Перайсці да зместу

А мне ўсё роўна, а ці буду… (Шаўчэнка/Бядуля)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
А мне ўсё роўна, а ці буду…
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
1847
Арыгінальная назва: Мені однаково, чи буду
Пераклад: Змітрок Бядуля

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А мне ўсё роўна, а ці буду
На Украіне жыць ці не.
Ці хто ўспомніць, ці забудуць
Ў чужой халоднай старане —
Мне ўсё адно — ўсё роўна мне.
Ў няволі вырас, між чужымі,
І, неаплаканы сваімі,
Ў няволі, плачучы, памру,
І ўсё з сабою забяру —
Малога следу не пакіну
На нашай слаўнай Украіне,
На нашай — не сваёй зямлі.
І не спамяне бацька з сынам,
Не скажа сыну ён: «Малі,
Малі ты бога: за Ўкраіну
Яго замучылі калісь».
І мне аднолькава, ці будзе
Той сын маліціся, ці не…
Ды не ўсё роўна для мяне,
Як Украіну злыя людзі
Прыспяць, зладзеі, і яе
Ў агні, абкрадзеную, збудзяць…
Ох, не ўсё роўна для мяне.

У каземаце 1847