Перайсці да зместу

Баўтручок (1934)/Баўтручок

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова Баўтручок
Паэма
Аўтар: Мікола Шыла
1934 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Баўтручок.



Ох! цяперашні народ ідзе —
Адкуль ён і розум бярэ?
Бывала, як мы помніць пачалі,
Бліны ў жур мачалі,
А прысмакаў дык і ня зналі.
Чаго Бог даў, таго й напрэшся
Бо лепшага не спадзяешся.
Капоты доўгі надзявалі,
Насоў ў гару не задзіралі.
Цяпер замяло той і сьлед,
Як казаў мне мой сусед.
Прыйшоўшы стане у парога
І пахваліць Пана Бога.
Я папрашу яго сесьці,
Знаю, што любіць ён паплесьці
Мы з ім добра знаем гэта —
Пляцём, як зімой, так і летам,
Ды каб нуду разагнаць,
Прыйшоў трохі пабалтаць.
Бо я там дык рэдка бываю,
Толькі, як табакі ня маю.
Мой сусед той люльку кура —
Бо ў яго такая натура
Але тытуну як ня стане,
Прыйшоўшы, хоць выцерак дастане.
Дзе-ж яму беднаму ўзяць,
Бакуну няма за што купляць.
Грошы яму ніхто ня слаў
Дык і да ацярэбкаў прыстаў,
Вось на лаве ён прысеў.
Эх! кажа, сьвет надаеў.
Стар, але на гэта не гляджу,
Усё-ж неяк не панутру,
Як скінеш на цяперашні сьвет,
Зараз і запляцеш.
Ён супроці мяне сеў —
Знаю — курыць захацеў.
Падаў яму капшучок,
Лучынку і сярнічок.
Ён жвава люльку налажыў,
А я табакі зажыў.
Пакашлялі, паўздыхалі,
Памалу потым пачалі.
Пачаў было я расказ свой,
Сусед кіўнуў мне галавой.
Тут я зараз дагадаўся
І гаварыць затрымаўся.
— І ня тое, кажа, пачаў баўтаць,
Я ж пытаўся, што чуваць?
Як бы вашэці сказаць;
Усё вольнасьць псямаць.
Мусіць ты ўжо дачуўся,
Як я анэгдысь вярнуўся?
Ах, каб ты было прапала,
Проста, як дурнасьць напала.
І ў галаве скрабецца,
Пакуль сказаць прыбярэцца.
Аб чым жа гэта, пытаю,
Быццам бы я і ня знаю.
А сам думаю сабе:
Знаю добра я цябе,
Знаю, што любіш упіцца
І да ўсякага прычапіцца,
Ходзіш надуўшыся, як кот,
Пакуль не дастанеш у хрыбёт
— Скора з асьмінкаю растаўся,
Як ад цябе прызастаўся.
Прадаў добра, па цане,
Барышу купіў жыд мне.
Кажа: — ідзі куплю кручок,
Бо ты добры мужычок.
Чорт яго, няхай купе,
Бо ня раз ён з людзей злупе.
Пасьля я яму хацеў купіць,
Дык смурод несхацеў піць.
Прападзі ты такі сын,
І гэта вып‘ю я адзін.
І толькі люльку налажыў
Да хаты паехаў бы быў,
Аж прыходзе Баўтручок,
Так згорбіўшыся ў кручок.
Якая-ж, — кажу, — табе хвароба
Падцягнула так вантроба.
Гарэлка тут ня дурная
Хлопні кручок дык спрастае.
— Ну дык, кажа, з табой нап‘ёмся
І да хаты папляцёмся.
— Добра, кажу. Аж глядзь
Няма чаго доўга балтаць,
Дорага кожная гадзіна,
Бо галодная скаціна.
— Ну, кажа, і я дзела знаю,
Бо і сам часу ня маю.
Толькі што пасьпелі сесьці,
Праўда, крыкнулі пару несьці.
Выпілі, закусілі,
Аб сім, аб тым пагаварылі,
Хацелі яшчэ ўзяць,
Але ўжо стала сьвітаць,
Гаварыць аб чым мы мелі.
Аж тут напроць нас селі
Тры урвігольцы без кабет
Мудрацы — раўні ім нет.
Знаеш мяне, — няма спору,
Што ня люблю на задзёру.
