Перайсці да зместу

А. Дудар. «Вежа» (Гародня)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
А. Дудар. «Вежа»
Крытыка
Аўтар: Алесь Гародня
1928
Крыніца: Полымя. — 1928. — №6

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А. Дудар. "Вежа". Вершы. Выданьне БДВ. Менск—1928 г., ст. 59. Цана 65 кап.

"Вежа", — ужо пяты па ліку зборнік вершаў Алеся Дудара. У сэнсе тэматыкі, як і ў папярэдніх зборніках, у „Вежы" лёгка заўважыць шчырую любоў аўтара да роднага краю. Нават пішучы пра далёкі Сібір ён і там шукае свайго роднага, беларускага, і ў першую чаргу сваіх зямлякоў-беларусоў:

„І працы будзе тут багата!..
Ну стане сіл, сасмагне кроў.
Беларусы збудуюць хаты
На цаліне другіх краёў..." (ст. 49).

Нават суровы пэйзаж Сібіру і той наводзіць яго на думку аб родным, далёкім, пакінутым:

"І над тайгой, як стужка сталі,
Небеларуская зара.
Чамусьці моўкне сьмех і гоман:
Штось прымушае разважаць —
Страх перад будучыняй цёмнай
Ці па пакінутаму жаль..." (ст. 48).

У той-жа час у зборніку зусім выразна выступае і клясавая лінія Алеся Дудара, яскрава выступае ўся нянавісьць яго да паноў, да абшарнікаў, да буржуазіі, якая яшчэ дагэтуль трымае ў сваіх кіпцюрох амаль не палову нашае бацькаўшчыны. І братом сваім, якія стогнуць у белапанскай няволі, прысьвечаны не адзін з радкоў "Вежы".

Праўда, часам у старых яго вершах, перадрукованых у гэтым зборніку, сустракаюцца ня зусім здаровыя ноткі. Узяць хаця-ж бы для прыкладу верш "Полацак" (ст. 7).

"Чужынцы з ніў тваіх зьбіралі зерне,
Карал гневам і вайной.
Цябе рэспублікі, цябе імпэрыі
Тапталі кованай пятой".

Аднак трэба заўважыць, што Дудар дужа добра разумее і ў большасьці сваіх вершаў, прысьвечаных гэтай тэме, тлумачыць дужа ясна, што справа ў канцы канцоў ня ў "чужынцах", а ў клясавай існасьці ўлады окупантаў, якія апаноўвалі наш край цалкам або паасобныя яго часткі ў той ці іншы пэрыод нашае гісторыі. Замаўчваньне клясавае існасьці гэтых "чужынцаў" носіць у Дудара выпадковы характар, сустракаецца толькі ў старых яго вершах, і ні ў якім разе не зьяўляецца характэрным для творчасьці гэтага пісьменьніка. Увесь зборнік "Вежа" — вельмі суцэльны і паказвае, што такія памылкі ў Дудара ўжо ў мінулым, як у мінулым у яго і тыя пэсымістычныя настроі, што так выразна выступалі ў некаторых вершах з папярэдняга яго зборніку "І залацісьцей і сталёвей".

Большасьць вершаў, зьмешчаных Дударом у "Вежы", прасякнуты бадзёрасьцю. Дудар верыць, што прыдуць сьветлыя "палаючыя" дні:

"Яны прыдуць ў вагнях і іскрах,
Іх строй — хто адолее разьбіць" (ст. 25).

Дудар з надзеяй глядзіць на будучыню, бо ён ведае, што:

"На сьценах Варшаўскіх вакзалаў
Рахункі напішам мы стальлю штыкоў
Пад водблеск сусьветных пажараў" (ст. 23).

Ён верыць, што:

"Я веру: прыгажэйшы ў сьвеце край
Для будучыны дарам не загіне —
І сотні Рафаэляў і Чэліні
У фарбах бацькаўшчыны нашай дагараць
(ст. 12).

Таму-та так і рвецца Дудар у бой з ворагамі, таму-та не лякаюць яго ўдары ворагаў у сучаснасьці. Няхай забіваюць яны зараз нашых прадстаўнікоў за мяжою, няхай зьдзекваюцца над нашымі братамі ў Заходняй Беларусі, няхай катуюць нашых таварышоў у „дзікім" Кітаі і ў „культурнай" Амэрыцы:

„Хай лëрды сьмяюцца, хай цешыцца пан,
Хай подласьці сьвята сьвяткуюць..
Мы зможам таксама паноў прывітаць
Сумленнай савецкаю куляй" (ст. 23).

