Што задумаў ты, лёс? Што за ролю
На арэне стагоддзяў ты ўзяў?
Кінуў люд ты да Саванаролы –
Рукі ўзняты у знаку крыжа.
З тваёй волі, ці з слоў здзічэлых
Апантанага, што рукі прасцёр,
Паскладаў Сандро Батычэлі
Карціны свае на касцёр?
Хто рашыў, каб слязой чорна-палевай
Аплывала Венер нагата,
Каб спакусы чорта апальваў
Народ, і з іх рагатаў?
Ты надумаў дым над Фларэнцыяй
У адвечны граніт закаваць
І зрабіць яго скініяй вечнаю,
Дзе ўзоры сусвету хаваць.
Каб ўсе помнілі, бачылі, ведалі,
Што няможна Красе перастаць,
Калідасай, паўстаўшай над Ведамі
І Рэмбрандтам над трупам Хрыста.