Перайсці да зместу

Беларуская інтэлігенцыя ў гістарычным аспэкце

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларуская інтэлігенцыя ў гістарычным аспэкце
Артыкул
Аўтар: Цішка Гартны
1926
Крыніца: Полымя, 1926. - №6

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Апошнімі часамі з боку Савецкае ўлады ды Комуністычнае партыі зьвернута значная ўвага да інтэлігенцыі. Жыцьцё высунула на паверх патрэбу яснага вызначэньня адносін інтэлігенцыі да сучаснага стану, да працы ў галінах культурна-грамадзкае апініі, да поўнага прызнаньня з яе боку дыктатуры пролетарыяту і тых мэтаў ды ідэалаў, якія нясе гэта дыктатура.

Умацаваньне работніцка-сялянскага ўраду, посьпехі яго працы ва ўсіх галінах дзяржаўнага, гаспадарчага і культурнага будаўніцтва настой­на патрабуюць для далейшага разьвіцьця заваёў Кастрычнікавай рэволюцыі цеснага супрацоўніцтва ўсіх тых катэгорый грамадзянства, якім гэта рэволюцыя дала і ў далейшым абяцае ахоўваць шырокую мажлівасьць здавальненьня іх матэрыяльных і духоўных запатрабаваньняў. А што вялікай частцы нацыянальнае інтэлігенцыі, дробнабуржуазным слаём (серад­няком) сялянства і нават значнай катэгорыі рамесьніцтва політыка Савецкае ўлады дала шмат пераваг параўнаўча з дарэволюцыйным часам, аб гэтым не даводзіцца спрачацца, і гэта не павінны ня прызнаць адзначаныя катэгорыі грамадзянства. Тым болей і паўней, па-нашаму, уконтактаваны многія дамаганьні інтэлігенцыі, асабліва ў галіне яе нацыянальных імкненьняў. Гэты факт стаў агульнавядомым і атрымаў для сябе падтрыманьне рэчаіснасьцю жыцьця.

Дык чаму-ж усё-ткі патрабавалася паднімаць пытаньне аб інтэліген­цыі ў паласу гэткае сытуацыі?

А прычынаю гэтаму паслужыў той факт, што частка інтэлігенцыі, улічваючы многія дадатныя для сябе моманты ў заваёвах рэволюцыі, ня хоча, аднак, пагадзіцца з тым фактам, што ёй ня дадзена кіраўнічая роля ў політычна-дзяржаўным жыцьці. Не разьбіраючыся належна ў тым, якую ролю прыназначае ёй гісторыя ў міжклясавых суадносінах, інтэлігенцыя лічыць сябе, чамусьці, асобным цэлым, абранай катэгорыі людзьмі, якія павінны мець калі і не кіраўнічую скрыпку ў дзяржаўным організьме, то, па крайняй меры, быць роўнаю з пануючай клясай.

Тая роля, якую інтэлігенцыя цалкам прысвойвае сабе, але якую яна адыгрывала, як опозыцыйная грамада ў часы самаўладзтва, дзякуючы падпіханьню яе на гэта з боку працоўных, вылучае зданны орэоль вялікага „подвижника и заступніка страждущих“. Верхавенства-ж рабочых і сялян, хоць і сапраўдных будаўнікоў жыцьця, але нядаўна яшчэ людзей апошняй ступені ў соцыяльных усходах, у воку інтэлігенцыі ніякавата, нячэмна да таго, што ўсё іншае, здабытае імі, памяншае сваю вартасьць, сілу і значаньне.

Вось чаму мы ёсьць сьведкамі тым зьявам, якія гавораць нам аб сапраўды існуючых сярод некаторай часткі беларускае інтэлігенцыі ня­ добраякасных ападкаў у настроях. Нельга адказваць таму факту, што каламутнасьці гэтых ападкаў у значнай меры надае тактыка старога й новага чынавенства розных нацый, якое ў змаганьні з беларусізацыяй і цалкам з нацыянальнаю політыкай Савецкае ўлады ня спыняецца перад рознымі ўжо знаёмымі нам агіднымі выбрыкамі супроць гэтае політыкі.

У цягу будаўніцтва нацыянальнае справы першага дарэволюцыйнага пэрыоду асабліва даўся ў знак беларускай інтэлігенцыі нясупынны, інсынуацыйна-провокацыйны напад на яе першага выданьня, яшчэ не ад­ноўленага, расійскіх чыноўнікаў, а таксама і польскіх патрыотаў. Адрыж­кі таго часу ў нашай рэчаіснасьці—вядома прыкрае зьявішча. Але нека­торая частка інтэлігенцыі ня хоча ўлічыць таго, што з гэтаю прыкрасьцю ня так лёгка справіцца. А што з ёю Савецкая ўлада рашуча распраўляецца і будзе распраўляцца—гэта не адны словы. Трэба-ж улічаць тыя ўмовы гістарычнага мінулага, якія вякамі працавалі не на карысьць бела­рускага працоўнага народу.(Вяковы тэрмін гвалтоўнага зьнішчэньня нацыянальнага жыцьця не загойваецца дзесяткам год хоць і пастойнае працы. Літва ці Латвія, захаваўшыя куды больш сваю самабытнасьць, колькі часу змагаліся з царскім насьледзьдзем, пакуль патроху (яшчэ далёка ня зусім) пачалі яго зьнішчаць. Для беларускага савецкага ўраду тутака праца шмат цяжэйшая. Але зразумець гэтага якраз і ня хоча адмечаная частка інтэлігенцыі. Чаму-ж яна гэткая няўмольная? Што ёй надае па­добную ганарлівасьць і ці мае яна ў сваім мінулым гістарычнае (хоць-бы!) апраўданьне гэтай ганарлівасьці? Адкуль і што яна набылася ў яе і пры якіх умовах прасякла гэту частку інтэлігенцыі? А мо' гэта ёсьць натураль­ная якасьць, для ўсяе беларускае інтэлігенцыі падмацаваная соцыяльна-клясавымі момантамі разьвіцьця беларускага нацыянальнага руху, ці гэта частковы нагон чужога, бакавога ў процэсе гэтага разьвіцьця? Калі апош­няе, дык тады наколькі гэта якасьць глыбока сядзіць у вагульнай сям‘і беларускай інтэлігенцыі і якую пэрыфэрыю яе займае?

Вось пытаньні, якія павінны быць асабліва цікавымі ў наш час і для выясьненьня якіх мы хочам зрабіць экскурс у гісторыю. Панашаму, ужо ёсьць на гэта падстава і ёсьць досыць матэрыяльнага скарбу, каб яго скарыстаць дзеля нашай працы.

Каб дасканала адказаць на пастаўленыя пытаньні, трэба азірнуцца назад у мінулае гісторыі разьвіцьця беларускага нацыянальнага руху і прасачыць, з якіх слаёў грамадзянства надыходзіла ў яго інтэлігенцыя, ці аднастайны быў яе склад, якую ролю кожная катэгорыя гэтае інтэлігенцыі адыгрывала, якія мэты спаганяла і, нарэшце, на якой па соцыяльным складзе частцы інтэлігенцыі, галоўным чынам, беларускі нацыянальны рух грунтаваўся. Побач з гэтым, важна ўлічыць і тыя інтарэсы ды мотывы, якія ўвесь час кіравалі беларускаю інтэлігенцыяй у яе працы.

Дык вось, калі крануць гісторыю інтэлігенцыі спачатку дзевятнаццатага стагодзьдзя, то мы ўбачым, што ў той час, час фактычнага ста­наўленьня беларускага нацыянальнага пытаньня на цьвёрдую глебу, інтэ­лігенцыя, надышоўшая ў гэту справу, была інтэлігенцыяй шляхецкай, дробна-буржуазнай. Выхаваньне яна атрымала ў польскай культуры, у поль­скіх клерыкальна-арыстократычных абставінах. Але, з аднаго боку, пад уплывам ідэй францускае рэволюцыі, з другога боку, дзякуючы экономічна-матэрыяльнаму стану, які больш падбліжаў дробную шляхту да сялянства, ніж да магнацтва, паступовая частка шляхецкае інтэлігенцыі заціка­вілася беларускаю справаю і стала ёю займацца. Ды наогул цяжкі экономічны стан беларускага сялянства, яго нацыянальная прыгнечанасьць, яго някультурнасьць не маглі ня ўплываць на гарачых романтыкаў нават і з буйнае буржуазіі. Дзякуючы паказаным прычынам, у польскай пісьмен­насьці сталі зьяўляцца артыкулы на беларускія тэмы, а пасьля тыя-ж польскія пісьменьнікі часткаю пачалі пісаць і пабеларуску. На беларус­кай мове зьявілася „Энэіда навыварат", „Тарас на Парнасе", цэлы шэ­раг орыгінальных твораў. Пісьменьнікі Я. Баршчэўскі, В. Рыпінскі, Т. Манькоўскі і інш. адцягнуліся ад польскае літаратуры і заняліся беларуска-літаратурнай чыннасьцю. Я. Чачот стаў зьбіраць беларускую народную творчасьць. Іхняя праца падала на добрую глебу, знаходзячы сабе моцную падтрымку ў шырокіх колах тагачаснае інтэлігенцыі. Пазь­ней крыху А. Дарэўскі-Вярыга, В. Каратынскі і В. Дунін-Марцінкевіч— асабліва апошні—яшчэ болей паглыбілі зацікаўленасьць шляхецкае інтэлігенцыі беларускаю справаю, аддаючы ў сваёй літаратурнай працы боль­шую ўвагу пісьму пабеларуску. Але, пішучы аб Беларусі, цікавячыся народным бытам, яго творчасьцю, як памянёныя пісьменьнікі, гэтак і ўся інтэлігенцыя мала цікавіліся соцыяльнымі ўмовамі жыцьця беларускага сялянства. Як-ні-як, а экономічны стан шляхты, яе прывілеі ў дзяржаў­ным жыцьці, яе культурны ўзровень, не давалі хоць і лепшым яе прад­стаўніком цалком аддацца на ўслужзньне народу, кінуўшы свае клясавыя імкненьні. І зацікаўленьне беларускім рухам дробна-шляхетныя інтэлігенты абварачалі часта ў дылетанцтва, у лепшым выпадку, у романтычныя мары. „Яны (тагачасныя пісьменьнікі, якія і складалі актыў інтэлігенцыі) пісалі дзеля задаваленьня свайго сэрца, свайго романтычнага пачуцьця, у леп­шым выпадку, ставячы сабе некаторыя заданьні ў кірунку паляпшэньня долі народу, зьмякчэньня панскіх адносін да мужыкоў і разьвіцьця краё­ вае культуры"[1].

Але і самых выпадкаў, калі „ставіліся заданьні аб паляпшэньні долі народу", было зусім мала; больш на гэта налёг толькі В. Дунін-Марцінкевіч. Усё-ж і апошні бачыў палепшаньне долі беларускага селяніна не ў экономічным, політычным і нацыянальным вызваленьні, а ў паводзінах яго, у пабудаваньні хатняга быту селяніна і інш.