Такіх не магу цярпець —
А тут селі насупраць.
Ах я, кажу, балваны,
Бач, расьселісь, як паны,
Каб на вас ды ронд даўнейшы
Дык былі б вы шмат мягчэйшы:
Тады б насы ў гару ня дралі,
Каб сотню пад хвост дасталі.
Як даўней нашага брата:
Сыпнулі ў чолку, дык і сьвята.
Як гэтак я адклікнуўся,
Быццам да скулы даткнуўся.
Відаць, што не ўпадабалі,
Бо пашэптываць пачалі.
А потым ўсе ад столу усталі,
Кажуць, — мусіць мала цябе дралі,
Кепская твая натура,
Як зарасла цяпер шкура. —
Ох! я кажу, галажэгі,
Не балтайце вы праз брэгі!
Што ж! цяпер вы толькі й знай,
Што бацькі дабро прапівай.
Ну-ж ім тут і дасталася
Ня знаю адкуль і бралася.
Помніш, кажу, як молад я быў
З губэрнатарам гаварыў:
Як паншчыну перасталі,
А паны нас прыцясьнялі.
Раз, як раззлаваўся пан,
Як паклікаў нас у стан,
Дык мы цэлы дзень ляжалі —
Губэрнатара чакалі.
Як прыехаў пыл пайшоў
Зарас да нас падыйшоў,
Мы ўсе ціха, сьвята.
Кажа, — здрасьціце рыбята.
Мы з Баўтручком упярод,
А за намі ўвесь народ
Крыкнулі: Здравем жалаем
Мы да пана просьбу маем.
— Добра, кажа, разьбяру,
Толькі с панам пагавару.
Разайдзецесь па дамам,
Я указ прышлю вам сам.
Шмат ім тут я нагадаўся,
А на рэшці раззлаваўся,
І кончыў сваю стросьць
Дый аднаму ў морду хросьць!
Каб правучыць дурака
Няхай знае старыка.
Як освы сыпнулі з збана
Што ж, ім шкура ня драна.
Давай мяне грок ды грок,
А Баўтручок мой уцёк.
Ня ведаю чым там канчалася,
Але мне дык добра дасталася.
Прачхнуўся, ляжу пад плотам,
Кажух спэцканы балотам
Касьцюрні усе баляць,
Няма за што пахмяляць:
Грошы — ня знаю дзе дзеў,
Конь да хаты паляцеў,
Толькі люльку налажыў
Хвала Богу, тытун яшчэ быў.
Вось суседзе і прыгода,
Праўду сказаць, дык ня мода,
За праўду, што я сказаў,
Дый так на барыш дастаў,
Можна было б і даўжэй плясьці
Але дамоў трэба ісьці,
І гаворка ня міла,
Страх, каб жонка ня біла;
Бо яна ў мяне такая,
Ляда за што наракае.
Анэгдысь, як прыйшоў хворы,
Дык вярнула далы і горы.
Ня то што каб пажалець,
А то крычыць, чуць ня бьець;
Так качарэшкаю і меля,
Не глядзіць што я з пахмельля.
Бяда такая, суседзе,
Калі жонка ў мяне як ведзьма.
Трохі за цяперашніх стаіць —
Мусіць трэба ужо лупіць.
Хацеў анэгдысь апраўдацца
Дык яна стала сьмяяцца.
Назвала мяне дурак,
Кажа, табе і трэба так.
Бывай здароў!.. Дык глядзі
Да мяне ўжо прыпаўзі.

II.

— Саўсім ужо парог прастыў
Ад таго, як я тут быў.
Нечага суседа маю,
Што прыду дык наракаю.
Дзеж! ані вухам не вядзець,
Ані прыдзе пасядзець.
Каб я й саўсім канчаўся-б;
Так ён бы й не паказаўся-б
Толькі ты ўсё цягайся!
Пахвалёны, як маешся!
— Дзякуй што не забываешся.
Болі трохі часу маеш.
Ведаеш, што я адзінокі
Ды яшчэ і хірска залезла у бокі.
Казаў бы, там што ірвецца
Проста ня маю дзе дзецца.
Не дае ні сесьць, ні легч
Сёньня ўжо прабаваў на печ,
Пёкся аж скура гарэць стала
А ўсё пароць не перастала.
