Перайсці да зместу

Барыс Гадуноў (Пушкін/Глебка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Барыс Гадуноў
Аўтар: Аляксандр Пушкін
1825
Арыгінальная назва: Борис Годунов
Пераклад: Пятро Глебка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дарагой для расіян памяці
НІКАЛАЯ МІХАЙЛАВІЧА
КАРАМЗІНА
працу гэтую, геніем яго натхнёную
з самай глубокай пашанай і падзякай
прысвячае
АЛЕКСАНДР ПУШКІН

Крамлёўскія палацы


(1598 года, 20 лютага)
Князі Шуйскі і Варатынскі

ВАРАТЫНСКІ
Прызначаны мы разам местам ведаць,
Ды, здэцца, нам няма чаго глядзець:
Масква маўчыць; услед за патрыярхам
У манастыр пайшоў і ўвесь народ.
Як думаеш, чым скончыцца трывога?

ШУЙСКІ
Чым скончыцца? Не цяжка разгадаць:
Народ яшчэ павые, ды паплача,
Барыс яшчэ паморшчыцца напэўна,
Як п’яніца над чаркаю віна,
І пад канец па літасці сваёй
Прыняць вянок ён згодзіцца пакорна;
А там — а там валодаць будзе намі,
Як і раней.

ВАРАТЫНСКІ
Ды месяц прамінуў,
Як ён з сястрой у манастыр замкнуўся
І свецкага ўсяго, здаецца, зрокся,
Ні патрыярх, ні думныя баяры
Схіліць яго дагэтуль не маглі;
Не чуе ён ні слёзных угавораў,
Ні просьбы іх, ні плачу ўсёй Масквы,
Ні голасу Вялікага Сабора.
Яго сястру упрашывалі марна
Благаславіць Барыса на дзяржаву;
Журботная манахіня-царыца
Няўмольная і цвёрдая, як ён.
Напэўна сам Барыс яе наўчыў;
А што калі кіраўніку сапраўды
Абрыдалі дзяржаўныя клапоты
І царскага пасаду ён не прыме?
Што скажаш ты?

ШУЙСКІ
Скажу, што надарэмна
Лілася кроў царэвіча малога;
Што калі так, Дзімітрый мог-бы жыць.

ВАРАТЫНСКІ
Жахлівае злачынства! А напэўна
Царэвіча згубіў Барыс?

ШУЙСКІ
Хто-ж іншы?
Хто падкупіў дарэмна Чэпчугова?
Хто падаслаў абодвух Біцягоўскіх
З Качалавым? У Вугліч ездзіў я
Даследаваць на месцы гэту справу;
Наехаў я на свежыя сляды;
Увесь быў горад сведкаю злачынства,
Усе адно і тое-ж паказалі;
Вярнуўшыся, адным-адзіным словам
Я выкрыць мог патайнага злачынца.

ВАРАТЫНСКІ
Навошта-ж ты яго тады не знішчыў?

ШУЙСКІ
Прызнаюся, збянтэжыў ён мяне
Спакойнасцю сваёй і бессаромствам,
У вочы мне глядзеў, нібы нявінны:
Пытаў пра ўсё, драбніцы разбіраў —
І перад ім сказаў я недарэчнасць,
Каторую ён сам мне нашаптаў.

ВАРАТЫНСКІ
Нячыста, князь.

ШУЙСКІ
А што я мог іначай?
Пра ўсё сказаць Феодару? Ды цар
На ўсё глядзеў вачамі Гадунова
І чуў усё вушамі Гадунова:
Няхай яго-б упэўніў я ва ўсім;
Барыс яго ізноў-бы разупэўніў,
А там мяне-ж саслалі-б у выгнанне,
Ды ў добры час, як дзядзьку, і мяне
Ў глухой турме паціху-б задушылі.
Хваліцца я не буду, давядзецца-ж —
Ніякіх кар не забаюся я;
Я сам не трус, але і не дурны
І не хачу ў пятлю дарэмна лезці.

ВАРАТЫНСКІ
Жахлівае злачынства! Слухай, пэўна
Згубіцеля раскаянне трывожыць:
Вядома кроў нявіннага дзіцяці
І не дае яму ступіць на трон.

ШУЙСКІ
І, не тужы — Барыс не баязлівы!
Якая нам, усёй Русі хвала!
Нядаўні раб, татарын, зяць Малюты,
Зяць ката, сам душой сваёю кат,
Бярэ вянок і бармы Манамаха...

ВАРАТЫНСКІ
Так, род яго нязнатны; наш знатнейшы.

ШУЙСКІ
Здаецца, так.

ВАРАТЫНСКІ
Бо Шуйскі, Варатынскі...
Сказаць адно, прыродныя князі.

ШУЙСКІ
Прыродныя, і рурыкава племя.

ВАРАТЫНСКІ
А слухай, князь, мы самі-ж мелі-б права
Феодараў заняць пасад.

ШУЙСКІ
Так, болей,
Ніж Гадуноў.

ВАРАТЫНСКІ
На самай справе!

ШУЙСКІ
Што-ж?
Калі Барыс хітрыць не перастане,
Давай народ умела хваляваць,
Няхай яны пакінуць Гадунова,
Сваіх князёў у іх даволі, хай
Сабе царом любога абяруць.

ВАРАТЫНСКІ
Не мала нас, Варагавых нашчадкаў,
Ды цяжка нам цягацца з Гадуновым:
Народ адвык, што мы вядзем свой корань
Ад баявых уладароў сваіх.
Ужо даўно мы страцілі удзелы,
Даўно царам спадручнікамі служым,
А ён умеў і любасцю і страхам
І славаю народ зачараваць.

ШУЙСКІ (глядзіць у акно)
Адважыўся, — а мы... Ну, досыць. Бачыш,
Народ ідзе, рассыпаны, назад —
Хадзем хутчэй уведаць, ці рашылі.

Красная плошча


НАРОД

АДЗІН
Не ўгаварыць! Ён ад сябе прагнаў
Свяціцеляў, баяр і патрыярха.
Яны да ног дарэмна палі ніц;
Бліскучы трон палохае яго.

ДРУГІ
О божа мой, хто будзе цар над намі?
О гора нам!

ТРЭЦІ
Ды вось вярхоўны дзяк
Выходзіць нам сказаць ухвалу Думы.

НАРОД
Маўчаць! маўчаць! гаворыць думны дзяк;
Ш-ш — слухайце!

ШЧЭЛКАЛАЎ (з параднага ганку)
Саборам ухвалілі
Апошні раз паспрабаваць упросы
Над смутнаю душой кіраўніка.
Назаўтра зноў вялікі патрыярх,
Імшу ў Крамлі ўрачыста адслужыўшы,
З пратэсамі святымі на чале
І з вобразам Владзімірскім, Данскім
Узрушыцца; а за ім сінкліт, баяры,
Ды гурт дваран, ды выбарныя людзі
І ўвесь народ маскоўскі праваслаўны,
Мы ўсе прасіць царыцу пойдзем зноў,
Няхай злітуецца над беднаю Масквой
І на пасад благаславіць Барыса —
Дык з богам-жа ідзеце вы дамоў,
Маліцеся, хай дойдзе да нябёс
Руплівая малітва праваслаўных.
(Народ разыходзіцца.)

Дзявічае поле. Новадзявічы манастыр


НАРОД

АДЗІН
Пайшлі цяпер у келлю да царыцы,
Туды зайшоў з Барысам патрыярх
і шмат баяр.

ДРУГІ
Што чуць?

ТРЭЦІ
Усё яшчэ
Наровіцца; аднак-жа ёсць надзея.

БАБА (з дзіцем)
Агу! не плач, не плач; вось бука, буку
Аддам цябе! агу, агу!.. не плач!

АДЗІН
Ці нельга нам прайсці за агарожу?

ДРУГІ
Ніяк. Куды! і ў полі нават цесна,
Не толькі там. Не жарт! Уся Масква
Сышлася тут; глянь: агарожа, дахі,
Усе рады саборнае званіцы,
ЦАРкоўныя крыжы і купалы
Унізаны людзьмі.

ПЕРШЫ
Сапраўды, люба!

АДЗІН
Што там за шум?

ДРУГІ
Паслухай! што. за шум?
НАРОД завыў, там падаюць, што хвалі,
За радам рад... яшчэ... яшчэ... Ну, брат,
Дайшло да нас; хутчэй-жа! на калені!

НАРОД (на каленях. Лямант, і плач)
Ах, злітуйся, айцец! валодай намі!
Будзь наш айцец, наш цар!

АДЗІН (ціха)
Чаго там плачуць?

ДРУГІ
Адкуль нам знаць? то ведаюць баяры,
Не нам раўня.

БАБА (з дзіцем)
Ну, што-ж, як трэба плакаць,
Дык і заціх! вось я табе! вось бука!
Плач, ты, пястун!
(Кідае яго аб землю. Дзіця пішчыць)
Ну, вось.

АДЗІН
Усе галосяць,
Заплачам, брат, і мы.

ДРУГІ
Імкнуся, брат,
Ды не магу.

ПЕРШЫ
І я. Няма цыбулі
Змачыць вачэй?

ДРУГІ
Не, я памажу слінай.
Што там яшчэ?

ПЕРШЫ
Ды хто іх разбярэ?

НАРОД
Вянок за ім! ён цар! ён пагадзіўся!
Барыс наш цар! Няхай жыве Барыс!

Крамлёўскія палацы


БАРЫС, патрыярх; баяры

БАРЫС
Ты, ойча патрыярх, вы ўсе, баяры,
Душа мая раскрыта перад вамі:
Вы бачылі, што я прымаю ўладу
Вялікую са страхам і пакорай.
Які цяжэзны абавязак мой!
Мне — спадчына магутных Іаанаў —
Мне — спадчына і ангела-цара!..
О, праведнік! О, мой айцец дзяржаўны!
Узглянь з нябёс на слёзы верных слуг
І падаруй таму, каго любіў ты,
Каго ты тут дзівосна так узвысіў,
Свяшчэннае на ўладу блаславенне:
Дай людам мне са славай кіраваць,
Дай добрым быць і праведным, як ты.
Ад вас, баяр, садзейнасці чакаю.
Служыце мне, як вы яму служылі,
Калі і я ваш клопат падзяляў
Не выбраны яшчэ народнай воляй.

БАЯРЫ
Не зломім мы прысягі нашай вернай.

БАРЫС
Цяпер хадзем з паклонам да магіл,
Дзе ўладары Расіі спачываюць —
А там, склікаць ўвесь наш народ на баль,
Няхай усе, магнаты й жабракі,
Няхай ідуць, як госці дарагія.
(Выходзіць, за ім і баяры.)

ВАРАТЫНСКІ (спыняючы Шуйскага)
Ты адгадаў.

ШУЙСКІ
А што?

ВАРАТЫНСКІ
Ды тут, нядаўна,
Ты помніш?

ШУЙСКІ
Не, не помню ані-ні.

ВАРАТЫНСКІ
Калі народ быў на Дзявічым полі,
Ты гаварыў...

ШУЙСКІ
Цяпер не час, каб помніць,
Часамі я і забывацца раю.
А зрэшты я гаворкаю няшчырай
Тады хацеў цябе паспрабаваць
І выведаць твае больш пэўна думкі;
Ды вось — народ вітае ўжо цара —
Адсутнасць там маю заўважыць могуць —
Іду за ім.

ВАРАТЫНСКІ
І хітры-ж царадворац!

Ноч. Келля ў Чудавым манастыры


(1603 года)
Айцец Пімен, Грыгорый (спіць)

ПІМЕН (піша перад лампадаю)
Яшчэ адно, апошняе паданне—
І летапіс закончаны тады,
Я выканаў наказ, што бог прызначыў
Мне, грэшнаму. Не дарам многіх год
За сведку бог святы мяне паставіў
І кніжнаму майстэрству навучыў;
Настане час, — манах руплівы знойдзе
Мой летапіс, старанны, безыменны,
Запаліць ён, як я, сваю лампаду —
І пыл вякоў ад хартый атрасе,
Праўдзівыя паданні перапіша,
Хай ведаюць нашчадкі праваслаўных
Мінулы лёс радзімае зямлі,
Сваіх цароў вялікіх памінаюць
За працу іх, за славу, за дабро —
А за грахі, за цёмныя учынкі
Збавіцеля няхай пакорна моляць.
На старасці я нанава жыву,
Мінулае ідзе перада мною —
А ці даўно падзеямі грымела,
Імчалася як мора-акіян?
Цяпер яно маўклівае, нямое:
Крыху людзей мне памяць захавала,
І крыху слоў даходзіць да мяне,
А іншае загінула навекі...
Ды блізка дзень, лампада дагарае —
Яшчэ адно, апошняе паданне (піша).

ГРЫГОРЫЙ (прачынаецца)
Ізноў той сон! ці-ж можна? трэці раз!
Пракляты сон!.. А ўсё перад лампадай
Стары сядзіць, ды піша — і дрымотай
Відаць праз ноч ён не самжыў вачэй.
Люблю яго спакойны выгляд я,
Калі, душой лунаючы ў мінулым,
Ён летапіс вядзе свой, і нярэдка
Я адгадаць хацеў, пра што ён піша:
А ці пра ўладу цёмную татар?
А ці аб карах лютых Іаана?
А ці аб бурным ноўгародскім вечы?
А ці аб славе бацькаўшчыны? марна.
А ні ў вачах, ні на чале высокім
Не прачытаць яго патайных дум;
Заўсёды ён пакорны і вялічны.
Вось гэтак дзяк судовы абыяка
Глядзіць на ўсіх і вінных і нявінных,
Дабро і зло прымаючы спакойна,
Не маючы ні жаласці, ні гневу.