В. Дунін-Марцінкевіч быў лібэралам-народнікам, але сваё народніцтва тапіў у панскім сэнтымэнтальным лібэралізьме. Сам сябе ён лічыў «дударом простага народу", нават выпадкова падглядаў соцыяльную не­справядлівасьць, якая давіла беларускае сялянства, а ня толькі зжыць гэту несправядлівасьць адпаведнымі мэтодамі не парадзіў, а нават не адмячаў яе ні ў сваіх творах, ні ў сваіх гутарках.

У сваім артыкуле т. У. Ігнатоўскі[2] ўпапад характарызуе соцыяльны бок асобы В. Дунін-Марцінксвіча гэткімі словамі: „Як лібэрал-шляхціц, В. Дунін-Марцінкевіч лічыць, што паміж прыгоньнікам панам і запры­гоненым селянінам соцыяльнае прорвы няма. Ёсьць толькі яма, якую маг­чыма запоўніць аднымі моральнымі сродкамі. Трэба толькі, каб пан шана­ваў і любіў селяніна і клапаціўся аб яго дабрабыце. Селянін у вадказ на такія да яго адносіны павінен „хваліць бога, шчыра працаваць, любіць добрых паноў, маўляў, родных бацькоў". Само сабою зразумела, што В. Дунін-Марцінкевіч адбіваў погляды цэлае катэгорыі тагачаснае бела­рускае інтэлігенцыі. Да беларускага селяніна яна была ня блізка.

Іначай глядзелі на сялянскую справу рэдкія ў той час сялянскія інтэлігенты, прадстаўніком якіх быў у той час П. Бахрым. Як пахаджэнец з сялян, П. Бахрым займаўся пісаньнем твораў аб сялянскім быце і яго хваробах. Апроч пісаньня, ён нават прыняў удзел у паўстаньні сялян, якое было ў яго часы (у 1850 г.) у яго мястэчку Крошыне на Навагрудчыне. За гэта ён быў здадзены ў салдаты. Як бачым, П. Бах­рым мог-бы лічыцца папярэднікам тэй асноўнай грамадкі інтэлігенцыі, якая вышла на сцэну пасьля 1905 г. Аднак, яго зьявішча ў беларускім руху таго часу не адзначае характэрнасьці і ёсьць фактам адзіным. Вось чаму для пасьлядоўнасьці ў гістарычным зьвязку разьвіцьця ідэй трэба лічыць яго пераймальнікам толькі К. Каліноўскага з некаторымі ўдзель­нікамі тае справы, якую яны вялі.

К. Каліноўскі хоць і ня вышаў з таго стану, з якога вышаў П. Бахрым, усё-ж ён сумеў падлавіць ідэі, што хвалявалі П. Бахрыма, па­глыбіць іх і папробаваць правасьці ў жыцьцё ўжо не праз паўстаньне мяш­чан аднаго мястэчка, а праз краёвае паўстаньне.

Бязумоўна, што пакаленьне беларускае інтэлігенцыі, у васяродку якога стаіць Ф . Багушэвіч, таксама для сваёй працы атрымала багата нат­хненьня ў ідэях К. Каліноўскага. Пакуль няма ўказаньняў гісторыі на тое, як Ф . Багушэвіч і яго адначасьнікі непасрэдна ўбіралі ў сябе веяньні 63 году, але лёгічна неадмоўна, што гэткае здарэньне, як паўстаньне 63 году, не абмінула і не магло абмінуць ніводнага, нават больш-менш сьвядомага чалавека. Тым болей Ф . Багушэвіч ня мог ня быць захопленым ідэямі паўстаньня, як ідэямі вызваленьня айчыны. Поэтычная ду­ша яго ды ўзрост (яму было ў час паўстаньня 22 гады) маглі толькі спрыяць гэтаму.

Таму мы й бачым, што Ф. Багушэвіч сваю беларускую чыннасьць абагаціў соцыяльнымі мотывамі, што беларуская інтэлігенцыя яго часу цікавілася соцыяльным пытаньнем ня менш, чым нацыянальным. Уся лі­таратурная творчасьць Ф . Багушэвіча прасякнута гэтага зьместу моты­вамі. Стан беларускага сялянства займае поэту вельмі крэпка, і ён у сваіх творах аддае яму галоўную ўвагу.

Аднак, і Ф. Багушэвіч не паказаў дарогі, ідучы якою можна зьняць соцыяльны прыгон з плеч сялянства. У яго творах не знайсьці прызыву да вызваленьня, хоць-бы ў сымболічным выглядзе ці ў алегорычных сказах. Вядома, цяжкія цэнзурныя ўмовы панаваўшай рэакцыі не дазво­лілі угледзець сьвет гэткім творам. Але дагэтуль ня знойдзена яго хоцьбы ненадрукаваных твораў бадзёрага характару. У гэтым сэнсе гэроічнасьць расійскіх народавольцаў не знашла ў сабе столькі сілы, каб уп­лыць на Ф. Багушэвіча, каб разарваць рэштку сэнтымэнтальнасьці, на­бытае ў абставінах шляхецкае псыхолёгіі. Дзякуючы гэтаму, Ф. Багу­шэвіч сілу протэсту супроць соцыяльнага наладу і політычна-нацыянальнага прыгону ўлажыў у выкупленьне адмоўных бакоў сялянскага жыцьця. Ён выключна праз сілу абурэньня думаў падняць пачуцьцё помсты, так­сама, як выключна гарачым патэтычным воклічам да любасьці, да заха­ваньня свае беларускае мовы—ён падгострываў нацыянальны момант у сваёй чыннасьці.

Гэткім чынам, Ф. Багушэвіч і сучасная яму беларуская інтэлігенцыя ў лепшым выпадку была толькі народніцкай. Рэволюцыйнай адзнакі яна не насіла, і калі шчырэй аддавалася беларускай нацыянальнай справе, то гэта было таму, што ўмовы часу не маглі абмежавацца заданьнямі па­пярэдняга пакаленьня. Шляхецкае-ж пахаджэньне яе ўсё яшчэ давала ся­бе адчуваць, не дазваляючы канчаткова зьліцца з гушчамі і поўнасьцю адбіць іх жаданьні. Загэтым і Багушэвічава пакаленьне беларускае ін­тэлігенцыі зьяўляецца ня больш ня менш, як папраўленым з боку дэмократызму выданьнем тае-ж дробна-шляхецкае інтэлігенцыі. У гэтае інтэ­лігенцыі не знашлося нават і гэтулькі радыкалізму, каб усвоіць цалкам ідэі К. Каліноўскага. І толькі круцей павярнула да гэтага інтэлігенцыя 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Гэтая апошняя ў большасьці сваёй па­ходзіла таксама або ад заможнага сялянства і толькі частка надыходзіла з так званых розначынцаў. Па профэсіі кадры яе напаўняла студэнцтва, галоўным чынам, Пецярбурскага, Маскоўскага і Юр'еўскага унівэрсытэ­таў, Александрыйскага сельскагаспадарчага інстытуту і інш., профэсарства, журналіста, дактары, агрономы. З пасланцоў сялянства былі адзінкі, якія не характарызавалі эпохі і ня мелі заметнага ўплыву на агуль­ную масу.

Але справа ў тым, што інтэлігенцыя гэтага часу жыла ў іншых умовах, чым пакаленьне Ф . Багушэвіча. У краі адзначаўся ўзрост пра­мысловасьці, ішло павялічэньне колькасьці рабочае клясы, нараджэньне марксыцкіх груповак, а пасьля (у 1896 г.) залажылася і РС-ДРП. Ды, на­огул, рэакцыя, што наступіла пасьля разгрому народавольцаў, стала ра­дзець, пачалося агульнае політычнае ажыўленьне. Пад націскам рабочага руху, які ў гэты час ішоў на ўздым ды пашырэньне, буржуазныя ды дробнабуржуазныя слаі паглыблялі сваю опозыцыйнасьць да пануючага ладу і бралі нахіл улева. Студэнцтва йшло ў соцыялістычныя партыі і заўжды солідарызавалася з рэволюцыйнымі выступленьнямі рабочых. Вось чаму мы бачым, што першую нацыянальна-соцыялістычную беларускую партыю (Беларускую Сацыялістычную Грамаду (раней Беларускую Рэволюцыйную Грамаду) у значнай меры папаўнялі прадстаўнікі студэнцкай інтэлігенцыі. Аднак, некаторая частка інтэлігенцыі аставалася ўбаку ад соцыялістычнага руху, шкадуючы расставацца з сваімі клясавымі прыві­леямі. Вось мы й бачым, што трэцяе пакаленьне беларускіх пісьмень­нікаў, так званыя дзевяцідзесятнікі, выразна разьмяжоўваюцца па сваіх соцыяльных адзнаках на дзьве групы, згодна таму падзелу, які справодзіў і нарадзіўшую іх інтэлігенцыю. Калі Ядвігін Ш. (А. Лявіцкі), У. Ластоўскі ды інш. прадстаўлялі ўсё тую-ж шляхецка-буржуазную галіну апошняе, то К. Каганец і Цётка (А. Пашкевіч) ужо даюць нам песьняроў соцыяліс­тычнага адбітку. Бадай што яны фактычна ёсьць першыя закладальнікі тае грунтоўнае ў беларускім нацыянальна-культурным руху асярэдзіны дзеячоў, якія пранясьлі на сабе ўсю цяжар часоў замацаваньня ды аформленьня беларускае справы. І Карусь Каганец і Цётка зьвянчалі ў сваёй чыннасьці ліру поэты з мячом барацьбіта рэволюцыянэра, гэтым пера­няўшы спадчыну К. Каліноўскага. Абое з іх належалі да актыўных сяб­роў соцыялістычных партый, абое цярпелі ад рэпрэсый за гэту сваю чыннасьць.

Гэткім чынам, буржуазныя адзнакі беларускае інтэлігенцыі 90-х гадоў XIX стагодзьдзя зьмякчаліся, выціраліся, а то і гінулі зусім. У скутку праз соцыялістычныя партыі выхавалася новая беларуская інтэлігенцыя, якая ўжо цалкам прыняла на сябе справу вырашэньня нацыянальнага руху ў яго складанасьці з соцыялістычных пытаньняў і пытаньняў політычных. Выразных гістарычных традыцый у гэтае інтэлігенцыі ня было, таксама слабымі былі й тыя мотывы, якія-б надавалі ёй гонар пахаджэньня, са­слоўную гордасьць ды інш. Што аставалася ад гэтага—нішчылася ў цягу партыйнае працы. Праўда, ня ўся і гэтага гатунку інтэлігенцыя захоў­вала ўвесь час аднакавасьць у сваім настроі. Вялікая яе частка, выхо­дзячы са стану студэнцтва, тупіла свой радыкалізм ды рэволюцыйнасьць, нажываючы новыя буржуазныя асабістасьці і ўсвойныя ім погляды ды чыннасьці... Дазволіла-б гісторыя выключна гэтага роду інтэлігенцы ўручыць беларускі рух на доўгі час, мажліва, што ён усё-ж меў-бы досыць густы адслоек буржуазнасьці і даваў-бы повад для незразумелага погляду на гістарычную ролю беларускага нацыянальнага руху.

Але гэтага ня здарылася. Гістарычны ход разьвіцьця грамадзкасьці прывёў да таго, што пераважнасьць працы ў беларускім нацыянальным руху пасьля рэволюцыі 1905 году засталася на плячох навейшае ўжо чыста народнае, рамесьніцкае ды сялянскае, інтэлігенцыі. Толькі невялі­кая колькасьць розначыннае інтэлігенцыі 90-х г. г. засталася вернаю на­роднай справе. І гэта колькасьць мусіла, вядома, урэшце парваць сваю сувязь з асяродкам, з якога вышла.

