Па яго думцы ўвядзеньне нямецкага майдэборскага права ў літоўска-беларускіх местах адарвала шляхецтва ад места. Шляхецтву цяпер няма патрэбы жыць у месьце. Жыцьцё ў месьце шляхецтву нявыгадна, бо яму прыходзіцца спатыкацца з чужым для яго ўрадам. Права (у Полацку) дазваляе баярам мець у месьце толькі двары на выпадак прыезду ў места, з вызначаным і вельмі абмежаваным лікам людзей. У іншым выпадку баярыну прыдзецца трапіць пад уладу мескага ўраду і суду і праз гэта перайсьці ў мяшчанскі стан. З гэтай прычыны зямляўласьнікі пераходзяць у вёскі, у свае маёнткі, дзе будуюць свае замкі. Гэта робяць нават ваяводы і іх намесьнікі. А прысутнасьць замку ў вёсцы выклікала далейшае разьвіцьцё прыгону і фольваркаў. Сяляне, якія плацілі раней толькі дань (у Літве—усюды мёд), цяпер абрабляюць фольварачную зямлю і адбываюць іншыя розныя павіннасьці. „Другі вынік пашырэньня майдэборскага права ў местах для сялян быў таксама вельмі значным. Да гэтага часу ўсе земскія людзі зыходзіліся на веча ў сваё цэнтральнае места: грамадзкія суды былі агульна-земскімі. Калі, з выдзяленьнем места ў асобны прысуд, выдзелілася важнейшая болей багатая і адукаваная частка зямлі, то агульназемскія суды страцілі адзінства, павагу з боку цэнтральнай улады і сваю моц. Шляхта прымушана была ўтварыць свае асобныя сходы—земскія суды станавага характару. Копныя суды сталі станавымі-сялянскімі. У гэтым новым значэньні копныя суды маглі захоўвацца яшчэ некаторы час толькі на моцы звычаю: бараніць іх права ўжо ня было каму. Хоць баяры атрымалі ўжо значна раней польскае шляхецтва і многія прывілеі, аднак яны не складалі яшчэ стану. Рознастайнасьць паміж іх была такая вялікая, што станавае паняцьце „шляхціц" ужывалася тут толькі для аднаго віду зямляўласьнікаў. Цяпер, пры выдзяленьні мескага насяленьня ў адзіны мяшчанскі стан, усе розныя зямляўласьніцкія групы складаюцца ў адзіны стан. Усе ранейшыя агульна-земскія і агульнадзяржаўныя ўстановы замяніліся станавымі"[12].

Такія вывады проф. Ўладзімерскага-Буданава маглі зьявіцца ня толькі з прычыны нявывучанасьці як гісторыі шляхецтва, сялянства і мяшчанства, так і, галоўным чынам, з прычыны тэндэнцыйнасьці працы з самага пачатку да яе канца. Фактычна, Уладзімерскі-Буданаў, па нашым погляду, асноўную прычыну зьяўленьня нямецкага мескага права ў Літоўскім княстве лічыць за вынік яго.

Такіх-жа прыблізна паглядаў на значэньне нямецкага права для мест Літоўска-Беларускага княства і асабліва для Украіны, трымаецца і В. Б. Антановіч, вядомы дасьледчык гісторыі Літвы, Беларусі і Украіны[13]. У сваіх працах па гісторыі мест Украіны, а ўласна: „Изследование о городах юго-западного края", „Киевские войты Ходыкі" і „Киев, его судьба и значение с XIV по XVI ст.", зьмешчаных у яго „Монографиях по истории западной и юго-западной России", т. І, Кіеў, 1885 г., Антановіч піша, што майдэборскае права было прыгодна для саксонскіх мест Х-ХІ ст., зьявіўшыся як вынік паглядаў і патрэб свайго часу і сваёй краіны, і нічога супольнага ня мела з рускімі гарадамі, якія разьвіваліся на іншых асновах і імкнуліся да вечавога парадку. Майдэборскае права вырасла не на мясцовай глебе і зьявілася вынікам не мясцовых патрэб. Яно было незразумелым для мясцовага насельніцтва і супярэчыла яго асноўным перакананьням і паглядам[14].

Такі пагляд на пашырэньне на славянскіх тэрыторыях майдэборскага права адбіўся на характары прац Антановіча, які знаходзіць у местах з майдэборскім правам, як у іх організацыі, так і ў уладзе, толькі цёмныя бакі і лічыць самае права шкодным для украінскіх мест. З такою варожасьцю адносін аўтара да майдэборскага права прыходзіцца лічыцца пры азнаямленьні з яго працамі і асабліва вывадамі.

У 1892 і 1893 годзе выдана ў „Чтениях Общества Истории и древностей Российских при Московском Университете", кніжка З і 4 за 1892 г. і кніжка З і 4 за 1893 г., праца проф. М. К. Любаўскага пад назваю: „Областное деление и местное управление Литовско-русского государства ко времени издания Первого Литовского статута".

На аснове, галоўным чынам, архіўных матар'ялаў Літоўскае Мэтрыкі, адным з піонэраў сыстэматычнае распрацоўкі якое зьяўляецца проф. М. К. Любаўскі, аўтар дае дэтальнае „изображение" падзелаў „Литовско-русского государства" на краіны. Аўтар вывучае мясцовае кіраўніцтва ў залежнасьці ад грамадзянскага ладу, якому ён удзяляе значнае месца ў сваёй працы. Мяшчанства і месты знайшлі ў працы М. К. Любаўскага таксама значнае месца.

„Месцамі ў Літоўска-рускай дзяржаве па польскім прыкладзе сталі звацца паселішчы, дзе ўстанавіўся гандаль, існавалі таварныя склады і крамы, вінныя, піўныя і мядовыя карчмы і іншыя гандлёвыя і прамысловыя ўстановы. Гэтаю назваю, такім чынам, вызначаліся і буйныя старажытныя і літоўскія гарады і прамысловыя вёскі, якія з даўніх часоў былі судова адміністрацыйнымі цэнтрамі валасьцей і рэзыдэнцыямі валасных урадоўцаў". Даўшы такую характарыстыку места, проф. М. К. Любаўскі вызначае тую групу насельніцтва, з якое склалася мяшчанства. Па думцы М. К. Любаўскага, у склад мяшчанства ўвайшлі людзі даволі размаітых грамадзкіх элемэнтаў, „У складзе мяшчанства былі людзі, якія выключна займаліся гандлем або розным рамяством, як гэта было большаю часткаю ў старажытных літоўска-рускіх гарадох, і людзі, якія займаліся гандлем і рамёствамі толькі ў дадатак да земляробства, як гэта было большаю часткаю ў гандлёва-прамысловых пасяленьнях, якія групаваліся навокал гаспадарскіх двароў, дзе жылі намесьнікі—дзяржаўцы і цівуны вялікага князя". „У сувязі з гэтым мяшчане розных мест займалі і неаднолькавае палажэньне ў соцыяльна-політычнай іерархіі Літоўска-рускае дзяржавы. У той час як мяшчане старажытных вялікіх гарадоў, як напр., Полацку, Віцебску, Кіеву, Вільні, Трок і інш. рэзка выасабняліся ад валасных людзей і стаялі на палажэньні, якое рабіла іх свайго роду вышэйшым станам ў дзяржаве, мяшчане невялічкіх мястэчак амаль што ня розьніліся ад валасных сялян, з якімі яны супольна працавалі на гаспадарскім двары, супольна несьлі розныя павіннасьці і плацілі падаткі. Затым, у той час як мяшчане такіх гарадоў, як Полацак і Віцебск, былі політычна забясьпечаны настолькі, наколькі князі і паны, гэта значыць не маглі быць адданы гаспадаром у падданства прыватным асобам, мяшчане нязначных мест і паселішчаў лічыліся толькі пасяленцамі ў гаспадарскіх маёнтках і раздаваліся нярэдка з гэтымі маёнткамі прыватным асобам разам з сялянамі".

