Перайсці да зместу

А.О. Казачкоўскаму (Шаўчэнка/Клімковіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
А.О. Казачкоўскаму
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Арыгінальная назва: А. О. Козачковському
Пераклад: Міхась Клімковіч
Крыніца: Кабзар - с. 160-161

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Даўно было. Яшчэ у школе
Такі ў настаўніка-дзяка
Паціху ўкраду пятака,
Бо быў я трохі што не голы,
Убогі быў, сцягну, куплю
Паперы аркуш і зраблю
Маленькі сшытачак. Крыжамі,
Узорам кветачак з лісткамі
Вакол старонак абвяду,
Дый спісваю Скавараду,
Ці «Тры цары і іх дары».
Схаваюся у гушчары,
Каб не пачуў хто, не пабачыў,
Пяю сабе і слёзна плачу.
На старасць зноў прышлося мне
Хавацца з вершамі сваімі,
Мярэжыць кніжачкі, над імі
Спяваць і плакаць ў бур’яне.
І горка плакаць. І не знаю,
За што мяне гасподзь карае?
У школе мучыўся і рос,
Так да сівых дажыў валос,
У школе дурня й пахаваюць,
А ўсё за тога пятака,
Што ўкраў маленькім у дзяка,
Вось так, гасподзь мяне карае.

Вось-жа слухай ты, мой голуб,
Мой орле-казача!
Як канаю я ў няволі,
Як нужуся светам.
Слухай, браце, й навучы ты
Сваіх малых дзетак,
Навучы іх, каб не зналі
Змалку вершаваці,
А паквапіцца каторы,
То ціханька, браце,
Няхай сабе у куточку
Вершы піша й плача,
Ды так ціха, каб бог не чуў,
Каб і ты не бачыў.
Каб і іх не пакаралі
Такой карай лютай,
Як мяне, ў няволі, браце,
Цяжкою пакутай.

Як злодзей той па-за валамі
Ў нядзелю крадуся я ў поле.
Тыламі выйду па-над Уралам
У стэп шырокі, бы на волю.
І параненае сэрца
Тады ўстрапянецца,
Як рыбачка над вадою,
Ціха засмяецца.
Паляціць нібы галубка
Па-над чужым полем,
І я нібы ажываю
На полі, на волі...
І на гору высокую
Выхаджу, дзіўлюся,
Ўспамінаю Украіну
І ўспомніць баюся.
І там стэпы, і тут стэпы,
Ды тут не такія,
Тут чырвоныя, рудыя,
А там галубыя,
Ператканыя прыгожа
Нівамі, палямі,
Высокімі магіламі,
Цёмнымі лугамі.
А тут бур’ян, пяскі, талы...
І хоць-бы дзе на смех магіла,
Якая-б сэрцу гаварыла,
Што людзі тут раней жылі.
Ляжала пусткаю спрадвеку
Вакол зямля без чалавека
І дажыла такой да нас.
Мы, праўда, што-нішто змянілі:
Расце дзе крэпасць, дзе магілы,
Ўсяго наробім, будзе час!
О доля мая! Мая краіна!
Калі я вырвуся з пустыні?
Ці, можа, крый божа,
Тут і загіну.
І пачарнее чырвонае поле...
— Айда ў казармы, айда ў няволю!—
Нібыта крыкне хто нада мною.
І я ачнуся. Па-за гарою
Назад я крадуся па-над Уралам,
Як злодзей той па-за валамі.

Вось так я, дружа мой, святкую
Нядзельку кожную святую.

А ў панядзелак?.. Дружа-браце!
Надыйдзе ноч ў смярдзючай хаце,
Надыйдуць думы. Разаб’юць
На сто крат сэрца і надзею,
І ўсё, што выказаць не ўмею...
Прагоняць прэч і разнясуць.
І спыняць ноч. Цячэ вякамі
Гадзіна кожная ў той час.
І я крывавымі слязамі
Пасцелю вымачу не раз.

Перабяру усё паволі,
Каго, калі і дзе любіў,
Каму, калі дабро зрабіў?
 
Нідзе, нікому і ніколі...
Пражыў, што ў лесе прахадзіў.
А волі, сілы быў вялікай,
Ды сіла вышла на пазыкі,
А воля ў госцях упілася,
Яна к Міколу заблудзіла
І піць навекі зараклася.
Не паможа, мілы божа
Як то кажуць людзі,
Будзе каянне на сееце,
Звароту не будзе.

Малюся богу, каб заднела,
Як волі, сонца я малю.
Цвіркун замоўкнуў; «зоры» б’юць.
Тады малюся, каб ўцямнела,
Бо на пазорышча вядуць
Старога дурня муштраваць
Каб знаў як волю шанаваць
Каб знаў, што дурня ўсюды б’юць.

Гады мінаюць маладыя
Мінула доля, дні благія
Прышлі, надзея-ж зноў сваё,
Ў няволі думкі-мары сее
 
І сэрцу жалю задае.
А можа гора пераплачу?
А мо’ яшчэ дабро пабачу?
Вады Дняпроўскае нап’юся,
З табой спаткаюся, мой браце.
І можа, ў ціхай тваёй хаце
З табою буду размаўляці,
З табою, дружа мой. Баюся,
Баюся сам сабе спытаці.
А ці споўніцца ўсё гэта,
Ці то вокам кіну
Толькі з неба на цябе я
І на Украіну.
А часамі так бывае,
Што і слёз не стане;
І прасіў-бы сабе смерці,
Дык ты і Украйна,
І Дняпро крутабярэжны
І надзея, браце,
Не даеце мне у бога
Смерці пажадаці.

1847
Орская крэпасць -
Масква, 1858 16 сакавіка