ПІМЕН
Прачнуўся, брат.

ГРЫГОРЫЙ
Благаславі мяне,
Святы айцец.

ПІМЕН
Хай бог благаславіць
Цябе заўжды: сягоння і навекі.

ГРЫГОРЫЙ
Ты ўсё пісаў і не заснуў хвіліны,
А мой спачын нячыстага лятункі
Трывожылі, ён спакушаў мяне.
Мне. снілася, што лесвіца крутая
Мяне вяла на вежу; з вышыні
Відаць была Масква, нібы мурашнік;
Кіпеў народ унізе на пляцы
І на мяне паказваў смеючыся;
І мне было і сорамна і страшна —
І, падаючы ўніз, я прачынаўся...
І тры разы той самы сніўся сон.
Аж дзіўна мне!

ПІМЕН
Кроў юная гуляе;
Малітвамі і постам ушчувай,
І сны твае высокім лятуценнем
Напоўняцца. Дагэтуль — калі я,
Знядужаны міжвольнаю дрымотай
Не згавару на ноч вялікіх пацер —
Мой сон стары не ціхі й не бязгрэшны;
Здаецца мне тады то шумны баль,
То ратны стан, то бітвы баявыя,
Шалёныя пацехі юных год!

ГРЫГОРЫЙ
Як весела правёў ты маладосць!
Ты ваяваў пад вежамі Казані,
Ты раць Літвы пры Шуйскім адбіваў,
Ты бачыў двор і роскаш Іаана!
Шчаслівы ты! а я з дзіцячых год
Па келіях браджу, манах няшчасны!
Чаму і мне не цешыцца ў баях,
Не баляваць за царскімі сталамі?
Паспеў-бы я, на старасці, як ты,
Ад сумятні, ад свету адлучыцца,
Прыняць зарок манашаства святы
І ў манастыр спакойны зачыніцца.

ПІМЕН
Не наракай, што рана грэшны свет
Пакінуў ты, што мала спакушэнняў
Паслаў табе вышэйшы. Вер ты мне:
Нас зводдаля чаруе слава, роскаш
І здраднае жаночае каханне.
Я доўга жыў і вызнаў асалоду,
А толькі з тых часоў спазнаў уцеху,
Як бог мяне прывёў у манастыр.
Падумай, сын, ты пра цароў вялікіх:
Хто ёсць над іх? Адзіны бог. Хто смее
Насупраць іх? Ніхто. І што-ж? Нярэдка
Карона ім рабілася цяжкою:
Яны яе мянялі на клабук.
ЦАР Іаан шукаў заспакаення
У дзейнасці, падобнай да манашскай.
Яго дварэц, любімцаў гордых поўны,
Падобны быў на новы манастыр:
Пякельнікі у таф’ях і ўласяніцах
Слухмянымі манахамі былі,
А грозны цар ігуменам набожным.
Я бачыў тут — у келіі вось гэтай
(У ёй тады Кірыла жыў пакутны,
Праўдзівы чалавек. Ужо тады
І мне даў бог уразумець нікчэмнасць
Людскіх турбот), тут бачыў я цара,
Стамлёнага ад гнеўных дум і кары.
Задумлівы сядзеў між намі Грозны;
Мы перад ім стаялі нерухома,
І ціха ён гамонку з намі вёў.
Ён гаварыў ігумену і брацтву:
«Айцы мае, жаданы прыдзе дзень,
З’яўлюся тут, шукаючы збавення.
Ты, Нікадзім, ты, Сергій, ты, Кірыл,
Вы ўсе — зарок прыміце мой духоўны:
Прыду да вас злачынца акаянны
І схіму тут святую узлажу,
Да ног тваіх, святы айцец, прыпаўшы».
Так гаварыў дзяржаўны гасудар,
І соладка лілася мова з вуснаў —
І плакаў ён. А мы ў слязах малілі,
Каб бог паслаў і любасць і спакой
Яго душы пакутнай і бурлівай.
А сын яго Феодар? І на троне
Ён уздыхаў пра ціхае жыццё
Маўчальніка. Ён царскія палацы
Ператварыў у келію для пацер;
Там цяжкія дзяржаўныя клапоты
Святой душы яго не турбавалі.
Бог спадабаў пакорнага цара,
І Русь пры ім у славе ціхамірнай
Займела ўцех — а ў час яго сканання
Нідзе нячутае збылося цуда:
Перад царом, яму адно і бачны.
З’явіўся чалавек, дзівосна светлы,
І распачаў з ім гутарыць Феодар
І называць вялікім патрыярхам,
І ўсе наўкруг былі абняты страхам,
Уразумеўшы ў гэтым прывід неба,
Таму, што патрыярх святы якраз
Не быў тады перад царом у храме.
Як толькі-ж ён сканаў, усе палацы
Напоўніліся пахамі святымі,
І твар яго як сонца заяснеў —
Не бачыць больш такога нам цара.
О страшнае, нябачанае гора!
Прагневалі мы бога, саграшылі:
Уладаром сваім царазабойцу
Назвалі мы.

ГРЫГОРЫЙ
Даўно, святы айцец,
Хацелася мне запытаць аб смерці
Дзімітрыя царэвіча; тым часам
Ты, кажуць, быў у Вуглічы.

ПІМЕН
Ох, помню!
Судзіў мне бог благую бачыць справу,
Крывавы грэх. Тады я ў дальні Вугліч
Пасланы быў за штось на нейкі послух;
Прышоў туды. У час імшы назаўтра
Я чую шум, ударылі ў званы,
Крык, тлум. Бягуць на двор царыцы. Я
Бягу туды-ж — а там ужо ўвесь горад.
Гляджу: ляжыць зарэзаны царэвіч;
Без памяці над ім царыца-маці,
У роспачы карміліца галосіць,
А тут народ раз’ятраны цягае
Бязбожную і здрадлівую мамку...
І раптам тут, ад злосці бледны, люты,
З’яўляецца сам Юда Біцягоўскі.
«Вось ліхадзей!» пачуўся лямант скрозь,
І ўраз яго не стала. Тут народ
Пабег давіць астатніх трох забойцаў;
Захованых злачынцаў захапілі
І прывялі да трупіка дзіцяці,
І — стаўся цуд: нябожчык задрыжэў.
«Пакайцеся!» народ ім закрычаў:
Жахнуўшыся, злачынцы пад сякерай
Прызналіся — і выдалі Барыса.

ГРЫГОРЫЙ
Якіх гадоў царэвіч быў забіты?

ПІМЕН
Гадоў сямі; яму-б цяпер мінула —
(З тых дзён прайшло ўжо дзесяць год... не, болей:
Дванаццаць год) — ён быў-бы твой равеснік
І царстваваў, ды бог судзіў іначай.
Аповесцю вось гэтай кончу я
Свой летапіс; пасля людскою справай
Цікавіўся я мала. Брат Грыгорый,
Ты граматай свой розум, асвяціў,
Перадаю свой летапіс табе.
У вольны час ад чыннасці духоўнай
Пішы ў яго, без хітрых мудраванняў,
Усё, чаму ў жыцці за сведку будзеш:
Вайну і мір, царова кіраўніцтва,
Усякі цуд угоднікаў святых,
Прароцтвы ўсе і спавяшчэнні неба —
А мне пара, пара ўжо супачыць
І пагасіць лампаду... Вось і звон
Да ютрані... благаславі нас, бог,
Сваіх рабоў!.. дай мыліцу, Грыгорый.
(Выходзіць.)

ГРЫГОРЫЙ
Барыс, Барыс! усе цябе баяцца.
Ніхто табе не важыцца й напомніць
Пра сумны лёс няшчаснага дзіцяці —
А паміж тым манах у цёмнай келлі
Тут на цябе данос жахлівы піша:
І не мінуць табе суда людскога,
Як не мінуць і божага суда.

Палацы патрыярха


ПАТРЫЯРХ, ігумен Чудавага манастыра

ПАТРЫЯРХ
І ён уцёк, айцец ігумен?

ІГУМЕН
Уцёк, святы ўладыка. Вось ужо таму трэці дзень.

ПАТРЫЯРХ
Шыбеннік пракляты! Ды якога ён роду?


ІГУМЕН

З роду Атрэп’евых, галіцкіх баярскіх дзяцей; замалада стаў манахам невядома дзе, жыў у Суздалі, у Ефім’еўскім манастыры, уцёк адтуль, цягаўся па розных манастырах, нарэшце прышоў да майго Чудаўскага брацтва; а я, зважаючы, што ён яшчэ малады і неразумны, аддаў яго пад старшынство айцу Пімену, старцу ціхаму і пакорнаму; і быў ён вельмі пісьменны, чытаў нашы летапісы, складаў каноны святым; ды відаць пісьменнасць далася яму не ад госпада бога...

ПАТРЫЯРХ

Ужо гэтыя мне пісьменныя! што яшчэ выдумаў? буду царом на Маскве! ах, ён пасудзіна д’ябальская! Аднак няма чаго цару і дакладваць гіра гэта; навошта турбаваць айца-гасудара? Досыць будзе паведаміць аб гэтым дзяку Смірнову, альбо дзяку Ефім’еву; гэтакая ерась! буду царом на Маскве!.. Злавіць, злавіць бязбожніка, ды й саслаць у Салавецкі, на вечнае пакаянне. Гэта-ж ерась, айцец ігумен?


ІГУМЕН
Ерась, святы ўладыка, сапраўдная ерась.

Царскія палацы


Два стольнікі

ПЕРШЫ
Дзе гасудар?

ДРУГІ
Вось там, у спачывальні
Замкнуўся ён з якімсь чараўніком.

ПЕРШЫ
Так, вось яго ўлюбёная размова:
Варажбіты, знахаркі, чарадзеі.
Гадае ўсё, нібыта маладая.
Каб ведаць мне, аб чым варожыць ён?

ДРУГІ
Вось ён ідзе. Жадаеш запытаць?

ПЕРШЫ
Які страшны!
(Выходзяць.)

ЦАР (уваходзіць)
Дасяг вышынь улады
І шосты год я царствую спакойна.
Але няма мне шчасця. Ці не так
У юнасці кахаем мы і прагнем
Пяшчот, уцех, а як насыцім толькі
Хвіліннаю абладай голад сэрца,
Астыўшы, зноў сумуем у маркоце?..
Дарэмна мне варажбіты прарочаць
Дні доўгія, дні ўлады ціхамірнай —
Не цешыць больш ні ўлада, ні жыццё;
Нябесны гром і гора прадчуваю.
Няма мне ўцех. Я думаў свой народ
У досталі, у славе супакоіць
І шчодрасцю любоў яго здабыць —
Але адклаў дарэмныя турботы:
Уладу чэрнь жывую ненавідзіць.
Яны любіць умеюць толькі мёртвых. —
Дурныя мы, калі народны вір
Ці страшны плач трывожыць сэрца наша!
Бог насылаў на край наш галадоўлю,
Народ завыў, канаючы ў пакутах;
Я адчыніў ім жытніцы, я скарбы
Рассыпаў ім, я ім знайшоў работу;
Яны-ж мяне, шалеючы, клялі.
Пажар дамы іх вынішчыў нашчэнт,
Я збудаваў ім новыя мяшкайні:
Яны-ж мяне пажарам дакаралі!
Вось чэрні суд: прыдбай-жа любасць іх.
Ў сям’і сваёй я думаў мець уцеху,
Дачку сваю меў ашчаслівіць шлюбам —
Як бура, смерць забрала жаніха...
І чуткі зноў здрадліва называюць
Віноўнікам удоўства даччынога
Мяне, мяне, няшчаснага айца...
Хто ні памрэ, я ўсіх забойца тайны:
Я прыспяшыў Феодара скананне,
Я атруціў сваю сястру-царыцу,
Пакорную манашку... я і я!
Ах! ведаю: нішто не можа нас
Сярод людской пакуты супакоіць;
Нішто, нішто... хіба адно сумленне.
Так. чыстае, яно вяршэнства возьме
Над здобаю, над цёмнаю хлуснёю.
Але калі ў ім пляма хоць адна,
Ну хоць адна часамі завялася,
Тады — бяда! нібы ў якім паморку
Душа згарыць, атрута спаліць сэрца,
Дакор грыміць, як молат, у вушах,
І млосна ўсё, і галава йдзе кругам,
І хлопчыкі крывавыя ў вачах...
Рад уцячы, ды некуды... жахліва!..
Няшчасны той, чыё сумленне ў плямах.

Карчма на літоўскай граніцы


Місаіл і Варлаам, брадзягі-манахі; Грыгорый Атрэп’еў — міранінам; гаспадыня

ГАСПАДЫНЯ
Чым-жа гэта мне вас частаваць, старцы добрыя?

ВАРЛААМ
Чым бог пашле, гаспадынька. Ці няма віна?

ГАСПАДЫНЯ
Чаму няма, айцы мае! зараз вынесу.
(Выходзіць.)

МІСАІЛ
Што-ж ты зажурыўся, таварыш? Вось і граніца літоўская, да якое гэтак хацелася табе дабрацца.

ГРЫГОРЫЙ
Пакуль не буду ў Літве, да тых часоў не буду я спакойны.

ВАРЛААМ
Што табе Літва гэтак спадабалася? Вось мы, айцец Місаіл, ды я грэшны, як уцяклі з манастыра, дык ні аб чым ужо і не думаем. І Літва і Русь нам, што гудок, што гуслі: нам усё адно, абы было віно... ды вось і яно!

МІСАІЛ
Складна сказана, айцец Варлаам.

ГАСПАДЫНЯ (уваходзіць)
Вось вам, айцы мае. Піце на здароўе.