Проста ўсё так сама давіць:
Ці тут каб шклянку паставіць?
Бывала боль у баку,
Праходзіла ад бабку.
Што рабіць і сам ня знаю,
Ды яшчэ і бяду маю.
А нех цябе люд ня знае,
Прынёс табакі, дык гнілая.
Ці яна была чым акрапляна,
Каб яна была ня знана.
Проста ня маю ані нюху
Уся ўзялася у пляйтуху.
Што глядзіш, што нос надуўся?
Анэгдысь у вушак таўхнуўся,
Хмялён трохі прыцягнуўся,
І каля дзьвярэй схіснуўся,
І так у вушак насюрном
Знаеш у ночы, а ня днём.
— Не бяда. Мая жонка ўсё знае,
Яна такі корань мае,
Што ў гарэлцы трэ варыць,
І па чарцы нашча піць.
Бач, ад дзеда пераняла
Ня ведаю, што за тое дала,
Што паказаў корань той —
Але леча, як рукой.
Бывала… пакуль ня сталі біцца
Часта звара палячыцца.
Як зачне пароць у бок,
Зараз корань у гаршчок,
З гарэлкай ўпарыць харашэнька,
А як вып‘еш, так лягенька.
А цяпер, як схопіць пад бакі
Зараз і вышчарыць клыкі:
— Што ўжо, кажа, расстагнаўся
Мусі гарэлкі ўжо набраўся!
У жыцьці праўду гавары
А не, дык чорт цябе бяры,
Што упіўшыся лезеш драцца,
За тое, я буду старацца?
Хварэць твае бакі
Сякі ты ды такі.
Вяліка я дура была б
Каб табе корань варыла.
Хіба якой чамярыцы
Зварыць такой, як ты птіцы.
— І зачне сыпаць як дробам,
Цьфу! Няхай цябе хвароба.
— Што ж бо ваша ёй зрабіў
Даўней з ёю так добра жыў.
Бывала падзівіш такі,
Жывуць сабе як галубкі.
Абое сабе сівенькі,
А з сабою так міленькі.
Глянеш аж сьлінка зьлятае —
Адкуль у іх міласьць такая?
Мусі зкусіў Бальзабуба
Што рассварыліся так груба.
Глядзі, што нарабілася бяды:
А ўсё ад гэтае брыды.
Помніш, як быў у нас ксёндз сівюткі,
Казаў: Вы гінеце ад вудкі.
Ужож — ён добра ведаў мусі
Казаў: п'яных і д‘ябал кусі.
Заракаўся тады і я.
Але што-ж… натура мая…
Зойдзеся з кім —
Кручок другі хлоп,
Закоціш вочы пад лоб,
Шапну навернеш на вуха
Ну й пайшла пацяруха,
Ужо тады дастанецца
Хто з цяперашніх нарвецца.
Гэтак і яна нарвалася,
Што за цяперашніх узялася.
Трэба ж было язык ткнуць,
Але я мусіў ускубнуць
Даўно на яе схрапкі меў,
Усё застрашыць хацеў,
Ня то, каб за якія грэшкі,
А проста за адны насьмешкі.
Брашы, думаю, сабе
Прыдзе пара й на цябе.
Аж анэгдысь у сераду тую
Клічуць мяне ў валасную:
Грошы кладаць у Балату —
Падавай марцову рату.
Проста хоць сайдзі з вума
Дзе-ж узяць — грошы няма.
Бядую я дзе узяць,
А яна й давай выскіляць:
— З гэтае, кажа, бяды
Выкупіць могуць жыды;
Ты-ж знаёмых іх дужа маеш,
Усю ты ім суму складаеш.
Пайдзі… працэнты адрахаваць
І ўжо будзе чым аддаць.
— Ну, ці-ж гэта не зьвярыцца,
Каб узяла яе зямліца.
Няхай як п‘ян можа,
Але цьвяразутаньні — бронь Божа.
Трудна было. Усё-ж дастаў.
Панёс такі і аддаў.
І так добра удалося
Што паўрубля асталося.
Што-ж, думаю, на іх глядзець
Ідзем, Баўтручок, пасядзець.
Можа астаўся які траяк,
А не — дык павераць і так.
Бо я яму ня прызнаўся
Што паўрубелічак астаўся.
