Беларускіе казкі (1912)/Багатыр
Багатыр Беларуская народная казка 1912 год |
Чэлавечае вока → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Багатыр. |
БАГАТЫР.
І той багатыр, хто мае многа уселякаго дабра, і той, хто дужы, ды здаровы. Часам дурные кажуць, што абы грошы, то й здароўе будзе. Не, мабыць, трасца табе, не здароўе будзе за грошы. Мабыць ужо так Бог даў, што багатаго ды заможнаго дык заўсягды якая кольвек хвароба цісьне. Бо што-б с таго было, каб ешчэ багач ды быў і здароў; ён тады і Бога сапхнуўбы з неба. Бог знаў, што чэлавек, як багаты, то й горды; от затым Бог так зрабіў, што хто багаты, той заўжды нехлемяжы, або хворы, а хто бедны, той здаровы ды дужы. Бедны Бога памятае, а багатыр дык усіх забывае.
Гэтак жэ, кажуць, даўней жыў адзін багатыр. Меў ён столькі уселякаго дабра, што й палічыць ня мог. Жыў ён у раскошы ды выгодзе, ня зна на бяды, ня меў ніякаго ліха. Адно толькі грызло яго, грызло й не давало яму ні есьці, ні спаць. Грызло яго тое ліхо, што калі добра, дык хочэцца ешчэ лепш, а тут нельга нічога лепшаго прыдумаць. От і пачаў той багатыр сохнуць ды петрэць, што ад дабра нельга найсьці дабра. Толькі вось ешчэ горэй яму зрабілося, як стрэў ён якась аднаго вельмі беднаго чалавека. Ідзе сабе багатыр каля сваіх Палацоў, ідзе маркотны, што німа ўжо на сьвеці лепшаго дабра, аж от якраз сунецца на сустрэк чорны, абдзерты, у лапліку бедны чэлавек, сунецца ды пяе песьні, аж табе багатыра сад разлегаецца.
— Чаму ты пяешь? — пытае багатыр.
— А от пяю, бо здароў і вясёл.
— Чагож ты вясёл, калі ты такі бедны?
— А якога-мне больш ражна трэ? Сягоньня наеўся картопель, а заўтра буду мець і хлеб з салам, бо зарабіў трохі асьмакоў.
— Ці-ж ты таго пяешь, што здароў і наеўся?
— Не, я пяю, што як ня ліха жыць на сьвеці, але як пажыву, то мо будзе й лепш! — прамовіў тое бедны чэлавек дый пацёгся сабе далей, сьпеваючы якусь песьню.
„Уся беда ад багацтва, — думае багатыр; — от калі атдам людзям збольшаго сваё багацьце, то мо й лепш будзе.“
Падумаў ён так ды і давай крычаць, зваць беднаго: „эй чуеш! вярніся, чэлавечэ, ёсць к табе дачыненьне.“ Пачуў бедны чалавек, што заве багатыр, ды й вярнуўся. Тымчасам багатыр дастаў с кішэні капшук, поўны чырвонцоў, ды й дае беднаму. — „На — кажэ — вазьмі гэтые асьмакі, то й табе будзе добра, ды й мне лепш.“
Падзякаваў бедны багатыру, узяў грошы ды й пайшоў сабе, а багатыру і запраўды лягчэй стала на сэрцу, што ён хоць раз зрабіў добрае дзела. Але ня доўга радаваўся багатыр, бо як прыйшоў да гасподы[1] ды як пачаў лічыць грошы, от адразу яго і апанаваў жаль, — яму шкода стала тых асьмакоў, што ён аддаў беднаму. Ходзіць багатыр, як у ваду апушчэны, маркотны, як пад землёю. Чым далей, тым горэй маркотна багатыру на сэрцы, маркотна ды так моташна, хоць бяры дый засіліся. А тут ешчэ убілася багатыру ў галаву, што будзе з яго багацьцем, як ён апражэцца. — „Як бы гэта зрабіць, думае багатыр, — каб і па маей сьмерці ды ўладаць усім сваім багацьцем.