Затым М. К. Любаўскі высьвятляе адносіны вялікакняскіх намесьнікаў-дзяржаўцаў да мяшчан нязначных мест. Па нагляданьнях аўтара ў многіх нязначных местах ня было нават сваёй асобнай улады і яны непасрэдна падлягалі гаспадарскім ураднікам, або іх слугам, якія ведалі павіннасьцямі мяшчан. У падняпроўскіх местах, за выключэньнем Крычава, валасныя "старцы" былі як сялянскаю, так і мяшчанскаю ўладаю. Улада мест з майдэборскім правам адказвала перад намесьнікам-дзяржаўцаю за выкананьне сваіх павіннасьцяў у тым ліку і па гаспадарскім двары, калі места было абавязана несьці такія павіннасьці.

Проф. М. К. Любаўскі вызначае тыя павіннасьці мяшчан розных мест, якія яны несьлі ў канцы XV і пачатку XVI ст. Такімі павіннасьцямі і падаткамі былі пазямельныя, як дзякла і „пенязи, которые за дзяклом идут“, чынш, стацыя, падводная павіннасьць і інш., затым сярэбшчына і ардыншчына, якія таксама ішлі ў гаспадарскі скарб, як і пазямельныя падаткі, праз намесьнікаў-дзяржаўцаў.

Апроч пазямельных і агульна - дзяржаўных падаткаў, месты плацілі гандлёвыя і прамысловыя падаткі, якія таксама ішлі праз намесьнікаў-дзяржаўцаў; апошнім належаў нагляд за правільным зьбіраньнем іх і сваячаснымі ўзносамі ў гаспадарскі скарб.

Па досьледах М. К. Любаўскага намесьнікі-дзяржаўцы і цівуны ў местах былі зборшчыкамі гаспадарскіх прыбыткаў і фінансавымі агэнтамі вялікага князя, хаця гэтае сваё значэньне яны павінны былі дзяліць з іншымі ўрадавымі асобамі. Як і ў вёсках, намесьнікі-дзяржаўцы павінны былі дбаць аб магчымай паўнаце плацёжных сіл, прымаць меры да організацыі мест і запаўненьня пустых мяшчанскіх вучасткаў прыбылымі людзьмі. У местах без майдэборскага права пустыя незаселеныя пляцы,—„местцы", раздаваліся намесьнікамі-дзяржаўцамі і цівунамі. Нават места з майдэборскім правам гаспадар даручаў часам асажваць намесьнікам-дзяржаўцам. „Апроч таго, намесьнікі-дзяржаўцы рэгулявалі пазямельныя ўзаемаадносіны мяшчан, вырашалі судовыя справы аб зямлі, зацьвярджалі куплі-продажы, дарэньні і духоўныя тэстамэнты на тэй-жа аснове, як і ў адносінах да шляхецкага зямляўладаньня, з якім мяшчанскае зямляўладаньне мела поўную аналёгію".

Проф. М. К. Любаўскі дае шэраг прыкладаў мяшчанскага ўладаньня земскімі маёмаснымі ня ў межах места, з якіх мяшчане, як і іншыя земскія станы, павінны былі адбываць вайсковую земскую службу[15]. „Уладаньне мяшчан зямлёю па-за межамі места і на „земскім праве" можна констатаваць — піша М. К. Любаўскі,—і не аднымі паасобнымі прыкладамі, але і некаторымі агульнымі зазначэньнямі актаў. Паказаньне на гэта дае земскі прывілей 1447 г., які прадбачыць для мяшчан уладаньне сялянамі". Ясныя паказаньні на мяшчанскае зямлаўладаньне знаходзяцца ў прывілеі месту Полацкаму ад 1510 г. Апроч гэтага віду вайсковае земскае службы, мяшчане адбывалі вайсковую службу з усяго места „водле уставы". У местах, дзе знаходзіліся замкі, мяшчане дапамагалі ў іх пабудове і рэпарацыях, а ў пагранічных яшчэ несьлі „польную старожу", а таксама адпраўляліся ў „погоню" за ворагам. У гэтых усіх павіннасьцях мяшчане, як і іншыя станы, былі падпарадкаванымі ўладзе намесьніка-дзяржаўцы.

Проф. М. К. Любаўскі вызначае далей падпарадкаванасьць мяшчан уладзе намесьніка-дзяржаўцы ў судовых адносінах. „Намесьнікі-дзяржаўцы судзілі ня толькі гаспадарскіх сялян, але і баяр-шляхту і мяшчан". „Аднак, у местах з майдэборскім ладам мяшчане мелі свой асобны суд, а намесьнікі-дзяржаўцы судзілі іх у рэдкіх і выключных выпадках". Далей проф. М. К. Любаўскі вызначае фактычныя абмежаваньні намесьнікаў-дзяржаўцаў і тыя выпадкі, калі намесьніку-дзяржаўцы прыходзіцца весьці судовыя справы мяшчан з майдэборскім правам[16].

У іншай сваёй працы: „Очерк истории Литовско-русского государства до Люблинской унии включительно" (Москва, 1910 г.), проф. М. К. Любаўскі ў разьдзелах XIX і XXIV дае сьціслы нарыс аб мяшчанах ў гаспадарскіх дварох і кіраўніцтве мест з майдэборскім правам.

Проф. М. К. Любаўскі, як і ў першай сваёй працы, надзяляе месты на дзьве групы і высьвятляе павіннаснае і праўнае палажэньне мяшчан гэтых мест, а таксама адносіны іх да цэнтральнага ўраду. Далей ён дае кароткі нарыс праўнага палажэньня яўрэяў. У другім разьдзеле аўтар вызначае тыя вольнасьці і прывілегіі экономічнага і праўнага характару, якія надаюцца прывілеямі на майдэборскае права і зазначае ўладу мескага ўраду,—войта, рады і лавы,—які ўтварыўся на аснове майдэборскага права.

Проф. М. В. Доўнар-Запольскі не займаўся спэцыяльным вывучэньнем гісторыі літоўска-беларускіх мест; аднак, у сваіх працах, прысьвечаных вывучэньню сялянства і гаспадаркі, ён даў многа важных фактаў і каштоўных вывадаў і адносна мест. У сваёй працы „Очерки по организации западно-русского крестьянства в XVI веке“ (Кіеў, 1905 г.), проф. М. В. Доўнар-Запольскі, вывучаючы валасную грамаду, дае малюнак выдзяленьня места ад воласьці, чым дае правільны адказ Уладзімерскаму-Буданаву, па думцы якога прычынай выдзяленьня места ад зямлі было нямецкае права. Праўда, і проф. Доўнар-Запольскі аддае пэўную дань гэтаму пагляду. Па яго словах заходнія краіны Літоўска-Беларускае дзяржавы рана выдзяляюць места ад земства, уласна, пачынаючы з канца XIV ст. пры дапамозе шырокага наданьня майдэборскага права. Аднак, увесь зьмест працы паказвае, што Доўнар-Запольскі лічыць пашырэньне нямецкага права заключным актам пэўнага гаспадарчага процэсу, а ня прычынай зьявы. Усходнія воласьці даўжэй усяго захавалі сувязь зямлі і места, але ў XVI сталецьці яны перажываюць вялікі крызіс. Яны вядуць змаганьне за захаваньне сваёй старасьветчыны, ворагамі якой выступаюць гаспадарскія намесьнікі-дзяржаўцы. Гаспадарскія ўраднікі самавольна накладаюць розныя падаткі, робяць вялікія крыўды і ўводзяць навіны. Валасныя грамады на чале з сваімі местамі скардзяцца ўраду і ў адказ на гэтую скаргу ўрад у 1561 годзе выдае Падняпроўскім воласьцям, якія даўжэй усіх краін захавалі сваё самакіраваньне, уставу, згодна якой яны пакідаюцца „при старине", як бывала за вялікімі князямі—Вітаўтам і Жыгімонтам. Ня гледзячы на выданьне ўставы і загады цэнтральнага ўраду, драпежніцтвы гаспадарскіх ураднікаў не прыпыняюцца і палажэньне валасной грамады ўсё болей пагоршваецца. Аднэй з прычын узмоцненага разбурэньня воласьці было выдзяленьне места ад воласьці, што не магло ня мець адмоўнага ўплыву на самастойнасьць валасное грамады. У месьце жылі болей актыўныя члены воласьці; места давала болей спагадных умоў для ўзмацненьня грамадзкай солідарнасьці ўжо з аднэй тэй прычыны, што насельнікі места часьцей спатыкаліся адзін з другім. Зусім правільна проф. М. В. Доўнар-Запольскі заўважвае, што супольнасьць інтарэсаў насельніцтва воласьці і месца тлумачыцца ня толькі іх адміністрацыйным адзінствам, але і тым, што места па сваіх занятках ня розьнілася ад вёскі[17].

