Беларускія ведамасьці (1921)/1921/3/Аб «Нашай Долі»
Аб «Нашай Долі» Успаміны Аўтар: Францішак Умястоўскі 1921 Крыніца: Газэта «Беларускія Ведамасьці», № 3, 20 верасьня 1921 г., б. 2—3 |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Аб «Нашай Долі». |
Аб „Нашай Долі“.
I.
Гэта было летам 1906 году, калі я прышоў да пракананьня, што мінуў беспаваротна, час Колядных і Вялікодных пісанак, якія мы ў гурткох беларускіх у Маскве і Пецярбурзе друкавалі на гэктографах у некалькіх дзесятках экзэмпляраў. Настаў час, калі беларускае друкаванае слова павінна шырокай ракой ліцца ў нашу цемную бяздольную вёску і гукамі роднай мовы будзіць людзей да лепшага жыцьця і сьвет пазнаньня нясьці ў курныя мужыцкія хаты.
Я ведаў, што ёсьць людзі, якія не пашкадуюць працы для гэнай справы: Я знаў, што вёска прыхільна прывітае першую ластаўку беларускай вясны, але ня было толькі аднаго—грошы, і дзе іх дастаць, я ня ведаў. Вось калі гэтак я насіўся з думкаю: аб грошах—яны самі прышлі да мяне. Неяк яшчэ ў гімназіі я пазнаёміўся з Янам Тукеркесам. Бацькі яго, хрышчоныя жыды, мелі ў Вільні хатку на Новым Сьвеце, недалёчка ад таго мейсца, дзе жыў і я. Гэтак дзякуючы суседзтву завязалася знаёмасьць у нас. У тым часе, аб якім ідзе гутарка, бацька Тукеркеса памёр, пакінуўшы пану Яну хатку і некалькі тысячаў храшыма. Пачуўшы грошы ў кішані, пан Ян закруціўся. Малады прыгожы дзяцюк загуляў, і грошы пачалі ўцякаць. Разглядзеўся пан Ян, што гэтак доўга не працягнеш, і надумаў на астаткі бацькаўскага: добра пачаць які інтэрас. Гэткім добрым інтарэсам здалася ему, расейская вечаровая газета. І ведаючы, што я знаюся па газэтнай справе, ён прышоў на раду да мяне. Разгаварыліся. Што-ж, кажу, браточку, шукаць табе лепшага інтарэсу, як выдавецтва беларускай газэты? І людзям карысьць будзе і грошы заробіш і часам яшчэ ў гісторыю пападзеш. Слова за словам, і Тутеркес праканаўся, што беларуская газэта пойдзе і, калі ня дасьць барыша, то скупіць сябе. „Добра, згадзіўся пан Ян: будзем выдаваць, толькі глядзі, каб да часу ў нейкую гісторыю не папасьці“.
Тутка я пазнаёміў Тутеркеса з братамі Луцкевічамі т Алёізай Пашкевічанкай, што вядома была у беларускіх гурткох пад прозьвішчам Цёткі. Луцкевічы і Цётка з ахвотай абяцаліся памагчы і зараз-жа з усей энэргіяй прыняліся да работы. Хутка Ян Тукеркес адтрымаў дазваленьне на выдавецтва „Нашае Долі“. Фактычным і афіцыяльным рэдактарам меўся быць я, але паводлуг закону мне не хапіла гадоў (Я меў толькі 23, а трэба было меці ня меней 24) для права падпісываньня газэты. Гэткім чынам Ян Тукеркес зрабіўся выдаўцом і падпісываў газэту, як рэдактар, хаця паміж сабою мы згаварыліся, што ўсю рэдактарскую працу буду весьці я, Антон Луцкевіч і Цётка увайшлі ў рэдактарскую калегію.
Наладзіўшы гэтак справу, я паехаў да маёнтку Лябёдкі, да Вацлава Іваноўскага, каб адпачыць трошкі і, паслухаўшы гоману родных лясоў, зьвярнуцца да Вільні толькі тады, калі ўсе тэхнічныя справы будуць скончаны і трэба будзе выпушчаць першы нумар. Праз некалькі часу я адтрымаў ад Тукеркеса ліст, у якім ён мне пісаў, каб я хутчэй прыяжджаў да Вільні, бо сам ён ня можа паладзіць з Луцкевічамі. Сягоньня не памятаю, з чаго у іх пайшла сварка: досьць таго, што прыехаўшы я усіх згадзіў, і праз некі тыдзень вышаў першы нумар „Нашае Долі“. Калі а гадзіне 12-ай са сьвяжусенькім першым нумарам „Н. Д.“ я вышаў з друкарні, у якой прасядзеў бяз мала ўвесь дзень, робячы карэктуру і соткі разоў прачытываючы тыя словы, што хутка палятуць да родных вёсак, сэрца ў мяне стукала ад радасьці і шчасьця, а можа і ад трывогі разам за будучыну нашага дарагога дзіцяці. Прышоўшы ў рэдакцыю на Віленскай вуліцы, я знашоў там усю кампанію. Быў тут Ян Тукеркес, і Антон і Ян Луцкевічы, і Цётка, і Станіслаў Сымановіч—экспэдытар газэты, здаецца, што праездам з Менску быў і Трэпка. Усе з нецярпеньнем чакалі майго прыходу, і газэту амаль не парвалі, выдзіраючы з рук адзін ў аднаго.
Ня ведаю, скуль узялася гарэлка і закуска, і наліўшы чаркі, ня гледзячы на косыя пагляды Цёткі, якая не цярпела п‘ючай кампаніі, мы духам асушылі іх за будучыну бацькаўшчыны.
