Байрану
Выгляд
Байрану Верш Аўтар: Язэп Пушча 1936 Крыніца: https://knihi.com/Jazep_Pusca/Viersy.html#chapter30 |
Без песень салаўю
Не жыць ў зацішку рэк;
Брытанію сваю
Пакінуў ён навек.
Пагардлівы і горды,
Вянок да славы нёс.
«Не жыць, гібець між лордаў, —
Які жахлівы лёс!
Іграйце марш, музыкі,
З дарогі, лорды, прэч!»
Паэт-салдат вялікі
Узняў за волю меч.
З Балканаў веюць ветры,
Даносяць пах крыві.
«Хутчэй на поўдзень светлы,
Мой карабель, плыві!
Хай воля прыйдзе з боем
У сонечны ваш край.
Мая святая зброя,
Тыранаў пакарай!
Мужайцеся, спартанцы!
Гартуйце ў ноч мячы.
Да зброі, ў бой, паўстанцы,
Тыранам не ўцячы!
Сальюцца нашы рэкі.
Шумі, шумі, прыбой!
Ўставайце смела, грэкі,
З тыранамі на бой!»