Перайсці да зместу

Беларуская архітэктура

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларуская архітэктура
Аўтар: Мікалай Каспяровіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЛАРУСКАЯ

АРХІТЭКТУРА Гэта выданьне надрукована у ліку 1000 экз., з якіх 100 экз. нумарованых на лепшай паперы. Прадмова.

Навуковыя веды аб беларускім мастацтве яшчэ ня сталі здабыткам шырокіх колау[1] Нават сярод самых шчырых прыхільнікау беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня па гэтаму пытаньню існуюць самыя супярэчня зданьні. Тая навуковая распрацоука беларускага мастацтва, якая ужо два гады вядзецца пры адпаведнай катэдры у Беларускім Дзяржауным Унівэрсытэце, пакуль што яшчэ замыкаецца у вузкіх мурох Унівэрсытэту і Інстытуту Беларускае Культуры й першыя вынікі яе, вядомыя некатораму вельмі абмяжаванаму кругу асобау у рукапісах, - да гэтага часу, галоуным чынам па тэхнічным умовам, яшчэ не маглі быць шырока апублікаваны праз друк.

Іншыя, некалькі ранейшыя працы, дзе закранены паасобныя пытаньні, што маюць некаторую сувязь з беларускім мастацтвам, - хоць і былі у свой час надрукаваны, у шырокіх колах невядомы, дзякуючы як надта спэцыяльнаму іх характару, гэтак і таму, што яны напісаны выключна у чужаземных мовах.

У сучасны момант, калі усюды мы прыкмячаем надта значны узрост зацікауленасьці проблемамі краязнауства, калі усюды беларускае грамадзянства прагавіта імкнецца да усебаковага вывучэньня свайго роднага краю ва усім яго як прыродным, гэтак сама й гістарычна-культурным багацьці, - вельмі шкодным зьяуляецца недахват у невялічкіх, папулярных, але навукова пабудаваных падручніках, дзе высьвятлялася-б гістарычна-мастацкае мінулае нашае бацькаушчыны, і у складаньні гэткіх падручнікау, бясспрэчна, адчуваецца самая пільная патрэба.

Дзеля гэтага можна толькі вітаць першую спробу аутара ніжэй зьмешчанай працы даць шырокаму колу мала падрыхтаваных чытэльнікау кароткую популярызацыю сучасных гістарычных ведау аб беларускім мастацтве, а уласна аб беларускім будауніцтве.

Аутар зусім здавальняюча выканау сваю задачу. Асноуная лінія разьвіцьця старажытнае беларускае архітэктуры выяулена досыць яскрава. Некаторыя паасобныя пытаньні закранены й высьветлены упауне згодна з сучасным становішчам навуковых досьледау у гэтай галіне. Гэта тычыцца асабліва да першае часткі, г. зн. да гісторыі беларускае архітэктуры 12-16 в., якая у сучасны момант дэталева распрацавана. У другой частцы аутар у большасьці карыстаецца яшчэ сырым матарыялам; пры адсутнасьці навукова устаноуленых поглядау, ен спрабуе рабіць некаторыя самастойныя вывады, у якіх можна знайсьці што-колечы спрэчнае; але спробы гэтыя зауседы цікавы, і нават у іх, як відаць, ні у якім разе няма якіх-небудзь надта значных, або грунтоуных памылак.

Уся праца наагул, як першая вестка аб сучасных навуковых досьледах беларускага мастацтва, можа лічыцца вельмі карыснай і сваечаснай.

М. Шчакаціхін.

Менск, 21 студзеня 1925. Беларуская архітэктура

Беларусь ляжыць пасярод Эуропы, на перакрыжжы вялікіх вадзяных шляхоу з поуначы на поудзень і з захаду на усход з іх шматлічнымі атожылкамі, на стыку Захаду і Усходу, заходняй і усходняй культур. Крыжуючыся тутака апошнія, здавалася-б, павінны былі рабіць свой моцны уплыу на мясцовую беларускую культуру. Здавалася-б, што моцныя бліжэйшыя суседнія - расійская й польская культуры павінны былі зрабіць немажлівым разьвіцьце беларускае культуры. Але наколькі сваеасабліва прырода й становішча Беларусі што далі базіс для сваеасаблівае экономікі краіны, формавалі сваеасаблівы этнічны тып, губы, а значыць і мову, - настолькі сваеасаблівы гістарычны лёс Беларусі й яе культуры наагул і беларускае архітэктуры прыватна.