МІСАІЛ
Дзякую, родная, хай бог цябе благаславіць.
(Манахі п’юць; Варлаам зацягвае песню: «Як у горадзе было у Казані».)

ВАРЛААМ (Грыгорыю)
Што-ж ты не падцягваеш, ды і не пацягваеш?

ГРЫГОРЫЙ
Не хачу.

МІСАІЛ
Вольнаму воля...

ВАРЛААМ
А п’янаму рай, айцец Місаіл! Вып’ем-жа чарачку за шынкарачку...
Паглядзі-ж ты ды, люба, на мяне...
Аднак, айцец Місаіл, калі я п’ю, дык цвярозых не люблю; адна справа ўпіцца, а другая ганарыцца; хочаш жыць як мы, зрабі ласку — не, дык выбірайся, правалівай: штукар папу не таварыш.
ГРЫГОРЫЙ
Пі, ды розуму не губі, айцец Варлаам!.. Бачыш, і я часамі складна гаварыць умею.

ВАРЛААМ
А чаму мне губляць?

МІСАІЛ
Пакінь яго, айцец Варлаам.

ВАРЛААМ
Ды што ён за святы? Сам-жа да нас навязаўся ў таварышы, нямаведама хто, нямаведама адкуль — ды яшчэ і ганарыцца; можа кабылу нюхаў...
(П’е і спявае: «Малады манах пастрыгся».)

ГРЫГОРЫЙ (гаспадыні)
Куды вядзе гэтая дарога?

ГАСПАДЫНЯ
У Літву, мой саколік, пад Луёвыя горы.

ГРЫГОРЫЙ
А ці далёка да Луёвых гор?

ГАСПАДЫНЯ
Недалёка, да вечара-б можна туды паспець, каб не заставы царскія, ды не вартавыя прыставы.

ГРЫГОРЫЙ
Як заставы! што гэта значыць?

ГАСПАДЫНЯ
Нехта ўцёк з Масквы, а загадана ўсіх затрымліваць ды аглядваць.

ГРЫГОРЫЙ (сам да сябе)
Вось табе, бабка, і святога Юр’я.

ВАРЛААМ
Гэй, таварыш! ды ты да гаспадыні прысуседзіўся. Відаць не патрэбна табе гарэлка, а патрэбна дзеўка, правільна, брат, правільна! у кожнага свой звычай; а ў нас з айцом Місаілам турбота адна: выпіваем да дна, вып’ем, перакулім і чарачку прытулім.

МІСАІЛ
Складна сказана, айцец Варлаам...

ГРЫГОРЫЙ
Ды каго-ж ім патрэбна? Хто ўцёк з Масквы?

ГАСПАДЫНЯ
А бог яго ведае, ці злодзей, ці разбойнік — толькі тут і добрым людзям цяпер праходу няма — а што з таго будзе? нічога; ні лысага чорта не зловяць: нібы ў Літву няма і дарогі іншай, як гасцінец! Вось хоць адгэтуль звярні налева ды борам ідзі па сцежцы да капліцы, што на Чэканскай ручаіне, а там проста цераз балота на Хлопіна, а адтуль на Захарава, а тут ужо кожны хлапчук давядзе да Луёвых гор. Ад гэтых прыставоў толькі і ладу, што прыціскаюць падарожных, ды абіраюць нас бедных. (Чуваць шум.) Што там яшчэ? Ах, вось яны, праклятыя! дазорам ідуць.

ГРЫГОРЫЙ
Гаспадыня! ці няма ў хаце другога кутка?

ГАСПАДЫНЯ
Няма, родненькі,, рада-б сама схавацца. Толькі слава, што дазорам ходзяць, а падавай ім і гарэлкі і хлеба і нямаведама чаго — каб ім здохнуць акаянным! каб ім...
(Уваходзяць прыставы.)

ПРЫСТАЎ
Здарова, гаспадыня!

ГАСПАДЫНЯ
Проша, госці дарагія, зрабіце ласку.

АДЗІН ПРЫСТАЎ (другому)
Бач! ды тут п’янства ідзе; будзе чым пажывіцца. (Манахам.) Вы што за людзі?

ВАРЛААМ
Мы божыя старцы, манахі пакорныя, ходзім па вёсках, ды збіраем дары хрысціянскія на манастыр.

ПРЫСТАЎ (Грыгорию)
А ты?

МІСАІЛ
Наш таварыш...

ГРЫГОРЫЙ
Міранін з прыгарада; праводзіў старцоў да мяжы, адгэтуль іду дахаты.

МІСАІЛ
Дык ты перадумаў...

ГРЫГОРЫЙ (ціха)
Маўчы.

ПРЫСТАЎ
Гаспадыня, пастаў яшчэ гарэлкі — а мы тут са старцамі вып’ем, ды пагутарым.

ДРУГІ ПРЫСТАЎ (ціха)
Хлопец, здаецца, голы, з яго ўзяць няма чаго, затое старцы...

ПЕРШЫ
Маўчы, зараз да іх дабярэмся. — Што, айцы мае? як прамышляеце?

ВАРЛААМ
Блага, сыне, блага! Цяпер хрысціяне сталі скупыя; грошы любяць, грошы тояць. Мала богу даюць. Прыдзе грэх вялікі на людзі земныя. Усе пусціліся ў гандаль, у ашуканства, думаюць пра земнае багацце, не пра збавенне душы. Ходзіш, ходзіш, моліш, моліш; іншы раз за тры дні трох грошай не вымаліш. Такі грэх! Пройдзе тыдзень, другі, заглянеш у машонку, аж у ёй так мала, што сорамна ў манастыр паказацца; што рабіць? з гора і рэшту прап’еш; бяда ды толькі. — Ох, блага, відаць прышлі нашы апошнія часіны...

ГАСПАДЫНЯ (плача)
Злітуйся і паратуй, божа!
(Праз увесь час Варлаамавай прамовы першы прыстаў уважліва прыглядаецца да Місаіла.)

ПЕРШЫ ПРЫСТАЎ
Алёха! Пры табе царскі загад?

ДРУГІ
Пры мне.

ПЕРШЫ
Падай сюды.

МІСАІЛ
Што ты на мяне гэтак уважліва глядзіш?

ПЕРШЫ ПРЫСТАЎ
А вось што: з Масквы ўцёк адзін ліхі ерэтык, Грышка Атрэп’еў, чуў ты гэта?

МІСАІЛ
Не чуў.

ПРЫСТАЎ
Не чуў? добра. А таго збеглага ерэтыка цар загадаў злавіць і павесіць. Ведаеш ты гэта?

МІСАІЛ
Не ведаю.

ПРЫСТАЎ (Варлааму)
Умееш ты чытаць?

ВАРЛААМ
Замалада ведаў, ды забыўся.

ПРЫСТАЎ (Місаілу)
А ты?

МІСАІЛ
Не судзіў бог.

ПРЫСТАЎ
Дык вось табе царскі загад.

МІСАІЛ
На што мне ён?

ПРЫСТАЎ
Мне здаецца, што гэты збеглы ерэтык, злодзей, ашуканец — ты.

МІСАІЛ
Я! барані бог! што ты!

ПРЫСТАЎ
Пастой! трымай дзверы. Вось мы зараз і даведаемся.

ГАСПАДЫНЯ
Ах, яны акаянныя мучыцелі! І старцу і таму спакою не дадуць.

ПРЫСТАЎ
Хто тут пісьменны?

ГРЫГОРЫЙ (выступаючы наперад)
Я пісьменны.

ПРЫСТАЎ
Вось як!.. А ў каго-ж ты навучыўся?

ГРЫГОРЫЙ
У нашага званара.

ПРЫСТАЎ (дае яму загад)
Чытай-жа ўголас.

ГРЫГОРЫЙ (чытае)
«Чудавага манастыра нягодны манах Грыгорый, з роду Атрэп’евых, упаў у ерась і адважыўся, наўчаны д’яблам, бунтаваць святое брацтва ўсялякімі спакусамі і беззаконнямі. А паводле даведак выявілася, збег ён, акаянны Грышка, да мяжы Літоўскай…»

ПРЫСТАЎ (Місаілу)
Як-жа не ты?

ГРЫГОРЫЙ
«І цар загадаў злавіць яго...»

ПРЫСТАЎ
І павесіць!

ГРЫГОРЫЙ
Тут не сказана павесіць.

ПРЫСТАЎ
Хлусіш: не кожнае слова ў радок пішацца. Чытай: злавіць і павесіць.

ГРЫГОРЫЙ
«І павесіць. А год яму, злодзею Грышку ад роду... (гледзячы на Варлаама) за 50, а росту ён сярэдняга, лоб мае пляшывы, бараду сівую, пуза тоўстае...»
(Усе глядзяць на Варлаама.)

ПЕРШЫ ПРЫСТАЎ
Хлопцы! тут Грышка! трымайце, вяжыце яго! Вось дык ужо не думаў, не гадаў.

ВАРЛААМ (вырываючы паперу)
Адчапіцеся, сукіны дзеці! што я за Грышка? як? 50 год, барада сівая, пуза тоўстае! Не, брат! малады яшчэ са мною жарты жартаваць. Я даўно не чытаў, а тут ужо разбяру, як справа да пятлі даходзіць. (Чытае па складах) «А год я-му ад ро-ду... 20» — Што, брат? дзе тут 50? бачыш, 20.

ДРУГІ ПРЫСТАЎ
Ага, помніцца, 20. Так і нам было сказана.

ПЕРШЫ ПРЫСТАЎ (Грыгорию)
Ды ты, брат, відаць, забаўнік.
(У час чытання Грыгорый стаіць, апусціўшы галаву, рука за пазухаю.)

ВАРЛААМ (працягвае)
«А ростам ён малы, грудзі шырокія, адна рука ка-рацейшая за другую, вочы блакітныя, валасы рыжыя, на шчацэ бародаўка, на лбе другая». Ды гэта, друг, ці не ты ўжо?
(Грыгорый раптам выймае кінжал; усе перад ім расступаюцца, ён кідаецца ў акно.)

ПРЫСТАВЫ
Трымай! трымай!
(Усе бягуць без ладу.)

Масква, дом Шуйскага


ШУЙСКІ, шмат гасцей. Вячэра

ШУЙСКІ
Віна яшчэ.
(Устае, за ім і ўсе.)
Ну, госці дарагія,
Апошні коўш! Чытай малітву, хлопчык.

ХЛОПЧЫК
Цару нябёс, заўжды і ўсюды існы,
Сваіх рабоў маленне ты пачуй:
Памолімся за нашага цара,
Набожнага, абранага табою,
Дзяржаўнага цара ўсіх праваслаўных.
Асцерагай яго у бітвах і ў палацах,
І на шляхах і ў час адпачывання.
Даруй яму над ворагам адолю,
Хай славіцца ад мора ён да мора,
Хай шчасная цвіце яго сям’я,
Хай парасткі яе святыя ўкрыюць
Усю зямлю — да нас сваіх рабоў
Хай будзе ён, як і раней, ласкавы,
І літасны, і без канца цярплівы,
Хай мудрасці яго невычарпальнай
Крыніцы чыстыя цякуць на нас;
І, царскую на тое ўзняўшы чару,
Мы молімся табе, цару нябёс.

ШУЙСКІ (п’е)
Няхай жыве вялікі гасудар!
Даруйце-ж мне вы, госці дарагія;
І дзякуй вам, што вы маёй хлеб-солі
Не зганьбілі. Даруйце, добры сон.
(Госці выходзяць, ён праводзіць іх да дзвярэй.)

ПУШКІН
Ледзьве выбраліся; ну, князь Васілій Іванавіч, я ўжо думаў, што нам не ўдасца і пагаварыць. 

ШУЙСКІ (слугам)
Вы чаго рот разявілі? Вам толькі, каб усё паноў падслухоўваць. Прыбірайце са стала, ды ступайце вон. — Што такое, Афанасій Міхайлавіч?

ПУШКІН
Дзіва, ды і толькі.
Пляменнік мой, Гаўрыла Пушкін, мне
Аж з Кракава ганца прыслаў сягоння.

ШУЙСКІ
Ну.

ПУШКІН
Дзіўныя пляменнік шле навіны.
Сын Грознага... чакай.
(Ідзе да дзвярэй і аглядвае.)
Дзяржаўны хлопчык,
Рукой людзей Барысавых забіты...

ШУЙСКІ
Ды гэта ўжо не нова.

ПУШКІН
Пачакай:
Дзімітрый жыў.

ШУЙСКІ
Ну вось! якая вестка!
Царэвіч жыў! Ну, сапраўды дзівосна.
І гэта ўсё?

ПУШКІН
Паслухай да канца:
Хто-б ён ні быў, царэвіч незабіты,
Ці нейкі дух у вобразе яго,
Ці так шахрай, адважны самазванец,
Ды толькі там Дзімітрый заявіўся.

ШУЙСКІ
Не можа быць!

ПУШКІН
Яго сам Пушкін бачыў,
Як прыязджаў ён неяк у дварэц
І праз рады паноў ішоў адразу
У тайныя пакоі караля.

ШУЙСКІ
Хто-ж ён такі? Адкуль ён?

ПУШКІН
Невядома.
Гавораць так, што быў ён за слугу
У Вішнявецкага, што ў час сваёй хваробы
Прызнаўся ён духоўнаму айцу,
Што горды пан, праведаўшы пра тайну,
Глядзеў яго, падняў яго з пасцелі
І после з ім да Сігізмунда ездзіў.

ШУЙСКІ
Што-ж гутараць аб гэтым малайцы?