Выдзяленьне места ад воласьці ня было штучным процэсам. Гэта вынік перамены агульных экономічных адносін, перамены характару гаспадаркі. Гэты процэс выявіўся у разрыве местам экономічных і падатных сувязяй з воласьцю, што выклікала барацьбу адных з другімі. Проф. Доўнар-Запольскі прыводзіць цэлы шэраг характэрных прыкладаў барацьбы паасобных мест з сваімі валасьцямі, як Зьдзітаў, Тарапец, Барысаў, Магілёў і іншыя[18].

У другой частцы зазначанай працы проф. Доўнар-Запольскі дае нарыс організацыі мест усходняе Беларусі— Оршы, Бабруйску, Рэчыцы і Магілёва на аснове ўстаў 1561 г.[19]

У іншай сваёй працы „Государственное хозяйство великого княжества Литовского при Ягеллонах" (Кіеў, 1901 г.) проф. Доўнар-Запольскі ўдзяляе таксама некаторую ўвагу местам і выказвае каштоўныя думкі, хаця разглядае месты галоўным чынам з боку іх павіннасьцям. Месты ня былі аднолькавымі з боку адносін да іх дзяржаўнага права і цэнтральнага ўраду. Адны лічыліся гаспадарскімі маемасьцямі, а другія—дзяржаўнымі тэрыторыямі. Майдэборскае права, якое надавалася местам, хаця і ўводзіла даволі аднастайны мэханізм у мескую організацыю, аднак мела значную розьніцу ў дробязях. Правы, якія надаваліся майдэборскімі прывілеямі, былі неаднолькавымі. Па думцы проф. Доўнар-Запольскага рознастайнасьць прывілеяў, надаваных майдэборскім правам, грунтавалася, на „ласке“ і „милости", якую гаспадар выяўляў у вадносінах да таго ці іншага места. Места, з погляду М. В. Доўнар-Запольскага, да дараваньня майдэборскага права, у павіннасных адносінах нічым ня розьнілася ад акольнае сельскае тэрыторыі; мескія і сельскія грамады складалі адзінае цэлае. Гэтая зьява тлумачыцца тым, што і ў занятках, за выключэньнем буйных гандлёвых цэнтраў, яны мала чым розьніліся адзін ад другога. У пацьвярджэньне сваёй думкі Доўнар-Запольскі, на аснове галоўным чынам прывілеяў на майдэборскае права, прыводзіць цэлы шэраг падаткаў, ад якіх звальняліся мяшчане пры ўвядзеньні майдэборскага права і якія па сваім характары былі аднолькавымі з падаткамі і павіннасьцямі сялянства. Насельніцтва мест адбывала цяглыя службы, давала ётацыі, дзякла і дані і нічым у гэтых адносінах ня розьнілася ад валашчан. Далей М. В. Доўнар-Запольскі дае характарыстыку места, якое атрымала майдэборскае права.

Галоўнаю асаблівасьцю места на нямецкім праве было тое, што яно парывала сувязь з воласьцю і значна розьнілася ў фінансавых адносінах. У вадносінах мест да скарбу М. В. Доўнар-Запольскі падзяляе месты па нямецкім праве на дзьве групы. Першая—гэта месты, якія па тэрмінолёгіі М. Доўнар-Запольскага атрымалі вялікія прывілеі на майдэборгію. З іх у скарб ішлі чынш, капшчызна і некаторыя падаткі прамысловага характару. Апроч таго, некаторыя з такіх мест уносілі ў скарб пэўную суму грашыма, як плату за майдэборгію. Другая група мест з малымі прывілеямі: апроч чыншу і некаторых прамысловых падаткаў, яны яшчэ даюць стацыі. Узорам такіх мест гэтага тыпу служаць мястэчкі па так званым хэлмскім праве. „Самы тэрмін хэлмскага права"— па словах Доўнар-Запольскага—рэдка сустракаецца ў актах; ня гледзячы на гэта, утвораныя ім узоры мелі значнае пашырэньне, і можна з упэўненасьцю сказаць, што ўсе малыя прывілеі на майдэборскае права пабудаваны па тым тыпе, які акты завуць правам хэлмскім". Далей, па думцы М. В. Доўнар-Запольскага, тая агульная схэма праў і павіннасьцяй мястэчак, якая была апрацавана пры Жыгімонт-Аўгусьце і ўнесена ў валочную ўставу склалася пад уплывам узораў хэлмскага права. „Места на хэлмскім праве было пасяленьнем земляробскага характару і з гэтай прычыны яго падаткі і павіннасьці складаліся з тых-жа плат і павіннасьцяй, якімі абавязана было і сельскае пасяленьне, але такое мястэчка ўладала большымі правамі самакіраваньня і большымі крыніцамі грамадзкіх прыбыткаў, чым сельскае войтаўства. Такім чынам, гэта быў сярэдні пераходны тып пасяленьня паміж сялом і местам у цесным значэньні гэтае назвы".

Ужо сам М. В. Доўнар-Запольскі прымушаны быў пасьля характарыстыкі дзьвёх груп мест зрабіць агаворку, што прывілеі па характары надаваных імі праў надзвычайна размаіты, чым падарваў сваё асноўнае палажэньне аб дзьвёх групах мест. Такія групоўкі ўмоўны і не адпавядаюць запраўднасьці, а вывады зьявіліся вынікам аднабаковага падыходу да літоўска-беларускіх мест толькі з боку іх падаткаў і плат у гаспадарскі скарб.

У. І. Пічэта закранае некалькі раз пытаньне аб літоўска-беларускіх местах у сваёй працы: „Аграрная реформа Сигизмунда Августа в Литовско-Русском государстве. Часть І и часть ІІ“. Москва 1917 г.

У. І. Пічэта разглядае перш за ўсё месты ў сувязі з гандлёваю політыкаю літоўска-беларускага ўраду XV і XVI ст. У мэтах павялічэньня гандлю і палегчаньня гандлёвых зносін літоўска-беларускі ўрад з вузка фіскальнага погляду ставіць паасобныя мясцовасьці ў найболей спагадныя ўмовы, надаючы ім цэлы шэраг прывілегій. Па думцы Ў. І. Пічэты такі характар гандлёвая політыка мела з канца XIV ст., без перамен, і ў XV і ў першай палове XVI ет. Такой гандлёвай політыкай ураду трэба лічыць і наданьне літоўска-беларускім местам майдэборскага права. „Для палепшаньня экономічнай заможнасьці места літоўска-рускія князі надавалі яму самакіраваньне. Буйныя літоўска-рускія цэнтры не заваявалі сабе самастойнасьці і самакіраваньня, а атрымалі іх зьверху, калі, быць можа, у самым месьце ня было пакуль запраўды тых умоў, пры якіх мажліва далейшае ўзмацненьне самакіраваньня меснага насельніцтва. Даруючы местам самакіраваньне па майдэборскім праве, вялікія князі, напэўна, не задаваліся тымі шырокімі мэтамі, якімі вызначае іх дзейнасьць Уладзімерскі-Буданаў... Літоўскія вялікія князі хутчэй былі практыкамі ў сваёй дзейнасьці і неўласьцівым для іх было ўнясеньне ў сваю дзейнасьць чужых для іх абстрактных меркаваньняў. Гэты практыцызм пабудзіў вялікіх князёў даць самакіраваньне найболей буйным цэнтрам, экономічнае значэньне якіх выявілася з належнай вочавіднасьцю"[20].

