Перайсці да зместу

Белалобы (1928)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Белалобы
Апавяданьне
Аўтар: Антон Чэхаў
1928 год
Арыгінальная назва: Белолобый (1895)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БІБЛІОТЭКА ШКОЛЬНІКА


А. ЧЭХАЎ


БЕЛАЛОБЫ


Г

З

1928

БЕЛДЗЯРЖВЫДАВЕЦТВА — МЕНСК

БІБЛІОТЭКА ШКОЛЬНІКА



А. ЧЭХАЎ


БЕЛАЛОБЫ

Пераклад з расійскай мовы


БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА

МЕНСК — 1928

Друкавана ў Профтэхшколе
Беларускага Дзярж. Выд-ва.
У ліку 5.000 экз. Зак. № 310.
Галоўлітбел 63.

Галодная ваўчыха ўстала, каб ісьці на паляваньне. Яе ваўчаняты, усе трое, моцна спалі, зьбіўшыся ў кучу, і грэлі адно аднаго. Яна аблізала іх і пайшла.

Быў ужо вясновы месяц сакавік, але па начох дрэвы трашчалі ад холаду, як у сьнежні, і высалапіш язык, як яго пачынала моцна шчыпаць.

Ваўчыха была слабага здароўя, палахлівая; яна ўздрыгвала ад усякага шолаху і ўсё думала аб тым, як-бы дома без яе хто не пакрыўдзіў ваўчанят. Пах чалавечых і конскіх сьлядоў, пні, складзеныя дровы і цёмная ўгноеная дарога пужалі яе; ёй здавалася, быццам за дрэвамі ўпацёмках стаяць людзі, і недзе за лесам выюць сабакі.

Яна была ўжо не маладая, і нюх у яе аслабеў. Здаралася, што яна сьлед ліса прымала за сабачы і іншы раз нават, ашуканая нюхам, зьбівалася з дарогі. А раней з ёю ніколі гэтага не здаралася. Па слабасьці здароўя яна ўжо не палявала на цялят і буйных бараноў, як раней, і ўжо далёка абходзіла коняй з жарабятамі, а жывілася аднэй падляцінай; сьвежае мяса ёй даводзілася есьці вельмі рэдка, толькі вясною, калі яна, набрыўшы на зайчыху, адбірала ад яе дзяцей, або забіралася да мужыкоў у хлеў, дзе былі ягняты.

За вярсты чатыры ад яе лагва, ля паштовай дарогі стаяла зімоўка. Тут жыў вартаўнік Ігнат, дзядуля гадоў пад семдзесят, які ўсё кашляў і размаўляў сам з сабою; звычайна ўночы ён спаў, а ўдзень хадзіў па лесе з стрэльбаю-паядынкаю і пасьвістваў на зайцоў. Мусі быць, раней ён служыў у мэханіках, бо кожны раз, перш чым застанавіцца, крычаў сабе: „Стоп, машына!“ І раней чым пайсьці далей: „Поўны ход!“ Пры ім знаходзіўся аграмадны чорны сабака невядомай пароды, якога ён зваў Арапка. Калі сабака забягаў далёка наперад, то ён крычаў яму: „Задні ход!“ Іншы раз ён сьпяваў і пры гэтым моцна хістаўся і часта падаў (ваўчыха думала, што гэта ад ветру) і крычаў: „Зышоў з рэек!“

Ваўчыха памятала, што ўлетку і ўвосень каля зімоўя пасьвіліся баран і дзьве авечкі, і калі яна ня так даўно прабягала міма, то ёй здалося, быццам у хляве бляялі. І цяпер, падходзячы да зімоўя, яна прыпамінала, што ўжо сакавік і, мяркуючы па часу, у хляве абавязкова павінны быць ягняты. Яе мучыў голад, яна думала аб тым, з якім здаваленьнем яна будзе есьці ягня, і ад такіх думак зубы ў яе ляскалі і вочы сьвяціліся ў пацёмках, як два аганькі.

Хата Ігната, яго хлявы і калодзеж былі абкружаны высокімі гурбамі сьнегу. Было ціха. Арапка, мусіць, спала пад хлявом.