Рэволюцыя 1905 году ўзьняла сялянска-работніцкія гушчы, разварушыла іх і адслаіла з іх буйныя кадры інтэлігенцыі, уцягнуўшы яе ў працу на ніве нацыянальна-соцыяльнага адраджэньня Беларусі. Кіраўніца ў той час беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага руху, Беларуская Сацыялістычная Грамада, у значнай меры папоўнілася яе прадстаўнікамі, як настаўнікі- паштавікі, чыгуначнікі, пацягнуўшы за сабою рабочых ды сялян. Вось гэта эпоха і замацавала базу беларускаму руху, аформіўшы яго, як рух працоўных гушчаў, як нацыянальна-рэволюцыйны рух.

1905 год наогул пераламаў сваімі падзеямі хронолёгічную пасрэд­насьць у складаньні многіх ідэй і ў эволюцыі клясавага напластаваньня. Тое сталася і ў адносінах гістарычнага разьвіцьця беларускае інтэліген­цыі. Кадры новых прыходцаў у беларускую справу з гушчы сялян ды рамесьнікаў унясьлі ў яе свае, адпавядаючыя соцыяльнаму стану пера­важнай большасьці беларускага народу мэтоды і характар. Яны-ж, гэтыя прыходцы, будучы „сольлю свае зямлі", таксама і ў гісторыю інтэліген­цыі прынесьлі корэктыў, які цалкам зьмяніў яе клясавую струк­туру. Згодна гэтаму корэктыву, шворанам, асяродкам, асноўным руха­чом інтэлігенцкае думкі і працы надалей стала выключна інтэлігенцыя работніцка-сялянская. Яна пераняла пасьля 1905-1906 г. г. на свае плечы цалкам беларускую справу, і яна пачала пісаць яго гісторыю і разам гіс­торыю сваю.

Дзякуючы гэтаму зьявішчу, мы бачым, што політычны бок беларускага нацыянальнага руху даў вынікі ў выглядзе гостра-рэволюцыйных лёзунгаў Беларускае Сацыялістычнае Грамады, як прызыў да ўзброенага паўстаньня, бойкот Дзяржаўнае Думы, цалкам соцыял-дэмократычную програму-мінімум. У галіне-ж культурнай паўстала новая, прасякнутая соцыяльнымі, нават пролетарскімі ідэямі, беларуская літаратура. Таксама зьнізу, з гушчаў новае працоўнае інтэлігенцыі ўзрос тэатр. Тут ужо пра­цы буржуазнай інтэлігенцыі амаль што ня было. Яе ласкаю не карміліся. „Наша Ніва", вакол якое гуртаваўся беларускі рух, знаходзілася пад непасрэдным уплывам працоўнае інтэлігенцыі, запаўнялася яе матэрыялам, распаўсюджвалася ёю, яе сіламі падтрымлівалася. І вось таму, што на­родная інтэлігенцыя рашуча адціскала ад беларускае справы ўсе дробна­- буржуазныя ідэі, апошнія пачалі концэнтравацца ў асобны асяродак. Невялікая лічба буржуазна-шляхецкай інтэлігенцыі, якая ўсё-ж існавала і на­ват мела тэндэнцыю пашырацца, у 1910 г. была заснавана новая што­тыднёвая газэта. Газэта ў процівагу „Нашай Ніве" ставіла сваёю мэтаю абарону хрысьціянска-нацыянальна-дэмократычнага напрамку ў беларускім руху. Аднак, праца грамадкі з „Крыніцы"[3] ў той час ня мела значнага посьпеху: занадта слаба была тая пэрыфэрыя, на якую разьлічвалі натхніцелі гэтых ідэй. І іх роля заключалася ў тым, каб абараняць да лепшых часоў прынцыпы свайго навучаньня.

У гэткім покаце ішло разьвіцьцё беларускае нацыянальнае справы працягам восемнаццаці год. Паступовы рост і ўзмацненьне народнае інтэлігенцыі адбываліся ўвесь час. Дробна-шляхецкая-ж інтэлігенцыя ў адносінах колькасьці мала падавалася наперад. Такім чынам, беларускі рух натуральна гартаваўся пад сьцягам працоўна-соцыялістычных прын­цыпаў. Яго нясупынна папаўнялі сьвежыя маладыя сілы, якія пасылалі ад сябе працоўныя гушчы. У іх вачавідкі раставалі прадстаўнікі буржу­азнае інтэлігенцыі і нават студэнцтва. Апошняга толькі лічаныя адзінкі, групуючыся ў Пецярбурзе пры выдавецтве „Загляне сонца і ў наша ва­конца", не парывалі з беларускім нацыянальным рухам.

Пры гэткай сытуацыі падасьпела лютаўская рэволюцыя 1917 году. У адчыненыя ёю вароты беларуская працоўная інтэлігенцыя ўвашла сама сабою.Перад ёю аднэй паўстала заданьне: захапіць у сфэру беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага руху абуджаныя рэволюцыяй шырокія ся­лянскія, рабочыя і салдацкія гушчы.Да гэтых гушчаў яна і зьвярнулася. Камітэты Беларускае Сацыялістычнае Грамады (Менскі, Пецярбурскі, Маскоўскі) зразу вышлі на вуліцу з сваімі лёзунгамі і кінулі іх ў працоўныя масы. Апошнія дружна адгукнуліся на прызывы БСГ. У хуткім часе організацыі гэтае партыі пашлі расьці за кошт рабочых, сялян і асабліва салдат. На ўсіх фронтах залажыліся партыйныя камі­тэты Беларускай Соцыялістычнай Грамады. К лету 1917 г. вагромністы размах беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага руху цалкам падпаў пад яе ўплыў. Абраны на зьезьде ў сакавіку (25) гэтага году Беларускі на­цыянальны камітэт з надворнага боку як-бы на нейкі час злучыў бела­рускую інтэлігенцыю пад лёзунгам „нацыянальных імкненьняў". У яго склад былі ўведзены прадстаўнікі ўсіх напрамкаў у беларускім руху. Але на другі дзень пасьля выбараў камітэту праца кожнае партыі па­шла паасобку. Праўда, у камітэце астаўся прэзыдыум, які праз стар­шыню камітэту стараўся насаджваць і пашыраць нацыянальна-дэмократычныя думкі, насьледаваныя ад гуртка пры „Крыніцы" і яго пасьлядоўцаў у выглядзе нацыянальна-дэмократычных аб'яднаньняў, якія паў­сталі з часам лютаўскай рэволюцыі, але яго працы ані не давала раз­гарнуцца праца соцыялістычных беларускіх партый, як БСГ і БСДПб, заснаваная ўлетку (чэрвень месяц) у Пецярбургу. У ліпні месяцы (8) пад націскам гэтых партый нацыянальны камітэт быў перайменаваны ў Раду беларусках арганізацый і партый; Рада амаль ня цалкам была складзена з грамадаў, дапусьціўшых у яе для проформы па адным прадстаўніку ад трох іншых груповак (беларуская партыя народных соцыялістых, дэмократычная партыя і непартыйныя). Далей ва ўсіх політычных выступленьнях як беларускага характару, гэтак і агульна­ расійскага, беларускі нацыянальна рэволюцыйны рух прадстаўляла вы­ключна Беларуская Сацыялістычная Грамада, якая к гэтаму часу склада­лася з працоўнае інтэлігенцыі, з сялян, з рабочых ды з салдат. Невялікая колькасьць буржуазнае інтэлігенцыі цацкалася з сваімі лёзунгамі ў вуз­кім коле сваіх прыхільнікаў, зусім ня маючы ўплыву на разьвіцьцё бе­ларускага руху. Мажліва, што пайдзі разьвіцьцё здарэньняў іншым напрамкам, чым той, які прыназначыўся яму лютаўскай рэволюцыяй, бур­жуазная галіна беларускай інтэлігенцыі варылася-б у ціхім стаўку сваіх аджыўшых плянаў ды намераў. Але, як то ні дзіўна, паглыбленьне кля­савага змаганьня чым далей ад лютага, тым болей паспрыяла будучай бела­рускай эміграншчыне. І вось чаму: паглыбленьне клясавага змаганьня дык­тавала кожнай соцыялістычнай партыі паўней адмежавацца ад таго наслою чужых элемэнтаў, які да іх прыстаў у час лютаўскіх падзей. Тады нейкая частка буржуазнае інтэлігенцыі, нявыясьненых політычных погля­даў, болей прадстаўнікі многалікіх аб'яднаньняў „трудавое інтэлігенцыі", "радыкалаў", „коопэратараў" і інш. па пахаджэньні беларусаў, рашылі забыць мінулае і сталі перакідацца ў беларускі лягер. Пад нацыяналь­ным сьцягам было шмат лягчэй захаваць сваё крэдо, падкрэсьліць свой радыкалізм нацыянальнымі лёзунгамі.

Ужо к часу ліпнёўскіх дзён (5—7 ліпня 1917 г.[4]) у Пецярбурзе беларускія соцыялістычныя колы пачулі выразны напор супроць сваіх лёзунгаў з боку новага, дагэтуль нязначнага павею буржуазна-шляхецкага з прымесьсю вобласьніцка-русыфікатарскага псэўдо-дэмократызму. Страляніна на Неўскім хутка адбілася спачуваньнем Кераншчыне ў сэр­цах розных радаўцаў, аўтономістых, вобласьнікаў ды інш. У вадзін кашэль пачалі сплятацца рознастайныя колеры буржуазнай адшчапеншчыны, пе­рабіраючы ў сваіх брудных руках пытаньні беларускае справы. Трохі пазьней з іх вызначыўся адзіны фронт, увабраўшы ў сябе ад чорнасотніцкіх „Саюзу беларускага народу" ў Віцебску, „Саюзу беларускай дэмократыі" ў Гомлі, праз бясколерныя "Народную Грамаду" ў Маскве дь Калузе, "Беларусаў аўтономістых“ у Туркестане[5], ажно да беларускіх прадстаўнікоў першага зьезду сялянскіх дэпутатаў, эсэраў і меншавікоў, організаваных пасьля ў „беларускі вобласны камітэт". Гэты фронт быў накіраваны супроць беларускіх соцыялістычных партый і іх дамаганьняў і разам з тым супроць лёзунгаў рэволюцыі, няўхільна вёўшай да Каст­рычніка.

Сіла гэтага фронту расла працягам да Карнілаўскага мецяжу, пасьля якога абарвалася і на нейкі зусім кароткі час супынілася ў сваім росьце, асабліва за кошт махратых чорнасотнікаў. Аднак, яго напору з самага пачатку даваўся належны адбой.