ПУШКІН
Чуваць, што ён разумны, ветлы, спрытны,
Да густу ўсім. Маскоўскіх збеглякоў
Зачараваў. Латвійскія папы
З ім заадно. Кароль яму спрыяе,
І гутараць, падмогу абяцаў.

ШУЙСКІ
Ўсё гэта, брат, такая завіруха,
Што галава закруціцца міжвольна.
Я ўпэўнены, што гэта самазванец,
Але кажу, што небяспекі шмат:
Калі ў народ такая вестка трапіць,
Узнімецца вялікая навала.

ПУШКІН
Такая, брат, што Барысу ці ўдасца
Стрымаць вянок на мудрай галаве.
Яму і след, бо ён кіруе намі,
Як цар Іван (гаворачы не нáнач).
Што за карысць, што яўных кар няма,
Што на кале крывавым, пры народзе
Ісусу мы канонаў не спяваем,
Што на пляцы не паляць нас, а цар
Сваім жазлом вуглёў не падграбае?
Ці ўпэўнены ў жыцці мы бедным нашым?
Нас кожны дзень чакае ўсіх няласка,
Турма, Сібір, кайданы ці клабук,
А там — пятля, ці смерць ад галадоўлі.
Найзнатныя між намі роды — дзе?
Дзе Сіцкія князі, дзе Шастуновы,
Раманавы, айчыны ўсёй надзея?
Сасланы ўсе, замучаны ў выгнанні,
Дай час: табе такая-ж будзе доля.
Ці-ж лёгка нам: мы дома, як Літвой,
Аточаны нявернымі рабамі;
Скрозь языкі, гатовыя прадаць,
Зладзеі скрозь, падкупленыя ўрадам.
Залежым мы ад першага халопа,
Каторага захочам пакараць.
Вось — Юр’еў дзень ён скасаваць надумаў.
Не ўладны мы ў сваіх маёнтках больш.
Не смей прагнаць лянога. Рад не рад,
Кармі яго; не смей перацягнуць
Работніка. А то, ў Прыказ Халопаў.
Хіба хто чуў хоць пры цару Іване
Такое зло? А ці лягчэй народу?
Спытай яго. Папробуй самазванец
Паабяцаць даўнейшы Юр’еў дзень,
І пойдзе зноў пацеха.

ШУЙСКІ
Праўда, Пушкін.
Ды ведаеш? Аб гэтым аб усім
Мы памаўчым да часу.

ПУШКІН
Ну, вядома,
Трымай сакрэт. Ты чалавек разумны;
Заўжды з табой пагутарыць я рад,
І калі што мяне падчас турбуе,
Не выцерплю, каб не сказаць табе.
Яшчэ-ж твой мёд ды залатое піва
Сягоння так язык мне развязалі...
Бывай-жа, князь.

ШУЙСКІ
Бывай, брат, да спаткання.
(Праводзіць Пушкіна.)

Царскія палацы


Царэвіч чэрціць геаграфічную карту. Царэўна. Мамка царэўны.

КСЕНІЯ (цалуе партрэт)
Любы мой нарачоны, прыгожы каралевіч, не мне ты дастаўся, не сваёй нарачонай, а цёмнай магілцы, на чужой старонцы. Ніколі не суцешуся, вечна па табе буду плакаць.

МАМКА
І, царэўна! Дзеўчына плача, што раса падзе; узыйдзе сонца, расу высушыць. Будзе ў цябе другі нарачоны і прыгожы і прыветлівы. Пакахаеш яго, дзіця наша ненагляднае, забудзешся на свайго каралевіча.

КСЕНІЯ
Не, мамка, я і нежывому буду яму верная.
(Уваходзіць Барыс.)

ЦАР
Што, Ксенія? што любая мая?
У дзеўчынах ужо удоўкай сумнай!
Ты плачаш зноў па мёртвым нарачоным.
Дзіця маё! мне доля не судзіла
Віноўнікам быць вашае уцехі.
Магчыма, я прагневаў бога чым,
Не здолеў я твайго наладзіць шчасця.
Нявінная, нашто-ж табе пакуты?
А ты, мой сын, што робіш? Гэта што?

ФЕОДАР
Чарцёж зямлі маскоўскай; наша царства
Ад краю ў край. Вось бачыш: тут Масква,
Тут Ноўгарад, тут Астрахань. Вось мора,
Вось Пермскія гушчэзныя лясы,
А вось Сібір.

ЦАР
А гэта што такое
Дасэнем тут віецца?

ФЕОДАР
Гэта Волга.

ЦАР
Як хорашаі вось добры плён вучэння!
Нібы з-пад хмар ты можаш аглянуць
Увесь свой край: граніцы, месты, рэкі.
Вучыся, сын: навука скарачае
Нам практыку імклівага жыцця —
У пэўны час, і можа неўзабаве,
Усе краі, якія ты сягоння
Нарысаваў так хітра на паперы,
Усе ў руку дастануцца тваю —
Вучыся, сын, і клопаты дзяржавы
Лягчэй і лепш ты будзеш разумець.
(Уваходзіць Сямён Гадуноў.)
Вось Гадуноў ідзе ка мне з дакладам.
(Да Ксеніі.) Душа мая, ідзі ў сваю святліцу;
Бывай, мой друг. Хай бог цябе суцешыць.
(Ксенія з мамкай выходзяць.)
Што скажаш мне, Сямён Нікіціч?

СЯМЁН ГАДУНОЎ
Сёння
На досвітку ка мне дварэцкі Шуйскіх
І Пушкінаў слуга прышлі з даносам.

ЦАР
Ну?

СЯМЁН ГАДУНОЎ
Пушкінаў слуга данёс спярша,
Што з Кракава да іх учора ўранку
Прыбыў ганец і праз гадзіну
Без граматы назад быў адасланы.

ЦАР
Ганца схапіць.

СЯМЁН ГАДУНОЎ
Паслана ўжо ў дагоню.

ЦАР
А Шуйскі што?

СЯМЁН ГАДУНОЎ
Учора частаваў
Сваіх сяброў, абодвух Міласлаўскіх,
Бутурліных, Міхайлу Салтыкова,
Ды Пушкіна — ды некалькіх яшчэ;
Рассталіся пад поўнач. Толькі Пушкін
Сам-на-сам там з гаспадаром застаўся,
І доўга з ім ён гутарыў яшчэ.

ЦАР
У гэты-ж час па Шуйскага паслаць.

СЯМЁН ГАДУНОЎ
Ён тут ужо.

ЦАР
Пакліч яго сюды.
(Гадуноў выходзіць.)
У зносінах з Літвою! гэта што?..
Агідны мне род Пушкіных мяцежны,
А Шуйскаму не трэба давяраць:
Няпэўны ён, але адважны й хітры…
(Уваходзіць Шуйскі.)
Мне трэба, князь, з табою гаварыць.
Але ты сам, здаецца, маеш справу,
І выслухаць хачу цябе спярша.

ШУЙСКІ
Так, гасудар: я абавязан гэта
Табе сказаць.

ЦАР
Я слухаю цябе.

ШУЙСКІ (ціха, паказваючы на Феодара.) Але, мой цар...

ЦАР
Царэвіч можа ведаць,
Што ведае князь Шуйскі. Гавары.

ШУЙСКІ
Да нас з Літвы прышла, цар, вестка...

ЦАР
Тая,
Што Пушкіну прывёз ганец учора?

ШУЙСКІ
Вядома ўсё... Я думаў, гасудар,
Што ты яшчэ не чуў пра гэту тайну.

ЦАР
Не важна, князь: хачу абмеркаваць
Я весткі ўсе; не ўведаем іначай
Мы ісціны.

ШУЙСКІ
Я ведаю адно,
Што ў Кракаве з’явіўся самазванец
І што кароль і панства за яго.

ЦАР
Што-ж гутараць? Хто гэты самазванец?

ШУЙСКІ
Не ведаю.

ЦАР
А... чым ён небяспечны?

ШУЙСКІ
Бясспрэчна, цар: твая дзяржава ў сіле,
Руплівасцю, стараннямі і ласкай
Сваіх рабоў ты сэрцы ўсынавіў.
Ды ведаеш ты сам: дурная чэрнь —
Здрадлівая, мяцежная, сляпая,
Ідзе за тым слухмяна, хто заве,
Даверліва надзеі ўсе прымае,
Да ісціны нячулая, глухая,
А байкамі і казкамі жыве.
Да густу ёй ганебная адвага.
І вось калі нязнаны той брадзяга
Літоўскую мяжу пяройдзе дзе,
За ім натоўп вар’ятаў павядзе
Дзімітрыя ўваскрошанае імя.

ЦАР
Дзімітрыя... Як? гэтага дзіцяці!
Дзімітрыя!.. Пакінь, царэвіч, нас.

ШУЙСКІ
Пачырванеў: ой будзе бура!..

ФЕОДАР
ЦАР,
Дазволіш мне...

ЦАР
Не можна, сын, ідзі.
(Феодар выходзіць.)
Дзімітрыя!..

ШУЙСКІ
Нічога ён не ведаў.

ЦАР
Паслухай, князь: цяпер-жа ўсё зрабіць,
Каб ад Літвы адгарадзіць Расію
Заставамі; каб ні адна душа
Не перайшла за гэту грань; каб заяц
Не перабег ад Польшчы к нам; каб ястраб
Не прыляцеў з-пад Кракава. Ступай.

ШУЙСКІ
Іду.

ЦАР
Пастой. Ці-ж праўда, гэта вестка
Забаўная. Ты чуў, скажы, калі,
Каб мёртвыя выходзілі з магілы
Дапытываць цароў, цароў законных,
Прызначаных і выбраных народам,
Увенчаных вялікім патрыярхам?
А? смешна? што? што-ж не смяешся ты?

ШУЙСКІ
Я, гасудар?..

ЦАР
Паслухай, князь Васілій:
Як я пачуў, што хлопчыка таго...
Што хлопчык той свайго жыцця пазбыўся,
Пасланы ты на следства быў; цяпер
Цябе Хрыстом і крыжам заклінаю,
Па шчырасці мне праўду перадай:
Ці ты пазнаў забітае дзіця,
Ці не было падмены? Гавары.

ШУЙСКІ
Клянуся, цар...

ЦАР
Не, Шуйскі, не кляніся,
Але скажы: там быў царэвіч?

ШУЙСКІ
Ён.

ЦАР
Падумай, князь. Я літасць абяцаю,
Былой маны караць няласкай марнай
Не стану я. Але калі цяпер
Ты зноў хітрыш, дык галавою сына
Клянуся я — цябе сустрэне кара,
Такая, князь, што цар Іван Васільіч
Ад жудасці ў магіле скаланецца.

ШУЙСКІ
Не кары страх; мне страх тваёй няласкі.
Ці-ж я магу хітрыць перад табою?
І хіба мог я гэтак ашукацца,
Што не пазнаў Дзімітрыя? Тры дні
Я труп яго ў сабор хадзіў глядзець,
І Вугліч ўвесь мяне туды праводзіў.
Вакол яго трынаццаць цел ляжала,
Раструшчаных народам, і на іх
Прыкметна ўжо гніенне выступала,
Дзіцячы-ж твар царэвіча быў ясны
І свежы быў і ціхі, быццам сонны;
Глыбокая не запяклася рана.
А ў рысах твар зусім не адмяніўся.
Не, гасудар, упэўнен я: Дзімітрый
Ў магіле спіць.

ЦАР (спакойна)
Даволі, князь, ідзі.
(Шуйскі выходзіць.)
Ух, цяжка як!., дай дух перавяду —
Я адчуваў: мая ўся кроў у твар
Мне рынула — і цяжка ападала...
Дык вось чаму трынаццаць год падрад
Мне снілася забітае дзіця!
Так, так, — вось што! цяпер я разумею.
Але хто-ж ён, мой грозны супастат?
Хто на мяне? Пустое імя, цень —
Няўжо яны сарвуць з мяне парфіру,
Маіх дзяцей без спадчыны пакінуць?
Шалёны я! чаго-ж я напужаўся?
Адно дзьмухні — і знікне здань зусім.
Дык будзе так: я не праймуся страхам —
А пагарджаць не трэба анічым...
Ох, цяжкая ты, шапка Манамаха!

Кракаў. Дом Вішнявецкага


САМАЗВАНЕЦ і Pater Чэрнікоўскі

САМАЗВАНЕЦ
Не, мой айцец, нішто не перашкодзіць:
Я ведаю майго народу дух;
Ён, верачы, за край не пераходзіць:
Узор цара — святы для царскіх слуг.
Цярплівасці нішто не закранае.
Ручаюся, што не міне двух год,
І мой народ, уся царква паўночы,
Паклоніцца намесніку Пятра.

Pater
Хай будзе нам святы Ігнат падмогай,
У цяжкія часіны іншых дзён.
А покуль што, вялікай ласкі бога
Расці ў душы, царэвіч, добры плён;
Няшчырым быць перад шалёным светам
Нам іншы раз наш абавязак кажа;
Учынак твой і словы судзяць людзі,
А твой намер адзіны бачыць бог.

САМАЗВАНЕЦ
Amen. Хто там?
(Уваходзіць слуга.)
Сказаць, што мы прымаем.
(Адчыняюцца дзверы; уваходзіць натоўп рускіх і палякаў.)
Таварышы! Назаўтра выступаем
Мы з Кракава. Я, Мнішак, у цябе
Спыняюся ў Самборы дзён на тры.
Я ведаю, што твой гасцінны замак
І пышнасцю шляхетнаю вядомы
І славіцца прыгожай гаспадыняй.
Чароўную Марыну спадзяюся
Пабачыць там. А вы, мае сябры,
Літва і Русь, вы, брацкія штандары
Узняўшыя на ворага майго,
На нашага супольнага злачынца,
Сыны славян, я скора павяду
Ў жаданы бой адважных вас дружыны.
Але між вас я незнаёмых бачу.