Беларускія пляменьні славянау прышлі на тэрыторыю Беларусі з даволі высокаю культураю і, натуральна, павінны былі й пасяліліся па, бадай што адзіных, шляхох зносінау - беларускіх рэках. Пасяленьні у найболь выгадных пунктах - Смаленск, Полацак, Турау і інш., хутка разьвінуліся у вялікія гандлевыя й культавыя цэнтры. Гарады побач з распадам радавога быту концэнтравалі наукола сябе акалічныя землі, што у сваю чаргу цягнуліся да іх, як да сваіх гандлевых асяродкау. Разам з тым гарады былі пунктами и найбольш высокае тэхнікі й культуры.

Само сабою ясна, што вось у гэтых месцах і павінна было пачацца монумэнтальнае будауніцтва. З самага пачатку яно ужо падзялялася на грамадзянскае й культавое. Грамадзянская архітэктура, як меньш монумэнтальная, не захавала нам помнікау пачатку беларускае гісторыі. Ня гледзячы на тое, што культ, каб зрабіць моцнае уражаньне й моцна трымаць у сваіх руках свой статак, старауся будаваць магутныя будынкі, ад культавое архітэктуры 10-11 веку да нашага часу таксама нічога не засталося. Толькі ад эпохі росквіту першага кругабегу беларускае гісторыі захаваліся Сьмядынскія, Петрапаулауская, Багаслоуская — Смаленскія, Віцебская Благавешчанская і Полацкая Еуфрасіньеуская цэрквы, а так сама рэшткі Калоскае Горадзенскае.

Хрысьціянства прышло на Беларусь з Кіеву па вялікаму вадзяному шляху «з варагау у грэкі». Яно й прынесла з сабою візантыйскія формы культавога, гэта значыць царкоунага будауніцтва. Ідучы по гэтаму шляху культавое будауніцтва не магло абмінуць Чарнігаву. Кіеу у гэты час, пераняушы візантыйскія формы, уносіу у іх свае дэталі. Чарнігау таксама у некаторых дэталях імкнууся выявіць сваю самадзеяльнасьць. Беларусь-жа, успрыняушы візантыйскі кубічны тып храмау з трыма абсідамі, пачала эпоху беларуска-візантыйскае архітэктуры канчатковою відазьменаю гэтага тыпу у бок значнага упрошчваньня яго.

Усходняя Беларусь у гэтым выпадку зьяулялася сваеасаблівым перадатачным пунктам візантыйскіх формау у Наугародзка-Пскоускую зямлю і на захад Беларусі. Першае месца у гэтым шэрагу, займау, бязумоуна, Смаленск. (Сьмядынская 1141-1145, Петрапаулауская 1147, Багаслоуская 1188, Сьвірская 1194). У той час, як Ноугарад усталеувау, традыцыенізавау гэтыя формы, Смаленск відазьмяняу іх і хутка эволюцыянавау. Узорам гэтага можа служыць паніжэньне бакавых аутарных абсідау маленскае Сьвірскае царквы. Яно значна пазьней было пауторана потым у Наугародзкай царкве Параскевы-Пятніцы. Прауда, беларускія будовы гэтага часу - канца 11, пачатку 12 сталецьця яшчэ кубічныя, трохабсідныя.

Але ужо у першай чвэрці 12 веку пачатае у Смаленску упрошчваньне візантыйскага тыпу скончылася у асноуным у Віцебску (Благавешчанская царква) і Полацку (Спаса-Еуфрасіньеуская царква). З надворнага боку тутака былі канчаткова зьнішчаны бакавыя аутарныя абсіды. Афярнік і дзьяканьнік зьмяшчаліся усярэдзіне у таушчыні усходняе сьцяны. Трохабсіднасьць у раньнім Смаленску й Полацку эволюцыянавала тутака у аднаабсіднасьць. Да рэчы сказаць, усе гэтыя помнікі значна зьменены у пазьнейшыя часы. Так, напрыклад, пярэдняя частка Віцебскае Благавешчанскае царквы з званіцаю, паудневая прыбудоука, а таксама сучасны купал зьяуляюцца пазьнейшымі зьменамі.

Выява

Старадаунія вузкія даугаватыя вокны закладзены і на месца іх, апрача аднаго з пауночна-усходняго боку аутарнае абсіды, прабіты новыя. Такім чынам, старадауняя частка будынку складаецца з некалькі даугаватага простакутніку, з аднэю паукруглаю абсідаю накрытая некалі па закомарах і меушая купал. Паудневы і пауночны фасады падзяляюцца лапаткамі на 4 часткі кожны. У сярэдзіне прастор падзяляецца трыма парамі чатырохкантовых слупоу. Па бакох аутара ва усходяй сьцяне есьць дзьве паукруглыя нішы для дзьяканьніка і афярніка. Частка хорау захавалася да нашага часу. Яна абапіраецца на заходнюю пару слупоу і сьцяну.