Па гурбах ваўчыха ўзьлезла на хлеў і пачала разграбаць лапамі і мордай саламяную страху. Салома была гнілая і пухкая, так што ваўчыха чуць не правалілася; на яе раптам проста ў морду павеяла цёплай парай, пахам гною і авечага малака. Унізе, адчуўшы холад, квола забляяла ягня. Скокнуўшы ў дзірку, ваўчыха ўпала пярэднімі лапамі і грудзямі на нешта мяккае і цёплае, мусіць, на барана, і ў гэты час у хляве нешта раптам запішчэла, забрахала і залілося тонкім з падвываньнем галаском, авечкі кінуліся к сьцяне, і ваўчыха, спужаўшыся, схапіла, што першае папалася ёй у зубы, і кінулася вон…

Яна бегла, напружваючы сілы, а ў гэты час Арапка, пачуўшы воўка, гвалтоўна выла, кудахталі ў зімоўцы патрывожаныя куры, і Ігнат, вышаўшы на ганак, крычаў:

— Поўны ход! Пашоў к сьвістку!

І сьвістаў, як машына, і потым-го-го-го-го!..

І ўвесь гэты шум паўтарала лясное рэха.

Калі паволі ўсё гэта заціхла, ваўчыха крыху супакоілася і стала прыкмячаць, што яе здабыча, якую яна трымала ў зубах і валакла па сьнезе, была як-бы цяжэй і цьвярдзей, чым звычайна бываюць у гэту пару ягняты, і пахла як быццам іначай, і чуліся нейкія дзіўныя зыкі… Ваўчыха прыпынілася і палажыла сваю здабычу на сьнег, каб аддыхнуць і пачаць есьці, і раптам адскочыла з агідаю. Гэта было не ягня, а шчанё, чорнае, з вялікай галавою, цыбатае, буйной пароды, з такою-ж белай плямаю на ўвесь лоб, як у Арапкі. Судзячы па манерах, гэта быў прастак-дварняжка. Ён аблізаў сваю памятую, раненую сьпінку і, як быццам нічога ня здарылася, завіляў хвастом і забрахаў на ваўчыху. Яна загыркала, як сабака, і пабегла ад яго. Ён за ёй. Яна азірнулася і ляснула зубамі, ён застанавіўся зьдзіўлены і, мусіць, парашыў, што гэта яна гуляе з ім, выцягнуў морду ў кірунку к зімоўцы і заліўся гучным радасным брэхам, як-бы запрашаючы матку сваю Арапку пагуляць з ім і з ваўчыхай.

Пачынала разьвідняцца, і калі ваўчыха прабіралася густым асіньнікам да свайго лагва, то ўжо выразна была відаць кожная асінка. Прачыналіся цяцеры і часта ўзьляталі прыгожыя цецярукі, устрывожаныя неасьцярожнымі крокамі і брэхам шчаняці.

„Чаго гэта ён бяжыць за мною? — думала ваўчыха з прыкрасьцю. — Мабыць ён хоча, каб я яго зьела“".

Жыла яна з ваўчанятамі ў няглыбокай яме; гады тры назад у часе вялікай буры вывернула з карэньнем высокую старую хвою, ад чаго і ўтварылася гэтая яма. Цяпер на дне яе было сухое лісьце і мох, тут-жа валяліся косьці і валовыя рогі, якімі гулялі ваўчаняты. Яны ўжо прачнуліся і ўсе трое, вельмі падобныя адно да аднаго, стаялі побач на краі ямы і, гледзячы на сваю матку, якая варочалася да іх, памахвалі хвастамі. Убачыўшы іх, шчаня спынілася паводаль і доўга глядзела на іх; заўважыўшы, што яны таксама з цікавасьцю глядзяць на яго, яно пачало сярдзіта брахаць на іх, як на чужых.

Ужо зусім разьвіднела і ўзышло сонца, заблішчэў наўкола сьнег, а ён усё стаяў паводаль і брахаў. Ваўчаняты ссалі сваю матку, піхаючы яе лапамі ў галодны жывот, а яна ў гэты час грызла конскую белую і сухую костку; яе мучыў голад, галава разбалелася ад сабачага брэху, і ёй хацелася кінуцца на няпрошанага госьця і разарваць яго.