ГАЎРЫЛА ПУШКІН
Яны прышлі да светласці тваёй
Прасіць мяча і службы.

САМАЗВАНЕЦ
Рад вам, дзеці,
Ка мне, сябры. — А хто, скажы мне, Пушкін,
Прыгожы той?

ПУШКІН
Князь Курбскі.

САМАЗВАНЕЦ
Імя знатных!
(Да Курбскага) — Ты не сваяк казанскаму герою?

КУРБСКІ
Я сын яго.

САМАЗВАНЕЦ
Ён ‘шчэ жыве?

КУРБСКІ
Памёр.

САМАЗВАНЕЦ
Вялікі быў і ў бітвах і ў нарадах!
Ды з тых часоў, калі з’яўляўся ён,
Адпомсціцца за крыўды свае люта,
З літоўцамі пад даўні горад Ольгін,
Слых пра яго спыніўся.

КУРБСКІ
Бацька мой
Канец жыцця праводзіў на Валыні,
Ў маёнтках тых, што дораны яму
Баторыем. Спакойна на самоце
Уцехі ён шукаў сабе ў навуках;
Але яго занятак той не цешыў:
Ён юнасці сваёй айчыну помніў
І да канца па ёй ён сумаваў.

САМАЗВАНЕЦ
Няшчасны князь! як ярка запалаў
Усход яго мяцежнага жыцця.
Я вельмі рад, вялікародны рыцар,
Што кроў змірылася з айчынай.
Віны бацькоў не трэба ўспамінаць;
Спакойны ім спачын! Руку дай... Курбскі!
Хіба не дзіў? сын Курбскага вядзе
На трон, каго? ды — сына Іаана!..
Усё: і лёс, і людзі за мяне.
Ты хто такі?

ПАЛЯК
Сабаньскі, шляхціч вольны.

САМАЗВАНЕЦ
Хвала і чэсць табе, дзіця свабоды!
Наперад даць яму траціну платы.
А гэта хто? я пазнаю на іх
Зямлі сваёй уборы. Гэта нашы.

ХРУШЧОЎ (б’е чалом)
Так, гасудар, айцец наш. Мы твае
Старанныя, загнаныя халопы.
З Масквы, наш цар, апальныя прышлі
Мы да цябе, і за цябе паляжам
Галовамі, хай будуць нашы трупы
На царскі трон прыступкамі табе.

САМАЗВАНЕЦ
Мужайцеся, пакутныя нявінна —
Каб толькі мне дабрацца да Масквы,
А там Барыс расплаціцца за ўсё.
Ты хто?

КАРЭЛА
Казак. Мяне паслалі з Дона
Ад вольных войск, ад смелых атаманаў,
Ад казакоў вярховых і нізовых,
У ясныя царовы глянуць вочы
І кланяцца табе іх галавамі.

САМАЗВАНЕЦ
Я ведаў Дон. Не сумняваўся бачыць
У шэрагах данскія бунчугі.
Мы дзякуем свайму данскому войску.
Вядома нам, што сёння казакі
Няправедна прыгнечаны, загнаны;
Але калі паможа бог ступіць
На трон бацькоў, дык мы, як і даўней,
Наш верны Дон узнагародзім зноў.

ПАЭТ (набліжаючыся, кланяючыся нізка і хапаючы Грышку за крысо)
Вялікі прынц, вяльможны каралевіч!

САМАЗВАНЕЦ Што хочаш ты?

ПАЭТ (падае яму паперу)
З прыхільнасцю прыміце
Мой бедны плён стараннае работы.

САМАЗВАНЕЦ
Што бачу я? Латынскі стройны верш!
Сто раз святы саюз мяча і ліры,
Адзін вянок іх дружна абвівае.
Пад небам я паўночным нарадзіўся,
Ды мне знаём латынскай музы голас,
І кветкі я парнаскія люблю.
Я верую ў прароцтва слоў паэтаў.
Не марна, не, у іх грудзях гарачых
Кіпіць запал: благаславіцца подвіг,
Які яны праславілі заўчасна!
Друг, падыйдзі. На памяць аб сустрэчы
Прымі мой дар.
(Дае яму пярсцёнак)
Калі са мною стане,
Што лёс судзіў, калі карону продкаў
Надзену я, — пачуць зноў спадзяюся
Твой дзіўны гімн, салодкі голас твой.
Musa gloriam coronat, gioriaque Musam.1
І так, сябры, бывайце, да спаткання.

УСЕ
Ў паход, ў паход! Няхай жыве Дзімітрый,
Няхай жыве вялікі князь маскоўскі!

Замак ваяводы Мнішка ў Самборы


(Рад асветленых пакояў. Музыка.)
Вішнявецкі, Мнішак

МНІШАК
Ён гутарыць з адной маёй Марынай,
МАРЫНАю адной заняты ён...
А справа страх падобна на вяселле;
Ну — думаў ты, прызнайся, Вішнявецкі,
Маю дачку царыцай бачыць? а?

ВІШНЯВЕЦКІ
Шмат дзіўнага... а ты ці думаў, Мнішак,
Што мой слуга на трон маскоўскі ўзыйдзе?

МНІШАК
Але, скажы, мая дачка якая!
Я толькі ёй прамовіў: ну, глядзі!
Не выпускай Дзімітрыя!..І вось
Гатова ўсё. Ён у яе руках.
(Музыка іграе Польскі. Самазванец ідзе з Марынаю ў першай пары.)

МАРЫНА (ціха Дзімітрыю)
Так, вечарам у адзінаццаць заўтра
У ліпавых прысадах ля фантана.
(Разыходзяцца. Другая пара.)

КАВАЛЕР
Што ў ёй знайшоў Дзімітрый?..

ДАМА
Як! яна
Прыгожая.

КАВАЛЕР
Мармуравая німфа:
Няма жыцця ні ў вуснах, ні ў вачах...
(Новая пара.)

ДАМА
Ён без красы, але прыемны выгляд,
І царская парода ў ім відаць.
(Новая пара.)

ДАМА
Калі-ж паход?

КАВАЛЕР
Калі царэвіч скажа.
Гатовы мы; ды, пэўна, панна Мнішак
З Дзімітрыем і нас бярэ ў палон.

ДАМА
Нішто палон.

КАВАЛЕР
Бясспрэчна, калі вы...
(Разыходзяцца. Пакоі пусцеюць.)

МНІШАК
Мы больш цяпер, старыя, не танцуем.
Мазуркі гром не заклікае нас,
Чароўных рук не ціснем, не цалуем —
Ох, помню я, забавы ў даўні час!
Цяпер не так, як некалі бывала:
Адвагі той не мае маладосць,
І у красы не тая весялосць —
Прызнайся, друг: усё нейк заняпала.
Пакінем іх; хадзем, таварыш мой,
Венгерскага, аброслую травой,
Адкрыюць нам бутэльку векавую,
Удвух яе паціху разап’ём —
Пахучую, іскрыстую, густую,
А паміж тым гаворку павядзем.
Хадзем-жа, брат.

ВІШНЯВЕЦКІ
І праўда, друг, хадзем.

Ноч. Сад. Фантан



САМАЗВАНЕЦ (уваходзіць)
Вось і фантан; яна сказала — тут.
Здаецца, я не палахлівы з роду;
Перад сабой паблізу бачыў смерць.
Душа мая і там не задрыжала.
Мне вечная няволя пагражала.
За мною гналіся — я не збаяўся
І смеласцю няволю абмінуў.
А што ж цяпер мае сціскае грудзі?
Што значыць страх непераможны гэты?
Ці гэта дрож напружаных жаданняў?
Не — гэта страх. Я цэлы дзень чакаў
З Марынаю таемнага спаткання,
Абдумываў усё, што ёй скажу,
Як спакушу ганорную яе,
Як назаву маскоўскаю царыцай —
А час прышоў — нічога і не помню.
Завучанай прамовы не знаходжу;
Каханне мой бунтуе розум...
Але там штось мільгнула... шэлест... ціха...
Не, гэта бляск зманлівага святла,
І прашумеў тут вецярок.

МАРЫНА (уваходзіць)
Царэвіч!

САМАЗВАНЕЦ
Яна!.. Аж кроў уся ва мне застыла.

МАРЫНА
Дзімітрый! Вы?

САМАЗВАНЕЦ
Чароўны, дзіўны голас!
(Ідзе да яе.) Ці гэта ты? Ці гэта ты, скажы?
А ці са мной, пад сховам ціхай ночы?
Як здоўжыўся мне гэты нудны дзень!
Як здоўжыўся мне сёння захад сонца!
Як доўга я чакаў у цьме начы!

МАРЫНА
Мінае час, а мне ён вельмі дораг —
Я тут табе прызначыла спатканне
Не для таго, каб слухаць словы ласкі
Каханага. Слоў не патрэбна. Веру,
Што любіш ты; ды слухай: я рашыла
З тваёю доляй, бурнай і няпэўнай,
Злучыць сваю; а, значыць, маю права
Патрабаваць, Дзімітрый, аднаго:
Я патрабую, каб раскрыў цяпер
Душы сваёй мне тайныя надзеі,
Намеры ўсе і нават апасенні,
Каб я магла з табою поплеч смела
Пайсці ў жыццё — не дзіцянём сляпым,
Не як раба жаданняў лёгкіх мужа,
Наложніца маўклівая твая,
Але як вартая цябе супруга,
Памочніца маскоўскага цара.

САМАЗВАНЕЦ
О, дай-жа мне забыцца хоць на час
Пра клопаты маёй трывожнай долі,
Забудзься і сама, што бачыш ты
Царэвіча. Марына! бач ва мне
Каханага, што выбраны табою,
Што поглядам тваім адным шчаслівы.
О, выслухай маё маленне ты,
Дай выказаць усё, што поўніць сэрца.

МАРЫНА
Цяпер не час. Марудзіш ты — між тым
Прыхільнікаў тваіх адданасць стыне,
А цяжкасці і клопаты шточас
Становяцца ўсё большымі й цяжкімі,
Ужо ідзе няпэўных многа чутак,
І навізна змяняе навізну;
А Гадуноў свае ўжывае меры.

САМАЗВАНЕЦ
Што Гадуноў? Ці-ж мае ён уладу
Над радасцю маёй, тваім каханнем?
Не, не. Цяпер гляджу я абыяка
На трон яго, на царскае ўладарства.
Тваё каханне... Што мне без яго
Жыццё і трон і руская дзяржава?
У глушыні ў зямлянцы беднай — ты,
Заменіш ты мне царскую карону;
Тваё каханне...

МАРЫНА
Сорам! Памятай
Высокае святое прызначэнне:
Табе твой сан быць мусіць даражэй
За радасці, за земныя спакусы,
Яго ні з чым не можаш ты раўняць.
Не юнаку мяцежнаму, бязмерна
Зачараванаму маёй красой,
Я аддаю руку ўрачыста, ведай,
Наследніку маскоўскае кароны,
Царэвічу, якога збавіў лёс.

САМАЗВАНЕЦ
Не муч мяне, чароўная Марына,
Не гавары, што сан, а не мяне,
Абрала ты. Марына! ты не знаеш,
Як моцна тым ты сэрца раніш мне!
Няўжо, калі-б... о страшнае сумненне!
Скажы: калі-б не царам нарадзіцца
Прызначыла сляпая доля мне,
Калі-б я быў не Іаанаў сын,
Не той, даўно забыты светам хлопчык,
Тады-б... тады-б кахала ты мяне?

МАРЫНА
Дзімітрый ты і іншым быць не можаш;
Другога нельга мне кахаць.

САМАЗВАНЕЦ
Не! досыць:
Я не хачу дзяліцца з нежывым
Каханкаю, належачай яму.
Не, досыць прытварацца мне! Скажу
Ўсю праўду я; дык ведай: твой Дзімітрый
Даўно прапаў, закопан — і не ўскрэсне;
А хочаш ты даведацца, хто я?
Ну, што-ж; скажу: я бедны чорнарызнік;
Сумуючы ў няволі манастырскай,
Пад клабуком, свой замысел адважны
Абдумаў я; здзівіць свет меўся цудам —
І ўрэшце рэшт уцёк з манастыра
У бурныя курэні украінцаў,
Валодаць шабляй і канём наўчыўся;
Прышоў сюды; Дзімітрыем назваўся
І палякоў бязглуздых ашукаў.
Што скажаш ты, пыхлівая Марына?
Здаволена прызнаннем ты маім?
Што-ж ты маўчыш?

МАРЫНА
О сорам! гора мне!
(Маўчанне.)

САМАЗВАНЕЦ (ціха)
Куды завёў мяне запал дасады!
Здабытае з такім цяжарам шчасце
Я, можа быць, навекі загубіў.
Што я зрабіў, шалёны? (Уголас.) Бачу, бачу:
Саромішся, што пакахаў не князь,
Дык вымаві-ж ты мне прысуду слова;
Мой лёс цяпер залежыць ад цябе,
Судзі: я твой. (Кідаецца на калені.)

МАРЫНА
Ўстань, бедны самазванец,
Ты думаеш, што стаўшы на калені,
Як дзеўчынкі даверлівай і слабай
Ганорлівасць душы маёй расчуліш?
Мыляешся: ля ног маіх не мала
Было графоў і рыцараў шляхетных;
Я просьбы іх спакойна адхіляла,
Не для таго, каб збеглага манаха...

САМАЗВАНЕЦ (устае)
Не пагарджай, Марына, самазванцам;
Магчыма, ў ім затоена адвага,
Што вартая маскоўскае кароны,
Што вартая рукі тваёй каштоўнай.
 