Гэтак Беларуская Соцыялістычная Грамада ўжо ў ліпні (8—10) 1917 г. на першым зьезьдзе прадстаўнікоў беларускіх організацый і партый вы­мушана была даць рашучае сражэньне насядаючай на працоўныя колы буржуазнай контр-рэволюцыі. На гэтым зьезьдзе БСГ узурпіравала уладу, скончыўшы зьезд згодна патрабаваньням свае тактыкі. На першай-жа Сэсіі выбранай зьездам Рады „непаразуменьні“ зашлі яшчэ глыбей, вы­значыўшы вельмі выразна клясавую варожасьць між лявіцай і правіцай беларускага руху. Якраз гэта пара супала з часам Карнілаўскага выступ­леньня, абвастрыўшага клясавыя супярэчнасьці ў Расійскай рэволюцыі і разам з гэтым даўшага крэпкі штурхач буржуазіі да зьбіраньня сваіх сіл. Пад нацыянальным сьцягам гэта зьбіраньне буржуазных сіл у значнай меры выявілася к верасьню месяцу. А ў пачатку кастрычніка правы, буржуазны элемэнт, меў досі вялікі ўплыў у Менскіх беларускіх цэнтральных установах, як беларуская Рада і часовая вайсковая Рада. Пад іх націскам на другой Сэсіі Рады (з 15 па 24 кастрычніка) 1917 г. Бел. Соц. Грамада мусіла вылучыць з сябе правыя элемэнты і перадаць іх варожаму лягеру. Дзякуючы гэтаму-ж і ў Выканаўчы Камітэт Вялікае Беларускае Рады (ІІ-я Сэсія ўвяла гэту назву для цэнтральнай беларус­кай установы) папалі элемэнты амаль ня цалкам буржуазна-дэмократычнага складу думкі, нават (што асабліва характэрна) ня ведаўшыя бе­ларускае мовы. Пасяджэньні Выканаўчага Камітэту ішлі на расійскай мове, што нават выклікала гэткія словы ў газэце „Вольная Беларусь" (№ 28—ад 8-ХІ): „На пасяджэньні 31 кастрычніка,—пісала яна,—усе да­клады, якія чыталіся, і ўсе прамовы, якія гаварыліся, у большасьці вяліся на расійскай мове. За вылучэньнем 3-4 сяброў камітэту ніхто пабеларуску гаварыць ня ўмее. Трэба думаць, што гэта зьявішча выпадковае і з часам беларуская мова запануе там, дзе яна павінна горда зычэць і красавацца. Людзі, стаўшыя на чале беларускага руху, павінны навучыцца чытаць, пісаць і гаварыць пабеларуску".

Але людзі, „стаўшыя на чале беларускага руху", бач, папаўшыя ў Выканаўчы Камітэт Вялікае Беларускае Рады, ня толькі ня ведалі беларускае мовы, а і не хацелі яе ведаць і нават рэдактара „Вольнае Белару­сі" Я. Лёсіка не ўвялі ў Выканаўчы Камітэт Рады... Яшчэ цікавей было тое, што „кіраўнікі беларускага руху" з Выканаўчага Камітэту Рады ўпікалі „Вольную Беларусь" за „сэпаратызм".

„Адзін з сяброў Камітэту,—піша аўтар памянёнага артыкулу[6],— дык нават вышукаў у нашым артыкуле[7] „ сэпаратызм", знашоўшы яго ў выразе „паднявольнае суседзтва з Масквою". Разьвіваючы сваю думку, ён, паміж іншым, зазначыў, што Беларусь заўсёды жыла паднявольным жыцьцём: то пад Маскоўшчынай, то пад Польшчай (!), і тут нічога га­небнага няма, а калі паднявольнае жыцьцё з Маскоўшчынаю падкрэсь­ліваюць, дык тут ужо сэпаратызм".

Як мы бачым, дык нават тыя, хто раней адмяжоўваўся ад гэткіх элемэнтаў у нацыянальнай галіне, роднячыся ў дамаганьнях соцыяльнага характару, мусіў адмячаць прыкры факт наплыву ў Кастрычнікаўскія дні ў беларускі рух чужога яму, выпадковага элемэнту.

Ды ня дзіва, бо для гэтага элемэнту тады яшчэ знаходзілася глеба вясьці сваю працу. Галоўным чынам таму, што ў гэты час уся буржуа­зія аглядалася на нацыянальныя ўскраіны быўшае Расіі, думаючы, што бальшавікі апарацца на вырашэньні нацыянальнага пытаньня, а яна, бур­жуазія, яго выкарыстае дзеля свае мэты. Таму та і абвяшчэньне Фінлян­дыі незалежнаю краінаю з боку Савецкае ўлады тлумачылася буржуазіяй, як перамога яе фінляндзкае сяброўкі над бальшавікамі. Авантура-ж Пятлюры падмацоўвала гэту думку. Загэтым выходзіла тое, што розныя буржуазна-авантурныя элемэнты пільна сачылі за разгарненьнем беларус­кага руху, галоўным чынам, у арміі і спрытна адшуківалі ў ім кропкі апоры для сябе. У організаваную ў кастрычніку месяцы Часовую Цэнтральную Вайсковую Раду былі пераведзены імі генэрал Кандратовіч, ген. Алясееў, чыноўнік Аляксюк, некаторыя „дзмократы" афіцэры, як кап. Адамовіч, Ярушэвіч, Язавітаў і інш. У франтавых радох адшукваліся надзейныя людзі, якіх, аднак, цяжка было знайсьці сярод лева-соцыялістычных радных, запаўняўшых франтавыя беларускія організацыі. Узмацніўшыся ў Менскіх беларускіх організацыях яшчэ і таму, што беларускія лева-соцыялістычныя партыі, маючы пераважнасьць свае базы ў сталіцах, як Маск­ва, Пецярбург, ды ў іншых небеларускіх гарадох (Пскоў, Адэса, Ярас­лаў) і ня могучы праз гэта перакінуць належных сіл і ўвагі ў Менск, „выпадковыя" разам з правымі і са шчырымі павялі ва ўсю дэмократычна-буржуазную агітацію.

Офіцыйны орган Цэнтральнае Вайсковае Рады, газэта „Беларуская Рада" пісала ў перадавой ад 30 лістапада: „Мы хочам мець і будзем мець Беларускі Устаноўчы Сойм", а за гэтым— „Няхай жыве Ўсерасійскі Ўстаноўчы Соймі Няхай жыве і наш Беларускі Ўстаноўчы Сойм!" Гэта ў часы, калі фактычна ідэя ўстаноўчага сойму была ўжо мёртвай, усту­піўшы месца ідэі Саветаў.

Радаўцы з цэнтральнае вайсковае рады добра разьбіраліся ў абста­вінах. Савецкі прынцып улады гаварыў аб дыктатуры пролетарыяту, а ім трэба было аб'яднаць усіх беларусаў вакол агульнага імкненьня за ­хаваць заваёваную свабоду і зямлю... і абараніць родную краіну, каб не парваць яе на часткі ў сварках спрэчках партый[8].

Вакол гэтых лёзунгаў Цэнтральнае Вайсковае Рады і Вялікае Бела­рускае Рады паступова-нарастала ўсё большае ды большае кола адме­чанага выпадковага элемэнту, які хутка прыстасоўваўся да мясцовасьці, пераймаючы ідэі буржуазнай часткі беларускае інтэлігенцыі. Сіла ды ўплыў гэтага элемэнту адметна расьлі, абвострываючы разыходжаньне і су­тычкі з леваю рэволюцыйна-соцыялістычнаю часткаю беларускага руху.

К часу, калі паўстала думка склікаць Усебеларускі зьезд, прыблізна ў другой палове лістапада 1917 г., у гэтым лягеры вызначылася яшчэ большае ажыўленьне, якое закончылася сяброўскім яднаньнем нацыянал-дэмократаў са шчырых з эсэрамі-русыфікатарамі. Справа пачалася так: застаўшыся пасьля Кастрычнікавае рэволюцыі на другім баку бары­кады, Беларускі Вобласны Камітэт пры Усерасійскім Зьезьдзе Сялянскіх Дэпутатаў, намерыўся перанясьці сваю чыннасьць з Пецярбургу ў Бела­русь. Дзеля гэтага адначасова з Беларускай Вялікай Радай ён рашыў ад сябе склікаць Усебеларускі Зьезд у Рагачове. Але, паспрачаўшыся нейкі час з Бел. Радаю, Вобласны Камітэт пагадзіўся з ёю на думцы склікаць зьезд у Менску 15 сьнежня. І вось, стаючы на пункце погляду „неотделимости Белоруссии от России"[9] зусім не з-за мотываў захаваньня ед­насьці рэволюцыйных сіл, вобласьнікі, амаль ня ўсе эсэры правага кры­ла, паехалі ў Менск „вырашаць" беларускае пытаньне. У нутры сваім усе яны, як адзін, былі заядлымі ворагамі беларускае культуры, бела­рускае мовы, усяго, што аддавала хоць маленькім дапамінаньнем таго што Беларусь ёсьць нешта асобнае ад Расіі цара ды Керанскага. З па­чатку лютаўскае рэволюцыі ажно да рэволюцыі Кастрычнікавае дзе­ячы Вобласнага Камітэту ў Пецярбурзе і на мясцох заядла змагаліся з „панскімі агентамі", як яны да гэтага празывалі са слоў Каранкевіча, Палонскага, Бялынецкага-Бірулі ды іншых усіх беларускіх дзеячоў. Тым ня меней усё гэта забылася к восені 1917 г., і шчырыя прыхільнікі непа­дзельнасьці Расіі згаварыліся з Вялікаю Беларускаю Радаю і Цэнтраль­наю Вайсковаю Радаю ды сумесна склікалі ў сьнежні месяцы Ўсебела­рускі зьезд. Болей таго, на самым зьезьдзе яны, прыехаўшы бараніць Беларусь ад полонофілаў, „якія рашылі выкарыстаць момант, каб абвясь­ціць незалежную Беларускую Рэспубліку, а ў выпадку патрэбы заклю­чыць вунію з Польшчаю, ці траякі паўднёва-славянскі саюз з Украіны, Польшчы, Беларусі"[10], зрабілі свой саюз з тымі-ж полонофіламі ды блізкімі ім і згуртавалі крэпкую нацыянал-расійска-польска-дэмократычную правіцу.

Гэта правіца, у якую ўваходзіла шмат так званых соцыялістых (эсэ­ры, правыя грамадаўцы, беларускія народныя соцыялісты ды інш.), вус­намі яе прадстаўнікоў далікатна празывалася часткаю соцыялістых, "выпадкова аддзеленых" на зьезьдзе ад другое палавіны. Аднак, гэта „выпадковасьць" заставіла правіцу сур'ёзна задумацца. У № 9 за 5 сьнежня газэты „Беларуская Рада" гэтай выпадкавасьці пасьвечана перадавіца за подпісам П. Бадуновай. У перадавіцы, пасьля некалькіх уступных слоў аб непадзельнасьці фронту беларускіх соцыялістых, аўтар піша: „Падзел соцыялістых на два лягеры, які выявіўся на зьезьдзе, тлумачыцца выключна заблытанасьцю ды складанасьцю цяперашняга політычнага моман­ту, незнаёмствам многіх прыехаўшых на зьезд з програмаю ды такты­каю Беларускае Соцыялістычнае Грамады, гэтае старое партыі беларус­кага працоўнага народу, а таксама часткаю з прычыны агітацыі асобных людзей (курсіў мой. З . Ж.). Аўтар так суцяшаў сябе: „Але няхай дачас­на ня радуюцца ворагі беларускага пролетарыяту; тактычны падзел, які адбыўся на зьезьдзе, яшчэ не абасабляе адзінага беларускага соцыялістычнага фронту. Хутка ўсе беларускія соцыялістыя пераканаюцца, што падзел іх зусім лішні (!) і, апроч радасьці дзеля ворага, не прынясе ні­якае карысьці".