Характэрнае зьнішчэньне бакавых абсідау, а таксама кантовасьць іх у Полацкім Сафійскім саборы, быць можа агадваюць вядомую сувязь з Сырыяю (праз Кауказ, Касьпій, Волгу, вярхавіны Акі, Дняпро), як сыстэма галасьнікоу Калоскае Горадзенскае царквы з Захадам. Але, калі мы зауважым усе асаблівасьці беларускае архітэктуры гэтага часу, дык пабачым, што яна найбольш самабытная пасярод адменьнікау візантыйскага стылю суседніх краеу.

Конструкцыяю Міхалаускае, й Петрапаулаускае у Полацку і Благавешчанскае у Віцебску Беларусь папярэдзіла Наугародзка-Пскоускую краіну, якая к канцу 12 сталецьця пераняла адсюль аднаабсідавы тып храму і у 13-14 сталецьці значна разьвіла сваю культавую архітэктуру, у той час як Беларусь у канцы 12, пачатку 13 сталецьця павінна была спыніць культавое будауніцтва.

У гэты час вандроуныя народы перарвалі вялікі вадзяны шлях з паудня на поунач у сваей упартай барацьбе з Кіеушчынай. Большае значэньне набыу шлях з захаду на усход. Беларускія заможнікі павінны былі пасунуцца на захад, куды яны й пашлі часам, шукаючы сабе выгаднага ужытку, а часам ратуючыся ад хатняй соцыяльнай барацьбы, што адбывалася у той час у Полачыне. Тутака яна спаткалі літвіноу, з якімі й пачалі будаваць новае дзяржаунае аб'яднаньне, тым боль, што беларусам трэба было бараніцца ад сваіх пауднева-усходніх суседзяу, а літвінам - ад крыжакоу, заходняга капіталу. Літвіны й беларусы утварылі фэодальнае Беларуска-Літоускае гаспадарства.

Нямецкія крыжацкія ордэны, пачаушы коленізацыю з утокау Заходняе Дзьвіны, пасоуваліся усе дальш і дальш у кірунку беларуска-літоускіх тэрыторыяу. На мяжы стыку з апошнімі яны будавалі моцныя высокія замкі.

Да гэтага часу на Беларусі былі абарончыя умацаваньні у відзе гарадзішчау. Яны складаліся з валоу. На валох будавалася напалову драуляная, наполову каменная сьцяна. Сьцяна канчалася частаколам. Усярэдзіне драуляныя будынкі служылі жылымі памяшканьнямі. Зразумела, што цяперака гэтыя умацаваньні не маглі задаволіваць новых патрэбау абароны ад крыжакоу. Трэба было супроцьпаставіць іх замкам штось інша, здольнае утрымліваць ворагау і не слабейшае за крыжацкія абапорныя пункты.

Гэтым маглі быць таксама замкі і у Беларуска-Літоускім Гаспадарстве пачауся кругабег замкавага і ваеннага будауніцтва. Ен, бадай што, нічым ня быу зьвязаны з папярэдняю эпохою беларуска-візантыйскае культавое архітэктуры. Апошняя, калі й ня спыніла свайго бытаваньня, дык была драулянаю і помнікау да нашага часу не захавала.

З самага пачатку нават ордэнскія замкі, а ні адно беларускія несьлі у сабе новае адпаведна мясцовым умовам, як напрыклад, Волькенбург, Рэжыца, Люцын і інш. У першую чаргу тутака ужывауся новы матарыял, што давала беларуская прырода — вапняк і булыжнік. Цэгла ужывалася адно для абліцоукі. Далей, часта

Малюнак

замкі вырасталі з ранейшых умацаваньняу, як Вяліж і інш. уносячы у плян адно нязначныя зьмены. Пры гэтым яны захоувалі няправільны від гэтых умацаваньняу, як вынік скарыстаньня берагу, узвышша і да таго падобнага. Часта, як і раней, тутака ужывалася побач і камень і дрэва.

Такім чынам, у самым пачатку замкавага будауніцтва нямецкі тып замкау -

Малюнак чатырохкутнік моцных сьценау, умацаваных вежамі з правільнаю кампаноукаю частак і цэлага, быу відазьменены.