“ — Думаў ён думаў ды і надумаўся. От, зрабіў ён у клеці пад памостам пограб, прыладзіў к яму так дзьверы, што ніхто й не ўцяміць. Паскладаў багатыр у той пограб усе свае грошы ды ўсё, што у яго было самае дарагое. Ходзіць багатыр у той погрэб ды любуецца на сваё дабро. От гэтак раз пайшоў ён у погрэб ды й ня добра зачыніў дзьверы. Тымчасам дзьверы неяк шчакаўзнуліся дый зачыніліся так, што бабагач ня можэ с погрэба вылезьці. Сядзіць у погрэбе ды падыхае з голаду. Прабаваў крычаць, ды ніхто яго ня чуе. Пазнаў тут багач, якая цэна грашам і уселякаму багацтву, калі німа людзей, калі тое багацьце нікому не патрэбнае; пазнаў, што такое грошы, якая ад іх людзям карысць, пазнаў ды ня можэ нікому нічога сказаць, бо нельга вылезьці с погрэба. От сядзіць ён і ня ведае, што пачаць, аж бачыць што усе яго грошы ды ўсё дабро абярнулося у чэлавечы пот, ды у кроў. Паднімаецца кроў с потам у погрэбе усё больш, ды больш. Вот, вот ужо яна даходзіць багачу па самае горла, вот, вот ëн захлібнецца ў чэлавечай крыві. Тут багатыр сабраў што ёсць моцы ды як крыкне і чуе, аж хтось адазваўся дый адчыняе дзьверы. Абрадаваўся багатыр, так абрадаваўся, як ешчэ ніколі, калі убачыў, што ешчэ мо троху пажыве на сьвеці, мо ешчэ зірне на яснае сонейко. Хто-ж выратаваў багатыра с погрэба? Гэта, бачыце, быў той самы бедны чэлавек, што яму багатыр даў капшук асьмакоў. Узяў ён тагды ад багатыра грошы ды перш думаў, што з грашамі будзе лепш. Тым часам з грашыма стало горэй, як было: з грашыма у дзень і ў ночы заўжды страшна, каб хто не украў або не забіў. Ня ведае бедны, куды дзеваць тые грошы; носіцца з імі, бы кот з асяленцам. Ня есць, ня пье, усё думае, каб не згубіць тые грошы; годзі пеяць песьні, годзі вясёла жыць. Спетрыў за тые дні, але нарэшце дагадаўся, што бяз грошы харашэй, ды як дагадаўся, схапіў капшук той с асьмакамі ды й папёр багатыру назад. Прынёс, а таго німа. Давай бедны пытаць у людзей, дзе багатыр, а тые кажуць, што мабыць чорт на хорму ухапіў, бо ён быў у гасподзе і раптам некуды дзеўся. От стануў бедны чэлавек і чухае чупрыну, ня возьме сабе у глузд, дзе найсьці багатыра. Ажно тады багатыр закрычаў у погрэбе. Бедны спазнаў яго па голасе ды й кінуўся ратаваць: разабраў памост, раскідаў у погрэбе столь. Вылез багатыр с погрэба чуць жыў ды й просіць есьці. Дастаў бедны с кайстры пячоную бульбу ды асушкі хлеба, даў багатыру, а той накінуўся на тое, бы воўк галодны, жумрыць, аж за вушамі трашчыць. Пасілкаваўся трохі і давай дзякаваць беднаму. А той кажэ: «Богу, а мне незашта. Вот дзякаваць за твае грошы. На табе іх назад.» Тут бедны выцягнуў руку з грашыма. Як убачыць багатыр тые грошы ды як закрычыць, што то чалавечая кроў ды пот, ды як пабяжыць ад грашэй наўцекача, дык толькі яго пяткі мітусяцца. Бег, бег багатыр ад грошэй, пакуль не заграз і не ўтапіўся у балоці.
Тагды пазналі людзі, што гдзе багацтва, там німаш шчасьця, што багатыр ад багацтва гіне.
- ↑ „гасподай“ на Палесьсі называюць хату; адгэтуль слово гаспадар.