Гэтак да познай ночы мы гулялі на хрэсьбінах „Нашае Долі“. Пад уплывам радасьці, якую нямінуча нясе з сабою спаўненьне гадаваных цэлымі гадамі думак, ніхто з нас пэўна непрадстаўляў сабе, што гэты момант — момант гістарычны; і зерне, пасеянае сягоньня, дасьць такі буйны ураджай. Мы ня былі аналітыкамі і, прыступаючы да працы над стварэньнем газэты, кіраваліся ня гэтулькі выкладкамі розуму, колькі наказам маладых сэрцаў і вялікай любоўю да цёмнага нашага брата. Мы верылі, што цемру нашай вёскі можа асьвяціць толькі слова ў народнай мове беларуса, што паміма гэтага шляху беларусу няма іншае дарогі да сьвету і долі.
„Наша Доля“ нарабіла шуму. Першы нумар ў ліку 10.000 экзэмпляраў (5000 лацінкай і 5000 кірыліцай) разышоўся амаль увесь. Прадажа газэты ў Вільні йшла так бойка, што газэтчыкі раз-за-разам прыходзілі ў рэдакцыю па новую порцыю, распрадаўшы у працягу некалькіх мінут узятыя імі пробныя нумары. У Менску і паветах газэта так сама пашла добра. Хутка аб‘явіліся падпісчыкі і беларускія пісьменьнікі. Адным з першых супрацоўнікаў, што пачалі прысылаць свае творы У „Н. Д.“ былі Ядвігін ІШ. Якуб Колас і др. Другі нумар газэты грамадзянства спаткала так сама прыхільна. як і першы. Газэтчыкі за некалькі дзён прад выхадам яго прыносілі ў рэдакцыю грошы, каб запясьпечыць сябе загадзя адтрыманьнем газэты. Падпісчыкаў з кожным днём прыбывала усё болей і болей, рэдакцыя з усіх канцоў Беларусі адтрымлівала шмат лістоў, ў каторых іх аўторы горача віталі „Нашу Долю“. З кожным днём паміж газэтай і беларускім грамадзянствам завязываўся цясьнейшы вузел, і папулярнасьць газэты расла з кожным днём. Аб папулярнасьці „Н. Д.“ сьведчыць, паміж іншым, той факт, што некаторыя стацьці вывучываліся чытачамі на памяць. Я сам быў сьведкай, як адзін работнік у Вільні пераказаваў другому ў памяці ўсю стацьцю пад загалоўкам „Старое Лякарства“.
Ня меншай папулярнасьцяй карысталіся і вершы, друкаваныя у „Нашай Долі“. Гэная вялікая папулярносьць „Н. Д.“ зьвярнула на сябе увагу царскіх чыноўнікаў, і дзеля таго, што газэта, каторая бязьлітасна крытыкавала тагачасны лад нікчэмную палітыку мясцовых расейскіх валадароў,—ім не падабалася, яны аб‘явілі вайну „Н. Д.“, і на газэту пасыпаліся кары. 3-і нумар „Н. Д.“ ужо сканфіскавалі, так што толькі некалькі дзесяткаў экзэмпляраў яе ўбачылі сьвет Божы. З тэй пары бяз мала кожны нумар „Н.Д.“ спатыкала або канфіската, або штраф. Газэта—такі трывала. Навучаныя горкай доляй, мы часьць выданьня адразу з друкарні вывазілі ў прыватныя кватэры і толькі другую частку прывазілі ў друкарню, дзе на яе ўжо чакала паліцыя. Схаваныя гэткім спосабам нумары мы прадавалі потым па павялічанай цане, так што некалькі часу ня гледзячы на канфіскацыю маглі-такі зьвясьці канцы з канцамі. Але пад канец і паліцыя дагадалася. Яна пачала канфіскаваць газэту ў самай друкарні і, нарэшце, на Яна Тукеркеса налажылі штраф і прыцягнулі яго да суду. А побач з гэным, баючысь уплыву „Нашае Долі“, мясцовыя ўлады выдалі цыркуляр, у якім гаварылася, каб усе нумары „Н. Д.“ канфіскаваць, як газэту „исключительно вреднаго направленія“, так гаварылася ў цыркуляры. Стала ясна, што пры гэткіх варунках газэту выдаваць не магчыма. Папаўшы Ў „гісторыю“, Ян Тукеркес адмовіўся даваць грошы. На пасяджэньні рэдактарскай калегіі, калі разглядалася пытаньне аб тым, як быць далей, Ян Луцкевіч абяцаўся дастаць грошы, і гэтак мы пастанавілі газэту выдаваць далей, перамяніўшы трошкі тон.
Але з перамены тону ня выйшла нічога. Пробны нумар, у якім мы зрабіліся ціхімі і спакойнымі, так сама быў сканфіскаваны. Чыноўнікі прычапіліся да слова „ваяваць“ у вадным з вершыкаў, дзе яно азначала звычайную барацьбу, змаганьне,—растлумачыўшы яго, як прызыў да паўстаньня з аружжам у руках. Тады мне стала ясна, што „Нашай Долі“ ўжо падпісаны прыгавар і дні яе зьлічаны і ніякая перамена тону нічога ўжо пе паможаць. І дзеля таго, ня гледзячы на намовы братоў Луцкевічаў, я зрабіў заяву у газэтах, што „Наша Доля“ сваё істнаванае спыняе. Гэтак на 7-м, здаецца, нумары, задушаная рукамі расейскага ката скончыла сваё істнаваньне „дзіця свабоды“ першая беларуская часопісь „Наша Доля“.
Дзядзька Пранук.