Беларуская мова ў казённай школе
Беларуская мова ў казённай школе Публіцыстыка Аўтар: Якуб Колас 1906 |
З дарэвалюцыйных допісаў у газеты
БЕЛАРУСКАЯ МОВА Ў КАЗЁННАЙ ШКОЛЕ
— Чаму вы, беларусы, так скора адракаецеся ад свайго народа? — пытаў у мяне калісь-та мой стары вучыцель. Я не ведаў, што сказаць на гэта. Толькі я стаў думаць, — і праўда, мы цураемся свайго роднага народа.
Цяпер я ўспомніў нашу гутарку з маім старым вучыцелем.
Кажу «цяпер», бо цяпер, як беларусам далі права гаварыць і пісаць на сваёй мове і як паявілася першае беларускае пісанае слова, багата знайшлося праціўнікаў беларускай мовы. Адны кажуць: «Нашто беларуская мова? Нашто падымаць яе з магілы?» Другія гавораць, што мова беларуская брыдкая мова… І многа чаго гавораць праціўнікі беларускай мовы. Адкуль жа гэтакія нападкі на беларускую мову? Што іх парадзіла? Чаму беларуская мова «мёртвая» мова? Чаму рэжа яна вушы нават таму ж самаму беларусу, каторы выйшаў з простага народа, інтэлігенту — беларусу? Каб адказаць на ўсё гэта, трэба быць знаёмым з гісторыяй нашага краю, з характарам унутранай расейскай, казённай палітыкі. Аб гэтым гаварыць пакуль што не пазваляе многа прычын. Скажу толькі, як выковываецца беларус-інтэлігент, каторы потым цураецца свайго ўсяго роднага.
Маленькі хлопчык-беларус вучыцца ў школе. Цэлых пяць або і шэсць год ходзіць ён у школку. Ці чуе ж ён там сваё роднае слова? Не. Ён чуе адну толькі насмешку над сваёю моваю; а забудзецца часта, вырвецца ў яго сваё роднае слова, тое слова, каторым прывык ён ад пялёнак гаварыць з таткаю і з маткаю, — вучыцель, а за ім і ўсе вучні падымаюць яго на смех.
А другі вучыцель яшчэ перадражніць, перакрывіць яго.
Бедны хлопчык спачатку нават не ведае, што ён злога зрабіў, што крывяць яго і смяюцца з яго.
І толькі потым ён, як пасмяюцца з яго разоў дзесяць, расшалопае прычыну смеху. Той, хто вучыў і гадаваў беларускіх дзяцей гэтак, то павінен зразумець, што смех вучыцеля ў такіх прыпадках падтрымаюць толькі старшыя вучні, тады, як маленькія не бачаць у гэтым нічога смешнага і маўчаць. Чаму?
А таму, што старшыя самі прайшлі гэту дарожку. Такім спосабам засяваецца нянавісць у душу будучага інтэлігента-беларуса к роднай мове, звычаю, парадкам. З народнай школы беларус ідзе далей. Скажам, паступіў у семінарыю. А там ўсё прынароўлена дзеля таго, каб не толькі забіць уканец у беларуса ўсё тое беларускае, што яшчэ асталося ў душы яго, але каб з яго зрабіць пакорную авечку, забіць мазгі, адным словам, выпусціць у свет балванчыка. І пасля семінарскай адукацыі беларус часам скажа няўмысля дзе-небудзь у кампаніі беларускае слова — яму ўжо брыдка. Твар з сораму чырванее да самых вушэй.
Не, галубочкі! Не беларуская мова рэжа вам вушы, скрабе душу, а рэжа вам вушы і скрабуць вашу душу тыя далёкія ўспамінання смеху над вамі, каторым сустрачалі ваша слова ў школе. За ўсе часы вашага вучэння выстаўлялі на смех беларускую мову, тапталі ў балота ўсё ваша роднае. Не сваімі вачамі глядзіце вы на беларуса, не сваімі вушамі прыслухваецеся вы да яго мовы. От чаму беларуская мова здаецца вам нехарошаю.
Што раз памёрла, тое больш не жыве. А што жыве, тое не памёрла.
Не называйце ж беларускай мовы «мёртваю моваю».
Як беларуса ні гналі, як яго ні душылі, як ні тапталі яго ў балота, усё ж такі ён захаваў сваю мову. І вы адбіраеце права ў беларуса чытаць кніжкі і газеты на роднай мове; і гэтае права адбіраюць тыя, хто быццам стаіць за свабоду народа! Эх, браткі! Вы едзеце на двух вазох, а спяваеце адну песню. Корміце адну карову, а доіце дзве.
Ставіце свечку богу і моліцеся чорту.
Нестае яшчэ толькі таго, каб паехалі вы ў Вільню і сталі там на калені прад адным памятнікам…