Бачу і чую — чую і бачу
Бачу і чую — чую і бачу (З народнага) Верш Аўтар: Тодар Кляшторны |
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/41273 |
* * *
Любая пчолка!
Ці за гарамі,
Ці за барамі,
Зіму адчуваеш?
Што ты сягоньня
Вечарам росным,
Вечарам сінім
К вульлю прыліпаеш?!
Чую — ня чую,
Бачу — ня бачу…
Нават у дую,
Нават у вею
Я не заплачу.
Хай сабе веіць,
Хай сабе плача
Сьнежная замець;
І заквітнеюць,
І загамоняць
Вёсны з палямі…
* * *
Ой, ты, дзяўчына!..
Ці за гарамі,
Ці за барамі
Страціла долю?!
Што ты сягоньня
Вечарам росным
Русыя косы
Хіліш да долу?!
Так ці ня гэтак,
Вашы спагады
Чую — ня чую,
Бачу — ня бачу…
Любаму другу
Здраду дарую,
Крыўду дарую,
І не заплачу.
* * *
Там за гарамі
Ня воўкі завылі,
Зоры дзяньніцы
Ў туман не зблудзілі, —
Гэта зара
Над крыніцаю сьвеціць,
Сьвеціць праз чорныя
Хмары сталецьцяў…
Хмары разыдуцца
Дымам-туманам,
Воўкі згрызуць
На палёх дурнап’яны.
Доля ліхая
З туманамі зблудзіць…
Нашыя душы
Ніхто не астудзіць.
Хай сабе плача,
Хай сабе веіць
Сьнежная замець.
І заквітнеюць,
І загамоняць
Вёсны з палямі…
Чую і бачу,
Бачу і чую
Нашага часу
Вясну залатую.