МАРЫНА
А можа вартая пятлі ганебнай!

САМАЗВАНЕЦ
Я вінават: апанаваны пыхай
Ашукваў я і бога і цароў,
Хлусіў усім; ды не табе, Марына,
Мяне караць; табе казаў я праўду.
Не, я не мог ашукваць цябе.
Ты мне была адзінаю святыняй,
А перад ёй не мог я прытварацца.
Каханне ўсё, раўнівае, сляпое,
Адно яно прымусіла мяне
Сказаць усё.

МАРЫНА
Чым хваліцца, шалёны!
Хто вымагаў прызнання ад цябе?
Калі ўжо ты, брадзяга безыменны,
Мог ашукаць дзівосна два народы,
Дык мусіш сам ужо, прынамсі, ты
Быць вартым поспехаў сваіх тады
І свой падман адважны забяспечыць
Упартаю, глыбокай, вечнай тайнай.
Ці ж я магу даверыцца табе,
Ці-ж я магу злучыць свой лёс з тваім,
Забыўшы род і сорам свой дзявочы,
Калі ты сам з такою прастатой
І лёгка так свой сорам выкрываеш?
Ён, кажа, мне прызнаўся праз каханне!
Дзіўлюся: як перад маім айцом
Дагэтуль ты па дружбе не прызнаўся,
Ад радасці прад нашым каралём,
Альбо яшчэ прад панам Вішнявецкім
Па шчырасці стараннага слугі.

САМАЗВАНЕЦ
Клянуся я, што з глыбіні душы
Ты вымучыць адна магла прызнанне.
Клянуся я: ніколі і нідзе,
А ні за чараю ў час балявання,
Ні ў гутарцы сардэчнай і сяброўскай,
Ні пад нажом, ні ў муках катаванняў
Вось гэтых тайн не выдасць мой язык.

МАРЫНА
Клянешся ты! і так мне трэба верыць —
О, веру я! а чым, ці нельга ведаць,
Клянешся ты? а ці не імем бога,
Як пасынак набожны езуітаў?
Ці гонарам, нібы шляхетны рыцар,
Ці, можа быць, адзіным царскім словам,
Як царскі сын? Хіба не так? Кажы.

ДЗІМІТРЫЙ (горда)
Здань Грознага мяне усынавіла,
З труны імя Дзімітрыя дала,
Ў ахвяру мне Барыся асудзіла,
Вакол мяне народы узняла —
Царэвіч я. Даволі, сорам мне
Ад гордае палячкі мець знявагу.
Бывай навек. Гульня вайны крывавай,
І клопаты маёй вялікай долі
Кахання сум, я думаю, заглушаць.
О, як цябе я стану ненавідзець,
Калі міне ганебны жар кахання!
Цяпер іду — пагібель ці вянок
Чакае там мой голаў у Расіі,
Ці стрэну смерць у бітве, як ваяка,
Ці на пляцы загіну, як злачынец,
Не будзеш ты сяброўкаю маёй,
Майго са мной ты не падзеліш лёсу;
Ды, можа стаць, што будзеш шкадаваць
Ты долі той, якую адхіліла.

МАРЫНА
А што калі нахабны твой падман
Я загадзя раскрыю прад усімі?

САМАЗВАНЕЦ
Ты думаеш, што я цябе баюся?
Што больш усе павераць польскай панне,
Як рускаму царэвічу? Дык ведай,
Што ні кароль, ні папа, ні магнаты
Не думаюць аб праўдзе слоў маіх.
Дзімітрый я, ці не — што ім за справа?
Але я грунт для спрэчак і вайны.
Ім гэта вось і трэба, і цябе,
Мяцежніца, павер, маўчаць прымусяць.
Бывай.

МАРЫНА
Пастой, царэвіч. Вось цяпер
Я чую сказ не хлопца, а мужчыны.
І гэта, князь, мяне з табою мірыць.
Запальчывасць тваю табе дарую
І бачу зноў Дзімітрыя. Ды — слухай:
Пара, пара! прачніся, больш не думай;
Вядзі палкі паспешна на Маскву,
Ачысці Крэмль, сядай на трон маскоўскі —
Тады ка мне шлі шлюбнага пасла;
Ды — чуе бог — пакуль твая нага
На тронныя прыступкі не ступіла,
Пакуль табой не скінут Гадуноў,
Кахання слоў не буду слухаць я.
(Выходзіць.)

САМАЗВАНЕЦ
Не — мне лягчэй змагацца з Гадуновым,
Альбо хітрыць з прыдворным езуітам,
Як з дзеўчынай — чорт з імі; сіл няма:
І блытае, і ўецца, і паўзе,
Слізгоча з рук, сіпіць і пагражае.
Змяя, змяя!.. Не дарам я дрыжаў.
Яна мяне ледзь-ледзь не загубіла.
Але канец: назаўтра рушу раць.

Граніца Літоўская


(1604 года, 16 кастрычніка)
Князь Курбскі і Самазванец, абодва верхам. Палкі набліжаюцца да граніцы.

КУРБСКІ (прымчаўшыся першы)
Вось, вось яна! вось руская граніца!
Святая Русь, радзімы край! я твой!
Чужыны пыл з пагардай атрасаю
Ад ног маіх, п’ю смагла подых новы:
Ён родны мне! цяпер твая душа,
О бацька мой, уцешыцца, ў магіле
Апальныя абрадуюцца косці.
Забліскаў зноў наш прадзедаўскі меч,
Наш слаўны меч, гразьба Казані цёмнай,
Наш добры меч, слуга цароў маскоўскіх.
Цяпер ізноў пачне ён баляванне
За нашага гасудара-надзею!..

САМАЗВАНЕЦ (едзе ціха, апусціўшы галаву)
Шчаслівы ён! як чыстая душа
Ў ім радасцю і славай загуляла!
О, рыцар мой! зайздрошчу я табе.
Сын Курбскага, узрошчаны ў выгнанні,
Забыўшыся на ўсё, што вынес бацька,
Яго віну скупіўшы за магілай,
Ты кроў праліць за сына Іаана
Рыхтуешся; законнага цара
Вярнуць сваёй краіне... Праўда, князь,
Душа твая павінна весяліцца.

КУРБСКІ
Няўжо і ты не радуешся духам?
Вось наша Русь: яна твая, царэвіч.
Чакаюць там цябе людскія сэрцы:
Твая Масква, твой Крэмль, твая дзяржава.

САМАЗВАНЕЦ
Кроў руская, о Курбскі, пацячэ!
Вы за цара паднялі меч, вам добра.
Я-ж на братоў вяду вас; я Літву
Пазваў на Русь; ў чырвоную Маскву
Я ворагам паказваю дарогу!..
Няхай мой грэх падзе не на мяне,
А на цябе, Барыс-царазабойца!
У бой!

КУРБСКІ
У бой! І гора Гадунову!
(Імчацца. Палкі пераходзяць граніцу.)

Царская дума


ЦАР, патрыярх і баяры

ЦАР
Ці-ж можа быць? манах, растрыга збеглы
На нас вядзе злачынныя дружыны,
Дзярзае нам пісаць пагрозы! Годзі,
Вар’ята час уціхамірыць! Едзьце,
Ты, Трубецкой, і ты, Басманаў; помач
Цяпер маім патрэбна ваяводам.
Бунтаўшчыкі Чэрнігаў абступілі.
Ратуйце люд і места.

БАСМАНАЎ
Гасудар,
Трох месяцаў не пройдзе з гэтых дат,
Як замаўчыць і слых пра самазванца;
Яго ў Маскву мы прывязем, як звера
Заморскага, ў жалезнай клетцы Богам
Клянуся я.
(Выходзіць з Трубецкім.)

ЦАР
Мне свейскі гасудар
Цераз паслоў сваіх саюз прапанаваў;
Ды нам не трэ’ чужое дапамогі;
Сваіх людзей у нас даволі ратных,
Каб адагнаць і здраднікаў і ляхаў.
Адмовіў я.
Шчэлкалаў! Разаслаць
Ва ўсе канцы наказы ваяводам,
Каб на каня сядалі і людзей,
Як і даўней, на службу высылалі;
З манастыроў таксама адабраць
Грымотных слуг. Раней заўжды, бывала,
Калі бяда айчыне пагражала
Пустэльнікі на бітву самі йшлі;
Але цяпер не хочам іх трывожыць;
Хай моляцца за нас яны: такі
Загад цара і прыгавар баярскі.
Мы вырашым цяпер адно пытанне:
Вядома вам, што дзёрзкі самазванец
Здрадлівыя прамчаў усюды чуткі:
Усюды ім разосланыя пісьмы
Пасеялі трывогу і сумненне;
На вуліцах мяцежны бродзіць гоман,
Усе кіпяць... іх трэба астудзіць;
Хацеў-бы я ад кары папярэдзіць,
А чым і як? развяжам тут. Ты першы,
Святы айцец, што думаеш, скажы.

ПАТРЫЯРХ
Благаславен, найвышні, пасяліўшы
Дух літасці і ціхай цярплівосці
Ў душы тваёй, вялікі гасудар;
Ты грэшніку пагібелі не хочаш,
Чакаеш ты, няхай міне аблуда:
Яна міне, і сонца праўды вечнай
Асвеціць іх.
Твой верны багамолец,
У чыннасці людской суддзя не мудры,
Падаць табе асмельваецца голас:
Сын д’ябальскі, растрыга акаянны,
Праслыць умеў Дзімітрыем у людзях;
Ён імем тым царэвіча, як рызай
Украдзенай, прыкрыўся бессаромна:
Ды толькі варт яе садраць — і сам
Сароміцца сябе тады ён стане.
Сам бог дае на гэтае нам сродкі:
Дык ведай, цар: таму прайшло шэсць год,
Было тады, калі цябе гасподзь
Благаславіў на царскую дзяржаву —
Нейк да мяне ў вячэрні час аднойчы
Прышоў пастух, ужо зусім пажылы,
І дзіўную паведаміў мне тайну:
«З малых гадоў, сказаў ён, я аслеп,
І з тых часін не знаў ні дня, ні ночы
Да старасці: дарэмна я лячыўся
І зёлкамі і тайным намаўленнем;
Дарэмна я хадзіў на багамолле
Ў манастыры вялікіх цудатворцаў;
Дарэмна я вадою жыватворчай
З святых крыніц крапіў сляпыя вочы —
Не пасылаў гасподзь мне паратунку.
Нарэшце я зусім надзею страціў,
Да слепаты прывык, і нават сны
Мне бачаных прадметаў не яўлялі,
А сніліся мне толькі гукі. Раз
Я ў моцным сне дзіцячы голас чую,
Гаворыць мне: устань, дзядок, ідзі
У Вугліч ты, у храм святога Спаса;
Там над маёй магілкай памаліся,
Бог літасны — і я табе дарую.
— Хто-ж будзеш ты? — я запытаў той голас.
— Царэвіч я Дзімітрый. Цар нябесны
Прыняў мяне ў лік ангелаў сваіх,
І я цяпер вялікі цудатворац!
Ідзі, стары! — Прачнуўся я і думаў:
Што-ж? можа быць на самай справе, бог
Мне познае даруе прасвятленне.
Пайду — і я пайшоў у шлях далёкі.
Вось я дайшоў да Вугліча, заходжу
Ў святы сабор, і слухаю імшу
І, гаручы душой руплівай, плачу
Так соладка, нібыта слепата
З вачэй маіх слязамі выцякала.
Калі народ выходзіць стаў, я ўнуку
Сказаў: Іван, вядзі мяне к труне
Царэвіча Дзімітрыя. І хлопчык
Павёў мяне — і толькі над труною
Я ціхую малітву згаварыў,
І слепата прапала; я пабачыў
І божы свет, і ўнука, і магілку».
Вось, гасудар, што расказаў мне старац.
(Агульная збянтэжанасць. На працягу гэтай прамовы Барыс некалькі разоў выцірае твар хусткаю.)
Я пасылаў тады знарок у Вугліч,
І зведана, што многа там пакутных
Знаходзіла сабе таксама паратунак
Каля святой царэвіча труны.
Я раджу так: яго святыя мошчы
Прынесці ў Крэмль, паставіць у саборы
Архангельскім; народ убачыць ясна
Тады падман бязбожнага злачынца,
І знікне моц нячыстага, як пыл.
(Усе маўчаць.)

КНЯЗЬ ШУЙСКІ
Святы айцец, хто ведае шляхі
Найвышняга? Не мне яго судзіць.
Нятленны сон і сілу цудатворства
Ён можа даць царэвіча астанкам,
Ды толькі след людскую пагалоску
Даследаваць рупліва і разважна;
А хіба-ж нам у гэты бурны час
Аб гэтакай вялікай справе думаць?
Ці не ўпікнуць, што мы святыню дзёрзка
Прыладаю людскіх справункаў робім?
Народ і так хістаецца страшэнна,
І так ужо хапае шумных чутак;
Не час людзей галовы хваляваць
Негаданай такою навіною.
Сам бачу я, што неабходна слых,
Рассеяны растрыгаю, прыкончыць,
Ды іншыя, больш простыя, ёсць сродкі.
Так, гасудар, — калі дазволіш ты,
Я сам на пляц народны паяўлюся,
Угавару, усарамлю вар’яцтва
І выкрыю ліхі падман брадзягі.

ЦАР
Хай будзе так! Вялікі патрыярх,
Прашу цябе зайсці ў мае пакоі:
Мне гутарка твая патрэбна сёння.
(Выходзіць. За ім і ўсе баяры.)

АДЗІН БАЯРЫН (ціха другому)
Заўважыў ты, як гасудар бляднеў
І пот буйны з яго аблічча капаў.