Для „Беларускае Рады" і паніклых аўтараў яе перадавіц падзел быў „зусім лішнім", нечым нязначным. З-за туману нацыянальнага энтузыязму, падпушчанага буржуазным дэмократызмам, правадыры правых соцы­ялістых, заблытаўшыся ў шэрагах нацыянал-дэмократаў рознае ахварбоўкі, не хацелі прыдаваць належнае сур'ёзнасьці падзелу зьезду надвое і не хацелі прынцыпова падыходзіць да сапраўды сур'ёзных і прынцыповых пытаньняў, якія гэты падзел выклікалі.

„Уся розьніца паміж двума бакамі,—піша далей аўтар памянёнай перадавіцы,—як выясьняецца, заключаецца ў тым, што адны прапануюць сарганізаваць уладу ў Беларусі толькі праз беларускія саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, для чаго, па іх думцы, патрэбна разьехацца на месцы, стварыць там Саветы і толькі тады склікаць праз гэтыя Саветы краёвы зьезд.

Другія настойваюць на тым, каб краёвую ўладу выдзяліў цяпе­рашні зьезд".

Выходзіць па аўтару, што розьніца між савецкаю сыстэмаю ўлады, і сыстэмаю агульна-нацыянальнага характару—зусім невялікая, і падзел соцыялістых на зьезьдзе быў выпадковы... Зразумела, што гэта было далёка ад выпадковасьці. Удзельнікі зьезду, складаючыся з клясава-рознастайных элемэнтаў і падзяліўшыся на дзьве часткі, на працягу ўсяго зьезду складалі два варожых лягеры.

Правіца няшчадна змагалася з лявіцаю і, дзякуючы сваёй пераваж­насьці, прадыктавала вось якія пастановы[11]: „Баючыся монархічнае рэстаўрацыі ў Беларусі, 1-шы Ўсебеларускі зьезд лічыць неабходным падкрэсьліць, што ў Беларусі ад гэтага часу замацоўваецца „дэмократычны рэспубліканскі лад". „Гэта яшчэ не адзначала,— піша Е. Канчар,— што Ўсебеларускі Зьезд абвяшчае Беларускую Рэспубліку. Гутарка йшла аб замацаваньні, аб зацьверджаньні таго дэмократычнага рэспублікан­скага ладу, які існаваў у той час і ў Расіі (?) і ў Беларусі (?). І далей: „1-шы Ўсебеларускі зьезд прадбачыў „мажлівасьць падзелу і адыходу ад Расійскае Дэмократычнае Фэдэратыўнае Рэспублікі" роднага краю— Беларусі, загэтым падкрэсьліў аб сваім праве на самавызначэньне". Самавызначэньне Беларусі разумелася як рада часовая, якая павінна існаваць да скліканьня Беларускага ўстаноўчага збору".

Гэта асабліва характэрна, бо „заснавацелі першага зьезду не ба­яліся ўстаноўчага збору, таму што агульнае, простае, роўнае і патаемнае галасаваньне ў Беларусі павінна было замацаваць панаваньне беларускага сялянства". (Курсіў аўтара).

Вось гэтая ідэя панаваньня сялянства, спусьціўшы два месяцы пасьля Кастрычнікавае рэволюцыі, прадэмонстраваная ў савецкай краіне, ясна казала аб мэтодах „беларускае" Вандэі. Якое-ж дзіва, што „сялян­скія" інтэлігенты з вобласнага камітэту ды частка правых соцыялістых з беларускіх соцыялістычных партый сышліся з тымі буржуазна-дэмократычнммі адколкамі якія к гэтаму часу назьбіраліся вакол беларус­кіх нацыянальных організацый! Было-б дзіва, каб гэтага факту ня тра­пілася...

На шкоду, канчатак зьезду якраз падмацаваў на нейкі час позыцыю гэтае антынатуральнае коаліцыі і нават часова згладзіў гострасьць ле­вае опозыцыі. Рада старэйшын зьезду, у якую папалі і прадстаўнікі ле­вых (Хатэнка, Я. Лагун, Ф. Шантыр, М. Шыла і інш.), абвясьціла сябе радаю зьезду і выдала некалькі процісавецкіх адозваў да жыхарства Беларусі. Аднак, у 20-х лічбах сьнежня большасьць сяброў Рады зьезду, у іх ліку ўсе прадстаўнікі лявіцы, разьехаліся з Менску, а астаткі рады цягнулі сякую-такую працу легальна і нелегальна.

Гэткім чынам, хаўрус вобласьнікаў з буржуазнай часткай беларускай інтэлігенцыі адыграў першую патрэбную сабе антысавецкую акцыю. Але гэта зусім не казала за тое, што момант, акресьлены Ўсебеларускім зьездам 14 сьнежня 1917 году гістарычна, ці фактычна апраўдаў правыя тэндэнцыі ў беларускім руху. Нічога падобнага. Удзел у Радзе зьезду прад­стаўнікоў ад лявіцы быў выбухам хвілёвага нездаваленьня роспускам зьезду. Уся-ж гушча, якая стаяла за лявіцаю і якая складалася з рабочых, сялян ды левае працоўнае інтэлігенцыі, ня меўшай мажлівасьці быць поўна прадстаўленаю на зьезьдзе, зразу акрэсьліла да яго свой кры­тычны погляд. Фінал зьезду мала непакоіў гэту частку беларускае гушчы. Наадварот, яна ўлічыла ўсе скуткі зьезду і хутка пачала выраў­няць сваю лінію водлуг лініі Комуністычнае партыі.

На працягу ж двух месяцаў, з 17/ХІІ—17 г. па 18/ІІ—18 г. паралельна з працаю Рады зьезду адбывалася консолідацыя беларускіх лева-соцыялістычных сіл. К канцу лютага месяца 18 г. гэта праца нашла сваё выйсьце ў двух напрамках—партыйным і савецкім, цэнтрамі якіх сталі Беларускі Нацыянальны Камітэт і камітэты Бел. Соц. Дам. партыі бальшавікоў ды левага крыла Беларускае Сацыялістычнае Грамады. Зьяднаўшыся вакол гэтых цэнтраў, беларуская працоўная інтэлігенцыя помеж з беларускімі рабочымі ды сялянамі рашуча павяла працу на падставе савецкіх прын­цыпаў экономічна-культурнага адраджэньня беларускага працоўнага на­роду і дзяржаўнага адбудаваньня Беларусі. Гэта праца ў сваім скутку прывяла ў канцы 1918 г. да заснаваньня Беларускае Незалежнае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі.

Іначай пашло далейшае разьвіцьцё правай часткі інтэлігенцыі, якая гуртавалася вакол Часовае Рады Зьезду. 25-га лютага 1918 году ў Менск прышлі немцы. Савецкае войска мусіла ачысьціць Беларусь 19-га лю­тага. Гэткім чынам, паміма клясава-ідэолёгічнае мяжы, між двума част­камі беларускае інтэлігенцыі лягла яшчэ і мяжа географічная. На захад ад мяжы, пад нямецкай окупацыяй правіца беларускае інтэлігэнцыі знашла сабе патрэбнае месца, абкапалася вакол і пачала сваю працу. Мэтады гэтае працы яна так тлумачыла ў газэце „Беларускі Шлях" (№ 1 ад 8 сака­віка): „Так ясна пачаўшыся, расійская рэволюцыя завяла народ у цемру, у жах перад народнымі момантамі (!), ашукаўшы яго пекнымі абяцанкамі. З гэтага цяжкага стану мы павінны ратаваць народ наш. Павінны за­быўшыся на ўсе ўразы, якімі ён, пад'южываны нясумленнымі правады­рамі, закідаў нас, пайсьці ізноў да яго і быць з ім... Мусім сабрацца і, злажыўшы разам свае сілы, узяцца за працу, ня трацячы часу, бо цяпер „прабава—сьмерці падобна".

Беражучы час, Рада зьезду зразу-ж, 21 лютага, склала народны са­кратарыят, які выдаў дзьве „ўстаноўныя граматы" да народаў Беларусі. 19 сакавіка адбылося першае пасяджэньне Рады зьезду. На гэтым па­сяджэньні былі ўжо прадстаўнікі гарадоў, земстваў і нацыянальных меншасьцяй. 24 сакавіка Рада трэцяю ўстаноўнаю граматаю абвясьціла Бе­ларускую Народную Рэспубліку. Гэткім чынам была адчынена новая шырокая мажлівасьць далейшага папаўненьня чужымі элемэнтамі правіцы беларускага руху. Ужо земствы і гарады, а таксама і нацыянальныя меншасьці здорава разбавілі гурток непартыйных і правых радаўцаў. На 27 чал. сяброў Рады зьезду былі ўведзены 35 чал. рознастайнае, часта варожае беларускому руху, але роўна буржуазнае інтэлігенцыі. Гэтак на асноўнае ядро сябраў Рады зьезду ў 27 чал. у большасьці мах­растае правіцы было дададзена 20 прадстаўнікоў гарадоў ды земстваў і 15 прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяй. Сярод апошніх былі папы, абшарнікі, гандляры, якім Рада давала слушнае месца для разгарненьня свае супроцьрэволюцыйнае чыннасьці. Нацыянальныя пытаньні беларус­кага руху іх мала цікавілі. Затое іх настрой няўхільна цягнуў радаўцаў у бок паправеньня. Вось як пісала аб гэтай Радзе газэта П. Аляксюка "Беларускі Шлях": „Патрэбен некаторы час, каб фізыономія Рады пры­няла ясную форму. Цэнтр і левае крыло ўзаемна прыстасуюцца: у нацы­янальнай політыцы ў іх будзе мала розьніцы, у соцыяльных справах— больш"[12].

У далейшым на агеньчыкі Рады яшчэ болей стала зьбірацца з усіх канцоў Расіі „беларускіх інтэлігентаў і дзеячоў". „Беларуская колёнія" паступова расла, размнажалася і няўхільна „бялела". Хутка была нала­джана сувязь між Радаю і пятлюраўцамі, а далей—між Радаю і Скарападзкім. Між акупанцкаю ўладаю і Сакратарыятам таксама адбываліся зносіны. І, нарэшце, 25 красавіка Рада Беларускае Народнае Рэспублікі дашла да кайзэрскай асобы.

Гэту працу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі зразу-ж падтры­мала абраная ў студзені 1918 г. Віленская Беларуская Рада. Склад апошняе за малым выключэньнем прадстаўляў тую-ж соцыяльную катэго­рыю людзей, што і склад Менскае Рады. Асабовасьць была ў нацыяналь­ным абліччы радных: у Менску пераважалі расійскага выхаваньня бела­рускія дэмократы, у Вільні—дэмократы польскага выхаваньня.