Адным з першых беларускіх замкау быу Навагрудзкі, мураваны з булыжніку й кавалкау цэглы на цэмэнце. Потым ідуць Крэускі і Лідзкі замкі першае чвэрткі 14 сталецьця, што ужо маюць від простакутніка, уласьцівы беларускай архітэктуры, а таксама Троцкі замак канца 14 сталецьця, які яшчэ быу часткова драуляным, як і Віцебскі. Троцкі замак на беразе быу чатырохкутным з вежамі па кутох, у той час як другі Троцкі замак — на востраве, змураваны пазьней у складзе двохпаверхавага палацу з старажоваю вежаю і няправільных у пляне умацаваньняу, адпаведна лініі берагу з чатырма круглымі вежамі па кутох. Ен канчау развой ранейшых замкау раманскага і раньня-готычнага характару. Наскрозь прасякнуушая яго готычнасьць, магутнасьць у ваенным стасунку, мур з гранітавага валуну й буйнае цэглы заміж ранейшых булыжніку й бітае цэглы побач з іншымі вартасьцямі рабілі Троцкі замак на востраве найдасканальным узорам беларускіх ваенных замкау.

За увесь гэты час Беларуска-Літоускае гаспадарства расло й мацнела. Ваенная перамога у барацьбе з ордэнамі часта была на баку беларуска-літоускіх сілау і, урэшце, пасьля Грунвальдзкага разгрому ордэнскіх войскау для гаспадарства наступіу больш мірны кругабег, што занашоу сабе адбітак у Горадзенскім замку. Апрача таго, насяленьне у гарадох к гэтаму часу налічвалася ужо дзесяткамі тысячау і, запэуна, не магло быць захавана у часе небясьпекі у сьценах замку. Неабходна трэба было гэтыя сьцены з умацаванымі брамамі, вежамі і г. д. рассунуць, каб уключыць у іх увесь горад, места, як напрыклад, Верхні й Ніжні Віленскія замкі з меставымі умацаваньнямі, Верхні й Ніжні Віцебскія — з так званым Узгорскім замкам і д. п. Дзякуючы таму, што абарончыя прыстасаваньні вынесены за межы замку, апошні страціу характар ваеннаго умацаваньня, пачаушы гэтым кругабег падзелу ваеннага й грамадзянскага элемэнтау у замкавай архітэктуры, кругабег палацавага будауніцтва. Замак стауся палацам, меставыя сьцены — крапаснымі умацаваньнямі з магутнымі брамамі, як, напрыклад, Віленская Субач-найлепшы узор беларускіх меставых умацаваньняу і г. д. Такі падзел мог адбыцца і адбыуся у дзяржаунай архітэктуры. Прыватныя-ж валадары, фэодалы павінны былі, як раней дзяржауныя замкі, мураваць будынкі, што злучалі-б у сабе і жылыя памяшканьні і вайсковыя умацаваньні. Прыватнае беларускае замкавае будауніцтва й разьвівае далей гэтыя абодва элемэнты, ня спыняючы эволюцыі сапрауды замкавае архітэктуры. Кругабег гэтае прыватнае замкавае архітэктуры пачауся у 15 сталецьці. У эпоху росквіту беларускае дзяржавы, у 16, а таксама пачатку 17 сталецьця адбыуся й яго росквіт.

Найвыдатным узорам гэтай прыватнай архітэктуры лічыцца Мірскі замак у Навагрудчыне. Ен змураваны, бадай правільным, квадратам сьценау з чатырма вежамі па кутох, а, значыць, і канчае разьвіцьце Крэускага, Троцкага і Лідзкага тыпу. У Мірскім замку раньняя нямецкая готыка злучалася з яшчэ больш раньнімі раманскімі дэталямі. Да усяго гэтаго далучаліся італьлянскія формы адраджэньня. Апрача таго, тутака былі цесна злучаны грамадзянскі й ваенны элемэнты, адзін стыль органічна увязвауся з другім у прауцівалегласьць Віленскаму Ніжняму замку. Калі мы успомнім, што у папярэднія часы раньня нямецкая готыка была ледзь ні адзіным стылем у беларускай архітэктуры, дык зауважым, што Мірскі замак зьяуляуся найорыгінальным нацыянальным узорам беларускае замкавае ахрітэктуры.

Разам з тым з замацаваньнем фэодальнага ладу у Беларуска-Літоускім гаспадарстве павінен быу замацоувацца вечны прыяцель капіталу — культ, рэлігія. З канца 14 веку адналяецца культавая архітэктура. У Беларусі у гэты час муравалася шмат царкоуных будовау. Мажліва, што часта у гэтм прымалі удзел нямецкія майстры. Быць можа, значыць, з прычыны гэтага першыя храмы мураваліся у стылю нямецкай цаглянай готыкі, як, напрыклад, Віленскія касьцелы: Марціна, Катадрыльны, Мікалая і інш. Наагул, уплыу нямецкай готыкі на беларускую архітэктуру адчувауся аж да 17 сталецьця. Але мясцовая архітэктурная традыцыя была ужо даволі моцнай і ужо у гэты час пачалася відазьмена перанятых формау падменаю стрэльчатых аркау, нішау і д. п. круглымі, уласьцівымі беларускай архітэктуры.