З гэтай прычыны ў канцы XV ст. літоўска-беларускі ўрад зьвяртае ўвагу на ўсходнія месты і ў 1498 г. надае Полацку майдэборскае права. „Дараваньне Полацку майдэборскага права ня было выпадковасьцю або самавольным актам ураду. Яно натуральна выцякала з прынцыпаў тэй гандлёвай політыкі, якой трымаўся літоўска-рускі ўрад у XV сталецьці. Полацак становіцца вельмі відным гандлёвым цэнтрам, бо вялікі князь абклаў яго падаткам у 400 коп грошай. Бяз сумненьня, заботы аб далейшым экономічным разьвіцьці Полацку пабудзілі ўрад даць полацкім мяшчанам поўную свабоду ад усялякіх правозных мыт і зраўняць іх у гэтых адносінах з мяшчанамі Вільні і Трок“. Тую-ж думку выказвае У. І. Пічэта і ў адносінах да наданьня Менску прывілею на майдэборскае права.

У другой частцы сваёй працы У. І. Пічэта разглядае пытаньне аб тым, як адбілася аграрная рэформа на мяшчанстве. Аднак, У. І. Пічэта шырака падыходзіць да свае тэмы, разьбірае літаратуру аб местах і зноў падымае пытаньне аб прычынах пашырэньня майдэборскага права ў літоўска-беларускіх местах. Згаджаючыся часткаю з вывадамі Любаўскага і Кутшэбы, што прычынаю пашырэньня нямецкага права ў Літве, Беларусі і Украіне можна лічыць польскі ўплыў, У. І. Пічэта шукае адказу ў экономічнай політыцы літоўска-беларускага ўраду і ў гаспадарчай эволюцыі таго часу, што можна наглядаць у тым, што месты атрымліваюць майдэборскае права не ў адзін час, а паступова. У заходніх краінах, дзе гаспадарчая эволюцыя адбывалася раней, месты атрымалі майдэборскае права ў XV ст. Усходнія краіны, дзе гаспадарчая організацыя болей прымітыўная і станавасьць ня пусьціла глыбокіх карэньняў, процэс адбываецца пазьней. З паловы XVI ст. і тут пачаўся процэс гаспадарчай эволюцыі і станавага адасабленьня грамадзянства, што павяло да росту мест і мястэчак і атрыманьня імі майдэборскага права. Майдэборскае права толькі прысьпешыла выдзяленьне места ў самастойную адміністрацыйна-гаспадарчую адзінку. „Выдзяленьне места, - па думцы Ў. І. Пічэты,— адбылося ў Літоўска-Рускай дзяржаве і незалежна ад майдэборскага права, але выключна з прычыны экономічнага разьвіцьця краіны".

Такім чынам, У. І. Пічэта зусім правільна падышоў да вырашэньня пытаньня аб прычынах пашырэньня майдэборскага права з экономічнага пункту гледжаньня і гаспадарчае эволюцыі мест. Заслугай У. І. Пічэты зьяўляецца тое, што ён рашуча выступіў супроць поглядаў Уладзімерскага-Буданава і Антановіча і паставіў у сувязь пераход мест на нямецкае права з процэсам гаспадарчае эволюцыі краіны, а таксама з узмацненьнем станавасьці і грамадзянства. Аднак, У. І. Пічэта яшчэ значную вагу прыдае добрай волі ўраду, які ўмыслова надаваў нямецкае права з гаспадарчымі мэтамі.

У польскай літаратуры ў XX ст. проф. Станіслаў Кутшэба ў сваёй працы: „Historya ustroju Polski w zarysie. Т. ІІ. Litwa“, якая выдана ў Львове ў 1914 г. і другое выданьне ў 1921 г., удзяліў нязначны лік старонак высьвятленьню пытаньня аб палажэньні і організацыі літоўска-беларускіх мест. Трактоўка пытаньня заснавана не на самастойных досьледах, але на працах Антановіча, Уладзімерскага-Буданава, Любаўскага, Доўнар-Запольскага, Лаппо, Гальбана, Тараноўскага і Грушэўскага. Проф. Кутшэба падзяляе месты на дзьве групы: месты на тубыльным праве і на праве нямецкім.

Па думцы проф. С. Кутшэбы, тып заходня-эўропейскага места, якое значна выдзелена ад акольнае тэрыторыі, не існаваў ня толькі ва ўласнай Літве, якая наогул не ўтварыла мест, але і на Русі, хаця там і сустракаюцца значныя конглёмэраты насельніцтва, якія акрэсьлены, як месты. Такога віду мест было нямнога: Кіеў, Полацак і Віцебск. Аднак, і гэтыя месты па палажэньні свайго насельніцтва не выдзяляліся ад акольнае тэрыторыі. Што датычыць іншых мест, як у рускіх, так і ў літоўскіх провінцыях, то яны былі хутчэй зародкамі мест. Пры замках або пры дварох адбываліся таргі. З гэтай прычыны там сялілася насельніцтва як ральнічае, так і іншае, але на такіх самых варунках, як і ў вёсцы.

У канцы XIV ст. зьяўляюцца запраўдныя места ў сьціслым значэньні гэтага слова. Места зьяўляюцца ня з прычыны павольнага разьвіцьця, але як і ў Польшчы шляхам рэцэпцыі нямецкага права. Быт такіх мест вызначаўся яго прывілеямі, якія ўстанаўлялі варункі асады мест і яго адносіны да ўлады. Увогуле аднак, па словах проф. Кутшэбы, места ў Літве слаба разьвіваліся. Нават у XVI ст. за выключэньнем нязначнага ліку вялікіх мест, места былі пераважна дробнымі мястэчкамі, насяленьне якіх, нароўне з вясковым, займалася ральніцтвам і ў аднальковай ступені апірала свой дабрабыт на ральніцтве, як на гандлі і рамёствах. „Прычыны такога палажэньня трэба шукаць у тэй сіле, якую мела доўгі час сыстэма натуральнае гаспадаркі. Кожная гаспадарка, як буйная—пана ці князя, так і дробная—сялянская, задавальняла свае патрэбы ў межах сваёй тэрыторыі. Места, як месца набываньня тых вырабаў, якіх бракавала, пры такіх варунках было мала патрэбным. Разьвіцьцё вялікіх маёнткаў, у якіх значна разьвінулася спэцыялізацыя як вольных, так і нявольных людзей, утварэньне значнае колькасьці розных вясковых рамесьнікаў, запэўнялі задаваленьне нават разьвітых патрэб у межах маёнтку праз працу залежных ад яго людзей, якія давалі на двор або свае вырабы, або проста працавалі на двары.