Гэтак пад сьцягам Бел. Нар. Рэспублікі нарастала практыка дзяр­жаўнае працы правае столкі беларускае інтэлігенцыі, крэпла думка і ўпэўненасьць у яе гістарычныя мэты. Добра, што сам беларускі працоўны народ быў у баку, не перашкодзіў гэтай гульні „сваіх політыкаў" і, па­куль сядзеў ген. Фалькенгайн, не патрабаваў адчоту. Ад яго (беларускага працоўнага народу) імя ішлі перагаворы, назначаліся прадстаўніцтвы ў розных краёх і дзяржавах. Адным словам, адыгрываўся пролёг наступнае дзеі, якую хацелі бачыць і бачылі ў марах сваіх інтэлігенты—народныя рэспубліканцы. Ніводзін з іх не дапушчаў і думкі, што ўся іх гульня ў вышэйшую політыку ня мае пад сабою жаднага грунту. Усё-ж гэты грунт яны тужыліся абмацаць. Мацалі і самаўцяшалі сябе злаянымі надзеямі: а ну-ж, а ну ж бальшавікі праваляцца і іх, блудачоў, беларускі народ стрэне з радасным воклічам: „Прыходзьце да нас кіраваць і валадаць".

З гэтымі думкамі, прыемнымі, казытнымі, захапіла гэтых політыкаў нямецкая рэволюцыя і сьледам абвяшчэньне самім беларускім працоўным народам Беларускае незалежнае Савецкае Соцыялістычнае Рэспублікі 1-га студзеня 1919 г. Здавалася-б, гэта здарэньне магло-б атрэзьвіць най­болей заядлых народных дэмократаў. Але на тое яны і ёсьць дэмократамі, каб са сваім дэмократызмам не здавацца народнай волі, волі сялян ды рабочых. Выходзячы з гэтага, „урадавая" інтэлігенцыя з усімі ўстано­вамі Бел. Нар. Рэспублікі перабралася тады ў Коўну, каб адтуль „пра­віць і валадаць". І ў марах гэтае прагнасьці забывала, што з гэтага часу пачыналася яе трагедыя эмігранцкага жыцьця.

„Братняя Літва" прытуліла ў сябе выгнаньнікаў, дала ім сякую-такую падмогу, каб перажыць цяжкі час. Вышла, што гэты час цёгся ня­доўга.

Якраз лёс пасьпяшыў яшчэ раз абнадзеіць дэмократаў-інтэлігентаў,— на гэты раз ужо праз польскую авантуру. Паход Пілсудзкага і захап­леньне ім Заходняе Беларусі адчыніў новыя небасхілы для беларускіх народных рэспубліканцаў. Іх погляды павярнуліся да Варшавы. Грошы на Вайсковую раду, на газэту ды інш. цягнулі іх туды магнэсам. „Гісто­рыя,—думалі яны,—працуе для нас. Мы павінны абараніць Беларусь". Ад каго, думаеце, бараніць? Вядома, ад бальшавікоў, ад тых, з кім ішла лепшая частка інтэлігенцыі, у чый бок прагліва глядзелі змучаныя поль­скаю нядоляю беларускія працоўныя гушчы.

„Беларускае войска,—пісаў офіцыёз Рады,—організуецца для барацьбы з Маскоўскім бальшавізмам, які, прыкрываючыся чырвоным, па­вабным для працоўнага народу, сьцягам, хоча панаваць над нашай зям­лёю, як панавалі раней Маскоўскія цары"[13].

Але другі раз ізноў абарона беларускага працаўніка адбылася праз яго самога з дапамогаю свае працоўнае інтэлігенцыі рабочых ды сялян братніх савецкіх рэспублік. Польская окупацыя была зьмецена, а на яе месца была адноўлена Беларуская Савецкая Рэспубліка. Гэта была дру­гая навука беларускай буржуазнай інтэлігенцыі.

І яна не магла не зрабіць належнага ўражаньня ў беларускім эмі­гранцкім лягеры. Уражаньне атрымалася досі моцнае, ажно правіца па­дзялілася на часткі. З гэтых частак адна нашла выгадным застацца ў Савецкай Беларусі, зрабіўшыся ўнутранымі эмігрантамі, другая, больш упартая,—абгрунтавалася ў Літве, заключыўшы з яе ўладаю саюз 12 ліста­пада 1920 г. Трэцяя-ж, якую складалі самыя махратыя авантурнікі, паспрабавала выкарыстаць акцыю Балаховіча і Савінкава. Яны таксама паднялі былі ў тым жа годзе восеньню з ускоснаю дапамогаю ковенцаў Слуцкае паўстаньне. Шэраг гэтых акцый у лягеры беларускае інтэлі­генцкае эміграцыі склаў падрахунак мядовага тэрміну іх антысавецкай беларускай апініі.

З 1921 году пачаўся новы тэрмін ападу хваль, перагляду мэтодаў працы і некаторага прытупленьня варожасьці да Саветаў.

Рыскае замірэньне, якое прабавала выкарыстаць так званае правіцельства Бел. Нар. Рэспублікі (прысутнічаў у Рызе старшыня ўраду У. Ластоўскі) скончылася бяз уплыву з яго боку. Дзякуючы замірэньню, Заходняя Беларусь ачулася ў руках Польшчы; Літва была аддзеленай ад Савецкае Беларусі і, сконцэнтраваўшы сваю ўвагу на варожасьці да палякаў, пачала ў гэту варожасьць уцягваць і беларускую эміграцыю. Адгарадзіўшыся высокаю сьцяною ад беларускае глебы, інтэлігенты-эмі­гранты з БНР мусілі далучыцца да літвінаў.

Аднак, прыязьнь між гэтымі дзьвюма „дзяржавамі" нядоўга цягну­лася: седзячы ў адным месцы — трудна ўладзіць, і працу з аднаго мессца, з Коўны беларуская эміграцыя стала закідаць у розныя краі: у Чэ­хію, Нямеччыну, Латвію, Эстонію. Гэта адбівалася на працы і на самым настроі яе ўдзельнікаў. Перад няяснаю пэрспэктываю пачаліся ў лягеры эміграцыі налады. Яшчэ ў 1919 годзе вынікла непаразуменьне між Вілен­скімі беларускімі дзеячамі і дзеячамі з ураду Бел. Нар. Рэспублікі. Гэта непаразуменьне ўсё ўзмацнялася, адбіваючыся на цэльнасьці працы. Ап­роч гэтага, рабіла нядобры ўплыў на больш сумленных эмігрантаў і авантура П. Аляксюка ды Адамовіча з К-о, якія аддаліся цалкам поль­скаму ўраду і перашкаджалі працы хоць і буржуазным беларускім інтэ­лігентам з эміграцыі. Але горай усяго—чым далей, тым болей давала сябе чуць недастача сродкаў. Сваімі грашыма эмігранты былі небага­тыя, Літва давала мала, узяць ня было дзе. Гэтыя абставіны адпіхалі многіх ад актыўнае чыннасьці. Многіх застаўлялі думаць аб пераезьдзе да сваіх ворагаў-бальшавікоў. Як-ні-як, а тыя з іх (эмігрантаў) сяброў, што засталіся ў Менску, жылі нядрэнна і нават пачыналі прымаць удзел у культурнай працы. Праўда, поўнага настрою менскіх сяброў нельга было ўлавіць, седзячы за рубяжом. Іхняе нездавальненьне савецкім ла­дам і іхняе зацягненьне працаю Бел. Нар. Рэспублікі, якая воддальлю здавалася досыць імпозантнай, заграніцай было невядома. І вось асоб­ныя прадстаўнікі эміграцыі ўжо з 22 году пачалі перабірацца ў Савец­кую Беларусь. Больш упартыя аставаліся.

Але і тыя, што заставаліся за рубяжом, цягнулі сваю непачэсную працу, і тыя, што вярталіся „блуднымі сынамі", і тыя, што былі дома ў эміграцыі,—не хацелі, не зважаючы ні на вошта, кідаць свае думкі, сваіх самаўпэўненьняў, што яны—усё, што бяз іх беларускае пытаньне ня вы­рашыцца.

На тое, што ў Савецкай Беларусі адбываўся агромністы процэс творчага культурнага, экономічнага ды дзяржаўнага будаўніцтва,—яны не зважалі. Заплюшчвалі вочы на нясупыннае разьвіцьцё літаратуры, тэат­ру, выдавецкае справы, на пашырэньне беларусізацыі школ і дзяржаў­ных устаноў. Але яны выразна сачылі за пытаньнем аб пашырэньні Бе­ларусі. Бачачы апошнюю ў складзе аднэй Меншчыны, эміграцыя стара­лася падкрэсьліць нясур'ёзнасьць падыходу Савецкае ўлады да ўсёй справы вырашэньня нацыянальнага пытаньня. Эміграцыя думала, што ўся гутарка бальшавікоў зводзіцца да поліатываў, да паказнога. І яна лічыла патрэбным аставацца на пункце погляду змаганьня супроціў Менску, змаганьня за дэмократычныя мары.

Якраз у 1924 годзе адбыўся акт узбуйненьня Савецкае Беларусі. Да Меншчыны была далучана Магілёўшчына, Віцебшчына. Размах працы пашырыўся. Адчыніліся шырокія мажлівасьці для далейшага разьвіцьця беларускае культуры, да выяўленьня шырокіх пластоў народнае савецкае інтэлігенцыі. Адпаведна гэтаму шпарка йшло аформленьне новае савец­кае беларускае інтэлігенцыі. Сотні вучнёўскае моладзі, студэнцтва, на­стаўніцтва, атрымаўшы выхаваньне ў абставінах шпаркага разьвіцьця беларускае працоўнае культуры, захапляліся ёю і папаўнялі шэрагі яе прыхільнікаў. З усіх канцоў Саюзу накіравалі ў Савецкую Беларусь беларусы комуністыя, савецкія працаўнікі.

Гэта, з аднаго боку, падмывала глебу пад нагамі эміграцыі, з дру­гога боку,—яе біла і нясупыннае ўзмацненьне Савецкага Саюзу і яго прызнаньне большасьцю буржуазных дзяржаў. Чужаземная буржуазія кідала цягацца з эміграцыяй—не хацела слухаць баек ды хлусьні аб нятрываласьці Савецкіх Рэспублік і, нарэшце, кончыла ўсякія гутаркі аб грашовай дапамозе; тым болей, што буржуазіі кожнае краіны хапала свайго клопату, каб нясупынна цешыцца з эмігранцкаю назолаю.

Да пералічаных труднасьцяй для беларускае эміграцыі дадалося яшчэ адно—гэта разрыў саюзу між Бел. Нар. Рэспублікаю і Літвою. Гэткім чынам, закалыхалася апошняя падпорка пад матэрыяльнаю базаю беларускае эміграцыі. Як-ні-як, а Літва сягды-тады перакідала патрошку для свайго саюзьніка, кожны раз разьлічваючы вярнуць свае страты ўдвойчы. Але час ішоў, а страты на саюзьнікаў аставаліся стратамі—і толькі. Тады Літоўскі ўрад, аглядаючыся на ўрады польскі ды латыскі рашыў самому ня цешыцца з Беларускаю Народнай Рэспублікай ды яе грамадзянамі і адказаў ім у дапамозе. Чаму-ж Літве аставацца па­задзе?