З касьцелам Ганны кончылася пара нямецкай готыкі, у званіцы Францышканскага касьцелу умела усвойваліся і распрацоуваліся чужаземныя формы, а Бэрнардынскім касьцелам пачауся кругабег беларускае готыкі.

Польская шляхта імкнулася апанаваць беларускімі землямі, поленізаваць Беларусь. Каталіцтва, дапамагаючы яму, імкнулася акаталічыць беларускае насяленьне. Беларускі народ поруч з соцыяльным і нацыянальным змаганьнем веу і рэлігійнае. Адчувалася патрэба у такіх царкоуных будынках, якія маглі-б ня толькі ахоуваць рэлігію, але даваць схову самому насяленьню. Трэа было, каб цэрквы часамі і касьцелы, сталі чымсь на кшталт замкау.

І ужо памянены Бэрнардынскі касьцел быу змурованы простакутнікам з чатырма вежамі па кутох і байніцамі — тыпам нааугул уласьцівым для беларускае архітэктуры 16 сталецьця.

Пачаушыся у Бэрнардынскім касьцеле беларуская готыка, разьвіваючыся у Сынкавіцкай царкве Слонімскаго павету Горадзенскае губ. і Мала-Мажэйкаускай Лідзкага павету Віленскае губ., канчалася у Благавешчанскай царкве Супрасьльскага манастыра Беластоцкага павету Горадзенскае губ.

Сынкавіцкая царква, таксама, як і Бэрнардынскі касьцел змурована простакутнікам з чатырма вежамі па кутох. Корпус накрыты высокім двохскатавым дахам і мае выгляд кубу. Аутарная частка складзена з трох паукружынау. Нутраны прастор падзелены трыма парамі слупоу. Гэтымі трыма сваймі уласьцівасьцямі Сынкавіцкая царква, зьвязвалася з мінулаю беларуска-візантыйскаю архітэктураю 12 сталецьця.

Разам з тым па кутох корпусу будынку вымураваны высокія магутныя вежы. Будынак падпіразаны поясам байніцау і аркавым поясам на кшталт машыкулярау брамы Віленскіх меставых умацаваньняу. У гэтым Сынкавіцкая царква зьвязана з беларускаю ваеннаю й замкаваю архітэктураю. Наагул готыка выяулялася у грамаднянскіх і вайсковых элементах, а ні у якім разе ні царкоуных.

У Мала-Мажэйкаускай царкве вежы і іншыя ваенныя прыстасаваньні яшчэ мацней, гарманічней урасьлі у асноуны курпус будынку, які паміж іншым, самабытна ухіліуся ад беларуска-візантыйскага пляну.

Супрасьльская царква больш складана вырашала элемэнты, закладзеныя у папярэдніх царквах. Да таго дах яе меу падабенства сваймі часткамі да драуляных какошнікападобных і бочкападобных дахау і меу асяродкавы купал.

Такім чынм, самы нацыянальны этап - беларуская готыка вырасла з патрэбау сучаснасьці й гістарычнага беларускага бытаваньня. У першую чаргу яна узяла у сваю основу чатырохвежавасьць. Потым былі падменены паукруглымі формы стрэльчатыя. Далей былі успрыняты формы драулянага будауніцтва, як кантовасьць абсіды Супрасьльскае царквы, какошнікі і г. д. Тутака развой беларускае готыкі спыніуся. Сынкавіцкая царква дала поуную легічную і стылістычную скончанасьць тыпу. Новая асадная артылерыя легка спраулялася з гэтымі чатырохвежавымі абапорамі нацыянальнае і рэлігійнае барацьбы. Да таго вунія 1596 году наагул прыпыніла монумэнтальнае беларускае праваслаунае будауніцтва. Каталіцкая-ж рэлігія была пануючаю і ня мела патрэбы ва умацаваных царквах тым больш, што на яе баку была польская шляхта, якой яна служыла і да якой патроху пачала далучацца беларуская, шукаючы сабе матарыяльных выгад. Касьцельны бароко пачау падмяняць беларускі готычны архітэктурны стыль.

Але беларуская готыка не магла абарвацца на найвышшым стопню свайго разьвіцьця. Да таго на Беларусі жылі кальвіністы, якім яшчэ часта прыходзілася абараняцца ад іезуіцкага натоупу. Пасьля заняпаду чатырохвежавае готыкі на Беларусі мураваліся аднавежавыя кальвінскія зборы, як напрыклад, Койданаускі, Слуцкі і інш.