Ясная рэч, што ў такіх варунках ня было патрэбы ў большым ліку мест; нязначная колькасьць рынкаў, на якіх вясковае насельніцтва, уласьціва рамесьнікі, маглі збываць лішкі сваіх вырабаў, была выстарчаючай... Утвораныя места, здаецца, абапіралі свой дабрабыт на гандлі, а не на рамёствах. Гаспадарчая перамога ў XVI ст., злучаная з валочнаю памераю, якая накіравала насельніцтва пераважна да ральніцтва, прывяла да павольнага заняпаду вясковага рамяства і, мабыць, утварыла лепшыя ўмовы для разьвіцьця мест. Аднак, калі Польшча не ўтварыла моцных мест, то Літва, якая ў гаспадарчых адносінах была меней разьвітаю, і была адсунута ад вялікіх гандлёвых шляхоў, ня мела добрых дарог і надоўга яшчэ захавала асаблівасьці краю, які болей усяго жыў ад выкарыстаньня натуральных пладоў зямлі, ніколі не ўтварыла варункаў для болей значнага разьвіцьця мест і болей моцнага мяшчанства. З гэтай прычыны места ў дзяржаўным жыцьці Літвы як політычная сіла ня мелі ўвогуле ніякага значэньня".

Далей проф. Ст. Кутшэба дае кароткі нарыс організацыі улады мест на нямецкім праве.

Спэцыяльную монографію прысьвяціў вывучэньню літоўска-беларускіх і украінскіх мест украінскі вучоны А. С. Грушэўскі пад назваю: „Города В. Княжества Литовского в XIV XVI в. в. Их старина и борьба за старину“. (Кіеў, 1918).

Праца А. С. Грушэўскага прысьвечана вывучэньню гісторыі мест да наданьня ім майдэборскага права. Аўтар захапляе, аднак, і эпоху пасьля наданьня майдэборскага права, не выдзяляючы, праўда, моманту ўвядзеньня майдэборскага права і разглядае места з пункту гледжаньня іх барацьбы за „старыну". А. С. Грушэўскі, ідучы за Любаўскім, падзяляе месты на дзьве групы: вялікія старыя месты, як Кіеў, Віцебск, Смаленск, Полацак, уклад якіх—„старина"—склалася ў да-літоўскую эпоху, і дробныя месты, частка якіх узьнікла ў старажытныя часы, а іншыя ўтварыліся ў літоўскую эпоху. Першыя месты, так як і проф. Любаўскі і Доўнар-Запольскі, ён вызначае як тэрыторыі, якія з погляду ўраду таго часу лічыліся дзяржаўнымі тэрыторыямі, а другая група мест разглядаецца, як тэрыторыі гаспадарскія, як гаспадарскія домэны.

А. С. Грушэўскі перш за ўсё спыняецца на высьвятленьні паняцьця прынцыпу „старыны", якім кіраваўся літоўска-беларускі ўрад у сваёй унутраной політыцы. Літоўска-беларускі ўрад заўсёды падкрэсьлівае ў сваіх граматах: „мы старины не рухаем, а новины не вводим". Пад гэтай „старыной" разумеецца старадаўні звычай, закон, устава, якія нормавалі мясцовае жыцьцё з даўніх часоў. „Старына" ахапляла розныя сфэры мясцовага жыцьця: адміністрацыйную організацыю, суд, зямляўладаньне, вайсковую земскую павіннасьць і іншыя.

„Старына" вялікіх мест—Кіева, Полацку, Віцебску, Смаленску—склалася ў старажытныя да-літоўскія часы і захоўвалася і ў XIV сталецьці. Места ў літоўскую эпоху жыве, як і раней, супольным жыцьцём з воласьцю, зямлёю, з якою яго зьвязваюць агульныя інтарэсы. Органам, які абвязвае места з зямлёю, зьяўляецца веча. Веча яднае ўсю зямлю, месты і воласьць, розныя колы насельніцтва, якія жывуць у месьце і за яго межамі. На вечах усім насельніцтвам абгаварваюць і рашаюцца ўсе важнейшыя пытаньні мясцовага жыцьця: дзейнасьць адміністрацыі—ваяводы, намесьніка, у некаторых мясцох, як у Полацку і Віцебску,—яго абраньне і зьмена; веча абгаварвала пытаньні аб падатках; веча загадвала земскай скрыняй і контролявала яе; веча наглядала за прыбыткамі і выдаткамі грошай; веча абгаварвала гандлёвыя справы і зносіны і іх умовы; веча выдавала ўставы, абавязковыя для ўсяго мясцовага насельніцтва і вырашала іншыя мясцовыя справы.

Такая шырыня мясцовай грамадзкай актыўнасьці ўсяго насельніцтва, замацаваная ў прывілеях вялікіх мест, давала яму значную магчымасьць у вабароне сваіх праў і старажытных вольнасьцяй, якія былі яго „старыною“. Старыя месты Кіеў, Смаленск, Полацак і Віцебск высака цанілі сваю „старыну" і пільна сачылі за ўсімі спробамі гаспадарскіх намесьнікаў, якія пакушаліся разбураць яе і ўзмацняць свой контроль над мясцовым жыцьцём. Гэтыя месты дабіліся ад гаспадара прывілеяў, у якіх „старына" была зафіксавана ў важнейшых пытаньнях і пунктах. Парушэньні „старыны" з боку гаспадарскіх намесьнікаў выклікалі протэсты і абарону мясцовым насельніцтвам сваіх вольнасьцяй з пісанымі докумэнтамі ў руках. Калі парушалася „старына" ў пунктах, якія ня былі зацьверджаны, то насельніцтва вымагала праверкі „старыны" на месцы і дабівалася ад ураду пацьверджаньня сваёй „старыны".

Мяшчане старажытных вялікіх мест сярод іншых прывілегій мелі адну асабліва значную, якая набліжала іх у гэтых адносінах да палажэньня паноў, а ўласна—мяшчане значных мест не маглі быць адданы ў падданства прыватнай асобе: „а полочаны нам не даритися никому, а витбляны нам не даритися никому". А. С. Грушэўскі заўважае, што гэтае права мяшчан ня было пашырана на людзей валасных. Паміж правамі мяшчан і валасных ужо наглядаецца некаторая розьніца ў тых адносінах, што валашчане могуць быць адданы ў прыватнае падданства. Выключэньне зроблена толькі ў адносінах да баяр, якія маюць права ў выпадку перадачы іх зямель пану „добровольне со всим своим пойти проч". Малыя месты займалі іншае палажэньне і „старына" іх была іншая.

Адны з малых мест утварыліся яшчэ ў старажытную да-літоўскую эпоху. Яны не дабіліся для сябе грамат аб вольнасьцях і прывілегіях у раньнія часы літоўскае эпохі і не пасьпелі зацьвердзіць сваёй „старыны" і пазьней. Яны не маглі з гэтай прычыны змагацца з уладаю гаспадарскіх намесьнікаў-дзяржаўцаў, якія заўсёды ўмешваліся ў жыцьцё места.

Іншыя месты ўтварыліся ўжо ў літоўскую эпоху і на іх разьвіцьці з самага пачатку адбіліся новыя ўмовы жыцьця. Частка такіх мест узьнікла пры замках прырубежных раёнаў. Спэцыяльныя ўмовы пагранічных пасяленьняў, дзе ўлада гаспадарскіх намесьнікаў, як кіраўнікоў ваеннай абароны, мела вялікае значэньне, адбіваліся на разьвіцьці самадзейнасьці іх насельніцтва.

Ня мала мест утварылася ў XIV і XV ст. навокал гаспадарскіх двароў. Некаторыя з такіх мест разьвіліся ў значныя пасяленьні, дзякуючы выгоднаму географічнаму палажэньню на гандлёвых шляхох, або з прычыны прыродных багацьцяў мясцовасьці. Іх жыцьцё складалася ўжо не на тэй „старыне", якою жылі буйныя прывілеяваныя месты.