У Польшчы здарэньні разьвіваліся ў іншым напрамку, таксама рэзка адмоўна ў іх адносінах да беларускай інтэлігенцыі. Сама гэта ін­тэлігенцыя ў Польшчы складалася з некалькіх рознастайных пластоў. Побач з эмігранцкаю яе часткаю нясупынна нараджалася інтэлігенцыя сялянская, якая аформлялася пад уплывам вострага соцыяльнага зма­ганьня. Хоць удзелу ў здарэньнях грамадзянскае вайны часоў Кастрыч­нікавае Рэволюцыі яна ня прымала і савецкаю па колу беларускага руху ня была; хоць яна ўвашла ў яго рэчышча тады, калі гэта рэчышча дало рукавы ў розных напрамках, усё-ж гэтая частка інтэлігенцыі па сваёй клясавай істоце нясупынна хіліла ўлева, спачуваючы не эміграншчыне, а савецкім ідэям. Эмігранцкая-ж напластоўка беларускае інтэ­лігенцыі ў Польшчы сваёю чаргою яшчэ з 1920 году падзялілася на два лягэры: незалежнікаў—прыхільнікаў Бел. Нар. Рэспублікі і махрастых— польскіх прыслугачоў. Народна-рэспубліканцы з самага пачатку зах'апленьня Польшчаю Віленшчыны ўжо папалі ў няміласьць польскага ўраду. Ніякіх намёкаў на гутарку з імі польскі ўрад у той час не рабіў. Болей таго, ужо ўлетку 21 г. каля двух дзесяткаў дзеячоў былі высланы ў Літву. Аб грашох на дапамогу не магло быць жаднае гутаркі пры гэткіх умовах. Уся беларуская праца, якая йшла ад Беларускага нацыянальнага Камітэту, вакол якога гуртаваліся народна-рэспубліканцы,—нішчылася. Школы зачыняліся, газэты конфіскаваліся і таксама зачыняліся. Дзеля таго, каб паралюшаваць беларускую дзейнасьць, офэнзыва пачала выка­рыстоўваць чарнасотніцка-авантурніцкую частку эміграцыі на чале з Аляксюком, д-рам Паўлюкевічам, кам. Адамовічам ды інш. з провокацыйнымі мэтамі.

Гэта прычына ды яшчэ тое, што паміж лідэрам віленскае часткі народных рэспубліканцаў А. Луцкевічам і старшынёю Рады міністраў БНР У. Ластоўскім яшчэ з 1917 г. ішлі непаразуменьні,—заставіла эмі­грацыю ў Польшчы фактычна з 21-22 г. г. адрозьніць сваю орыентацыю ад орыентацыі асяродку беларускае эміграцыі, які знаходзіўся ў Коўне. Заходняя Беларусь чым далей, тым вастрэй выпірала свае асабовыя мо­манты, да якіх мусіў Віленскі Беларускі Камітэт зварочваць сваю ўвагу. Гэтыя моманты адцягалі думку камітэтчыкаў—народных-рэспубліканцаў ад раздумаў ды гутарак над замацаваньнем ідэй 25 сакавіка 1918 году. Трэ' было прыслухоўвацца да хвалюючых паўстаньняў беларус­кіх сялянскіх гушчаў, за якімі выразна цягнула і сялянская інтэліген­цыя, або ісьці ўлева, або сыходзіць з дарогі. Яны выбралі першае і хутка пачалі зьмяняць свае тычкі. Выбары ў польскі сойм у 1923 г. і посьпех нацыянальнага сьпіску, па якім прашло ў сойм 12 беларусаў,—урэшце зьмяніла тактыку беларускае інтэлігенцыі ў Польшчы[14]. І вось, дзякуючы гэтаму, у Заходняй Беларусі пачалася амаль што не самастойная праца, зусім асабовая ад працы беларускае эміграцыі ў іншых мясцох. У процэсе гэтае працы паступова вынікла выразная орыентацыя на ўсход. Пад уплывам яе многія эмігранты вярнуліся ў Савецкую Беларусь, ін­шыя, што засталіся, таксама канчаткова расквіталіся з ужыўнаю ім эмі­гранцкаю псыхолёгіяй.

Асаблівыя ўмовы ў пачатку беларускае эміграцыі ў Латвіі, нарэшце, таксама скончыліся навучальным для яе здарэньнем. Латыская буржу­азія, як і польская, убачыла ў нацыянальнай рабоце беларусаў непажа­даныя для сябе вынікі. Як-ні-як, а той прытулак і тыя грошы, якія ла­тыскі ўрад асьмеліўся спачатку даваць беларускім эмігрантам, выклікаў узрост сэпаратыскага беларускага руху. У гэтым для латыскага ўраду выглянула небясьпека. Каб яе абмінуць ці хоць-бы спаралюшаваць, быў учынены вядомы разгром беларусаў ў 1924 г. Разгром выказаўся ў арышце і судзе над некалькімі дзеячамі з эмігрантаў. У скутку—паварот ня толькі поглядаў і думак, а і саміх эмігрантаў у Беларусь.

Аставалася адна Чэха-Славакія, дзе яшчэ найболей актыўнай част­цы эміграцыі, пры гэтым суйздром адарванае ад беларускай глебы, уда­валася так-сяк туліцца. Чэха-славацкая буржуазія, у адлічча ад буржу­азіі іншых дзяржаў, задалася мэтаю стаць ахоўніцаю зруйнаваных жыць­цём ідэй эсэраўска-кадэцкага дэмократызму. Выходзячы з гэтага, яна ахвотна прытуляла да сябе ўсё тое, што вымятала работніцка-сялянская рука з абшару зруйнаванае Расіі. Гэткім чынам, у Чэха-Славаччыне за­лажыўся сапраўдны лягер рознанацыянальнае, а асабліва славянскае бе­лагвардзейшчыны. Расійскія эсэры, як сябры чэскае буржуазіі па зма­ганьні з расійскімі рабочымі ды сялянамі, кадэты—прыяцелі Масарыка ды Крамаржа, чорнасотнікі ад Струвэ да Лаппа, як рэшткі насіцеляў поўславянскае вялікадзяржаўнае думкі; побач—украінская Рада аб‘яднаным фронтам ад прынца Васіля Вышыванага да эсэраў з Шапавалам ды Ігнатам Латоцкім,—усе былі прытулены „ў гасьціннай" суседкі; за кампа­нію з „братамі па крыві" апынуліся там і беларускія блудачы. З багатата сталу дапамогі гэтай шайцы белагвардзейцаў даставала сёе-тое і бе­ларуская эміграцыя. Праз гэта апошняй удалося там сяк-так абмацавацца і зрабіць сваю часовую базу. Вакол гэтае базы ізноў сталі зьбірацца ўсякія адкіды з агульнае эміграцыі, якія ніколі нічога ніякага ня мелі з Беларусьсю (організатары беларускіх сокалаў ды інш.). Гэткія элемэнты сьцягаліся з усіх краін, чуючы хоць мізэрную мажлівасьць перахапіць кавалак згубленага хлеба. Ідэёва яны заставаліся тымі-ж ворагамі шчы­рых і ад думак нацыянальнага адраджэньня, хоць і ў форме буржуазнай, былі далёка. Але народна-рэспубліканцы ня цураліся і іх, галоўным чы­нам, напіраючы, вядома, на беларускае студэнцтва.

Выхоўваючы кадры працаўнікоў для „новае" Расіі, Чэха-Славацкая буржуазія паклапацілася выхаваць гэткіх-жа працаўнікоў і для „новае" Беларусі. З гэтай мэтаю ў сваіх унівэрсытэтах яна дала некалькі дзе­сяткаў месцаў са стыпэндыямі і для ўраду „Беларускае Народнае Рэспуб­лікі". Гэты ўрад выкарыстаў цяжкі стан беларускае моладзі ў Заходняй Беларусі, якая ня можа знайсьці жаднае мажлівасьці дастаць вышэй­шую асьвету, і стаў пасылаць яе ў Чэха-Славакію. Адначасова ў шэра­гі гэтага студэнцтва ўлілося і некалькі сяброў беларускае рады на чале з Грыбам, Мамонькам ды інш. Гэткім чынам, склаліся зусім дадатныя ўмовы для апрацоўкі беларускай моладзі ў патрэбным для эміграцыі на­прамку. З другога боку, было лёгка даказаць наогул аб працы, якая ня спыняецца, і праз гэта патрабуе грошы... Чэха-Славацкая буржуазія грошы пакрысе перакідала і гэтым падпірала абставіны для далейшае працы эміграцыі...

Аднак, і на гэтым фронце бясьпека трывала нядоўга. Клясава-політычная дыфэрэнцыяцыя, чапіўшы расійскае ды украінскае студэнцтва, не абмінула і беларускага. Ужо ў 1924 годзе ў Празе была заложана організацыя беларускага паступовага студэнцтва. Апошняе востра выступіла супроць нацыянал-дэмократычнай ды эсэраўска-шовіністычнай агітацыі. Грунт пад эміграцыяй пачаў калыхацца, апора—слабець. Да гэтага шчод­расьць Чэха-Славацкае буржуазіі няўхільна астывала, ажно найупарцейшым эмігранцкім дзеячом выглянула сустрэч поўная небясьпека... Губіўся ўсякі сэнс да далейшае акцыі супроць савецкага напрамку. Нарэшце, пад восень 1925 году эволюцыя ўлева беларускае інтэлігенцыі ў Заход­няй Беларусі скончылася заснаваньнем пасламі сойму беларускае работніцка-сялянскае грамады.

Гэтым здарэньнем гісторыя засьведчыла непарушнасьць соцыяльнага разьвіцьця беларускага руху водлуг запатрабаваньняў Кастрычніка­ вае рэволюцыі. Таксама гэта здарэньне асудзіла і буржуазна-дэмократычны адколак у беларускай інтэлігенцыі, які выключна папаўняў эмі­грацыю, і абраны гэтай эміграцыяй шлях, і праробленую ёю працу. Гэта здарэньне, нарэшце, дапамагло найболей далёкаглядным эмігранцкім дзеячом прааналізаваць сытуацыю, азірнуцца навакол і сказаць аман над далейшаю сваёй эмігранцкай чыннасьцю. У верасьні месяцы 1925 году для абгавору складзенага стану была склікана беларуская зарубежная нарада ў Бэрліне. На гэтай нарадзе большасьцю галасоў была вынесена пастанова аб ліквідацыі ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі і аб прызнаньні адзіным беларускім цэнтрам—Менску.

Бэрлінскаю нарадаю як-бы засуцэліўся кругабег у гісторыі дробна­ буржуазнае часткі беларускае інтэлігенцыі. Нарада амаль ня цалкам зьнішчыла эмігранцкую супроцьсавецкую акцыю. Толькі мізэрныя астаткі эміграцыі пазаставаліся ў Коўне (У. Ластоўскі, Дуж-Душэўскі і інш.), у Празе Чэскай (Захарка, Крычэўскі, Грыб і інш.) і ў Вільні („Сялянскі Саюз" Ярэміча ды Рагулі з газэтаю „Сялянская Доля").

