Перайсці да зместу

Беларускае Слова (1926)/1927/12/Бедны шпак

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Бедны шпак
Верш
Аўтар: Уладзіслаў Сыракомля
1927 год
Арыгінальная назва: Zwierzyna (1859)
Пераклад: Баляслаў Друцкі-Падбярэскі
Крыніца: Часопіс «Беларускае слова», № 12 (41). 17 красавіка 1927 г., б. 2
Іншыя публікацыі гэтага твора: Бедны шпак (Сыракомля/Друцкі-Падбярэскі).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Бедны шпак.

(З Сыракомлі).

„Дзядзенька мілы, прадай мне шпака!“
Хлапчук так на рынку прасіў лясьніка.
Зірнуў той: на малым, бедным дзіцяці
Рваная вопратка, лата на лаце…
— „Прадаць тут ня штука, ды дзіч дарагая,
Грошай ці хопе? Дый ежа такая
Хіба не падходзіць сталу бедняка?..“
З пагардай буркнуў ён у бок хлапчука.
— „Два злоты! І помні, з цаны не спушчаю!“
— „Пабойся ты Бога! Два злоты я маю,
Ды гэта ўсе грошы… А з іх мне патрэба,
Купіць і занесьці да хаты хунт хлеба;
Бо брат мой маленькі, бедны дзіцёнак,
Вылезшы толькі — што з люлькі й пялёнак
У хаце халоднай сядзіць, горка плача,
Хлеба ад раніцы сяньня ня бачыў…
А далей — патрэба ісьці мне ў аптэку
Купіць там для мамкі павінен я леку.
Бедная сохне, бы сьвечка гарыць,
Мусіць ня доўга на сьвеце ёй жыць…
Доктар мікстуры вось ёй прапісаў,
Толькі дзічынай карміцца казаў…
Татка мой сьлёсар. Ды працы ня мае.
Гора — нуда нас усіх заедае…
За злот, малю Богам, шпака мне аддай!
Даплоце табе Ен, ты пойдзеш у рай.
Іначай ня хопіць што маю грошэй
На хлеб і лекарствы для мамкі маей!“
Са сьмехам хлапцу тут лясьнік адказаў:
— „Дальбог я ня ведаў, дагэтуль ня знаў,
Каб жонкі рабочых, з якойсь там прычыны,
Бы нейкія пані, кармілісь дзічынай!
Рэцэпт я вось маю для мамкі тваей:
Заместа дзічыны — гарэлкі хутчэй
Хай выпье кялішак, а то і другі.
Хворасьць уся міне, ня будзе й тугі.
Два злоты, ня меней, кажу не на жарты!
За злот жа й набою траціць ня варта.
А болей ня маеш, дык прэч адхадзі!“
— „Лясьнік, а лясьнік! сюды, брат хадзі!“
Пан гэтак з карэты пазваў лясьніка:
— „Колькі ты хочаш, кажы за шпака?“
— „Пяць злотых паночку… І то толькі вам“.
„Дзядзенька, злоты з паловай я дам!
Урэшці і два дам!“ — хлапчук адазваўся:
Ты-ж столькі прасіў і са мной таргаваўся.
Ты-ж слова мне даў, павінен стрымаць
„Бяры, бо я часу ня маю чакаць!“
А пан у карэце са злосьцяй рагоча:
— „Ха—ха! Бачыў?… шчанюк нейкі… хоча
Дзічыну з пад носу ў мяне падхапіць!“
„Паночку вельможны дазвольце купіць!…
Прашу вашай ласкі“… хлапец ўзмаліўся.
— „Ласкі? Каму?“ пан шчыра зьдзівіўся.
„Дазвольце мне пане, апошніх два злоты
Аддаць за дзічыну. У мамкі сухоты,
Ей доктар казаў“…
Тут пан той з карэты
Вочы прышчурыўшы кажа на гэта:
— „Я з рынку, браточак, цябе не ганю,
Што матку кахаеш, — шаную й цаню.
Аднак-жа каб зьгінуць меў увесь сьвет —
Я шпакам дапоўню свой сяньня абед!
Смачная штука! У роце аж тае!
Вы-ж жабракі, вы нэндза сьвятая,
Ня можаце гэтага нат‘ зразумець
Чаго-ж на дзічыну вам гэту ляцець!
Ідзі-жа да хаты да маткі сваей,
Ідзі без шпака, але з радай маей,
Каб ела капусту, кашу ды сала,
А дзеля смаку — перцу больш клала.
І будзе здарова праз век увесь свой.
Шпака-ж не аддам ей. Pardon, братка мой!“
Пан кінуў паперку ў руку лясьніка
І шпарка ад‘ехаў, забраўшы шпака.
Хлапец з плачам — енкам пабег за карэтай…
А панскі хурман, убачыўшы гэта:
— „Ты што гэта“ — крыкнуў — „прыліп — увязаўся,
Ці мала ласкавым мой пан аказаўся?
Дык вось-жа табе¡“ І сьвіснуў каньчук,
І кроўю заліўся наш бедны хлапчук…
Сьмяецца лясьнік: „Які ты няздара!
Чаго задаешся? ці-ж пан табе пара?
І думаў, а як-жа дурною галоўкай
З панам цягацца сваёй двузлатоўкай!
Ідзі вось да хаты бяз большай тугі,
А я пайду цяпнуць кялішак — другі!“
Далёка карэта багатая скача,
Хлапец шчэ стаіць ўсё на мейсцы і плача
Што яму трэба? Чаго ён чакае?
Лясьнік п‘е гарэлку, вясёла сьпявае…
У дзень нек пануры,
разам спраўлялісь па трох аж хаўтуры.
У немаляванай, сасновай труне,
На прасьценькім возе аб тошчым кане,
Зьмёршая сьлесара жонка ляжыць…
Ей не за што было дзічыны купіць
Каб сілы набрацца, хваробу змагаць…
За ёю — калоду другую відаць:
У ей на спачынах вязьлі лясьніка.
Ен пану прадаў не аднога шпака,
За панскія грошы — ён надта куціў
Аж пьяны са стрэльбы сябе падстраліў.
Дзівіўся ўвесь натаўп з апошняга гроба,
Ляжала ў ім важная відна асоба.
Такіх дамавін — ня убачыш ніколі!
У ёй на магільны спачынак, паволі,
Пана вязьлі, што калісь хлапчука
Скрыўдзіў так моцна, забраўшы шпака.
Са сьмерці ягонай усяк падзівіўся…
Усе трое прадсталі на страшным судзе,
Дзе кожны адчот дасьць за ўсе справы свае,
Там ў кнігу быцьця анёл без сумліву
Упісаў аб шпаку ўжо аповесьць праўдзіву…

Б. Друцкі.