Усе гэтыя месты складаюць з гаспадарскім дваром або замкам і воласьцю адно цэлае. Яны разам пераходзяць з-пад улады гаспадара да таго ці іншага пана; аддаюцца ў заставу на тых ці іншых умовах. Пры такіх пераходах улада не адрозьнівае мяшчан ад іншых груп насяленьня воласьці. Места і воласьць нясуць адны і тыя-ж павіннасьці і абавязкі, і яны аднолькава бязвольны перад гаспадарскімі намесьнікамі. У сваёй барацьбе яны таксама абапіраюцца на „старыну", але іх „старына", іх старадаўні звычай зусім ня тое, што ў старых местах. Там „старына" налічвала сталецьці свайго існаваньня, а тут дзесяткі год і, зразумела, што яна тут ня мела такога значэньня, і дзяржаўцы, і цэнтральная ўлада з ёю лічыліся меней і часта яе парушалі. Месты, разам з воласьцю і гаспадарскім дваром, кіраваліся намесьнікамі-дзяржаўцамі, правы і абавязкі якіх высьвятляе А. С. Грушэўскі, удзяляючы ім даволі значнае месца ў сваёй працы.

Адносіны паміж местам і намесьнікамі-дзяржаўцамі рэгуляваліся „старыною",—старадаўнім звычаем,—і гаспадарскімі ўставамі, якія выдаваліся цэнтральным урадам намесьнікам-дзяржаўцам, прычым таксама, як і ў адносінах да вялікіх старажытных мест, урад і ў адносінах да малых мост прытрымліваецца прынцыпу захаваньня старыны. Гэтым прынцыпам павінны кіравацца і намесьнікі-дзяржаўцы. Цэнтральны ўрад адмоўна адносіцца да навін, якія ўводзяцца намесьнікамі-дзяржаўцамі; звычайна, у выпадку скарг мясцовага насельнініцтва на намесьніка-дзяржаўцу, гаспадар адмяняе іх і, пры прызначэньні новага намесьніка на яго пасаду, забараняе яму ўводзіць навіны і парушаць „старыну".

А. С. Грушэўскі спыняецца далей на гаспадарскіх уставах ХV-ХVІ ст. і высьвятленьні абавязкаў намесьнікаў-дзяржаўцаў на іх аснове. Сьледуючы за М. К. Любаўскім, аўтар падзяляе іх на вайсковыя, адміністрацыйныя, фінансавыя, судовыя і гаспадарчыя. Ва ўсіх гэтых адносінах мяшчане, разам з воласьцю, падлягалі ўладзе намесьніка-дзяржаўцы. Адсюль вынікаюць узаемаадносіны паміж мяшчанамі і намесьнікамі-дзяржаўцамі і ў значнай меры высьвятляюцца заняткі і павіннасьці мяшчан.

Нагляданьні над гэтымі ўзаемаадносінамі прыводзяць А. С. Грушэўскага да вывадаў аб тых зьменах, якія адбыліся нават у вялікіх местах у XV і XVI ст., параўнальна з XIV ст.[21] Цэнтральны ўрад у сваіх адказах на скаргі насельніцтва аб парушэньні „старыны" ў XV і XVI ст. заўсёды падкрэсьліваў, што ён старыны ня рухае, а навіны ня ўводзіць. Аднак, гэтыя заявы цэнтральнага ўраду канца XV і пачатку XVI ст. не адпавядалі запраўднасьці. У вялікіх местах многае зьмянілася ў параўнаньні з ранейшымі часамі.

У XV і XVI ст. усё жыцьцё значна і глыбака зьмянілася. Сама ўзмоцненая цэнтральная ўлада выступае супроць тых рэштак „старыны", якія здаюцца ёй нявыгоднымі. Актыўны ўдзел старажытных мест у політыцы, іх ясныя і вызначаныя заявы у адносінах тых ці іншых князёў, іх удзел у вабраньні князёў—не маглі падабацца кіраўніком Літоўскага княства і політычным імкненьням буйных мескіх цэнтраў быў паложаны канец. Вечы Полацку, Кіева, Віцебску і Смаленску ўваходзяць у новы пэрыод свайго існаваньня. З сфэры дзейнасьці веча адпадаюць політычныя пытаньні, з другога боку, зьнікае ранейшая сувязь места з воласьцю, за заявамі веча ўжо не стаіць ўся воласьць і, адпаведна гэтаму, заявы веча трацяць сваё значэньне.

З памяншэньнем значэньня веча буйных мест, па думцы А. Грушэўскага, зьнікае ранейшая рэзкая розьніца паміж дзейнасьцю вечаў буйных і малых мест. Як веча малых мест абгаварвала толькі свае мясцовыя справы, не закранаючы агульна-політычных парадкаў, так у XV і XVI ст. веча буйных мест ня выходзіць з рамак мясцовага жыцьця. Па думцы А. Грушэўскага ранейшыя сувязі места з воласьцю захоўваюцца ў канцы XV і XVI ст. пакуль іх не разрывае ўвядзеньне майдэборскага права. Гэтыя сувязі, аднак, не ранейшыя і не закранаюць політычнага жыцьця. Месты і воласьць аднолькава падпарадкаваны адміністрацыйнай уладзе гаспадарскага намесьніка-дзяржаўцы, падлягаюць яго суду, нясуць агульныя павіннасьці і плацяць агульныя падаткі.

Далей А. С. Грушэўскі высьвятляе компэтэнцыю веча ў гэтую эпоху як буйных старажытных мест, так і малых мест і сочыць за абмежаваньнем яго компэтэнцыі намесьнікамі-дзяржаўцамі і тымі ўзаемаадносінамі, якія складаюцца паміж намесьнікамі-дзяржаўцамі і местамі ў канцы XV і ў XVI ст. Урэшце А. С. Грушэўскі вывучае службы, падаткі і павіннасьці мяшчан ў XV і XVI ст.

На першым месцы стаіць служба ваенная. Зусім правільна А. С. Грушэўскі адрозьнівае службу тых мяшчан, якія несьлі земскую ваенную службу нароўне з панамі і шляхтаю,— і абавязак усяго мяшчанства прымаць удзел у мобілізацыі сіл замку для барацьбы з ворагам. З погляду А. С. Грушэўскага ў XIV і XV ст. не існавала яшчэ розьніцы паміж зямянамі і мяшчанамі ў нясеньні імі вайсковае службы. Пытаньне аб нясеньні вайсковае службы вырашалася экономічнай магчымасьцю. Хто быў заможным у належнай меры, каб несьці вайсковую службу, той мог заявіць аб сваёй гатоўнасьці яе выпаўняць. Такое палажэньне зьмянілася ў XVI ст. Узмацняецца погляд, што вайсковая земская служба ня толькі абавязак, але і прывілегія. Мяшчан перасталі дапускаць да вайсковае службы і за мяшчанамі застаўся абавязак прымаць удзел толькі ў мобілізацыі, калі ўсіх прыцягвалі да абароны замку і да супраціўленьня ворагу.

А. С. Грушэўскі, аднак, абмяжоўвае свой вывад адносна адцісканьня мяшчанства ад вайсковае службы, кажучы, што на ўскраінах дзяржавы гэтыя погляды не праводзіліся і старасты прырубежных замкаў мала цікавіліся генэалёгіяй, але ахвотна бралі кожнага, хто мог адбываць вайсковую службу і дапамагаць у цяжкой справе абароны замкаў.

У сувязі з вайсковаю службаю была старожа, якую несла мяшчанства, асабліва на акраінных замках, як у самым замку, так і ў полі. Разам з гэтым, мяшчане прымалі ўдзел і былі абавязаны папраўляць замкі і будаваць новыя. Далей мяшчане нясуць таксама зьвязаную з павіннасьцю вайсковаю—павіннасьць падводную і даюць стацыі.

Апроч гэтых павіннасьцяў самых цяжкіх, мяшчане несьлі і іншыя. Павіннасьці гэтыя былі неаднолькавы ў розных местах і накладаліся ў залежнасьці ад разьвіцьця і палажэньня места. Многія мяшчане адбывалі цяглыя службы, іншыя толькі талокі.