Але, калі фізычна ў значнай меры ліквідавалася акцыя беларускае эміграцыі, то ці значыць гэта, што эмігранцкая беларуская інтэлігенцыя, якая зараз працуе ў Савецкай Беларусі, супыніліся на думцы: пазбыцца мажлівых лятуценьняў, асуджаных жыцьцём, прызнаць гістарычную не­ абходнасьць Савецкае ўлады і самаахвярна, пад кіраўніцтвам комуністычнае партыі, як правадыра рабочых ды сялян, працаваць над экономічным, культурным ды дзяржаўным жыцьцём Савецкае Беларусі? Ці прызнала яна сябе пераможнай і збанкрутаваўшай? Ці сапраўды ў яе выглядзе выключна Менск ёсьць адзіным беларускім культурным цэнтрам? Ці можа гэта знадворнае прымірэньне, а ў рэчаіснасьці частка беларускае інтэлігенцыі духова жыве ў эміграцыі і дагэтуль?

Гэтыя пытаньні ўсё-ж асталіся мала выясьненымі ў скутку тых спрэчак і гутарак, якія прашлі ў нядаўнім мінулым. Высьветліць іх за­раз поўнасьцю не даецца мажлівасьці і нам. Прычынаю гэтаму тое, што дыскусіі мінулае зімы, якімі яны гарачымі ні былі, усё-ж далі мала матэрыялу, каб можна было па ім судзіць канчаткова. Аднак, і тыя пра­мовы, якія чуліся з вуснаў некаторых прадстаўнікоў інтэлігенцыі на гэ­тых дыскусіях, і тыя рэдкія выступленьні ў друку, што з гэтае прычыны адмеціла мінулая зіма, лістападаўшчына і шэраг дробных фактаў, якія зьвязаны з агульным комплексам грамадзкага жыцьця, гавораць за тое, што ідэі эміграншчыны, ідэі нацыянал-дэмократызму ня чужы некаторай частцы беларускай інтэлігенцыі і дагэтуль. Іншая справа, як вяліка гэтая частка інтэлігенцыі і як глыбока сядзяць у ёй гэтыя ідэі. Калі абапірацца на об'ектыўныя моманты, то трэба прызнаць, што беларуская эмігранцкая інтэлігенцыя ў тай яе частцы, якая вярнулася з-за рубяжу, напэўна не магла канчаткова аформіць свой сьветапогляд. Мінулае, што набылося ёю ў процэсе папярэдняга разьвіцьця здарэньняў, пакінула ў ёй глыбокі сьлед; трэба шмат часу, пакуль яго загладзіць. Гэтая частка інтэліген­цыі, панашаму, можа казаць аб перамене тычак пастолькі, паколькі „Менск зьяўляецца адзіным беларускім культурным цэнтрам“. Тая-ж, другая частка інтэлігенцкай правіцы, якая эміграцыю перажывала дома, у Беларусі, і папаўнялася перасяленцамі з іншых частак Саюзу, хоць і не перажыла жорсткіх умоў блуканьня за рубяжом, таксама магла захаваць мясьціну ў сваім нутры для нездаволенасьці вакольнымі абставі­намі ў жыцьці. Штырхачом для гэтага быў цэлы шэраг прычын. Пер­шая—гэта пераважнасьць у ёй элемэнтаў дробна-буржуазнага пахаджэньня і таго-ж дробна-буржуазнага выхаваньня, у многіх выпадках далёка ня ў духу беларускасьці. Далей, само становішча яе, як перанёсшай ролю політычнага ворага рабочых ды сялян. Таксама мела ўплыў і тая ўпар­тасьць, з якою русыфікатарская інтэлігенцыя вяла ў першыя гады існа­ваньня Савецкае Беларусі змаганьне супроціў беларускае культуры. Але вянком усяго, бязумоўна, служыць каставы эгоізм, набыты працягам гіс­тарычнага жыцьця інтэлігенцыі ва ўмовах буржуазнага ладу і прыўноска яго з боку ў беларускі нацыянальны рух.

Усё гэта пакуль трымае некаторую колькасьць беларускае інтэлі­генцыі воддалі ад поўнага прызнаньня ёю кіраўніцтва рабочых і сялян. І ўсё гэта застаўляе выпіхаць лёзунгі супрацоўніцтва з Комуністычнай партыяй „на роўных пачатках".

„Трэба, каб беларуская інтэлігенцыя ў Беларусі мела магчымасьць уявіць сваю ініцыятыву і ўзяць адказнасьць за сваю працу перад буду­чынай"[15].

Вось гэткія думкі можна чуць з боку прадстаўнікоў памянёнае інтэлігенцыі; яны выказваліся ў друку, паўтараліся пасьля і ў дыскусіі аб шляхох беларускае інтэлігенцыі і, бязумоўна, муляюцца ў яе галовах увесь час. „Мець мажлівасьць уявіць сваю ініцыятыву"—трэба разумець у сэнсе падзелу ўлады між работнікамі ды сялянамі пад кіраўніцтвам Комуністычнае партыі і непартыйнаю, клясава-народнаю соцыяльна і політычна рознастайнаю інтэлігенцыяй. Бяз гэтага яна, гэта інтэлігенцыя, ня можа знайсьці свайго месца, забыўшы, што сама сабою, як нешта цэлае, асобнае, нідзе і ніколі (апроч розных радаў, ды што) ня мела, выпіханае ёю „мажлівасьці ўявіць ініцыятыву". Падаўшыся самаабману, эмігранцкая інтэлігенцыя, ці, згодна тэрмінолёгіі С. П. Трамповіча, тая інтэ­лігенцыя, якая, „кахаючы свой народ, ня верыла ў яго сілы" і разумела дзяржаўную ды гаспадарчую незалежнасьць скуткам „сваіх стараньняў і працы", дагэтуль ня можа яго пазбыцца.

Фактычна і зараз тая часьціна інтэлігенцыі, якая, згодна таму-ж С. П. Трамповічу, ня ведала настрою народу, ня ведала яго імкненьня перш-на-перш атрымаць соцыяльную свабоду, ня ведала ўсяе сілы народ­нага гневу і ненавісьці як да польскага пана, гэтак і да расійскага „барына" і чыноўніка,—ня стала на шлях рэволюцыі—бач, інтэлігенцыя эмігранцкая ці народна-рэспубліканская (ад БНР) ніяк ня можа ўразумець, чаму беларуская справа ня лічыцца яе справаю і не аддадзена ёй для кіраўніцтва. Аб тым, да чаго прыводзіць гэткае кіраўніцтва (згодна фактам) і куды яно вядзе—яна думаць ня хоча, а калі й думае—то пра сябе...

Вопыт не пераканаў яе эмігранцкае акцыі ў адмоўнасьці і нягрунтоўнасьці „мажлівасьці ўяўляць сваю ініцыятыву". Ёй думаецца, што гэта выпадкам паперашкодзілі канчатковаму ажыцьцяўленьню яе лятуценьняў, а глеба для іх... ёсьць...

На гэту-ж думку апіраюцца і рэшткі тэй інтэлігенцыі, якая заста­лася за рубяжом. Заядлыя, блудзячы (тэрмін эмігранцкі), вераць і, верачы, гукаюць, што Савецкая Беларусь гіне і што іх пазнала „провидение" яе вызваліць... На іх мове гэта завецца змаганьнем за незалежнасьць, а сапраўды—гэта ёсьць барацьба супроціў рэволюцыі Кастрычніка, супроціў рэчаіснае незалежнасьці рабочых ды сялян. Зразумела, што ў гэтым ёсьць вялікая доля інтэлігенцкае панікласьці, але побач з гэтым шмат і зларадніцтва. Дарэмна С. П. Трамповіч кажа, што „беларуская інтэлігенцыя ні пры якіх умовах у сваёй масе ня можа стаць прыгоншчыкам. Гэткім чынам, трэба сказаць адно, што манлівыя надзеі, якія грунтуюцца на нацыянал-дэмократычнай ідэолёгіі, якая ў сваю чаргу апіраецца на дробна-буржуазную клясавасьць акрэсьленае часткі беларускае інтэлігенцыі, яшчэ цалкам ня выветрыліся з галоў гэтае інтэлігенцыі. Але кола апошняе зусім ня шырокае. Паступова яно звужваецца і ў працягу некаторага часу сыйдзе на няма нішто.

Рост маладое савецкае інтэлігенцыі ідзе шпаркім тэмпам. Цяжар культурнае працы, якую ўвесь час гарда цясла працоўная большасьць беларускае інтэлігенцыі з часоў 1905 г., няўхільна астаецца на яе плячох. Мацнее ды крэпне беларуская дзяржаўнасьць, экономічны дабрабыт, куль­турнае будаўніцтва, якім падставу дала Кастрычнікавая рэволюцыя і ў якой эмігранцкая інтэлігенцыя ніколі ня ўдзельнічала. Поруч з гэтым, усё меншымі робяцца памеры стараньняў і працы апошняй. Таксама ра­шучая політыка Савецкай улады ў нацыянальным пытаньні дашчэнту зьнішчае ўсякія спробы да культывіраваньня антыбеларускай русыфіка­ тарскай акцыі. І, працуючы ў гэткіх умовах, ахоўнікі нацыянал-дэмократычных поглядаў сярод беларускай інтэлігенцыі вырадзяцца ціха і бяз­больна, не парушаючы цьвёрдае акрэсьленае гістарычнаю неабходнасьцю хады беларускага соцыяльнага ды культурна-нацыянальнага адраджэньня пад сьцягам Савецкае ўлады.

Зноскі

[правіць]
  1. М. Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Стар. 160.
  2. "Маладняк” № 12(3). У. Ігнатоўскі. Увагі да вынікнавеньня беларускага руху.
  3. "Крыніца"—газэта, якая выходзіла ў Вільні і якую выдавалі беларускія дзеячы буржуазна-шляхецкае ахварбоўкі.
  4. У гэтыя дні адбылося ў Пецярбурзе паўстаньне бальшавікоў.
  5. Програмы гэтых організацый адмечаны мною ў артыкуле "Люты—Кастрычнік у беларускім нацыянальным руху" , зборнік „Беларусь", выданьне БССР, Менск, 1924 г.
  6. Рэч ідзе аб артыкуле ў № 27 „Вольнае Беларусі" — "Вялікая Беларуская Рада". Аўтар гэтага артыкулу акрэсьлівае значэньне Рады і спыняецца на выпадковых элемэн­тах, якія ў той час уліліся ў беларускі рух.
  7. „Вольная Беларусь" № —28 за 1917 г. 8 лістапада. С м у т н ы. У Выканаўчым Камітэце*.
  8. „Беларуская Рада" № 3 за 1917 г. 30 лістапада. Артыкул Р. А. „Наша задача".
  9. Цытую ў выкладзе Е. Канчара „Белорусский вопрос".
  10. "Беларуская Рада* № 3 за 1917 г. 30 лістапада. Артыкул Р. А. „Наша Задача".
  11. Е. Канчар. „Белорусский вопрос“.
  12. "Беларускі Шлях" № 19 за 15/VІІ 1918 г.
  13. "Беларусь" № 31 за 26/ХІ 1919 г.; перадавіца.
  14. У тэрмінах „эмігранцкая інтэлігенцыя" намі разумееца толькі тая з яе, якая нічога супольнага ня мела з авантурніцкай шайкай Д-ра Паўлюкевіча. Аб'яднаныя ім эле­мэнты, выпадкова замешаныя ў беларускую справу, фактычна ёсьць польскае організацыі.
  15. „Савецкая Беларусь" ад 21 кастрычніка 1925 г. № 239. „Шляхі беларускае інтэлігенцыі"—П. Трамповіч.