ДРУГІ
Я — ведаеш — не мог узняць вачэй,
Не мог дыхнуць, не толькі зварухнуцца.

ПЕРШЫ
А выручыў князь Шуйскі. Маладзец!

Раўніна поблізу ад Ноўгарада-Северскага


(1604 года, 21 снежня)
Бітва

ВАЯКІ (бягуць у бязладдзі)
Бяда, бяда! царэвіч! Ляхі! вось яны! вось яны!
(Уваходзяць капітаны Маржарэт і Вальтэр Розен.)

МАРЖАРЭТ
Куды, куды? Allons...1 пашля назад!

АДЗІН З БЕГЛЯКОЎ
Сам пашля, калі маеш ахвоту, пракляты басурман.

МАРЖАРЭТ
Quoi? quoi?2

ДРУГІ
Ква! ква! добра табе, жаба заморская, квакаць на рускага царэвіча; а мы-ж праваслаўныя.

МАРЖАРЭТ
Qu‘est-ce á dire ргаvоslаvnі?.. Sacrés gueux, maudite canaille! Mordieu, mein Herr, j‘enrage: on dirait que ça n‘a pas de bras pour frapper, çа n‘a que des jambes pour foutre le camp .

ВАЛЬТЭР РОЗЕН
Es ist Schande .
МАРЖАРЭТ
Ventre-saint-gris! je ne bouge plus d‘un pas — puisque le vin est tiré, il faut le bolre. Qu‘en dites-vous, mein Herr?

В. РОЗЕН
Sie haben Recht.

МАРЖАРЭТ
Tudieu, il у fait chaud! Ce diable de Samoswanetz, comme ils 1‘appellent, est un bougie qui a du poil au cul. Qu‘en pensez-vous, mein Herr?

В. РОЗЕН
Oh, ja!

МАРЖАРЭТ
He! voyez donc, voyez done! L'action s'engage sur les derrleres de I'ennemi. Ce doit etre le brave Basma- noff qui aurait fait une sortie.
В. РОЗЕН
Ich glaube dasi.1
(Уваходзяць немцы.)

 
МАРЖАРЭТ
На. ha! void nos Allemands. Messieurs!.. Mein Herr, •dites ieur done de se rallier et, sacrebleu, chargeonsl
в. РОЗЕН
Sehr gut. Halt.
(Немцы строяцца.)
Marsch!
(Немцы ідуць.)
Hilf Gott
(Бойка. Рускія зноў уцякаюць.)

ЛЯХІ
Перамога! Перамога! Слава цару Дзімітрыю!

ДЗМІТРЫЙ (верхам)
Даць адбой! Мы перамаглі. Даволі; беражыце рускую кроў.
Адбой!
(Трубяць, б’юць барабаны.)

Пляц перад саборам у Маскве


НАРОД

АДЗІН
Ці хутка цар выйдзе з сабора?

ДРУГІ
Імша скончылася; цяпер ідзе малебства.

ПЕРШЫ
Што? Ужо пракліналі таго?

ДРУГІ
Я стаяў на паперці і чуў, як дыякан закрычаў: Грышка Атрэп’еў — Анафема!

ПЕРШЫ
Няхай сабе праклінаюць; царэвічу справы нямала Атрэп’ева.

ДРУГІ
А царэвічу спяваюць цяпер вечную памяць.

ПЕРШЫ
Вечную памяць жывому! От ужо будзе ім, бязбожнікам!

ТРЭЦІ
Чуеш! шум. Ці не цар?

ЧАЦВЕРТЫ
Не; гэта юрадзівы.
(Уваходзіць юрадзівы ў жалезнай шапцы, абвешаны вярыгамі, абкружаны хлапчукамі.)

ХЛАПЧУКІ
Міколка, Міколка — жалезны каптур!.. тррррр...

БАБУЛЯ
Адчапіцеся, чарцяняты, ад блажэннага. — Памаліся, Міколка, за мяне грэшную.

ЮРАДЗІВЫ
Дай, дай, дай капеечку.

БАБУЛЯ
Вось табе капеечка, памяні-ж мяне.

ЮРАДЗІВЫ (садзіцца на зямлю і спявае)
Месяц свеціць,
Коцік плача,
Юрадзівы, ўставай,
Богу памаліся!
(Хлапчукі абкружаюць яго зноў.)

АДЗІН З ІХ
Добры дзень, Міколка, чаму-ж ты шапкі не здымеш? (Шчоўкае яго па жалезнай шапцы.) От, звоніць!

ЮРАДЗІВЫ
А ў мяне капеечка ёсць.

ХЛАПЧУК
Няпраўда! Ну, пакажы.
(Вырывае капеечку і ўцякае.)

ЮРАДЗІВЫ (плача)
Узялі маю капеечку, крыўдзяць Міколку!

НАРОД
ЦАР, цар ідзе.
(Цар выходзіць з сабора. Баярын паперадзе дорыць жабракоў. Баяры.)

ЮРАДЗІВЫ
БАРЫС, Барыс! Міколку дзеці крыўдзяць.

ЦАР
Надарыць яго. Чаго ён плача?

ЮРАДЗІВЫ
Міколку маленькія дзеці крыўдзяць... Загадай іх зарэзаць, як зарэзаў ты маленькага царэвіча.

БАЯРЫ
Прэч ідзі, дурань! схапіце дурня!

ЦАР
Пакіньце яго. Маліся за мяне, бедны Міколка. (Выходзіць.)

ЮРАДЗІВЫ (яму ўслед)
Не, не! нельга маліцца за цара Ірада — багародзіца не дазваляе.

Сеўск


САМАЗВАНЕЦ, абкружаны сваімі

САМАЗВАНЕЦ
Палонны дзе?

ЛЯХ
Тут.

САМАЗВАНЕЦ
Клікаць да мяне.
(Уваходзіць рускі палонны.)

САМАЗВАНЕЦ
Хто ты?

ПАЛОННЫ
Ражноў, маскоўскі дваранін.

САМАЗВАНЕЦ
Ці ты даўно на службе?

ПАЛОННЫ
З месяц будзе.

САМАЗВАНЕЦ
Не сорамна, Ражноў, што на мяне
Ты меч узняў?

ПАЛОННЫ
Не наша гэта воля.

САМАЗВАНЕЦ
Пад Северскім змагаўся?

ПАЛОННЫ
Я прыехаў
Праз тыдні два пасля баёў з Масквы.

САМАЗВАНЕЦ
Што Гадуноў?

ПАЛОННЫ
Ён вельмі быў стрывожан
Прайгранаю сутычкаю і ранай
Мсціслаўскага, і Шуйскага паслаў
Начальстваваць над войскам.

САМАЗВАНЕЦ
А нашто
Адклікаў ён Басманава ў Маскву?

ПАЛОННЫ
ЦАР даў яму за выслугі пашану
І золата. Басманаў там у думе
Цяпер сядзіць.

САМАЗВАНЕЦ
Ён войску больш патрэбен.
Ну, што ў Маскве?

ПАЛОННЫ
Ды, дзякуй богу, ціха.

САМАЗВАНЕЦ
Чакаюць нас?

ПАЛОННЫ
Бог ведае. Пра гэта
Там гаварыць цяпер не вельмі могуць.
Каму язык адрэжуць, а каму
І галаву — вось прыказка якая!
Што дзень, то й кроў. У турмах поўным-поўна.
Збярэцца дзе трох чалавек на пляц —
Глядзіш — ужо лазутчык там і ўецца,
А гасудар у вольную часіну
Даносчыкаў дапытывае сам.
Якраз бяда; дык лепш ужо маўчаць.

САМАЗВАНЕЦ
Зайздроснае жыццё людзей Барыса!
Ну, войска што?

ПАЛОННЫ
Што з ім? Хлеб ёсць, адзета,
Здаволена.

САМАЗВАНЕЦ
Але ці шмат яго?

ПАЛОННЫ
Бог ведае.

САМАЗВАНЕЦ
А будзе тысяч трыццаць?

ПАЛОННЫ
Ды набярэш і тысяч пяцьдзесят.
(Самазванец задумваецца. Навакольныя глядзяць адзін на аднаго.)

САМАЗВАНЕЦ
Ну! Пра мяне што кажуць там у вас?

ПАЛОННЫ
А кажуць так аб міласці тваёй,
Што ты, маўляў, (не гневайся) і злодзей,
А маладзец.

САМАЗВАНЕЦ (смеючыся)
Дык гэта я на справе
Ім давяду: сябры, не будзем больш
Мы Шуйскага чакаць; віншую вас:
Назаўтра бой.
(Выводзіць.)

УСЕ
Няхай жыве Дзмітрый!

ЛЯХ
Назаўтра бой! Іх тысяч пяцьдзесят,
А нас усіх ці ёсць пятнаццаць тысяч:
Ён звар’яцеў.
 

ДРУГІ
Не важна, друг: паляк
Адзін пяцьсот маскалеў клікнуць можа.

ПАЛОННЫ
Так, выклічаш! а як да бойкі дойдзе,
Дык уцячэш ад аднаго, хвалько.

ЛЯХ
Калі-б ты меў, палоннік дзёрзкі, шаблю,
Дык я цябе (паказваючы на сваю шаблю) вось гэтым-бы суняў.

ПАЛОННЫ
Наш брат русак абыйдзецца без шаблі:
Вось гэтага (паказваючы кулак) не хочаш ты, бязмозгі!
(Лях горда глядзіць на яго і моўчкі адыходзіцца. Усе смяюцца.)

Лес


САМАЗВАНЕЦ, Пушкін
(Наводдаль ляжыць здыхаючы конь.)

САМАЗВАНЕЦ
Мой бедны конь! як лёгка паімчаў
Сягоння ён ў апошняе змаганне,
І ранены як шпарка нёс мяне.
Мой бедны конь.

ПУШКІН (сам сабе)
Ну, вось чаго шкадуе,
Свайго каня! калі ўсё наша войска
Пабіта ўшчэнт!

САМАЗВАНЕЦ
Паслухай, можа быць,
Ад ран сваіх ён толькі замарыўся
І адпачне.

ПУШКІН
Куды там! ён здыхае.

САМАЗВАНЕЦ (ідзе да свайго каня)
Мой бедны конь!.. Ну, што-ж? вуздэчку зняць
Ды адшпіліць папругу. Хай на волі
Падохне ён.
(Раскілзвае і рассёдлывае каня. Уваходзіць некалькі ляхаў.)
Дзень добры вам, паны!
Што-ж Курбскага не бачу паміж вамі?
Я бачыў, як ён сёння ў гушчу боя
Урэзаўся; шмат шабель малайца,
Што гнуткае калоссе, абляпіла;
Ды меч яго вышэй за ўсе ўзнімаўся,
А грозны крык ўсе крыкі заглушаў.
Дзе-ж рыцар мой?

ЛЯХ
Ён лёг на полі смерці.

САМАЗВАНЕЦ
Хвала яму й спакой яго душы!
Як мала нас ад бітвы засталося.
О, здраднікі! злачынцы-запарожцы,
Праклятыя! вы, вы згубілі нас.
Не вытрымаць і трох хвілін адпору!
І дам-жа ім! дзесятага павешу,
Разбойнікі!

ПУШКІН
Хто-б там ні вінават,
А ўсё-такі мы начыста разбіты,
Мы знішчаны.

САМАЗВАНЕЦ
А выйгрыш быў за намі;
Я змяў было перадавую раць —
Ды немцы нас адбілі ніштавата;
А малайцы! дальбог-жа, малайцы,
Люблю такіх; абавязкова после
Я з іх складу асобую дружыну.

ПУШКІН
А дзе вось нам сягоння начаваць?

САМАЗВАНЕЦ
Ды ў лесе, тут. Чым гэта не начлег?
Ледзь стане днець — пайшлі; абед у Рыльску.
Дабранач вам.
(Лажыцца, кладзе сядло пад галаву і засынае.)

ПУШКІН
Прыемны сон, царэвіч!
Разбіты ўшчэнт, шукаючы ратунку,
Бяспечны ён, як тое дзіцянё:
Бароніць бог святы яго, вядома;
І мы, сябры, не станем сумаваць.

Масква. Царскія палацы


БАРЫС, Басманаў

ЦАР
Ён зможаны, што за карысць з таго?
Мы марную дасталі перамогу.
Ён зноў сабраў рассеянае войска
І нам са сцен Пуціўля пагражае.
А што між тым героі нашы робяць?
Стаяць ля Кром, дзе кучка казакоў
Смяецца з іх з-пад згніўшай агарожы.
Вось слава! не, я імі не здаволен;
Пашлю цябе камандаваць над імі;
Начальнікам не род, а розум будзе;
Хай пыха іх аб месніцтве сумуе;
Час занядбаць на скаргі знатнай чэрні
І звычаі пагібельныя знішчыць.

БАСМАНАЎ
Ах, гасудар, сто раз благаславёны
Той будзе дзень, калі Разрадаў кнігі
Са сваркамі, з пагардай радаслоўнай
Згараць агнём.

ЦАР
Дзень гэты блізка ўжо;
Дай толькі мне спярша уціхамірыць
НАРОДу бунт.

БАСМАНАЎ
Што на яго глядзець;
Заўжды народ да бунту тайна схільны:
Так цуглі конь ліхі свае грызе,
На бацьку сын за ўладу так злуецца,
І што-ж? канём кіруе смела коннік,
І сынам сам загадывае бацька.

ЦАР
Часамі конь скідае ездака,
У бацькі сын не вечна ў поўнай волі.
Мы строгасцю адно няспыннай можам
Стрымаць народ. Так думаў Іаан,
Над бурамі ўладар, і цар вялікі,
Так думаў і яго няшчадны ўнук.
Не, літасці народ не адчувае:
Рабі дабро — не выкажа падзякі,
Рабуй, карай — табе не будзе горай.
(Уваходзіць баярын.)
Што?