Апроч павіннасьцяй мяшчане плацілі цэлы шэраг падаткаў. Агульным падаткам для ўсіх станаў была сярэбшчына, якая накладалася ўхваламі вялікага вальнага сойму.

Далей існаваў шэраг падаткаў, які быў зьвязаны з родам заняткаў мяшчан. Мяшчане земляробы несьлі адны падаткі, рамесьнікі—іншыя, сваімі вырабамі або грашыма, прамыслоўцы таксама або доляй сваёй здабычы, або грашыма, мяшчане-гандляры свае падаткі плацілі грашыма.

А. С. Грушэўскі ў сваёй працы зьвязаны ў многіх адносінах з працаю М. К. Любаўскага „Областное деление" і працамі М. В. Доўнар-Запольскага. Праца яго, аднак, вельмі каштоўна як па матар'яле, які ўведзены ў яе, так і па тых пунктах гледжаньня, з якога падыходзіць аўтар да мест літоўскага княства, а ўласна: барацьбы мест за „старыну".

Літаратура ня толькі высьвятляе організацыю мест з майдэборскім правам і прычыны яго дараваньня, але і падымае пытаньне аб тым, у чым заключалася тое права, якое пашыралася ў літоўскіх, беларускіх і украінскіх местах і ў якой форме яно ўжывалася.

Ужо Уладзімерскі-Буданаў дае адказ на гэтае пытаньне хаця і ў агульнай форме, што гэтае права было чужаземным, нямецкім.

В. Антановіч[22] лічыць, што з майдэборскага права ўзята толькі надворная пабудова мест і іх організацыя, а кіруючымі юрыдычнымі нормамі былі свае, тутэйшыя звычаі.

Сярэдні погляд выказвае проф. Кісьцякоўскі, які лічыць што майдэборскае права ня толькі дала надворную організацыю мест і было ня толькі номінальным, але і фактычна ўжывалася. Судовыя мескія інстытуцыі карысталіся сводамі нямецкага права ў выданьнях польскіх юрыстых. З другога боку, аднак, і майдэборскае права зьмянялася ад мясцовых юрыдычных звычаяў і паглядаў, якія нярэдка ужываліся разам з ім і часта яго замянялі[23].

Да яго поглядаў далучаецца і Тараноўскі[24]. Ён прыводзіць довады для абаснаваньня свайго погляду. У прывілеях на майдэборскае права, якія даваліся местам Літоўскага княства, няма ніякіх паказаньняў на тыя памятнікі права, якімі трэба карыстацца, ні слова не гаворыцца аб тых зборніках, дзе трэба шукаць асноўных норм права і якую рэдакцыю права законадаўца лічыць абавязковай. Прывілеі гавораць аб звальненьні ад падуладнасьці і падсуднасьці мясцоваму ўраду—замковаму і земскаму і аб утварэньні мескае ўлады, якая была розная ў паасобных местах. Прывілеі— гэта ня хартыі, якія гарантуюць местам тую ці іншую незалежнасьць і самастойнасьць. Пад гэтай самастойнасьцю разумеецца ня толькі права пабудовы суду і кіраўніцтва па тыпе нямецкіх мест, але і права рэглямэнтацыі жыцьцёвых узаемадносін на асновах майдэборскага права[25]. Прывілеі даюць права зрабіць вывад, што нормы нямецкага права клаліся ў аснову пастаноў суду з адменаю права рускага, польскага і звычайнага. Але ня ўсё, па думцы Тараноўскага, магло быць ахоплена нямецкім правам. Па словах Тараноўскага, Гроіцкі ў сваім „Porzadku" прызнае за звычаем значэньне субсідыарнае крыніцы права. Гроіцкі праводзіць, нават, ідэю аб аднолькавым значэньні звычаю і пісанага права: „dobry zwyczaj za prawo jest“. Гроіцкі патрабуе адмены толькі неразумных звычаяў. Месты Літвы і Беларусі рэцэпавалі майдэборскае права, але адначасна ўжываўся і свой звычай. Гэты звычай дапаўняў недахваты майдэборскага права, лагодзіў яго супярэчнасьці і, нават, станавіўся на яго месца, калі ўжываньне нямецкага права супярэчыла правасьвядомасьці „западно-русского" мешчаніна. Такое вырашэньне пытаньня, па думцы Тараноўскага, ня можа выклікаць сумненьня, бо і Літоўскі Статут (Статут 1529 г., ІІІ, 6; Статут 1588 г. ІІІ, 15) дапускаў ужываньне старадаўняга звычаю, абаронцай якога быў гаспадар[26].

Свой погляд Тараноўскі абасноўвае пасылкамі на докумэнты, галоўным чынам, „Историко-юридические матерьялы".

Што датычыць таго, у якіх зборніках ужывалася майдэборскае права, на гэта належны адказ дае Тараноўскі ў вышэйазначанай працы.

У сваёй працы Тараноўскі дае кароткі нарыс утварэньня самакіраваньня нямецкіх гарадоў і паступовага складаньня іх праў, якія зьявіліся вынікам атрыманьня гарадамі прывілеяў ад сваіх фэўдалаў і таго звычайнага права, якім горад карыстаўся ў сваім жыцьці. Нямецкае, дакладней саксонскае, звычайнае права—Landrecht і мескае права—Weichbild і ляглі ў аснову таго права, якое вядома ў нас пад назвай майдэборскага права. Гэтае права дайшло да нас не ў першапачатковай форме. Яно было пераапрацавана і ператлумачана сярэднявечнымі юрыстымі—глёссатарамі і ў такой форме было выдана ў XVI ст. ў лацінскай мове Мікалаем Яскерам:

1) „Juris Provincialis quod Speculum Saxonum nuncupatur, libri tres“. Сгасоvіае, Hieronimus Victor excudebat. Anno MD XXXV (1535). „Тры кніжкі земскага саксонскага права, якое завецца Саксонскім Люстрам").

2) „Juris municipalis Majdeburgensis liber, vulgo Weichbild nuncupatur". Editio supra. (Майдэборскае мескае права, якое папростаму завецца Вэйхбільдам).

3) „Promptuarium juris provincialis, quod Speculum Saxonum vocatur, tum et municipalis Majdeburgensis summa diligentia recollectum et ad communem editum utilitatem". Editio supra. („Паказчык земскага права, якое завецца Саксонскім Люстрам, і майдэборскага мескага права, які сабраны з вялікаю ўважлівасьцю і выданы для агульнага карыстаньня").

Працы М. Яскера зьяўляюцца літаральным перакладам нямецкага тэксту Ляндрэхта і Вэйхбільда. Тэкст апошніх устаноўлены шляхам праверкі некалькіх нямецкіх тэкстаў. Апроч тэксту Ляндрэхта і Вэйхбільда, Яскер далучыў нямецкія і лацінскія глёссы. Аўтарская дзейнасьць Яскера, апроч перакладу, выявілася ў нататках на палёх супроць тэксту Ляндрэхта адпаведных месц з Вэйхбільда і наадварот, а таксама ў адзначэньні на палёх некаторых асаблівасьцям майдэборскага права ў Польшчы. Самадзейнасьць Яскера выявілася ў яго „Promptuarium’е“, які па досьледах Тараноўскага зьяўляецца альфабэтным паказчыкам зьместу „Speculi Saxoni" і „Juris municipalis" з паказаньнем паралельных месц таго і другога.

Пасьля выданьняў М. Яскера выключнае значэньне як для Польшчы, так і для Беларусі маюць выданьні Бартолёмэя Гроіцкага і Паўла Шчэрбіча. Сваімі досьледамі Тараноўскі даводзіць, што гэтымі выданьнямі беларускія месты карысталіся, як асноўнымі сводамі права, і суды пасылаюцца ў сваіх судовых процэсах або на працы аднаго, або на другога. Як працы Б. Гроіцкага, так і П. Шчэрбіча былі выданы ў польскай мове.

