Беларускае войска (Зямкевіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларускае войска
Публіцыстыка
Аўтар: Рамуальд Зямкевіч
1919 год
Крыніца: Беларуская Думка. — 7 мая 1919. — №5; бач. 1-2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЛАРУСКАЕ ВОЙСКА.

Для кожнага сьвядомага беларуса, (а мусім адзначыць нашым прыхільнікам, што беларуская сьвядомаспь за час вайны і палітычнае свабоды вельмі ўзрасла), ясна, што народ, каторы праклямаваў сваю незалежнасьць і непадзельнасьць у справе нацыянальнай арміі, можа мець толькі адзін пагляд, ад каторага, калі лічыць сябе народам і верыць у сваю сьветлую будучыню, адступіць ніяк ня можа.

Пагляд гэты — права і патрэба нацыянальнае беларускае арміі — так моцна засеў у нашые мазгі, што ніхто з беларусаў як з інтэллігенцыі так і з простага народу пярэчыць гэтаму ня можа і ня будзе.

Ня будзем тут прывадзіць нашых правоў на сваё войска, бо гэта праўда лішне ясная, ня будзем так сама. прывадзіць гісторыі формацыі беларускіх войск, якія ўжо былі сфармованы зараз жа пасьля рэвалюцыі, бо ўсё гэта добра на памяці ў кожнага беларуса — адзначым толькі, што найбольш нам памаглі і зрабілі ў гэтым кірунку нашыя запраўдныя браты — украінцы. Навет часта мяпрыхільныя пам ліцьвіны прызналі нам гэтае права.

Іншы абраз прадстаўляюць нашыя стасункі да Польшчы, якая хоча, будзем верыць, што шчыра, братняй згоды з намі, самаазначэньня нашага народу і прапануе нам палітычную унію на аснове „роўныя з роўнымі, вольныя з вольнымі“.

Усё гэта вельмі прыгожа, вельмі навет пажадана, бо братняя згода ўсім нам і патрэбна і карысна, але… цьвёрдая дзейснасьць паказывае нам — дзіва.

Па гораду расклеены абвесткі аб нейкай Літоўска-Беларускай дывізыі, аб чым ужо ў нас пісалася, пачалося вербаваньне да гэтай дзіўной дывізыі і ў нумэры 8-ым польскай газэты „Nasz Kraj“ мы знаходзім спробу апраўданьня гэтае пакалечанае ідэі.

Што датычыцца нас, беларусаў, мусім цьвёрда заявіць: „Беларускі Народ, які пролямавау сваю незалежнасьць і непадзельнасьць, можа і хоча служыць толькі у сваім нацыянальным войску“.

У гэтым кірунку ясна высказалася беларуская дэпутацыя, якая злажыла мэморандум Вышэйшаму Камавдуючаму Польскіх Войск Яго Міласьці грамадзяніну Язэпу Пілсудзкаму, вельмі прыхільна прыняўшаму беларусаў. У даннай справе становішча беларусаў яснае і высказана цьвёрда.

Вельмі сумлеваемся, каб у гэтую Літоўска-Беларускую дывізыю пайшлі ліцьвіны. Гэта мажліва толькі для хварбаваных дабрадзеяў тыпа пана Эузэбіюша Лапацінскага, каторага ліцьвіном прызнаць ніякі „праўдзівы ліцьвін“ ня можа, хоць-бы ён і сотні лістоў друкаваў аб сваім „ліцьвінстве“ у газэце „Nasz Kraj“.

Так сама у Літоўска-Беларускую дывізыю ня пойдзе ніякі сьвядомы беларус, бо гэта было-бы чыстае духоўнае перакручываньне.

Могуць пайсьці ў гэтую дывізыю толькі маласьвядомыя беларусы, якіх паны шовіністы, розныя полёнізатары называюць палякамі дзеля іх каталіцкае веры. Чыталі мы падобную вестку у газеце «Dziennik Wileński» дзе пісалося аб ваколіцах Ліды…

Што ўжо трошкі такіх беларусаў пайшло, ведаем, бо бачылі мы іх 30 красавіка на Дамініканскай вуліцы ў радох, з аружжам і на свае вушы чулі каманду польскім акцэнтам па маскальску: „ряды стройся! смирно!!!“

Усё гэта аднак ня сведчыць ні аб „równości“ ні аб „wolności“ і насовывае жудасныя думкі аб нашых будучых адносінах.

На жаль усе важнейшыя уласьці, як грамадзянін Язэп Пілсудзкі ды грам. Юры Смолоўскі выехалі у Варшаву. Цяпер у Вільні няма з кім гаварыць, бо вайсковыя або з Польшчы, Галічыны, Познані у тутэйшых справах некампэтэнтны, а другія і „вельмі прыхільныя беларусам“ як яго вяльможнасць пан Ян Пілсудзкі, скажуць нам, і што яны нічога ня могуць зрабіць…

А спраў шмат, якія ня церпяць адкладу. З найбольш палючых хоць бы ўзяць справу беларусаў вайсковых. Сьвядомага беларуса-афіцэра, калі ён зарэгістраваны, вайсковая польская улада, ня разьбіраючыся у нацыянальнасці, пашле у Варшаву а калі беларус туды ні захоча пайсьці, яго схаваюць у ваенна-палонным лагеры.

Дзеля гэтых прычын шмат беларусаў яшчэ не рэгістравалася, зарэгістраваныя ходзяць як прыбітыя цяжкім горам і дзьверы Беларускае Рады амаль не зачыняюцца, бо кожны прыходзіць за парадай ці ратункам.

Як выясьняцца гэтыя палючыя і балючыя усіх нас пытаньні ня ведаем. Проціў беларускі курс бачым ужо у газэце „Dziennik Wileński. Старыя нашыя зваёмыя даўно вельмі прыхільныя беларусам“ пан Ян Обст, В. Студніцкі асчасьлівілі Вільню сваім прыездам, толькі і глядзі што і ўселякія іншыя „польскіе гакатысты“ пачнуць працаваць для «równości i wolności», якая выйдзе на карысць не „ich ojczyzny“ а „ad majorem Russie gloriam“.

Час трывожны, час адпаведальны, у каторым павіннасць кожнаго беларуса гуртавацца і быць на варце беларускіх інтарэсаў.

Caveant cosules!…

Юры Олельковіч.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.