БАЯРЫН
Прывялі гасцей там чужаземных.

ЦАР
Іду прыняць; Басманаў, пачакай,
Застанься тут: з табой яшчэ мне трэба
Пагаварыць.
(Выходзіць.)

БАСМАНАЎ
Высокі дух дзяржаўны.
Дай бог яму з Атрэп’евым праклятым
Управіцца, і многа, многа ён
Яшчэ дабра Расіі прынясе.
Ён важную для нас задумаў думу.
Не трэба ёй даваць астыць. Якая
Прастора мне адчыніцца, калі
Ён зломіць рог баярству радавому!
Сапернікаў у бітвах я не маю;
Ля трона царскага я стану першы...
І можа быць... Ды што за дзіўны шум?
(Трывога. Баяры, прыдворныя, прыслужнікі бязладна бягуць, сустракаюцца і шэпчуцца.)

АДЗІН
Па лекара!

ДРУГІ
Хутчэй да патрыярха!

ТРЭЦІ
Царэвіча, царэвіча заве!

ЧАЦВЕРТЫ
Духоўніка!

БАСМАНАЎ
Што сталася такое?

ПЯТЫ
ЦАР захварэў.

ШОСТЫ
ЦАР памірае.

БАСМАНАЎ
Божа!

ПЯТЫ
На троне ён сядзеў і раптам паў —
Кроў хлынула і з рота і з вушэй,
(Цара выносяць на крэсле; уся царская сям’я, усе баяры.)

ЦАР
Ідзіце ўсе — пакіньце аднаго
Царэвіча са мною. (Усе выходзяць.) Паміраю;
Абдымемся, бывай, мой сын: цяпер
Ты царстваваць пачнеш... о, божа, божа!
Перад табой з’яўлюся зараз — і душы
Мне некалі ачысціць пакаяннем.
Ды чую я — мой сын, ты мне дарожай
За ўласнае душы збавенне... Што-ж!
Падданым я радзіўся, і памерці
Падданым мне ў нязнанасці патрэбна-б;
А я дасяг вяршынь улады — чым?
Лепш не пытай. Даволі: ты нявінны,
Ты царстваваць цяпер па праву станеш,
Я сам за ўсё адказ дам богу.
О, любы сын, не спакушайся марна,
Не асляпляй вачэй сваіх самохаць —
У бурны час дзяржаву ты прыймаеш:
Шмат небяспек рыхтуе самазванец,
Узброены жахлівым імем ён...
Я, з даўніх год да кіраўніцтва звычны,
Мог утрымаць мяцеж і неспакой.
Перада мной яны дрыжалі з страху;
Узвысіць тон не важылася здрада.
Ты-ж малады, нявопытны ўладар,
Як кіраваць ты будзеш пад навалай,
Тушыць мяцеж і хітраваць са здрадай?
Бог — літасны! Ён навучае юнасць,
Ён слабасці дае магутнасць... Слухай:
Дарадніка па-першае вазьмі
Надзейнага, халодных, сталых год,
Любімага народам — між баярства
Паважнага пародаю ці славай —
Хоць Шуйскага. Умелы зараз трэба
Войск правадыр: Басманава пашлі
І з цвёрдасцю знясі баяр папрокі.
Ты з год малых сядзеў са мной у думе,
Ты ведаеш дзяржаўны лад сучасны;
Не адмяняй парадку спраў. Прывычка —
Душа дзяржаў. Я вымушаны быў
Зноў аднавіць апалы, кары — можаш
Іх адмяніць; цябе благаславяць
Так, як твайго благаслаўлялі дзядзьку,
Калі пасад ён Грознага прыняў.
Праз нейкі час і пакрысе ізноўку
Дзяржаўныя паводдзі напінай.
Цяпер аслаб, але зусім не кідай —
Ласкавы будзь, даступны чужаземцам,
Даверліва паслугі іх прыймай.
Са строгасцю хавай царкоўны статут;
Маўклівы будзь; не след, каб царскі голас
Губляўся так, дарэмна, у паветры;
Як звон святы, ён мусіць спавяшчаць
Вялікі жаль ці радаснае свята.
Мой любы сын! табе ідуць гады,
Калі нам кроў хвалюе твар жанчын.
О, беражы святую чыстату
Нявіннасці і гордую саромнасць:
Хто пачуццём у грэшнай асалодзе
Прывык у дні юнацкія тануць,
Той, вырасшы, пануры і няшчадны,
І без пары яго цямнее розум.
Будзь галавой заўжды ў сваёй сям’і;
Да маткі будзь, як сын, а царствуй сам,
Ты муж і цар; любі сястру —
Ты ёй адзін заступнік застаешся.

ФЕОДАР (на каленях)
Не, не — жыві і царствуй доўгавечна:
НАРОД і мы загінем без цябе.

ЦАР
Канец прышоў, — мае цямнеюць вочы,
І холадам магільным тхне...
(Уваходзіць патрыярх, свяціцелі, за імі ўсе баяры. Царыцу вядуць пад рукі, царэўна рыдае.)
Хто там?
А! схіма... так! святое пастрыжэнне...
Ударыў час! ідзе ў манахі цар —
І цёмная труна мне будзе келляй...
Пастой крыху, вялікі патрыярх,
Я цар яшчэ: паслухайце, баяры:
Вось той, каму я пакідаю царства;
Цалуйце крыж Феодару... Басманаў,
Сябры мае... пры смерці вас малю
Яму служыць стараннямі і праўдай!
Ён ‘шчэ такі і малады і чысты.
Клянецеся?

БАЯРЫ
Клянёмся.

ЦАР
Я здаволен.
Даруйце-ж мне спакусы і грахі
І вольныя і патайныя крыўды...
Святы айцец, набліжся, я гатоў.
(Пачынаецца абрад пострыгу. Жанчын непрытомных выносяць.)

Стаўка


БАСМАНАЎ уводзіць Пушкіна.

БАСМАНАЎ
Зайдзі сюды і гавары спакойна.
І так, цябе ка мне ён пасылае?

ПУШКІН
Табе сваю ён дружбу абяцае
І першы сан, пасля яго, у царстве.

БАСМАНАЎ
Дык я-ж і так Феодарам высока
Узнесены; начальствую над войскам:
Ён для мяне зняважыў чын разрадны
І гнеў баяр — я прысягаў яму.

ПУШКІН
Ты прысягаў наследніку кароны
Законнаму; а раз жыве другі,
Законны больш?..

БАСМАНАЎ
Паслухай, Пушкін, досыць,
Не гавары ты глупства, мне вядома,
Хто ён такі.

ПУШКІН
Расія і Літва
Дзімітрыем яго даўно прызналі,
А зрэшты я за гэта не стаю.
Быць можа ён Дзімітрый і сапраўдны,
Быць можа ён і самазванец; толькі
Я ведаю, што рана, а ці позна
Яму Маскву адступіць сын Барысаў.

БАСМАНАЎ
Пакуль стаю за юнага цара,
Да тых часоў ён трона не пакіне;
Палкоў у нас даволі, дзякуй богу!
Я іхні дух адоляй узніму.
А вы, каго супроць мяне пашлеце?
Мо’ казака Карэлу? можа Мнішка?
Ды колькі вас? не больш як восем тысяч.

ПУШКІН
Змыліўся ты: і тых не набярэш.
Я сам скажу, што войска наша дрэнь,
Што казакі адно рабуюць сёлы,
Што палякі ўсё хваляцца ды п’юць,
А рускія... ды што і гаварыць —
Перад табой я хітраваць не буду;
Мы, ведаеш, чым моцныя, Басманаў,
Не войскам, не, не польскай дапамогай,
А думкаю — так, думкаю народнай.
Дзімітрыя ты помніш трыумфат
І мірныя яго ўсе заваёвы,
Калі яму усюды без баёў
Здаваліся слухмяна гарады,
А ваявод упартых чэрнь вязала?
Ты бачыў сам: ахвотна вашы раці
З ім біліся; пры кім-жа? пры Барысе!
Хіба-ж цяпер?.. о, не, спрачацца позна
І раздзьмухаць халодны попел бойкі:
З усім тваім і розумам і воляй
Не ўстоіш ты; дык ці не лепш табе
Даць першаму разумны, добры прыклад,
Дзімітрыя царом апавясціць
І тым яму навекі дагадзіць.
Як думаеш?

БАСМАНАЎ
Уведаеце заўтра.

ПУШКІН
Зрабі.

БАСМАНАЎ
Бывай!

ПУШКІН
Падумай-жа, Басманаў.
(Выходзіць.)

БАСМАНАЎ
Ён праўду мне казаў; усюды здрада:
Што мне рабіць? Няўжо чакаць далей,
Каб і мяне бунтаўшчыкі звязалі
І выдалі Атрэп’еву? Мо’ лепей
Бурлівы бег патока папярэдзіць,
Самому стаць... Але зламаць прысягу!
Але навек мне ганьбу заслужыць!
Даверлівасць манарха маладога
Прадажніцтвам жахлівым аплаціць!
Апальнаму выгнанніку не цяжка
Аб мецяжы і змове меркаваць,
А мне, а мне! цароваму ўлюбёнцу...
Ды смерць... ды сан... народныя пакуты...
(Задумваецца.)
Сюды! хто там? (Свішча) Каня! трубіце збор.

Лобнае месца


Пушкін ідзе, абкружаны народам.

НАРОД
Царэвіч нам баярына прыслаў.
Паслухаем, што скажа нам баярын.
Сюды! сюды!

ПУШКІН (на амбоне)
Маскоўскі люд мястовы!
Вам кланяцца царэвіч загадаў,
(Кланяецца.)
Вядома вам, як выратаван богам
Царэвіч наш ад рук забойцы быў;
Караць свайго злачынца ён ішоў,
Але сам бог Барыса пакараў.
Дзімітрыю скарылася Расія;
БАСМАНАЎ сам, раскаяўшыся шчыра,
Прывёў палкі даваць цару прысягу.
Дзмітрый вам нясе спакой і любасць.
Хіба-ж цяпер на радасць Гадуновым
Узнімеце руку вы на цара
Законнага, на ўнука Манамаха.

НАРОД
Вядома, не.

ПУШКІН
Маскоўскі люд мястовы!
Свет ведае, як многа вы цярпелі
Пад лютаю уладаю чужынца:
Вы зведалі падаткі, кару, ганьбу,
І голаду, і працы паспыталі.
Дзімітрый-ж вас намеран надарыць,
Баяр, дваран, людзей прыказных, ратных,
Гасцей, купцоў — і добры ўвесь народ.
Ці-ж станеце ўпірацца неразумна
І ласкі той ганорліва ўнікаць?
Але ідзе ён на дзяржаўны трон
Сваіх бацькоў — у атачэнні грозным.
Не гневайце-ж цара і чуйце бога,
Цалуйце крыж законнаму ўладыку;
Скарыцеся і зараз жа пашліце
К Дзімітрыю у стан мітрапаліта,
Баяр, дзякоў і выбарных людзей,
Хай б’юць чалом гасудару і бацьку.
(Сходзіць. Шум народны.)

НАРОД
Што гаварыць? Баярын праўду кажа.
Няхай жыве Дзімітрый, бацька наш!

МУЖЫК З АМБОНА
Народ! У Крэмль! У царскія палацы!
Ступай! вязаць Барысава шчанё!

НАРОД (імчыцца натоўпам)
Вязаць! тапіць! няхай жыве Дзімітрый!
Хай гіне род Барыса Гадунова!

Крэмль. Дом Барысаў


Варта ля ганку.
Феодар пад акном.

ЖАБРАК
Падарыце няшчаснаму, богам малю!

ВАРТА
Ідзі прэч; забаронена размаўляць з вязнямі.

ФЕОДАР
Ідзі, стары, я бяднейшы за цябе, ты на волі.
(Ксенія пад пакрывалам падыходзіць таксама да акна.)

АДЗІН З НАРОДУ
Брат ды сястраі Бедныя дзеці, як птушкі ў клетцы.

ДРУГІ
Знайшоў каго шкадаваць! Праклятае племя!

ПЕРШЫ
Бацька быў злачынец, а дзеткі невінаватыя.

ДРУГІ
Яблыка ад яблыні недалёка падае.

КСЕНІЯ
Братка, братка, здаецца, да нас баяры ідуць.

ФЕОДАР
Гэта Галіцын, Масальскі. Другія мне незнаёмыя.

КСЕНІЯ
Ах, братка, сэрца замірае.
(Галіцын, Масальскі, Малчанаў і Шэрафедзінаў. За імі трох стральцоў.)

НАРОД
Расступіцеся, расступіцеся. Баяры ідуць.
(Яны заходзяць у дом.)

АДЗІН З НАРОДУ
Чаго яны прышлі?

ДРУГІ
А пэўна прыводзіць да прысягі Феодара Гадунова.

ТРЭЦІ
Сапраўды? чуеш, які ў доме крык! Трывога! Б’юцца!

НАРОД
Чуеш? віск! гэта жаночы голас — зайдзем! Дзверы замкнёны — крыкі заціхлі.
(Адчыняюцца дзверы. Масальскі з’яўляецца на ганку.)

МАСАЛЬСКІ
Народ! Марыя Гадунова і сын яе Феодар атруціліся. Мы бачылі іх нежывыя трупы.
(Народ у жудасці маўчыць.)
Што-ж вы маўчыце? крычыце: няхай жыве цар Дзімітрый Іванавіч!

Народ нямотна маўчыць.