Ну дык, кажа, пойдзем з людзямі
Вып‘ем добра, закусім сяляццамі,
Бо-ж датрымалі аж да начы
Усе пісарыкі — панічы.
Выпілі, закусілі
Аб сім аб тым пагаварылі,
Кажу, без канца канца ня нойдзем
Лепш да хаты мо‘ мы пойдзем.
Дарогай я яму прызнаўся
Што даць жонцы прыбіраўся,
Вось, кажа, вяліка бяда,
Каб лезла у вочы брыда.
Толькі раз дай харашэнька
Дык і будзе мягчэнька.
Гэтак і мая бывала,
Пакуль лазьні не дастала.
А цяпер хоць і п‘ян прыдзі
Хоць ты, кажа, прападзі.
— Усё, брат, гэта глупасьць даць,
Ды як жаж трэба тут пачаць.
— Вельмі проста, упіцца:
А там і прычапіцца.
Там ужо увідзіш як
Абы толькі ня быў дурак…
І прашчай. Разышліся.
Глядзі ж, кажа, падцягніся!
Фанабэрысты да хаты йду
Думаю, што за прычыну знайду.
Аж прыпомніў як пачаць.
Зараз і пачаў сьпяваць:
„А цёмна, цёмна
Яшчэ цямней будзе.
Судзяць, гавораць
Мяне млоду людзі.
Няхай яны судзяць
Цябе гарэлка
І малада дзяўчынка“.
Аж гляджу баба ў вакне
І вышчырыла клыкі мне.
Наракае, сьмяецца,
А што будзе не спадзяецца.
— Ах, кажа, каб ты калом пайшоў.
У якім стане ты прыйшоў!
Паўзе выставіўшы грудзі,
Ці ж ня будуць судзіць людзі.
А я і ў той бок не гляджу,
Ажно ў сені ухаджу.
Заклямку патрымаўся,
Уздыхнуў, перажагнаўся:
П‘яны дастану можа й сам,
Але ўсе ж такі і ёй дам.
Зараз зморшчыўся, надуўся
Каб ня ўзнала, што баюся.
Наўскасяк так і гляджу,
Дый у хату ухаджу.
Топнуў у дзьвярох нагой,
Каб ёй паказаць гнеў свой
Відаць яна усьмяхнула
Як на мяне пазірнула.
— Чаго ж, кажа, надуў нос,
Можа хто жаўткі атрос?!
Але каб толькі дастаў бы,
То ідучы не сьпяваў-бы.
Гэтак дагадкі вядзець.
А сама да печы ідзець.
Думаю, трэба пачаць
Каб апомніцца ня даць.
Падыходзіць яна да печы.
А я ёй бух у плечы.
Добра, думаю, ухітрыўся,
Толькі по вуху забыўся.
І ўжо хацеў размахнуцца,
Як яна магла зьвярнуцца,
Як дасьць мне нагою у жывот
Дык я паляцеў наўзнак,
А яна качарэжкаю грак ды грак.
І як зьвер разьюрылася
Ды на грудзі мне узьбілася.
Ну й што-ж. Раззлаваўся я аж страх,
А яна сядзіць на грудзях.
Хацеў у злосьці сьпіхнуць як,
Дык яна адвяла кулак
І кажа: і піснуць ня сьмееш,
А то душой загавееш.
А збавеньне ты найвышша!
Галаву чыста пакрыша,
Думаю, зачне скора даваць,
Бо не дае уставаць: —
Бабачка, душачка,
Як Бог сьвят,
Я нічым не вінават.
Праўда, каб я быў так здароў,
Мяне Баўтручок падвёў:
От, кажа, дай харашэнька
Дык і будзе мякчэнька;
Я на цябе ж не адазваўся…
Ўсё яшчэ не унімаўся:
На што, кажу, гэта малва
Яна ў мяне галава.
Усё хвалю, усё малю.
Усё на Баўтручка валю.
Насілу мог адпрасіцца,
І зарокся з ёю біцца.
Водку кінуць абяцаў,
А Баўтручка дык і знаць ня знаў.
Прападзі ты, Баўтручок,
І твой гарэлкі кручок.
Каб я цябе ня знаў бы,
Дык пад бабай не лякаў бы;
А каб з табою ня піў-бы
Дык мой кажух чысты быў бы.

Са слоў Я. Тарчэўскага запісаў
М. Шыла.