Яны мураваліся часьцей за усе высокім дахам. Адна абсіда была кантоваю. Сьцены праразаліся шматлічнымі вокнамі. Уваход абараняла высокая вежа самых розных формау. У сярэдзіне прастор падзяляуся на тры караблі з готычнымі скляпеньнямі. Часам бывалі й карабовыя скляпеньні. Гэта зусім вынішчала готычнасьць, калі зауважыць да таго, што готычны надворны выгляд захоувауся не зауседы. Конструкцыйную готычнасьць падмяніла дэкорацыйная, ды й сама заняпала.

Са спадам беларускае дзяржаунасьці й культуры у 17 сталецьці, у беларускай архітэктуры спадае да вядомае ступені адно яе самабытны характар, бліснуушы яшчэ раз у драуляным будауніцтве 17—18 сталецьця, але ні у якім разе ня спыняецца яе бег.

Праваслаунае царкоунае будауніцтва гэтага часу характэрызуецца некалькімі тыпамі, спаміж якіх набольш выдзяляюцца тры. Базылікальнасьць пляну, што зауважваецца у некаторых з адменьнікау, звязвала іх з сучаснаю ім каменнаю архітэктураю.

Першы адменьнік, як напрыклад, Віцебская Чорнатройцкая царква, будавауся плянам крыжу з простымі канцамі і васьмехсьценьнікам у асяродку. Асяродкавая восьмехсьценная частка мела меншую, таксама восьмехсьценную надбудоуку, што накрывалася васьмехсьценным-жа шалашом, або купалам. Апошні у сваю чаргу канчауся

Маркаушчынская каля Віцебску

маленькаю восьмехсьценнаю макаукаю. Канцы крыжа былі прастакутнымі й накрываліся двохскатавым дахам з фронтонамі. Па абодвых бакох аутара прыбудоуваліся памяшканьні з выхадам на двор. Перад уваходам у храм такога адменьніку часамі будавауся бабінец. Ен звычайна акаляу увесь пярэдні канец будынку, а з бакоу меу прыбудоукі на кшталт азначаных раней.

У пляне другога адменьніку (Мсьціслауская, Аршанская, Віцебская Ільлінская, Маркаушчынская, Якабштадзкая і інш.) ляжала два караблі, што узаемна перасякаліся. Яны складаліся з трох пяцісьценяу і аднаго трысьценя з простакутнікам у асяродку. Усе яны накрываліся шалашами адпаведна на некалькі скатау, часамі адным купалам. Васьмярык асяродкавага шалаша адчыняуся усярэдзіну царквы, як, напрыклад, у Маркаушчынскай Тройцкай каля Віцебску. У пауднева-усходнім і пауночна-усходнім кутох асноунага корпусу будынку прыбудоуваліся памяшканьні на кшталт азначаных ране для зьмяшчэньня панамарні й рызьніцы. Наукола такіх цэрквау будаваліся адчыненыя або глухія галярэі, а з заходняга боку зачынены бабінец. Гэты тып цэрквау спатыкаецца й на Украіне.

Урэшце трэці, найбольш уласьцівы беларускай драулянай архітэктуры, адменьнік (Слуцкая Раждзесьцьвенская царква, Слуцкі стары сабор і інш), меу у аснове куб з васьмехсьценьнікам зьверху, накрытым восьмехсьценным купалам.

Нават сынагогальнае будауніцтва трымала уласьцівыя наагул беларускай драулянай архітэктуры формы — галярэі наукола асноунага корпусу будынку, дах Плян Віцебскае Ільлінскае з заломам і д. п. як, напрыклад, у Заблудаускай і інш. сынагогах.

Адначасна і у далейшым беларускія культавыя драуляныя будынкі эволюцыянавалі у даугаваты будынак з восьмехкантоваю (у каменным круглаю) абсідаю, будынак, мабыць італьлянскага пахаджэньня, на кшталт крыжу з купалам на трансэпце і аднэю вежаю, што, быць можа, некалькі нагадвала дэкарацыйныя вежы позных кальвінскіх зборау часу глыбокага заняпаду, і г. д. Таксама пасьля прыдушэньня беларускага паустаньня 1863 году сюды прыносіцца казеншчына, як, драулянае, так і каменнае архітэктуры з яе шматкупальнасьцю і іншымі уласьцівасьцямі.

У 17 веку беларуская шляхта усе больш і больш прасякаецца польскасьцю, якая нясе значныя прававыя, а значыць, і матарыяльныя выгады. Беларуская моладзь усе часьцей ходзіць за межы па навуку, але рэдка варочаецца шчырымі сынамі свае бацькаушчыны, як Скарына і інш, у мінулым веку. Яна прыносіць значна больш заходніх прывычак, закаханьня да чужаземнага. Гэта павінна было зрабіць і зрабіла значны уплыу на беларускую архітэктуру.