Бартолёмэю Гроіцкаму належаць наступныя працы:

1. „Ustawa płacey u sądów w prawie Maydeburskim : tak przed burmistrzem a raycam,i iako przed woytem, nowo uczyniona“, выдана ў Кракаве ў 1558, 1559, 1560, 1562, 1565, 1568 і 1616 г. г.

2. „Artykuły prawa Maydeburskiego, które zowią Speculum Saxonum z Lacinskiego jezyka na Polski przelozone", выдана ў Кракаве ў 1558, 1559, 1560, 1562, 1565, 1616 і 1618 г. г.

3. „Porządek sądów i spraw mieyskich prawa Maydeburskiego w Koronie Polskiej“, выдана ў Кракаве ў 1559, 1562, 1565, 1566, 1573 і 1616 г. г.

4. „Ten postępek wybran iest s praw cesarskich, który Karolus V. Cesarz, kazał wydać po wszystkich swoich państwiech, którym sie nauka daie, iako w tych sądziech a sprawach, około karania na gardle, abo na zdrowiu, sędziowie y każdy urząd ma się zachować, y postępować“... выдана ў Кракаве ў 1559, 1560, 1562, 1565, 1582 і 1616 г. г.

5. „Reyestr do Porzadku i do artykulow pierwiej po polsku wydanych w sprawach tego czasu naiwiecey klopotnych z tegoz prawa Maydeburskiego przydane", выдана ў 1567, 1573 і 1616 г.г. ў Кракаве.

6. „Prawa miedzy Gospodarzem y Komornikem krotko spisane“, выд. у 1573 г.

Працы Б. Гроіцкім выдаваліся адным зборнікам ў 1619, 1629 у Кракаве і ў 1760 г. ў Перамышлі.

Ажыўленьне літаратуры XVI ст. аб майдэборскім праве канчаецца дзьвюма працамі Паўла Шчэрбіча, якія былі выданы ў Львове ў 1581 г.

1. „Speculum Saxonum abo prawo Saskie y Magdeburskie Porza̜dkiem Obiecadła, z Laćinskich y Niemieckich Exemplarzow zebrane, a na polski jezyk z pilnością y wiernie przełożone przez Pawła Szczerbicza".

2. „Ius municipale : to jest prawo Miejskie Majdeburskie, nowo z łacińskiego i z niemieckiego na polski język z pilnością i wiernie przełożone przez Pawła Szczerbicza".

Працы П. Шчэрбіча былі перавыданы ў 1610 г. ў Познані і ў 1646 г. ў Варшаве, разам з правам хэлмскім.

XVII сталецьцю належыць адзін помнік майдэборскага права, а ўласна, праца Замосьцьскага каноніка і ордынарнага профэсара Юрыдычнай акадэміі Бэнэдыкта Зэлехоўскага, выданая ў Замосьці ў 1643 г., пад назваю:

„Digestum Iuris Saxonici Provincialis, Partibus sex comprehensum, et novis expositionibus, atque cum lure Communi conciliationibus claris, ad omnium praesertim, qui forum agunt, usum communem illustratum".

З усіх гэтых выданьняў нямецкага права самым пашыраным, з погляду Тараноўскага, былі выданьні Гроіцкага і Шчэрбіча.

У наш агляд літаратуры па гісторыі мест Літоўска-Беларускага княства не ўвайшлі некаторыя працы, як М. С. Грушэўскага, — аўтара „Історіі Украіны-Русі“, які ў V т. сваёй працы ўдзяляе даволі значнае месца організацыі украінскіх мест, а таксама пытаньню, у якой форме ўжывалася нямецкае права ў местах Беларусі; не разгледжана праца А. Halban’а, „Zur Geschichte des deutschen Rechts in Podolien, Wolhynien und der Ukraina", Berlin, 1896 г. Гэтыя працы непасрэдна не датычаць мест Беларусі і, маючы на мэце абмежавацца ў сваёй працы тэрыторыяй Літвы і Беларусі, ў сьціслым значэньні і этнографічных межах, мы наўмысьля ня ўводзілі іх у агляд літаратуры. Што датычыць працы Гальбана, то яна зьяўляецца дапаўненьнем і разьвіцьцём поглядаў, якія былі выказаны проф. Кісьцякоўскім і разьвіты Ф. В. Тараноўскім.

Аглядаючы літаратуру па гісторыі мест былога Вялікага Княства Літоўскага прыходзіцца прызнаць, што толькі дзьве працы — Уладзімерскага-Буданава, „Немецкое право в Польше и Литве“, і А. С. Грушэўскага „Города Великого княжества Литовского" спэцыяльна прысьвечаны вывучэньню гісторыі і організацыі мест, бо працы Кісьцякоўскага і Тараноўскага вывучаюць толькі вузкае пытаньне аб тым, што трэба разумець пад нямецкім правам у сьціслым значэньні слова і ў якой форме і ў якім выданьні яно ўжывалася. Усе іншыя працы—Ярашэвіча, Любаўскага, Доўнар-Запольскага, Пічэты і Кутшэбы закранаюць пытаньне толькі мімаходам, паколькі гэта патрабуюць асноўныя мэты і задачы іх прац. З гэтай прычыны ў значнай меры можна сказаць, што ў адносінах да беларускіх мест толькі пачата пастаноўка іх вывучэньня з боку іх організацыі і палажэньня ўнутранага жыцьця.

Нават, па нашай думцы, нельга лічыць вывучаным канчаткова пытаньне аб тым, у якіх сводах ужывалася нямец­кае права ў местах Беларусі. Некаторыя акты літоўскае мэт­рыкі супярэчаць вывадам, якія зроблены Тараноўскім і, маг­чыма, што ў гэтых адносінах прыдзецца дапускаць варыяцыі для асобных мест, або паасобных груп розных мест.


  1. Obraz Litwy pod wzgledem jej cywilizacyi od czasow najdawniejszych do konca wieku XVIII. Przez J. Jaroszewicza, professora prawa krajowego w b. Uniwernsitecie Wilenskim. Wilnio, czesc І і ІІ--1844; czesc 1845. Частка ІІ-ІІІ, стар. 80-89.
  2. Владимирский-Буданов. Немецкое право в Польше и Литве, стар. 2.
  3. Ibidem, стар. 110.
  4. Ibidem, стар. 9.
  5. Ibidem, стар. 29.
  6. Ibidem, стар. 49.
  7. Ibidem, стар. 56.
  8. Ibidem, стар. 67 і 76.
  9. Ibidem, стар. 106.
  10. Ibidem, стар. 114.
  11. Ibidem, стар. 119.
  12. Ibidem, стар. 125-126.
  13. Прадмова да І т. часткі пятай „Архіва юго-западной России", Кіеў 1869.
  14. Антонович. Монографии, стар. 198.
  15. М. К. Любавский. Областное деление, стар. 527 529.
  16. Ibidem, стар. 635-636.
  17. М. В. Довнар-Запольский. Очерки, стар. 42.
  18. Ibidem, стар. 43—47 і іншыя.
  19. Ibidem, стар. 253.
  20. В. И. Пичета. Аграрная реформа, ч. І, стар. 72.
  21. А. С. Грушевский. Города В. Княжества Литовского в XIV --XVI в.в. Их старина и борьба за старину. Киев, 1918 г., стар. 141-190.
  22. Антонович. „Предисловие" ў т. І, ч. V Архива Юго-Запад. России.
  23. Кистяковский. Права, па которым судится малороссийский народ. Киевск. Универ. Изв. 1878 г. №№ 11 і 12, стар. 995.
  24. Ф. В. Тарановский. Обзор памятников Магдебургского права западно-русских городов Литовской эпохи, Варшава. 1898 г.
  25. Тарановский, стар. 35.
  26. Ibidem. стар. 55.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.