Перайсці да зместу

Беларуская совецкая паэзія (1936)/Беларуская совецкая паэзія

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларуская совецкая паэзія
Крытыка
Аўтар: Андрэй Александровіч
1936 год
Фальклор і дарэволюцыйныя паэты

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Трэці Пленум Праўлення Саюза Совецкіх Пісьменнікаў СССР набывае выключна велізарнае гістарычнае значэнне. Работа гэтага пленума з’яўляецца сапраўдным актам творчага адзінства пісьменнікаў усёй совецкай літаратуры.

Мы памятаем многія сходы і пленумы літаратараў нашай краіны. Мы памятаем, як багата гаварылася там пра творчую дружбу, пра адзінства нашай літаратуры. Але мы памятаем і тое, як многія пісьменнікі пакідалі гэтыя ўрачыстыя паседжанні нездаволенымі.

Нездаволенасць часта была апраўданай: выдатныя словы пра адзіны струмень шматнацыянальнай совецкай літаратуры, пра праблему адзінага росту, чотка сфармуляваныя, дакладна пранумараваныя, хаваліся ў сейфах літаратурных канцылярый.

І толькі пасля гістарычнага рашэння ЦК ВКП(б) ад 23 красавіка 1932 г. быў створан рэзкі пералом, пачалася работа па кіраўніцтву ўсёй літаратурай Совецкага саюза, супроць вульгарызатараў, супроць «скідкі на нацыянальную беднасць», супроць «пахлопвання па плячы». Пачалі паступова займацца сутнасцю справы, спецыфікай творчай работы ў яе канкрэтнай нацыянальнай своеасаблівасці.

Пасля першага з’езда пісьменнікаў, дзе раз і назаўсёды была прадэманстравана вялікая сталінская дружба вялікай літаратуры соцыялізма — цяперашні пленум з’яўляецца першым у гісторыі совецкай літаратуры, дзе па-дзелавому абмяркоўваюцца шляхі развіцця літаратуры брацкіх народаў у атмасферы выключна шчырага хутчэйшага жадання новага творчага росту і росквіту.

Без дружбы, без цеснага супрацоўніцтва паміж творчымі работнікамі не можа быць сапраўднага руху наперад усесаюзнай літаратуры — важнейшай часткі нашай соцыялістычнай культуры. Гэты рух павінен ісці на адным узроўні з вялізнымі поспехамі Совецкага саюза ў справе соцыялістычнага будаўніцтва, якія так бліскуча былі прадэманстраваны на нядаўніх нарадах кіраўнікоў партыі і ўрада са стаханаўцамі — знатнымі людзьмі нашай соцыялістычнай радзімы.

Сіла нашай дружбы, нашага творчага адзінства будзе заўсёды асабліва шчасліва нарастаць, калі мы будзем сачыць за творчасцю кожнага пісьменніка, будзем дапамагаць яму, дзелячыся з ім сваім вопытам, будзем крытыкаваць яго работу ў імя яго творчага росту. Наш Сталін гаворыць, што ў любой рабоце, у любой галіне «без крытыкі рушыць наперад нельга. Гэта ісціна чыстая і празрыстая, як чыстая і празрыстая крынічная вада». І на аснове крытыкі і самакрытыкі (а самакрытыкі баіцца толькі той пісьменнік, які пад сваімі нагамі не адчувае цвёрдай глебы) наша мастацкая літаратура вырасла і ўзмужнела.

Расла і загартоўвалася ў агні пролетарскай рэволюцыі, на франтах грамадзянскай вайны, на шляхах барацьбы за соцыялістычнае будаўніцтва совецкая паэзія, шматмоўная і многастайная, але класава-адзіная ў сваіх палкіх парываннях, у сваіх баявых імкненнях.

Беларуская совецкая паэзія з’яўляецца адным з буйнейшых атрадаў нашай усесаюзнай паэзіі.

Па сутнасці, за 15 год ва ўмовах жорсткай класавай барацьбы за сваю асаблівую паэтычную мову, за свой рытм, за свой вобраз і сваю паэтыку беларускія паэты, вызваляючыся ад элементаў правінцыялізма, ломячы рамкі нацыянальнай абмежаванасці, дасягнулі значных вышынь паэтычнага майстэрства.

Я гавару — за 15 год, бо да барацьбы за сапраўдную беларускую паэзію, паэзію вякамі прыгнечанага народу, стымуляваў трыумф вялікай пролетарскай рэволюцыі, гордасць народжанага народу, радасць стварэння Беларускай совецкай соцыялістычнай рэспублікі, правільнае і паслядоўнае правядзенне ленінска-сталінскай нацыянальнай палітыкі.