Выява


З развоем беларускага драулянага будауніцтва 17-18 сталецьця беларуская монумэнтальная архітэктура у гэтым веку пачала базылікальны кругабег. Ен характэрызуецца саборамі Магілеускага і Віленскага брацтвау, Слуцкім Трайчанскім і Віцебскім Усьпенскім, Менскім і Віцебскім Бэрнардынскімі касьцеламі і іншаю масаю культавых будынкау. Уласьцівымі адзнакамі беларускае базылікі зьяуляецца асноуны корпус часта з трох нэфау, перасечаны папярочным з купалам на трансэпце і дзьвюма вежамі на галоуным фасадзе. Часамі купал на перасячэнні караблеу адсутнічае, як, напрыклад, у Віцебскай Петрапаулаускай царкве. Часта асноуны корпус будынку складаецца адно з падоужных нэфау, зразумела, у такіх выпадках бяз купалу, як, напрыклад, у Полацкім Сафійскім саборы і інш. Была распаусюджана думка, што купал на базыліцы зьяуляецца пазьнейшаю надбудоукаю з часоу русіфікацыі Беларусі Мурауевым. Паміж тым, Віленскі Петрапаулаускі сабор на Антокалі, змураваны пад акрэсьленым уплывам познага італьлянскага адраджэньня, мае купал на трансэпце значна раней эпохі Вешацеля. Віцебскі Усьпенскі сабор у першы час мураваны пад кірауніцтвам італьлянскага архітэктара таксама мае купал органічна зьвязаны з усім корпусам будынку. Ясна, з гэтага ліку трэба, зразумела, выкінуць тую множ выпадкау, калі Мурауеу з прысьпешнікамі цягнуу у свой рай беларускі народ і сапрауды нашлепвау па адным або некалькі купалоу для наданьня характару "истинного" праваслауя, як, напрыклад, на Віцебскую Рынкавую царкву і інш.

Як вядома, к 17 сталецьцю у Беларусі панавала шляхта, зьдзейсьніваючы сваю дыктатуру і адсунуушы беларускіх магнатау-фэодалау. Значна разьвінулася грашовая гаспадарка. Гандаль патрабавау адсутнасьці дробных фэодау, вялікае нацыянальнае дзяржавы. Патрэба у замках, што панавалі-б над прасторамі магнатау зьнікла. Іх канчаткова падмянілі палацы й вялікія дамы. З другога боку базыліка задавольвала патрэбам тагочаснага культавога будынку. Асноуныя конструкцыйныя формы былі знойдзены. Адначасна й далей зауважваліся і распрацоуваліся ужо дэкорацыйныя формы.

Выява

Рэнэсансныя формы, што зьявіліся у беларускай архітэктуры яшчэ у часы панаваньня готыкі, як, напрыклад, у Віленскім касьцеле Яна, Ніжнім замку й прыватных дамох, Горадзенскім замку і г. д., падмяніліся бароко. Ен нес у сабе монумэнтальнасьць важкіх конструкцыйных і масыуную пышнасьць дэкорацыйных формау з сваймі разрыунымі фронтонамі, фронтонамі з волютамі, парнымі каленкамі і іншымі аздобамі. Помнікау бароко пачатку 17 веку амаль, што не захавалася. Менскі Дамініканскі касьцел зьяуляецца быццам пераходным. У ем яшчэ бароко мала. Віцебскі Бэрнардынскі, Сеньненскі, Менскі Катадральны, Віленскія і інш. касьцелы, Віцебская Рынкавая царква і г. д. належаць ужо да больш познага часу.

Разьвінуушаяся роскаш шляхты, што адарвалася ад народу, з аднаго боку і сувязь яе з захадам з другога, усе павялічвалі і павялічвалі роскаш дэкорацыйных формау, даводзячы проста да зграмаджэньня іх у рококо з яго пышнаю легкасьцю, як, напрыклад, у Віленскіх культавых і інш. будынках.

У палове 19 веку да іх далучыуся ампір у Віцебскіх, Віленскіх і інш. будынках, а таксама панскіх провінцыяльных сядзібах побач з ухілам да антыч-

выява

ных формау і нямецкага нэоклясыцызму, што перакінуліся на Беларусь разам з агульнаю рэакцыяю на бароко й рококо. Наагул у канцы 18, пачатку 19 веку у Горадні, Беластоку, Вільні і інш. местах збудавалася шмат прыгожых і каштоуных клясыцыстычных будовау. Напрыклад, Беластоцкі палац 18 веку зьяуляуся другім Вэрсалем з сваймі будынкамі, скульптураю, паркам і г. д.

