Перайсці да зместу

Барвенак (1924)/Трывогі і надзеі/Вянок

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На паншчыне Вянок
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1924 год
У турме
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вянок (Гурло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЯНОК.

Памяці т. Станілевіча,

Цябе ад даўных пор я знаў;
Тады я толькі пачынаў
Жыцьцю, як казцы, аддавацца,
А ты пачаў ужо змагацца
З няпраўдай, крыўдаю людзей,
І моцны крык з тваіх грудзей
Скрозь ціш нябыцьця зваў к імкненьню,
Нам душы грэў, як-бы праменьні
Вясною грэюць ніў пасеў.
Ты жыць хацеў, любіць умеў
Народ свой з доляю нікчэмнай, —
І шлях твой пройдзен не дарэмна,
Хоць рана ты яго прайшоў;
Хоць рэха чутна кайданоў
Мінулых дзён пагарды, зьдзеку…
Парог пастаўлен чалавеку
Да шчасьця поўнага яго, —
Ўсё-ж каласы зярня твайго
Растуць на роднай нашай ніве,
А жаль — ня будзеш ты пры жніве
Паміж сваіх братоў сяброў.
Ад іх ў магілу адыйшоў
Ты ў раньні час свайго усходу
І адраджэннасьці народу;
І да магілы сьвежы сьлед
Яшчэ ня крые чырван цьвет,
Пасаджаны рукою братняй,
І прад табой свой доўг астатні
З краіны смутнай і чужой
Вянок ўскладу я гэты свой, —
Ён горкі жаль душы і сэрца,
Што па табе з трывогай б‘ецца.

Менск. 1922.