Нарэшце шчанё ўтамілася і ахрыпла; бачачы, што яго не баяцца і нават не зварачаюць на яго ўвагі, яно пачало нясьмела, то прысядаючы, то падскакваючы, падыходзіць да ваўчанят. Цяпер, пры дзенным сьвятле, лёгка ўжо было разгледзець яго… У яго быў вялікі белы лоб, а на ілбу горб, які бывае толькі ў вельмі неразважлівых, дурных сабак; вочы былі маленькія, блакітныя, цьмяныя, а выраз усёй морды надзвычайна неразумны. Падышоўшы да ваўчанят, ён

выцягнуў наперад шырокія лапы, палажыў на іх морду і пачаў:

— Мня, мня… нга-га-га!..

Ваўчаняты нічога не зразумелі, але замахалі хвастамі. Тады шчаня вытнула лапай адно ваўчанё па вялікай галаве. Ваўчанё таксама вытнула яго лапай па галаве. Шчаня стала да яго бокам і паглядзела на яго коса, віляючы хвастом, потым раптам ірванулася з месца і зрабіла некалькі кругоў па сьнезе. Ваўчаняты пагналіся за ім, яно ўпала на сьпіну і задрала ўгору ногі, а яны ўтраіх напалі на яго і, з піскам ад захапленьня, сталі кусаць яго, але не балюча, а жартуючы. Вароны сядзелі на высокай хвоі і глядзелі зьверху

на іх барацьбу, і вельмі непакоіліся. Стала шумна і весела. Сонца прыпякала ўжо павеснавому, і цецярукі, якія бесьперастанку пераляталі цераз паваленую бурай хвою, пры бляску сонца здаваліся надзвычайна прыгожымі.

Звычайна ваўчыхі прывучаюць сваіх дзяцей да паляваньня, даючы ім пагуляць са здабычай; і цяпер, гледзячы, як ваўчаняты ганяліся па шаруну за шчанём і вялі з ім барацьбу, ваўчыха думала: „Няхай прывучаюцца“.

Нагуляўшыся, ваўчаняты пайшлі ў яму і ляглі спаць, шчаня-ж павыла крыху ад голаду, потым таксама расьцягнулася на сонейку. А прачнуўшыся, зноў сталі гуляць.

Увесь дзень і ўвечары ваўчыха ўспамінала аб тым, як у мінулую ноч у хляве бляяла ягня і як пахла авечым малаком, і ад апетыту яна ўсё ляскала зубамі і не пераставала грызьці прагавіта старую костку, выабражаючы сабе, што гэта ягня. Ваўчаняты ссалі, а шчаня, якое хацела есьці, бегала наўкола і абнюхвала сьнег.

„Зьем яго“… — наважылася ўрэшце ваўчыха.

Яна падышла да яго, а ён лізнуў яе ў морду і запішчэў, думаючы, што яна хоча з ім гуляць. У мінулыя часы яна ела сабак, але ад гэтага шчаняці моцна пахла псінай, і па слабасьці здароўя яна ўжо ня зносіла гэтага паху; ёй зрабілася агідна і яна адышла прэч…

К ночы пахаладнела. Шчаня занудзілася і пайшло дамоў. Калі ваўчаняты моцна заснулі, ваўчыха ізноў адправілася на ловы.

Як і ў мінулую ноч, яна трывожылася ўсякага шолаху, яе пужалі пні, дровы, цёмныя кусты ялаўцу, што стаялі асобна і былі здалёк падобны да людзей. Яна бегла з боку дарогі, па шаруну. Раптам далёка сьпераду на дарозе замільгацела нешта цёмнае… Яна напружыла зрок і слух: сапраўды, наперадзе нешта ішло, і нават чутны былі марудныя крокі. Ці не барсук?

Яна асьцярожна, чуць дыхаючы, забіраючы ўсё ў бок, абагнала цёмную пляму, азірнулася на яе і спазнала. Гэта, не сьпяшаючыся, павольна варочалася ў зімоўку шчаня з белым ілбом.

„Як-бы ён зноў мне не перашкодзіў“, — падумала ваўчыха і борзда пабегла далей.