З Мікалаеускаю, асабліва Мурауеускаю, русыфікацыяю Беларусі на нашу тэрыторыю прышоу расійскі уплыу. Ен выявіуся бяссэнсоунаю казеншчынаю, шматкупальнасьцю, як мы казалі раней, нашлепваньнем купалоу, забаронаю будаваць без дазволу улады будынкі па свайму пляну і д. п. Сама Расія у 19 веку перажывала архітэктурны заняпад, перапрацоуваючы заходнія першаузоры, і нічога свайго органічна увязаць з беларускаю архітэктураю, заходняга-ж характару, не змагла. А да 18 веку наадварот Беларусь, быць можа, рабіла на яе вядомы уплыу. Успомніць хоць-бы майстроу, 47 якіх забрау з Беларусі Нікан і якія далі Маскве беларускую разьбу або як яе завуць там у тагачасных актах «рэзь беларускую».

У другой палове 19 веку Беларусь прарэзалі чыгункавыя магістралі. Беласток, Горадня, Віцебск і інш. месты выраслі у буйныя прамысловыя асяродкі. І цяперака старыя конструкцыйныя формы не маглі задавольваць новым умовам жыцьця. Сталі потрэбны вялізарныя будынкі для пасажырау на станцыях, для гандлевых опэрацыяу у местах і г. д. Пачалася у Беларусі новая архітэктура у відзе прыгожых вакзалау (Ворша, Менск, Бярэсьце і інш.), банкау (Віцебск, Вільня і інш.) біржау, вялізных даходных дамоу і д. п. Яна распрацоувала клясыцыстычныя мотывы поруч з заходня-эурапэйскаю і расійскаю.

Такім чынам, беларускі стыль усе бліжэй і бліжэй падыходзіу да заходня-эурапэйскага з сваймі некаторымі асаблівасьцямі усходня й заходня беларускае архітэктуры, як, напрыклад, упрошчваньне з пачатку і да канца у першай. Паміж іншым, упрошчваньне гэтае не псавала першаузорау, а, наадварот, ператварала у свае, уносіла вядомую стройнасьць. Праз увесь час зусім нормальна адбывалася імкненьне не да краевага, абласнога, нават, не да беларускага нацыянальнага, а праз беларускае нацыянальнае да агульначалавечага.

Вялікая Кастрычнікавая рэволюцыя зьнішчыла стары лад. У пераходны кругабег мы робім ніудзячную працу дапасаваньня старых культавых і грамадзянскіх будынкау да нашых патрэбау. Але нават сучаснасьць патрабуе заміж грамадзянскіх муроу для магнатау, шляхты, капіталістых, што задавольвалі іх індывідуальныя патрэбы і заміж культавых будынкау, як месца духоунага прыгнечаньня, - новых палацау працы, тэатрау, клюбау і інш., адпавядаючых патрэбам колектыву й духоунаму разьвіцьцю асобы. І Беларусь, як Самастойная Савецкая Соцыялістычня Рэспубліка дасьць нам у будучыне шэраг такіх будовау, што будуць, задавольваць патрэбы працоунага люду з яго нацыянальнымі адзнакамі. Літаратура

  1. Weber Paul. Wilna. Eine vergessene Kunsttätte. Verlag der Zeitung dei 10. Armee Wilna 1917.
  2. Гомельскіе усадьбы. Жур. «Столица и Усадьба[2]» за 1914 г. № 1.
  3. Иодковский, И. Замок в Мире, «Древности» т. VI М. 1915.
  4. Иодковский, И. Церкви приспособленные к обороне в Литве и Литовской Руси. «Труды по сохр. древ. памятников» М. 1915.
  5. 'Красавицкий, П. Памятники церковной старины Полоцко-Витебского края. Віцебск 1911.
  6. Лукомский, Г. Белостокский дворец. Жур. «Старые годы»[3] М. 1915.
  7. Павлинов. Древние храмы Витебска и Полоцка. Труды 9 археол. с’езда т. I 1895.
  8. Смоленские усадьбы, жур. «Столица и Усадьба» за 1914 г. № 9.
  9. Ширяев, С. Д. Деревянные церкви белорусской Смоленщины с базиликальным планом. «Труды Смоленских госмузеев». Смоленск 1924 г.
  10. Шчакаціхін, М. М. Нарысы па гісторыі беларускага мастацтва. (Кургановыя старажытнасьці й скарбы. Архітэктура 12 сталецьця. Замкавае й ваеннае будауніцтва Заходняй Беларусі. Беларуская готыка).
  1. Нажаль у Віцебскіх друкарнях яшчэ няма "ў" нескладовага і "ё".
  2. Ёсць артыкул у рувікі
  3. Ёсць артыкул у рувікі