Таго, для каго —

"Шлях рэволюцыі —
То молата удары
Для надыходзячых вякоў" (ст. 31).

Той не баіцца ворагаў, той сьмела і спакойна чакае на астатні бой, які надыходзіць, той заўсёды гатоў як належыць сустрэць ворагаў свае клясы. Вось чаму Дудар, у існасьці — такі пачуцьцёвы, такі гарачы, так спакойна разважае.

„Няхай ідуць,
Няхай нажы гатуюць.
Наш шлях адзін:
Заводы і палі" (ст. 19).

Вогуле вершы Дудара ў пераважнай сваёй большасьці эмоцыянальна моцна насычаныя, дынамічныя, ня толькі паводле формы, але і паводле зьместу, паводле агульнае свае пабудоўкі.

Характэрна, што нават вершы, пісаныя „по поводу“ розных офіцыйных урачыстасьцяй, юбілеяў ці сьвят — не схэматычныя, наадварот, нейкія надзвычайна цёплыя. Нават у іx Дудар умее даць запраўдныя перажываньні, паказаць жывых людзей з іх горам і з іх радасьцямі, нават у іх адчуваецца душа аўтара.

На вялікі жаль, эмоцыянальнасьць натуры Дудара мае і дрэнныя бакі: Ён захапляецца ня толькі тым, што бачыць навакол сябе, ён захопліваецца і літаратурай, якую ён чытае, яе тэматыкай, яе настроямі. Адгэтуль часам (хаця, трэба сказаць, рэдка) некаторыя яго вершы выходзяць ня зусім самастойнымі. Так, напр., у „Вежы" на ст. 54 зьмешчана быліца „Песьня пра Сінь-Вэя", паводле мотываў і настрояў сваіх даволі блізкая да поэмы Асеева „Двадцать шесть" (гл. Н. Асеев. Поэмы. ГИЗ, Москва—Ленинград, 1925 г., ст. 79-88). У вершы „На захадзе" („Вежа" ст. 16-18) адчуваецца моцны ўплыў Сяргея Есеніна, менавіта яго поэмы „36". Тут ужо гэтае падабенства выяўляецца не ў агульнай пабудове, не ў мотывах, а ў стылю і ў пабудове паасобных вобразаў і сказаў. Для ілюстрацыі даем урыўкі з вершу „На захадзе" паралельна з адпаведнымі ўрыўкамі з Есеніна:

„Шмат на зямлі рубяжоў —
Колькі-ж у іх крыжоў...
Але, каб усе крыжы
Крыжам адным злажыць, —
Будзе цяжэй за ўсе
Той, што наш край нясе".

„Много в России
троп.
Что ни тропа —
то гроб,
Что ни тропа —
то крест
До Енисейских
мест
Сто тысяч один
сугроб"

„Пяць непавінных, пяць
Ўсіх на крыжы не расьпяць".

„Двадцать шесть их было
След их снегом не заместь"... [1]

Мы зусім ня хочам сказаць, што такія выпадкі ў творчасьці Дудара зьяўляюцца вынікам злоумысьленьня з яго боку. Не, мы далёкія ад такой думкі. І мы лічым, што сіла таленту Дудара бязумоўна ў дастатковай ступені высокая, каб гарантаваць яго ад патрэбы каму-кольвек насьледаваць. Але акурат таму, што талент Дудара такі высокі, мы змушаны вымагаць ад яго больш крытычных адносін да свае творчасьці.

Ня гледзячы на ўсе свае хібы, ня гледзячы нават на тыя нежаданыя ўхілы, якія ў мінулым прасочваліся ў яго творчасьць, усё ж такі чытач адчувае, што Дудар — наш пролетарскі поэта. Так яно і ёсьць. І гэта толькі накладае на Дудара абавязак змагацца з такімі ўхіламі, старанна зьнішчаць усе хібы ў сваёй творчасьці, каб даваць шматмільённай масе працоўных Беларусі той матэрыял да чытаньня, які ёй сапраўды патрэбны. А мы, чытачы, маем права ад яго вымагаць і вымагаем больш старанных адносін да сваіх абавязкаў. Дудар — наш пролетарскі пісьменьнік. Мы маем права і мы хочам ім ганарыцца.

А. Падбярэзкі.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 

[[Катэгорыя:Крытыка твораў Алеся Дудара

  1. Першая цытата з „36", а другая з „Баллады о 26" — Есенін. І тую і другую даем з
    памяці.