Але зімоўка была ўжо блізка. Яна ізноў узьлезла на хлеў па гурбах. Учарашняя дзірка была ўжо залатана сьвежаю саломай і на страсе накладзены былі дзьве новыя зьлегі. Ваўчыха пачала борзьдзенька працаваць нагамі і мордай, азіраючыся — ці ня ідзе шчаня, але ледзь толькі павеяла на яе цёплаю парай і пахам гною, як ззаду пачуўся радасны брэх. Гэта вярнулася шчаня. Яно ўскочыла да ваўчыхі на страху, потым у дзірку і, адчуўшы сябе дома, у цяпле, спазнаўшы сваіх авечак, забрахала яшчэ мацней… Арапка прачнулася пад хлявом і, пачуўшы воўка, завыла, закудахталі куры, і калі на ганку паказаўся Ігнат з сваёй стрэльбай, то перапужаная ваўчыха была ўжо далёка ад зімоўкі.

— Фюйць! — засьвістаў Ігнат. — Фюйць! Гані на ўсіх парах!

Ён спусьціў курок — стрэльба дала асечку; ён спусьціў яшчэ раз — зноў; ён спусьціў трэці раз — і вялізны вогненны сноп вылецеў з рулі і паняслося аглушаючае „бу! бу!“ Яму моцна аддало ў плячо; і, узяўшы ў адну руку стрэльбу, а ў другую сякеру, ён пайшоў паглядзець, ад чаго шум…

Крыху пачакаўшы, ён зьвярнуўся ў хату.

„Што там?“ — спытаў хрыплым голасам вандраўнік, начаваўшы ў яго ў гэту ноч і разбуджаны шумам.

— Нічога… — адказаў Ігнат. — Глупства. Панадзіўся наш Белалобы з авечкамі спаць, у цяпле. Толькі няма ў яго таго разуменьня, каб хадзіць праз дзьверы, а мяркуе ўсё, каб як праз страху. Учора ўначы прадраў страху і гуляць пашоў, падлюга, а цяпер вось вярнуўся і ізноў прадраў страху.

— Дурны.

— Але, спранжына ў мазгох трэснула. Да сьмерці ня люблю дурных! — уздыхнуў Ігнат, лезучы на печ. — Ну, рана яшчэ ўставаць, давай спаць поўным ходам…

А раніцою ён паклікаў да сябе Белалобага, моцна пацягаў яго за вушы, а потым, б‘ючы яго дубцом, усё прыгаварваў:

— Хадзі праз дзьверы! Хадзі праз дзьверы! Хадзі праз дзьверы!

БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА



Маюцца ў продажы
кніжкі для дзяцей


З. БЯДУЛЯ
КАЧАЧКА ЦАЦАЧКА
Стар. 14. Цана 40 к.



Л. ЧАРНЯЎСКАЯ
ВАРКА
Стар. 12. Цана 65 к.



А. ЗІМІОНКА
НАШЫ ПРЫЯЦЕЛІ
Стар. 12. Цана 60 к.



Я. МАЎР
У КРАІНЕ РАЙСКАЙ ПТУШКІ
Стар. 152. Цана 1 р. 75 к.



А. САВЁНАК
РАЗАМ ЛЕПЕЙ
Стар. 14. Цана 40 к.



А. ЗІМІОНКА
ПРАЦАВІТАЯ ДЗЯЎЧЫНКА
Стар. 16. Цана 22 к.



А. САВЁНАК
ПТУШЫНАЯ СТАЛОЎКА
Стар. 11. Цана 45 кап.



ХМАРКА
АПАВЯДАНЬНЕ СТАРОГА ВОЖЫКА
Стар. 27. Цана 35 кап.



А. Савёнак і Ўл. Луцэвіч
ШЭРАЯ ШЫЙКА
Стар. 15. Цана 40 кап.



Р. КІПЛІНГ
БУНТМОЦІ-ГЁДЖА
Стар. 14. Цана 80 кап.



П. ЗАМОЙСКІ
ЛІСТ ІЛЬЛІЧУ
Стар. 21. Цана 20 кап.



П. ЗАМОЙСКІ
ГАБРУСЬ І РУДЗІК
Стар. 11. Цана 30 кап.


ЦАНА 10 кап.


  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.

 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.